Вы здесь

Топ-12 леташніх дасягненняў МЗС


"Інтэграцыя інтэграцый", эканамічная і лічбавая дыпламатыя ў дзеянні — у МЗС падвялі вынікі працы ў 2018 годзе


Фота sputnik.by

Справаздача за перад'юбілейны для ведамства год пачынаецца неаптымістычнымі словамі аб тым, што свет чарговы раз стаіць на парозе новай халоднай вайны. Узмацняюцца эканамічныя і ідэалагічныя супярэчнасці сярод вядучых дзяржаў — да такога геапалітычнага фону прыйшлося адаптаваць сваю знешнюю палітыку і Беларусі. Але стаяць на парозе — гэта не значыць грукаць у дзверы. У няпростых умовах наша краіна захавала шматвектарную палітыку, умацавала курс на безагаворачны суверэнітэт і атрымала характарыстыку "донара" міжнароднай бяспекі. Пра тое, якімі яшчэ дасягненнямі можа пахваліцца беларуская дыпламатыя ў 100-гадовы юбілей, — у нашым топ-12.

12. Акаўнты і рэпосты

Актыўнае выкарыстанне інструментаў лічбавай дыпламатыі зрабіла акаўнт Міністэрства замежных спраў у "Твітэры" першым сярод усіх дзяржорганаў Беларусі. Акаўнт нават трапіў у топ-50 (13-е месца) сусветных лідараў з найлепшай сеткай кантактаў па версіі аналітычнага цэнтра Twірlоmасу.

11. Векавая гісторыя

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь было заснавана прафесійнае свята — Дзень дыпламатычнага работніка, юбілейны медаль "100 год дыпламатычнай службе Рэспублікі Беларусь", а таксама геральдычныя сімвалы знешнепалітычнага ведамства (эмблема, сцяг, знакі адрознення). Першы раз сваё прафесійнае свята супрацоўнікі МЗС адзначылі 22 студзеня.

10. "Бязвіз"

У 2018 годзе Беларусь працягнула паслядоўную лібералізацыю візавай палітыкі, вынікам якой стала спрашчэнне для грамадзян шэрагу краін візавых фармальнасцяў, павелічэнне тэрміну знаходжання ў Беларусі пры бязвізавым уездзе. З 27 ліпеня тэрмін бязвізавага ўезду праз Нацыянальны аэрапорт Мінск павялічаны да 30 дзён для грамадзян 74 дзяржаў. Дадатковым спрыяльным фактарам для пашырэння шматпланавага супрацоўніцтва з Кітаем стала ўвядзенне з 10 жніўня бязвізавага рэжыму паміж дзвюма краінамі.

9. Дыпламатыя на месцы

У 2018 годзе ў Мінску адкрылася пасольства Рэспублікі Узбекістан. Пасля шасцігадовага перапынку прызначаны пасол Беларусі ў Швецыі. Для актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі адкрыта генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у г. Дубаі.

8. Пад гукі сальсы

Беларусь у 2018 годзе атрымала статус назіральніка ў Ціхаакіянскім альянсе, што дае ўмовы для нарошчвання супрацоўніцтва з дзяржавамі — удзельніцамі гэтага інтэграцыйнага аб'яднання — Мексікай, Калумбіяй, Перу, Чылі. Ды і ў цэлым гэта стане падставай для пашырэння кантактаў з усімі краінамі Лацінскай Амерыкі.

7. Актыўныя ўдзельнікі

Традыцыйна моцна гучыць голас Беларусі ў міжнародных супольнасцях. Ініцыятывы набываюць падтрымку, а прадстаўнікі — пасады ў кіруючых органах. Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына абрана старшынёй Камісіі па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі ЭКАСАС. Наш пастаянны прадстаўнік пры ААН Валянцін Рыбакоў абраны на пасаду намесніка старшыні Эканамічнага і сацыяльнага савета ААН (ЭКАСАС) на 2018/2019 гады.

Беларусь актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці МАГАТЭ, замацоўваючы за сабой статус адказнай дзяржавы-партнёра, якая мае ядзерна-энергетычную праграму і ўносіць уклад у фарміраванне міжнародных "правілаў гульні" ў ядзернай сферы.

6. СГА — хто за новенькага?

З моманту актывізацыі ў 2016 годзе работы на трэку Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) удалося наблізіцца да фінальнай стадыі перагавораў. Рыхтуецца да разгляду ў лютым 2019-га трэцяя рэдакцыя праекта даклада рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі (выніковы дакумент, які вызначае ўмовы членства краіны ў арганізацыі). Па стане на снежань 2018-га завершаны двухбаковыя перагаворы па доступе на рынкі з 20 членамі СГА.

5. ЕС — ад палітыкі да эканомікі

У мінулым годзе білет да Мінска ўзялі шэраг еўракамісараў — па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС, па ахове здароўя і бяспецы прадуктаў харчавання, па лічбавым рынку, дэлегацыя паслоў па асобых даручэннях па пытаннях "Усходняга партнёрства" дванаццаці краін — членаў ЕС, кіраўніцтва дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Таму нядзіўна, што актывізавалася крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва з ЕС. Актыўныя кантакты памаглі вызначыць прыярытэты партнёрства Беларусь — ЕС на 2019—2020 гады: умацаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання, эканамічнае развіццё і рынкавыя магчымасці, транспартныя камунікацыі, энергетыка, экалогія і клімат, кантакты паміж людзьмі. У завяршальнай стадыі перагаворы з ЕС па пагадненнях аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі.

4. Бязвыплатнае "донарства"

Беларусь сцвердзіла сябе ў ролі краіны, якая здольная генерыраваць аб'яднальныя ініцыятывы. Ідэя неканфрантацыйнага супрацоўніцтва знайшла выражэнне ў форме дыялогу на буйных міжнародных мерапрыемствах, арганізаваных у нашай краіне. Сярод іх форум "Мінскі дыялог" на тэму "Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх" (23—25 мая), міжнародная канферэнцыя пад эгідай АБСЕ на тэму "Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху" (9—10 кастрычніка), сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы (31 кастрычніка — 1 лістапада). Мінск зарэкамендаваў сябе як пляцоўка, дзе выпрацоўваюць шляхі рашэння найскладанейшых міжнародных і рэгіянальных праблем. Да таго ж Мінскім дамоўленасцям так і не знайшлі альтэрнатывы ў якасці механізма ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны.

3. Ад ЕАЭС да СНД

Першага студзеня ўступіў у сілу Мытны кодэкс ЕАЭС, нормы якога дазволілі істотна паскорыць і спрасціць ажыццяўленне мытных аперацый.

У рамках Астанінскага эканамічнага форуму 17 мая падпісана пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж ЕАЭС і Кітайскай Народнай Рэспублікай, часовае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Ісламскай Рэспублікай Іран. Статус наглядальніка ў арганізацыі атрымала Малдова.

Рэалізуецца прынцып "інтэграцыі інтэграцый": 27 лістапада ў Мінску падпісаны мемарандум аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Выканаўчым камітэтам СНД. Дакумент прадугледжвае сумесную працу ў сферах дзяржаўных закупак, канкурэнтнай палітыкі, антыманапольнага рэгулявання, лічбавай эканомікі і іншых кірунках.

2. "Эканамічная дыпламатыя"

Беларускі экспарт тавараў у 2018 годзе склаў 33,7 мільярда долараў ЗША, што на 15,3 % больш, чым за 2017 год. У краіны ЕАЭС экспарт узрос на 0,2 мільярда долараў, у ЕС — на 2,3 мільярда долараў, у рэгіёны "далёкай дугі" і іншыя краіны — на 1,9 мільярда долараў. Нягледзячы на імкненні па дыверсіфікацыі знешнеэканамічнай дзейнасці, Расія ўсё яшчэ трымае пальму першынства як асноўны партнёр. У 2018 годзе на долю ўсходняй суседкі прыпадала амаль палова ўсяго аб'ёму знешняга гандлю (38,4 % у агульным аб'ёме беларускага экспарту, 58,9 % у агульным аб'ёме беларускага імпарту). Сур'ёзным імпульсам для міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Украінай стаў першы ў гісторыі Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны, у рабоце якога прынялі ўдзел прэзідэнты дзвюх краін. Прасоўванню беларускіх інтарэсаў у Азіі значна спрыяў актыўны ўдзел Беларусі ў мерапрыемствах ШАС і АСЕАН.

1. На найвышэйшым узроўні

За мінулы год Беларусь дзевяць разоў наведалі кіраўнікі іншых дзяржаў. Прэзідэнт нашай краіны здзейсніў 13 візітаў на найвышэйшым узроўні. Толькі са сваім расійскім калегам Аляксандр Лукашэнка правёў у розных фарматах дзесяць сустрэч, сярод якіх і пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета, і пяты Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Аляксандр Лукашэнка з афіцыйнымі візітамі наведваў партнёраў па СНД — Малдову, Таджыкістан. Упершыню за апошнюю амаль чвэрць стагоддзя ажыццявіўся афіцыйны візіт Прэзідэнта ва Узбекістан. Быў Аляксандр Лукашэнка і ў Грузіі. Істотную энергію супрацоўніцтву з Кітаем надала сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з Сі Цзіньпінам "на палях" саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 9—11 снежня адбыўся візіт у Мінск Прэзідэнта Судана Омар аль-Башыра. Наведвалі беларускую сталіцу лідары Азербайджана (Ільхам Аліеў), Арменіі (Армен Саркісян), федэральны прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер.

Марыя ДАДАЛКА

Выбор редакции

Спорт

Яков Зенько: На льду даю волю эмоциям

Яков Зенько: На льду даю волю эмоциям

Он — один из немногих представителей белорусского фигурного катания на международной арене. 

Культура

Что общего между творчеством и «табуреткой»?

Что общего между творчеством и «табуреткой»?

Где можно освоить литературное мастерство? Как становятся писателями? 

Общество

Какие процедуры необходимы, чтобы родить здорового ребенка

Какие процедуры необходимы, чтобы родить здорового ребенка

Прежде всего биохимический скрининг, который выполняется на сроке от 10 с половиной до 13 с половиной недель беременности.