Вы здесь

Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся. Чым жывуць жыхары Хойнікаў


Карэспандэнт «Звязды» адправілася ў адзін з самых аддаленых раёнаў, каб пазнаёміцца з мясцовымі жыхарамі і даведацца, чым яны жывуць.


Валянціна Іванюценка, Валянціна Быкава, Любоў Герасімава і Наталля Гарбатая.

Саламяныя перспектывы

Гэтая гісторыя пачалася ў адной з сувенірных крам Мінска, дзе мне на вочы трапіла шкатулка з саломкі. Вытанчаная і лёгкая, такая ж калісьці была ў бабулі. Унізе на ярлыку значылася: «Хойніцкая фабрыка мастацкіх вырабаў». Калі трымала ў руках гэтую шкатулку, чамусьці падумалася пра людзей, якія яе рабілі. Хто яны? Якія ў іх рукі? Як выглядае працэс стварэння дзівоснай жоўтай скрыначкі?

Валянціна Іванюценка і Валянціна Быкава называюць сябе «хойніцкімі брагінцамі». Гэта значыць, што родам яны з Брагіна, але ўжо даўно жывуць у Хойніках. Працаваць «на саломку» (так тут кажуць пра фабрыку) прыйшлі на пачатку 80-х гадоў:

— Было весела, народу многа — чалавек 300, не менш. Рабілі ў дзве змены. І план паспявалі выканаць, і ў кіно падчас абеду збегаць на індыйскі фільм. А на выхадных ішлі ў клуб — выступалі як самадзейны калектыў.

Жанчыны ўспамінаюць, што ў той час неверагодна папулярнымі былі саламяныя газетніцы.

— Ох, колькі мы іх перарабілі! Яны тады віселі ў кватэрах па ўсім Савецкім Саюзе. Хадавым таварам былі і пано з выявамі пугачоў.

— У мяне такое на балконе і зараз вісіць, — умешваецца ў размову дырэктар фабрыкі Васіль Мігай. — Столькі гадоў прайшло, а яно не сапсавалася. Якасць!

Чаму саламяную вытворчасць наладзілі менавіта ў Хойніках, ужо ніхто і не ўспомніць. Тут спакон вякоў былі майстрыхі іншага толку — плялі «кароначкі» (так мясцовыя называюць карункі).

— Мы спачатку вучыліся ў старэйшых калег. Былі тэхнолагі, мастакі, якія распрацоўвалі схемы і дапамагалі нам іх засвоіць.

Цяпер жа саломкай на фабрыцы займаецца толькі чатыры работніцы, не лічачы брыгадзіра і тых, хто дома пляце нарыхтоўкі. Фраза «і шавец, і жнец, і на дудзе ігрэц» — дакладна пра іх.

— Машыны салому псуюць, таму ў ліпені з чатырох раніцы мы ў полі. Серп у рукі — і наперад. Жнём кулянямі (снапамі. — Аўт.), як нашыя бабулі на пачатку ХХ стагоддзя. Што сабраў, з тым і будзеш працаваць да наступнага жніва. Іншага табе ніхто не дасць, — расказвае Наталля Гарбатая.

Таму нават узімку памяшканні фабрыкі нагадваюць пра лета. Па-першае, пах жытняй саломы, які чуваць нават у калідорах. Па-другое, паўсюдны светлы колер, які з непрывычкі спачатку слепіць вочы. Тут салома на сценах, столі, падлозе. Ёй завалены ўсе сталы, яна ў руках майстрых. А калі ў добрае надвор'е сюды трапляюць сонечныя промні, усё пачынае свяціцца быццам знутры.

Нягледзячы на тое, што працэс стварэння саламяных вырабаў — справа творчая, хуткасці на фабрыцы высокія. За змену кожная з работніц паспявае сплесці некалькі, а то і дзясятак сувеніраў, аксесуараў ці прадметаў дэкору.

— Рукі на тое і дадзеныя, каб імі нешта майстраваць. Баляць толькі пасля жгутоў і пляцёнак, бо іх на выцягнутых трэба рабіць.
У цэлым скардзіцца няма на што, адзінае — невялікія заробкі, — прызнаюцца жанчыны.

Сярод капелюшоў, анёлаў і лапцей заўважаю з дзясятак маленькіх мяшочкаў.

— А гэта што такое?

— Мяхі шчасця. Вешаеце дома — і шчасце ідзе і ідзе, ідзе і ідзе, — усміхаецца самая маладая з работніц Любоў Герасімава.

Хойніцкіх майстрых, увогуле, можна аднесці да сапраўдных рагатух. Ні на імгненне не адрываючыся ад працы, яны любяць успомніць былое. Так, са смехам на фабрыцы расказваюць, што капялюш іх работы аднойчы прымералі на брусельскага пісаючага хлопчыка: «Гэта ж уявіце сабе, колькі людзей у той дзень убачыла хойніцкую саломку!»

А вось улюбёны са сваіх твораў ні адна з работніц выбраць не можа.

— Калі ўпершыню сядаеш за новую фігуру, то яна і становіцца тваёй любімай. Табе цікава, вынік несумненна радуе. Пасля паўторыш працэс некалькі разоў і зачараванасць знікае, — адкрывае прафесійныя сакрэты Люба.

Што цікава, цэны на саламяныя вырабы ў крамах даволі высокія. У Мінску за капялюш прыйдзецца заплаціць 50 рублёў, за талерку для фруктаў — каля 70, невялічкія дэкаратыўныя козы, парсючкі і бычкі — 40—50. Кошты на аналагічныя пазіцыі за мяжой нават называць не буду. Там яны даходзяць да сум, якія раўняюцца з месячным заробкам хойніцкіх майстрых. Пры гэтым самі жанчыны ад кожнай прададзенай рэчы атрымліваюць літаральна капейкі. Чаму так? Дырэктар фабрыкі разводзіць рукамі: «Рынкавая эканоміка...»

Працавітыя пчолы і фотагенічныя зубры

У тэлефоне Міхаіла Рубашчанкі, дырэктара Палескага дзяржаўнага радыялагічна-экалагічнага запаведніка, сотні здымкаў, якім могуць пазайздросціць самыя аўтарытэтныя фатографы, што спецыялізуюцца на дзікай прыродзе. Алені, лосі, касулі, ваўкі і нават коні Пржэвальскага знятыя крупным планам на фоне пейзажаў, не кранутых чалавекам. Здаецца, быццам жывёлы спецыяльна пазіравалі на камеру.

— Можа, і пазіравалі. Яны тут усіх супрацоўнікаў у твар ведаюць, — з усмешкай зазначае Міхаіл Міхайлавіч. — Бо мы адзіныя людзі, якіх яны бачаць апошнія 30 гадоў.

З беларускага боку запаведнік раскінуўся на тры раёны — Брагінскі, Хойніцкі і Нараўлянскі. Тэрыторыя (больш за 200 тысяч гектараў) дзеліцца на дзве зоны — уласна запаведную, дзе, акрамя супрацьпажарных мерапрыемстваў, нічога рабіць нельга, і эксперыментальна-гаспадарчую, дзе працуюць,  як і ў звычайным лясгасе, але прытрымліваючыся строгіх нормаў і парадкаў.

— Да нядаўняга часу ў нас было толькі чатыры напрамкі дзейнасці: дрэванарыхтоўка, дрэваапрацоўка, конегадоўля, пчалярства. Хутка сумеснымі сіламі з навукоўцамі будзем закладваць эксперыментальны сад. Папярэднія даследаванні ўжо зробленыя — атрымалі дабро. Ёсць дазвол і на паляўніцтва, рыбалку. Зразумела, толькі на пэўных участках тэрыторыі. А са снежня пачаліся першыя навукова-пазнавальныя экскурсіі. Паказаць ёсць што — адных толькі зуброў больш за паўтары сотні, палова з іх без боязі прыходзіць на падкормку. Хоць бяры ды гладзь па галаве! — жартуе дырэктар запаведніка. — Раней іх тут не было зусім. На пачатку 90-х усяго 17 асобін прывезлі з Белавежскай пушчы. Палескія мясціны старажытным жывёлам прыйшліся даспадобы, вось і пачалі пладзіцца, а пасля разбівацца на статкі.

Спадабаецца ў запаведніку і турыстам-ласунам. Пра мясцовыя пчальнікі слава разышлася ўжо па ўсёй краіне.

— Мёд мы нікуды не прадаём. Летась тры тоны свае ж людзі разабралі ў імгненне вока. Нават кропелькі не засталося. Народ не падманеш: яны ведаюць, што тут яго ніхто з вадой не бадзяжыў, — расказвае Міхаіл Міхайлавіч. — Дарэчы, не так даўно ў раён прыязджаў Мікалай Валуеў. Былы спартсмен з задавальненнем не толькі паласаваўся нашым мядком, але і папрасіў некалькі літраў дадому.

Каму  мяшочак  шчасця?

«Малочных войнаў» не баімся»

Пры знаёмстве жыхары Хойнікаў падкрэсліваюць сваё паходжанне. Людзі з асаблівым гонарам заўважаюць, што яны «карэнныя і ніколі адсюль не з'язджалі». Іх можна зразумець: пасля катастрофы на ЧАЭС усе тутэйшыя мелі магчымасць пераехаць. Многія ёй скарысталіся, але ж многія і засталіся.

— Жыць і працаваць трэба там, дзе нарадзіўся, — вучылі мяне з дзяцінства, — кажа Ганна Вяргейчык, вядучы інжынер па якасці на Палескім вытворчым участку прадпрыемства «Мілкавіта».

Сёння, гледзячы на маладую жанчыну ў дзелавым касцюме і стылёвых акулярах, немагчыма паверыць, што калісьці яна была звычайнай рабочай 3-га разраду.

— З маленства я настройвалася на тое, што стану настаўніцай, як бабуля. У школе налягала на гуманітарныя навукі, тым больш што сярод сваякоў — знакаміты Іван Мележ. Здавалася, жыццёвы шлях прадвызначаны. Але ў педагагічны паступіць не атрымалася. Час марнаваць не стала і пайшла на сыраробны цэх у родным горадзе. Гэта зараз мы вырабляем экспартны пармезан і наша сухая сыроватка прайшла экспертызу на вядучых еўрапейскіх прадпрыемствах, а калі я пачынала, пра такое і марыць не маглі. Працэсы былі аўтаматызаванымі толькі часткова. Рукамі пастаянна трэба было нешта падліваць, падмешваць, пераварочваць. Ніколі не забуду, як прыходзілася самой цягаць цяжкія галоўкі сыра на саленне. Зараз з гэтым спраўляюцца машыны — чалавек толькі кіруе.

Па меры таго як развіваўся завод, расла і Ганна ў кар'ерным плане: рабочая — майстар — інжынер. Не адрываючыся ад працы, жанчына атрымала спачатку сярэднюю спецыяльную, а пасля і вышэйшую адукацыі.

— Але галоўнае — на вытворчасці было ў каго пераймаць досвед. У самыя няпростыя гады людзі не збеглі, не кінулі завод, а прыдумалі, як наперакор лёсу застацца на плаве. У свой час Хойніцкі сыраробны камбінат павінен быў стаць адным з самых моцных у Савецкім Саюзе. Па вядомых прычынах планы не збыліся. У канцы 80-х, каб прадпрыемства не закрылася, тут выраблялі тэхнічны казеін. Як паказаў час, не дарма. Хойніцкія сыры і малако не толькі вярнуліся на прылаўкі, але і неаднаразова прызнаваліся найлепшымі. Перш за ўсё таму, што кантроль якасці ў нас больш жорсткі, чым у астатніх. Але ў гэтым ёсць свае перавагі: нават падчас так званых «малочных войнаў» ніякіх прэтэнзій да прадуктаў з нашага краю не было.

Коні Пржэвальскага —  нярэдкія госці вёсак  на Хойнікаўшчыне.

Усе дарогі вядуць у... Хойнікі

Мікалай Цыганкоў у Хойніках чалавек вядомы і паважаны, хоць і правёў большую частку жыцця ў далечыні ад Палесся. Падымаў цаліну ў Казахстане, працаваў на будаўніцтве чыгунак у розных рэспубліках былога СССР, узначальваў канструктарскае бюро і нават прычыніўся да пракладання Байкала-Амурскай магістралі.
І ўвесь гэты час поруч з Мікалаем Мікітавічам была жонка Галіна, таксама хайнічанка. Выйшаўшы на пенсію, ветэран працы і заслужаны будаўнік Расійскай Федэрацыі Цыганкоў не задумваючыся пераехаў на малую радзіму.

На заслужаным адпачынку Мікалай Мікітавіч вярнуўся да хобі, якое займала яго ў маладосці, — вышывання.

— Упершыню за іголку ўзяўся, калі мне было ўсяго 21. Вырашыў зрабіць сюрпрыз жонцы да дня нараджэння — паранёс некалькі сюжэтаў карцін на тканіну. Ёй тады вельмі спадабалася.

Паказваючы свае работы, васьмідзесяцігадовы майстар падкрэслівае: «Я не вышываю, а пішу карціны іголкай. Дзе вы бачылі мужчын-вышывальшчыкаў?»

Сёння калекцыя Мікалая Цыганкова налічвае дзясяткі карцін. Здзіўляюць яны не толькі бездакорнасцю выканання, але і маштабамі. Каляровыя палотны памерам не меншыя за метр у даўжыню ўпрыгожваюць дамы блізкіх Мікалая Мікітавіча, яго родную школу, Хойніцкі раённы краязнаўчы музей. У музеі, дарэчы, у канцы месяца адкрыецца выстаўка да юбілею майстра.

Ганна КУРАК

Мінск — Хойнікі — Мінск

Фота Ганны КУРАК

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.