Вы здесь

Пяць працэнтаў шчасця​. Чаму ў Фінляндыі выплачвалі «бясплатныя грошы»?


У Фінляндыі падвялі вынікі незвычайнага эксперымента. Ён распачаўся ў студзені 2017-га і праводзіўся цягам двух гадоў. У гэты час дзве тысячы адвольна адабраных беспрацоўных ва ўзросце ад 25 да 58 гадоў штомесяц атрымлівалі без якіх-небудзь умоў 560 еўра. Гэты даход быў гарантаваны незалежна ад таго, застануцца яны беспрацоўнымі ці знойдуць сабе работу (альбо адкрыюць свой бізнес). Эксперымент праводзіла бюро сацыяльнага забеспячэння краіны Kеlа. Фінляндыя стала першай еўрапейскай дзяржавай, якая вырашыла пратэсціраваць ідэю безумоўнага гарантаванага базавага даходу. Даследаванне аказалася нятанным: выдаткі толькі на выплаты ўдзельнікам склалі адчувальную суму — каля 27 мільёнаў еўра. Чаму ў Суомі наладзілі беспрэцэдэнтны сацыяльны эксперымент?


Адмоўны падатак

Паводле агульнапрынятага тлумачэння, безумоўны базавы даход прадугледжвае выплату ўрадам гарантаванай сумы грошай грамадзянам незалежна ад іх іншых даходаў. Ідэя гэтая не новая. Як заўважае ВВС, упершыню яна была згаданая яшчэ ва «Утопіі» Томаса Мора, апублікаванай больш чым паўтысячы гадоў таму назад — у 1516-м. Больш падрабязна ідэя безумоўнага даходу была выкладзена ў канцы ХVІІІ стагоддзя ў працах Томаса Пэйна і маркіза дэ Кандарсэ. Паняцце аб сацыяльных дывідэндах атрымала шырокую падтрымку пасля прадстаўленай брытанскім маёрам Кліфардам Дугласам ідэі наконт таго, што кожнаму грамадзяніну належыць доля нацыянальнага багацця (сацыяльны крэдыт). Падчас крызісу і беспрацоўя 1930-х ідэя вырасла ў нацыянальны рух, які ўдзельнічаў у выбарах у многіх краінах. Найбольшую падтрымку адпаведная партыя атрымала ў Канадзе.

Вельмі блізкай да ажыццяўлення была прапанова ліберальнага палітыка Джульеты Рыс-Вільямс у Вялікабрытаніі ў 1943 годзе. Але ў выніку брытанская сістэма сацыяльнай падтрымкі была пабудавана на аснове ідэй Уільяма Беверыджа, якія прадугледжваюць пэўныя ўмовы (сярод якіх — стаж, зарплата). Падобныя мадэлі былі рэалізаваны ў большасці развітых заходніх краін. Некаторыя вядомыя эканамісты, такія як Мілтан Фрыдман і Фрыдрых фон Хаек, лічылі безумоўны базавы даход найлепшым спосабам барацьбы з беднасцю.

У ЗША і Канадзе ў 1968—1982 гадах прайшло пяць эксперыментаў, звязаных з так званым адмоўным падаткам. Але далей урад не пайшоў, паколькі такі падыход у выніку быў прызнаны эканамічна нявыгадным. Брытанскія эканамісты Гай Стэндынг і Герміёна Паркер распрацавалі розныя мадэлі рэалізацыі безумоўнага асноўнага даходу. Сюзанэ Віст, напрыклад, прапануе аўтаматычнае штомесячнае павелічэнне банкаўскага рахунку кожнага грамадзяніна Германіі на 1500 еўра — для кожнага дарослага і на 1000 еўра — дзіцяці. Прафесар Венскага ўніверсітэта эканомікі Франц Хёрман лічыць неабходным безумоўны даход таксама ў форме мінімальнага набору тавараў і паслуг.

Цяпер падобныя эксперыменты праводзяцца па ўсім свеце. Мерапрыемствы па выплаце асноўнага даходу разгарнулі ў індыйскім штаце Мадх'я-Прадэш у 2010 годзе. У 2017-м эканамічны саветнік урада Арвінд Субраманьян прапанаваў разгледзець яго ўвядзенне на агульнадзяржаўным узроўні. У штогадовым эканамічным аглядзе для Аб'яднанага савета міністраў краіны называецца меркаваны памер базавага даходу — 7620 рупій (113 долараў) у год.

Дарослыя жыхары адной з вёсак на захадзе Кеніі будуць гарантавана атрымліваць 22 долары ў месяц на працягу 12 гадоў. Раней адпаведны праект у гэтай афрыканскай краіне сутыкнуўся з нечаканай праблемай — многія мясцовыя жыхары проста не маглі паверыць, што хтосьці збіраецца бязвыплатна выдаваць ім грошы. Шэраг патэнцыйных атрымальнікаў адмаўляліся ад выплат у тым ліку з-за чутак, што гэтыя грошы звязаны з сатанінскімі культамі.

Урадам Італіі распрацаваны план пад назвай «даход грамадзяніна». Да кастрычніка ўлады горада Утрэхт у Нідэрландах праводзяць эксперымент з безумоўным базавым прыбыткам пад назвай Wеtеn Wаt Wеrkt — «Ведай, што працуе».

У пошуках рэформы

Ідэю безумоўнага базавага даходу актыўна падтрымліваюць — і не менш актыўна крытыкуюць — прадстаўнікі ўсіх палітычных плыняў. Для многіх людзей левых перакананняў ідэя безумоўнага базавага даходу занадта сфакусаваная на фінансах і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, пакідаючы ўбаку той факт, што кампаніі вырабляюць занадта шмат незапатрабаваных тавараў, змушаючы супрацоўнікаў працаваць усё больш і больш. Як заўважае Nеw Sосіаlіst, без фундаментальных структурных рэформаў эканамічнай сістэмы безумоўны базавы даход будзе толькі касметычнай мерай. Іншыя асцерагаюцца, што ўсе такія захады ў выніку прывядуць да скарачэння бюджэтаў сацыяльных службаў.

Тыя ж, хто прытрымліваецца правых перакананняў, турбуюцца роўна пра адваротнае. З іх пункту гледжання, падобная сістэма будзе надзвычай дарагой для бюджэту, а таксама можа стварыць сіндром залежнасці і культуру, пры якой людзі будуць чакаць грошай, нічога пры гэтым не робячы. Ульрых Шпісхофер, генеральны дырэктар кампаніі АBB, менавіта гэтую думку выказаў у 2016 годзе ў інтэрв'ю Fіnаnсіаl Tіmеs. «Матэрыяльнае ўзнагароджанне павінна быць заснавана на стварэнні дабаўленай эканамічнай каштоўнасці», — перакананы Шпісхофер.

Эксперымент з базавым даходам у Фінляндыі стаў першым у свеце, які праведзены на нацыянальным узроўні. Яго запусціў Юха Сіпіля, першы ў краіне мільянер-прэм'ер. Урад гэтай краіны рашыўся праверыць на практыцы папулярную ідэю bаsіс іnсоmе, якая мае нямала ўплывовых адэптаў ва ўсім свеце. Прыхільнікі канцэпцыі (а яе вывучэннем займаюцца спецыяльныя даследчыя інстытуты) даказваюць, што гарантаваны даход, які ратуе чалавека ад страху галечы, не пазбавіць яго атрымальніка стымулаў да працы — наадварот, ён дасць людзям магчымасць больш свабоднай і паспяховай самарэалізацыі. Менавіта гэтую гіпотэзу вырашылі праверыць Хельсінкі: мэтай эксперымента было высветліць, як адаб'юцца «бясплатныя грошы» на працаўладкаванні тых, хто іх атрымлівае.

Фінляндыя — самая шчаслівая краіна ў свеце ў мінулым годзе, паводле даных ААН, — актыўна вывучае альтэрнатывы сваёй мадэлі сацыяльнага забеспячэння. Гэта асабліва актуальна напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца ў красавіку. Двухгадовы фінскі эксперымент выклікаў каласальны інтарэс ва ўсім свеце. За гэтым даследаваннем уважліва сачылі іншыя ўрады. Эканамісты Сусветнага банка заўважаюць, што безумоўны даход дазволіць цалкам пераадолець матэрыяльную беднасць. Акрамя таго, ён павінен пашырыць магчымасці людзей, паколькі яны змогуць адкрыць сваю справу ці змяніць род заняткаў. Як заўважаюць эксперты, увядзенне безумоўнага базавага даходу здольнае забяспечыць годны ўзровень жыцця, вызваліць час для творчасці і адукацыі. Гэта дазволіць пераадолець наступствы масавай страты працоўных месцаў з-за ўсё большай аўтаматызацыі вытворчасці, сферы паслуг, што прыводзіць да замяшчэння людзей робатамі.

Проста факты

Як адзначыў Міска Сіманайнэн, адзін з даследчыкаў Kеlа, хоць некаторыя беспрацоўныя і насамрэч знайшлі работу, удзел у эксперыменце ніяк не павысіў іх шанцы ў параўнанні з тымі, хто не быў у кантрольнай групе і не атрымліваў «бясплатных грошай», перадае ВВС. У 2017 годзе ўдзельнікі эксперымента адпрацавалі ў сярэднім на 0,4 дня больш, чым у кантрольнай групе, і зарабілі на 21 еўра менш. Міністр сацыяльнага забеспячэння і аховы здароўя Фінляндыі Пірка Маціла заявіў, што ўплыў на занятасць штомесячнага чэка ў памеры 560 еўра «здаецца нязначным».

Аднак на псіхалагічным узроўні людзі, якім выплачвалі штомесячны гарантаваны даход, адчувалі сябе нашмат лепш. Сярод тых, хто атрымліваў звычайную дапамогу па беспрацоўі, выявілі больш сімптомаў стрэсу. У атрымальнікаў базавага даходу аказалася «менш праблем з канцэнтрацыяй увагі і са здароўем у цэлым», расказаў кіраўнік эксперымента Охта Канінэн. Колькасць тых, хто заявіў аб выдатным самаадчуванні, аказалася на пяць працэнтаў большай, чым сярод пазбаўленых такой падтрымкі.

Як заўважыла 36-гадовая Сіні Марцінэн, веданне таго, што асноўны даход гарантаваны, усяляла ў яе дастаткова ўпэўненасці, каб адкрыць рэстаран з двума сябрамі на працягу выпрабавальнага перыяду. «Я думаю, што эфект быў хутчэй псіхалагічны», — расказала Rеutеrs былы кансультант па ІТ. Яна была беспрацоўнай на працягу амаль года, перш чым «выйграла ў латарэю», як яна апісала выпрабаванне. Асноўны даход быў усяго на 50 еўра ў месяц большы, чым яе дапамога па беспрацоўі, «але ў адно імгненне вы сыходзіце ад бюракратыі, справаздачнасці», сказала Марцінэн.

Даследчыкі ўсё яшчэ вывучаюць даныя эксперымента. Канчатковыя яго вынікі будуць апублікаваны налета. Але шмат хто лічыць, што не варта думаць толькі аб скарачэнні беспрацоўя. З іх пункту гледжання, калі б мэтай эксперымента было зрабіць людзей больш шчаслівымі, то ў такім выпадку ён быў бы трыумфам. Адзін з удзельнікаў выпрабавання, колішні рэдактар газеты Туомас, менавіта гэта і сказаў ВВС: «У мяне па-ранейшаму няма работы. Я не сказаў бы, што безумоўны базавы даход рэзка змяніў маё жыццё. Псіхалагічна — так, але з фінансавага пункту гледжання — не надта».

Незалежна ад канчатковых вынікаў ужо цяпер зразумела: у любым выпадку наўрад ці ў жыцці простых фінаў што-небудзь зменіцца і базавы даход будзе ў найбліжэйшыя гады прыняты ў маштабах усёй краіны, адзначае ехреrt.ru. Яго ўвядзенне ва ўсёй Фінляндыі прывядзе да росту дэфіцыту бюджэту, згодна з разлікамі эканамістаў, прыкладна на 5 працэнтаў. Тым не менш Міска Сіманайнэн не лічыць, што ідэя з безумоўным базавым прыбыткам правалілася. «Гэта не правал і не поспех — гэта проста факты, якіх у нас не было да гэтага эксперымента», — адзначыў фінскі эксперт.

Можна дакладна спрагназаваць, што падобныя эксперыменты будуць працягвацца і надалей. Ідэя ў трэндзе, аб чым прынамсі сведчаць вынікі першага агульнаеўрапейскага апытання, якое было праведзена ў красавіку 2016-га. Тады 64 працэнты жыхароў Еўрасаюза падтрымалі ўвядзенне безумоўнага асноўнага даходу. Найбольш пераканаўчымі перавагамі апытаныя палічылі тое, што такія сацыяльныя выплаты «памяншаюць трывогу аб базавых фінансавых патрэбах» і дапамагаюць забяспечыць людзям роўныя магчымасці.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».