Вы здесь

Што адбываецца на Гаіці?


У лютым Гаіці захліснула хваля масавых пратэстаў. У дэманстрацыях, што адбыліся ў сталіцы астраўной дзяржавы — горадзе Порт-о-Прэнсе, — узялі ўдзел тысячы чалавек. Жыхары краіны патрабавалі адстаўкі кіраўніка дзяржавы з-за эканамічнага спаду і карупцыі. Пры разгоне дэманстрацый паліцыя выкарыстала слёзатачывы газ. За час пратэстаў, паводле афіцыйнай інфармацыі, загінулі не менш чым сем чалавек, некалькі дзясяткаў пацярпелі. Дзярждэпартамент ЗША параіў амерыканскім грамадзянам не ездзіць на Гаіці і папярэдзіў аб вялікай колькасці рабаўнікоў і гвалтаўнікоў у гэтай краіне. Акрамя таго, знешнепалітычнае ведамства абвясціла эвакуацыю большай часткі амерыканскіх дыпламатаў і іх сем'яў. Дыпперсаналу забаронена паркавацца на адкрытых пляцоўках, карыстацца грамадскім транспартам і таксі, наведваць банкі, а таксама выязджаць за межы сталіцы рэспублікі пасля наступлення цемры. Улады Канады прынялі рашэнне ўвогуле закрыць пасольства ў Порт-о-Прэнсе, праўда, часова. Куды ж вынесе пратэставая хваля Рэспубліку Гаіці?


Першая рэспубліка

Месца дзеяння — Карыбы. Востраў Гаіці другі па велічыні з групы Вялікіх Антыльскіх астравоў у Карыбскім моры. Раскошны клімат і маляўнічыя краявіды першымі ацанілі карэнныя жыхары, індзейцы. Хрыстафор Калумб 6 снежня 1492 года прычаліў да берагоў райскага вострава. Тут была створана першая ў Новым Свеце іспанская калонія Ла-Навідад. Забойствы, рабская эксплуатацыя захопленых у палон, а галоўнае, занесеныя з Еўропы хваробы зрабілі сваю справу — карэннае насельніцтва Гаіці папросту знікла. Акрамя Іспаніі на тэрыторыю вострава прэтэндавалі каланізатары з іншых краін. Найбольшага поспеху дасягнулі французы, якія замацаваліся на захадзе Гаіці. Па дагаворы 1697 года Іспанія саступіла Францыі частку вострава, дзе была створана калонія Сан-Дамінга.

Да сярэдзіны XVІІІ стагоддзя яна стала найбольш паспяховым заморскім уладаннем Францыі, «жамчужынай Антыльскіх астравоў». Росквіт калоніі быў звязаны з плантацыямі цукровага трыснягу, аб'ём вытворчасці гэтай стратэгічнай сельгаскультуры дасягаў 86 тысяч тон у год. Каланіяльныя тавары з Сан-Дамінга складалі трэць французскага экспарту. «Эканамічны цуд» гэтай калоніі грунтаваўся на эксплуатацыі чарнаскурых рабоў, якіх сталі завозіць на Гаіці пасля знішчэння індзейцаў. Да 1789 года насельніцтва падзялялася на тры групы: 36 тысяч белых, 28 тысяч свабодных мулатаў і каля 500 тысяч неграў-рабоў. Пад уплывам рэвалюцыі ў Францыі мулаты пачалі патрабаваць ураўнавання ў правах з белымі, што вылілася ў паўстанне. Да яго далучыліся чарнаскурыя рабы. Супрацьстаянне, якое зацягнулася на 14 гадоў, завяршылася ў 1804-м перамогай паўстанцаў і стварэннем новай краіны, якая атрымала старажытную індзейскую назву «Гаіці» (у перакладзе з мовы таіна — «горная краіна»). Такім чынам, яна стала другой пасля ЗША незалежнай дзяржавай у Амерыцы і першай у свеце рэспублікай на чале з чарнаскурымі.

Кампенсацыя і акупацыя

Першая ў свеце рэспубліка колішніх рабоў, якія скінулі свае ланцугі, — гучыць прыгожа і рамантычна. Але на практыцы ўсё было, мякка кажучы, крыху інакш. Пераможцы пачалі з таго, што ўчынілі масавую разню белага насельніцтва — тых, хто не паспеў уцячы і не загінуў раней. Ад пачатку лютага да 22 красавіка 1804 года былі знішчаны тысячы мужчын, жанчын і дзяцей. Тая разня надоўга сапсавала рэпутацыю Гаіці і ўскладніла міжнароднае становішча маладой рэспублікі — большасць краін не жадала мець справы з гаіцянамі. Акрамя таго, прызнанне незалежнасці Гаіці Францыя звязала з выплатай кампенсацыі ў памеры 90 мільёнаў залатых франкаў. Гэтую гіганцкую суму астраўная краіна выплачвала аж да сярэдзіны XX стагоддзя.

Заснавальнік Гаіці Жан-Жак Дэсалін, які абвясціў новую рэспубліку «краінай толькі для чорных» і аддаў загад пра знішчэнне белага насельніцтва, восенню 1804 года абвясціў сябе імператарам. Праўда, правіў нядоўга — 17 кастрычніка 1806-га яго забілі падчас новага дзяржаўнага перавароту. З тых часоў пацягнулася бясконцая чарада ўрушэнняў, замоў, забойстваў, якая суправаджае ўсю гісторыю Гаіці. У 1844 годзе ўсходняя частка вострава, былыя іспанскія ўладанні, аддзялілася, абвясціўшы аб стварэнні незалежнай Дамініканскай Рэспублікі, якая зараз даволі заможная па рэгіянальных мерках краіна.

У пачатку XX стагоддзя Гаіці стала прадметам цікавасці для вялікіх дзяржаў з-за свайго стратэгічнага становішча. Абвастрылася канкурэнцыя паміж Злучанымі Штатамі, Германіяй, Францыяй і Вялікабрытаніяй, што ў выніку прывяло да акупацыі астраўной краіны ўзброенымі сіламі ЗША. У 1915-м па загадзе прэзідэнта Вудра Вільсана ў Порт-о-Прэнсе высадзіліся 330 амерыканскіх марскіх пехацінцаў. Так пачалася 19-гадовая акупацыя Гаіці Злучанымі Штатамі. Гэтая мера выклікала масавыя пратэсты, паўстанне было задушана амерыканцамі — знішчана каля 13 тысяч жыхароў Гаіці. У 1934-м амерыканская акупацыя афіцыйна завяршылася, але ўплыў Злучаных Штатаў не спыняўся ніколі. Палітычную эліту Гаіці заўжды складалі кадры, выхаваныя амерыканцамі. Адным з іх быў Франсуа Дзювалье, якому наканавана было вызначыць гісторыю сваёй краіны на некалькі дзесяцігоддзяў.

Барон Субота

Дзювалье, па прафесіі медык (адсюль і яго вядомая мянушка — «Тата Док»), адыграў пэўную ролю ў барацьбе з тыфам, дзякуючы чаму стварыў сабе добрую рэпутацыю. Прыйшоў да ўлады ў 1957 годзе. «Тата Док» абвясціў сябе ведзьмаком вуду і правадыром мёртвых («Баронам Суботай»), выклікаючы ў малаадукаванага насельніцт-
ва містычны страх. Ён абапіраўся на тантон-макутаў — добраахвотніцкія фарміраванні, якія ўзамен на права рабаваць і забіваць знішчалі любога, хто быў заўважаны ў палітычнай нядобранадзейнасці. У самога «Таты Дока» ў прэзідэнцкім палацы была ўласная камера катаванняў, дзе сярод іншага знаходзілася «чалавекавыціскалка» — скрыня, уторканая лёзамі, у якой зачынялі ахвяру і паступова заціскалі, аддаючы пакутлівай смерці...

«Тата Док» не грэбаваў рэкетам — усе бізнесмены вострава павінны былі выплачваць «добраахвотныя ахвяраванні» ў яго фонд. Нават кроў суайчыннікаў ён ператварыў у даход: два разы на месяц у ЗША з Гаіці адпраўлялі 2500 літраў донарскай крыві. У Вашынгтоне аб выхадках Дзювалье выдатна ведалі. Але яму аказвалі падтрымку, выкарыстоўваючы ў якасці процівагі Кубе. Да таго ж «Тата Док» стварыў ідэальныя ўмовы для дзейнасці амерыканскіх кампаній. Джон Кенэдзі, у адрозненне ад іншых прадстаўнікоў амерыканскай улады, захаплення Дзювалье не адчуваў і недвухсэнсоўна даў зразумець, што трываць «Тату Дока» не збіраецца. У адказ Дзювалье зрабіў ляльку вуду і стаў публічна пратыкаць яе іголкай, абяцаючы амерыканскаму прэзідэнту страшную смерць. Над «Татам Докам» пасмейваліся да таго часу, пакуль Джона Кенэдзі не застрэлілі ў Даласе. За час кіравання сям'і Дзювалье было знішчана не менш за 50 тысяч гаіцянцаў, больш за 300 тысяч вымушаны былі эміграваць.

Пасля землетрасення

У 1991 годзе прэзідэнтам Гаіці быў абраны Жан-Бертран Арыстыд, святар, які здаваўся міжнароднай супольнасці прагрэсіўным дзеячам. У краіне ён быў вядомы тым, што вучыў сваіх прыхільнікаў спальваць палітычных праціўнікаў пры дапамозе аблітай бензінам аўтамабільнай гумы, надзетай на шыю ахвяры, — фанаты Арыстыда называлі гэта «каралямі». Святара неўзабаве зрынулі ў выніку чарговага перавароту, але амерыканцы зноў вярнулі яго да ўлады пры дапамозе ваеннай сілы. Гульня «Арыстыд — не Арыстыд» працягвалася да 2004 года, калі амерыканцы, стомленыя тым, што іх стаўленік заграз у карупцыі і рэпрэсіях, сілком адправілі яго ў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку.

Дарэчы, у тым жа 2004-м звыш 1,5 тысячы чалавек загінулі на Гаіці ад апоўзняў, выкліканых праліўнымі дажджамі, і не менш за 2 тысячы сталі ахвярамі трапічных ураганаў «Жанна» і «Іван». У 2010-м краіну спасцігла новая вялікая бяда: у выніку магутнага землетрасення загінулі звыш 220 тысяч чалавек, больш за 300 тысяч былі параненыя, 3 мільёны чалавек засталіся без прытулку. На Гаіці пачалася эпідэмія халеры, выкліканая антысанітарным становішчам у палатачных лагерах. Матэрыяльная шкода, па самых сціплых ацэнках, склала каля 6 млрд долараў. Для беднай краіны з 10-мільённым насельніцтвам падобная катастрофа стала сапраўдным «канцом свету». Прадстаўнікі 50 краін паабяцалі, што на аднаўленне Гаіці будзе выдаткавана каля 10 млрд долараў. Грошы сапраўды выдзяляліся, але цудоўным чынам знікалі. Пасля землетрасення не аднавілі нават будынкі дзяржаўных устаноў у сталіцы, што ўжо казаць пра астатняе.

Галоўны рухавік цяперашніх беспарадкаў — рэальныя эканамічныя праблемы. Яшчэ падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі дзейны прэзідэнт Гаіці Жавенэль Маіз паабяцаў «ежу на кожнай талерцы і грошы ў кожнай кішэні». Але не стрымаў абяцанне. Гаіцяне абвінавачваюць прэзідэнта Маіза ў карупцыі і крадзяжах, якія адбываюцца праз Petrocarіbe — праграму льготных паставак венесуэльскай нафты краінам Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, якая дзейнічае з 2005 года.

Рэспубліка Гаіці застаецца адной з найбяднейшых краін свету. Аб'ём ВУП у разліку на душу насельніцтва ў 2017 годзе складаў усяго 765 долараў. Для параўнання: сярэдні паказчык па краінах Карыбскага басейна — $9244. За рысай беднасці на Гаіці жывуць больш за 60 працэнтаў насельніцтва, а асноўнай крыніцай даходаў рэспублікі з'яўляюцца грашовыя пераводы ад эмігрантаў, аб'ём паступленняў у ВУП краіны дасягае 25 працэнтаў.

На Гаіці знойдзены буйныя радовішчы золата, вугалю, мармуру, баксітаў і медзі, але яны не распрацоўваюцца. Ёсць дастаткова ўрадлівых зямель (між іншым, гаіцянская кава — адна з найлепшых у свеце), выдатна растуць цукровы трыснёг, кукуруза, бавоўна. Але спачатку прыйдзецца будаваць дарогі, электрастанцыі, школы і бальніцы. Прыватныя інвестары займацца гэтым не будуць — нявыгадна.

Тым часам Жавенэль Маіз адхіліў патрабаванне аб адстаўцы, заявіўшы, што свет ужо бачыў «серыю пераходных урадаў, якія прынеслі чараду стыхійных бедстваў і катастроф». Паводле слоў гаіцянскага прэзідэнта, ён «чуе голас народа і ведае аб праблемах, якія яго хвалююць», больш за тое, «урад прымае меры для іх вырашэння», паведаміў Le Journal de Montreal. Прэм'ер-міністр краіны Жан-Анры Сеан ужо абвясціў аб дзевяці мерах, накіраваных на змякчэнне эканамічнага крызісу ў краіне. Відавочна, што сітуацыя патрабуе неадкладных канкрэтных дзеянняў. Як стала вядома, у сацыяльных сетках гаіцяне актыўна абмяркоўваюць планы новых дэманстрацый.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.