Вы здесь

Чаму абвастрыўся канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам?


На гэтым тыдні асноўнай гарачай кропкай планеты стаў Кашмір. Гэта вобласць на паўночным захадзе паўвострава Індастан, колішняе княства ў Гімалаях. У ноч на 26 лютага індыйская авіяцыя нанесла ўдар па буйным трэніровачным лагеры тэрарыстычнай групоўкі «Джаіш-е-Мухамад» у пакістанскай частцы Кашміра. У выніку авіяналёту было знішчана каля 300 баевікоў. Раніцай наступнага дня прэс-сакратар пакістанскіх узброеных сіл генерал-маёр Асіф Гафуры заявіў, што ВПС Пакістана збілі два індыйскія ваенныя самалёты. У адказ ВПС Індыі збілі пакістанскі знішчальнік F-16. Нью-Дэлі прывёў свае ўзброеныя сілы ў стан поўнай баявой гатоўнасці. Тое ж самае зрабіў і Ісламабад. Пасля паміж бакамі адбылася жорсткая наземная перастрэлка. Такім чынам, разгарнуўся поўнамаштабны ваенны канфлікт, за якім з трывогай сочаць ва ўсім свеце. Ці ўдасца Індыі і Пакістану калі не ўрэгуляваць супярэчнасці, то хоць бы адысці ад небяспечнага пункту незвароту?


Спадчына махараджы

Пасля Другой сусветнай вайны, калі калоніі еўрапейскіх імперый пачалі «парад суверэнітэтаў», у 1947 годзе Індыя і Пакістан абвясцілі сваю незалежнасць ад Брытанскай імперыі. Таксама прадугледжвалася, што ўладарам княстваў будзе дадзена права выбару паміж гэтымі краінамі, або — у асаблівых выпадках — магчымасць пакінуць сваю дзяржаву незалежнай. Махараджа Кашміра Хары Сінгх хацеў захаваць незалежнасць, аднак у 1947 годзе на тэрыторыі княства, большасць жыхароў якога складалі мусульмане, пачалося паўстанне, у яго ўмяшаліся атрады пуштунаў, якія ўварваліся з тэрыторыі Пакістана. У гэтых умовах махараджа звярнуўся да ўрада Індыі з просьбай аб дапамозе і выказаў гатоўнасць далучыцца да Індыйскага Саюза.

Такім чынам, у 1947 годзе пачалася першая індыйска-пакістанская вайна, якая завяршылася ў 1949-м з дапамогаю міратворцаў ААН. Кашмір быў падзелены: палова тэрыторый як штаты Джаму і Кашмір увайшла ў Індыю, невялікае ўтварэнне Азад Кашмір лічыцца «асацыяванай дзяржавай Пакістана», а поўнач — пакістанскім рэгіёнам Гілгіт-Балтыстан. На фоне супрацьстаяння частку тэрыторыі паступова заняў Кітай — пад яго кіраваннем з 1950-х гадоў знаходзіцца ўсходняя частка Кашміра пад назвай Аксайчын.

З таго часу хваляванні ў гэтай вобласці не спыняюцца. Тут пастаянна праходзяць пратэсты мясцовага насельніцтва, памежныя сутыкненні паміж Індыяй і Пакістанам, а таксама тэракты ў індыйскіх штатах Джаму і Кашмір, якія праводзяць мусульманскія групоўкі. За гэты перыяд адбылося тры індыйска-пакістанскія вайны. Другая — у 1965 годзе — фактычна завяршылася нічым. А вось падчас трэцяй — у 1971-м — пераможцай стала Індыя. У выніку Усходні Пакістан стаў незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Улетку 1972 года ў горадзе Сімла тагачасныя кіраўнікі Індыі і Пакістана падпісалі мірнае пагадненне, згодна з якім межы вярталіся да даваенных. У канцы 1980-х у Кашміры рэзка актывізавалася дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, якія патрабуюць «свабоды акупаванага Індыяй Кашміра». Доўгіх чатырнаццаць гадоў, з 1987-га па 2001-ы, практычна ні дня не прайшло без нападу баевікоў або без абстрэлу пагранзастаў таго ці іншага боку. Пік супрацьстаяння прыйшоўся на 1999 год, калі паміж краінамі адбыўся чарговы ўзброены канфлікт, які атрымаў назву «каргільская вайна».

У 1990-м у Джаму і Кашміры было ўведзена прамое прэзідэнцкае кіраванне, сюды перадыслакавалі індыйскія войскі колькасцю да 20 дывізій. З 1995-га ўрад Індыі пачаў аддаваць значна больш увагі штату, у прыватнасці яго эканамічнаму развіццю. У сувязі з гэтым мусульманскае насельніцтва рэгіёна паступова спыніла правядзенне пратэстаў і здзяйсненне тэрактаў, да падрыўной дзейнасці больш актыўна далучыліся баевікі з Афганістана. З 1950-х гадоў ААН заклікае правесці ў Кашміры рэферэндум, каб улічваць меркаванне мясцовых жыхароў у прыняцці палітычных рашэнняў. Нью-Дэлі першапачаткова падтрымліваў гэтую ідэю, але потым вырашыў, што такі крок не патрэбны. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што большасць насельніцтва (60 працэнтаў) «індыйскай» часткі Кашміра — мусульмане.

Кроў за кроў

Па некаторых даных, цяпер на тэрыторыі штатаў Джаму і Кашмір дзейнічаюць па меншай меры 300 тысяч індыйскіх вайскоўцаў (гэта фактычна трэць усяго асабовага складу ўзброеных сіл Індыі) і значны кантынгент паліцыі. У той жа час групоўка пакістанскіх баевікоў налічвае да 10 тысяч чалавек. Як адзначаюць эксперты, супрацьстаянне ў Кашміры дагэтуль застаецца адным з самых працяглых сучасных міжнародных канфліктаў. І крывавых: паводле афіцыйных даных, за больш чым паўстагоддзя ўзброеных дзеянняў паміж краінамі Індыя страціла 30 тысяч вайскоўцаў і мірных жыхароў, тады як Ісламабад заяўляе аб 70 тысячах загінулых. Афіцыйна пакістанцы абвяргаюць сваю датычнасць да падрыўной дзейнасці ў індыйскім штаце, толькі выказваючы сваю маральную падтрымку «змагарам за свабоду Кашміра».

Апошнія чатыры гады баевікі ў Кашміры перайшлі да тактыкі маштабных тэрарыстычных актаў, якія смяротнікі з «Джаіш-е-Мухамад» ажыццяўляюць супраць індыйскіх сіл бяспекі. Дарэчы, арганізацыя прызнана тэрарыстычнай не толькі ў Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША, але і ў самім Пакістане. Усплёск тэрору выклікала забойства вядомага баевіка-сепаратыста Бурхана Вані. 22-гадовага «кашмірскага Чэ Гевару», які стаў для сепаратыстаў сімвалам барацьбы за свабоду, забіў індыйскі спецназ у выніку перастрэлкі падчас спецаперацыі 8 ліпеня 2016 года. Толькі 10 ліпеня 11 чалавек загінулі ў перастрэлцы з паліцыяй і яшчэ не менш за паўсотні атрымалі раненні. Усяго падчас сутычак з сіламі правапарадку і нападаў тэрарыстаў, якія сталі помстай баевікоў за смерць Бурхана Вані, толькі з чэрвеня па верасень 2016-га загінула 80 чалавек.

Цяперашні авіяўдар адбыўся пасля сёлетніх падзей 14 лютага, калі на шашы Джаму — Срынагар адбыўся тэракт, у выніку якога загінулі 45 чалавек. Адказнасць за яго ўзяла групоўка «Джаіш-е-Мухамад». Пасля гэтага Індыя абвінаваціла Пакістан у падтрымцы тэрарызму. Эскалацыя адбываецца на фоне павелічэння колькасці ахвяр у рэгіёне. Летась у Кашміры загінула больш за паўтысячы чалавек — мірных жыхароў, супрацоўнікаў сіл бяспекі і мігрантаў. Гэта больш, чым у любы іншы год гэтага дзесяцігоддзя. Кіраўнік МЗС Індыі Сушма Сварадж на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Расіі, Індыі і Кітая ў кітайскім Учжэне заявіла, што гаворка ідзе не аб ваеннай атацы, а аб дзеяннях, накіраваных выключна супраць тэрарыстаў. «Пакістан не распачаў дзеянняў для барацьбы з тэрарыстамі і ў прынцыпе адмаўляў, што ім вядома пра знаходжанне гэтай групоўкі на іх тэрыторыі. Для свайго авіяўдару мы вызначылі месцы знаходжання баевікоў, каб пазбегнуць гібелі нявінных людзей. Гэта былі не ваенныя дзеянні, а аперацыя для прадухілення новай магчымай тэрарыстычнай атакі супраць Індыі», — прыводзіць РІА Навіны словы Сушмы Сварадж.

Няма самагубцаў

Нью-Дэлі і Ісламабад знаходзяцца ў розных «вагавых катэгорыях». ВУП Індыі складае ўжо каля 10 трыльёнаў долараў па парытэце пакупной здольнасці (ППЗ) — трэцяе месца ў свеце, а насельніцтва перавысіла 1,34 мільярда жыхароў. На гэтым фоне Пакістан, будучы немалой краінай з насельніцтвам крыху меншым за 200 млн жыхароў і валодаючы ВУП каля 1 трлн долараў па ППЗ, выглядае сціпла, адзначае vz.ru.

Зрэшты, у адрозненне ад Нью-Дэлі, Ісламабад не цураецца быць «малодшым партнёрам» у знешнепалітычных саюзах. Гэта забяспечыла яму стабільныя саюзніцкія адносіны адразу з дзвюма вялікімі дзяржавамі — ЗША і Кітаем. Злучаныя Штаты разглядаюць Пакістан, як натуральную процівагу Ірану і манархіям Персідскага заліва, улічваючы яго ўплыў на ключавы рэгіён Афганістан — Сярэдняя Азія. Для Пекіна ж Ісламабад — зручны выхад у раён Персідскага заліва і магутная процівага для Індыі.

Такі складаны знешнепалітычны мезальянс абумовіў і вельмі стракаты склад пакістанскіх ваенна-паветраных сіл: у ім мудрагелістым чынам спалучаюцца кітайскія і амерыканскія самалёты, да таго ж перамяшаныя па класах і гадах выпуску, заўважае vz.ru. Доўгае і маштабнае сутыкненне з індыйскімі ВПС пакістанскія проста не вытрымаюць. Яны арыентаваны на хуткаплынны баявы канфлікт з неадкладным заваяваннем перавагі ў паветры. А індыйскія ВПС — гэта авіяцыя «вялікай вайны».

Праблема Джаму і Кашміра міжнароднымі экспертамі ацэньваецца надзвычай сур'ёзна. Гэты рэгіён разглядаецца як зона патэнцыйнага ядзернага канфлікту. І Індыя, і Пакістан валодаюць ядзернай зброяй (да 120—150 боегаловак мае кожная краіна). Галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра еўразійскіх даследаванняў Інстытута актуальных міжнародных праблем Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі Андрэй Валодзін спадзяецца, што канфлікт не выйдзе за межы «лакальных мер у адказ» з боку дзвюх дзяржаў. «Індыя і Пакістан насычаны зброяй масавага знішчэння. Гэтыя дзяржавы знаходзяцца на вельмі абмежаванай тэрыторыі і любыя буйныя ваенныя дзеянні могуць перарасці ў канфлікт з прымяненнем такой зброі», — адзначыў эксперт vz.ru.

У сваю чаргу начальнік сектара Азіі Расійскага інстытута стратэгічных ініцыятыў Барыс Валхонскі перакананы, што сам факт знішчэння самалётаў можа служыць «некаторай перасцярогай супраць далейшых пранікненняў у чужую паветраную прастору». Важны фактар — валоданне краінамі ядзернай зброяй. «Самагубцаў няма ні ў Індыі, ні ў Пакістане. Магчыма, будзе яшчэ абмен ударамі, але спадзяюся, што ў канчатковым выніку ўсё будзе вырашацца дыпламатычным шляхам», — заўважыў эксперт.

Дарэчы, прэм'ер-міністр Пакістана Імран Хан выказаўся якраз у такім ключы, паказаўшы на неабходнасць сесці за стол перагавораў з кіраўніцтвам Індыі. «Гісторыя вучыць нас таму, што войны поўныя пралікаў. Я хачу спытаць Індыю: ці можам мы сабе дазволіць пралічыцца, улічваючы тое, якой зброяй мы валодаем», — заўважыў Хан. Між тым, як паведаміла газета The Tіmes of Іndіa, прэм'ер-міністр Пакістана правёў нараду з кіраўніцтвам Нацыянальнага каманднага цэнтра, у падпарадкаванні якога знаходзяцца ядзерныя арсеналы.

Вада і выбары

На думку Барыса Валхонскага, цяперашняй эскалацыі спрыяла некалькі фактараў. Галоўны заключаецца ў тым, што ні адна краіна не хоча саступаць. «Для Індыі гэта асабліва важна, таму што вясной там пройдуць выбары, і перамога для кіруючай партыі не гарантавана. Таму ўраду важна паказаць свой супраціў», — падкрэсліў эксперт. ЗША, Кітай і Расія, нягледзячы на існуючыя паміж сабой супярэчнасці, аднадушна заклікаюць Нью-Дэлі і Ісламабад да стрыманасці. Адзінае меркаванне вядучых дзяржаў свету, на думку экспертаў, адыграе важную ролю ў недапушчэнні поўнамаштабнага канфлікту.

Упор на дыпламатыю, безумоўна, абнадзейвае. Ёсць і яшчэ адна важная акалічнасць — вада. Сістэма Інда складаецца з трох заходніх і трох усходніх рэк. Па дагаворы аб водах Інда, падпісаным Індыяй і Пакістанам пры пасярэдніцтве Сусветнага банка ў 1960 годзе, Нью-Дэлі атрымаў права выключнага карыстання водамі ўсходніх рэк да мяжы з Пакістанам. Ісламабад, у сваю чаргу, можа карыстацца водамі заходніх рэк. Аднак нюанс у тым, што іх вытокі знаходзяцца на тэрыторыі Індыі. У Пакістане даўно асцерагаюцца, што ў выпадку канфлікту індыйцы проста перакрыюць рэкі і арганізуюць у краіне штучную засуху. Праўда, ва ўсіх папярэдніх канфліктах Індыя ні разу не парушала ўмовы дагавора.

Як спадзяюцца эксперты, хутчэй за ўсё, цяперашняе супрацьстаянне не выйдзе за рамкі чарговага прыгранічнага канфлікту. З іншага боку, і канчатковага вырашэння сітуацыі ў перспектыве не праглядаецца. А гэта значыць, што Кашмір і надалей будзе перыядычна мільгаць у зводках сусветных навін.

Захар БУРАК

Название в газете: Кашмары ў Кашміры

Выбор редакции

Общество

«Тут у некоторых по два высших образования». Рассказываем, как и чем питаются бездомные

«Тут у некоторых по два высших образования». Рассказываем, как и чем питаются бездомные

Они по разным причинам остались без дома и средств на проживание.

Общество

Что такое «тихий» инфаркт, и кому он угрожает

Что такое «тихий» инфаркт, и кому он угрожает

Рассказала врач Наталья Карпук.

Общество

Работа по возвращению имен жертв концлагеря Штуттгоф не прекращается

Работа по возвращению имен жертв концлагеря Штуттгоф не прекращается

Имя отбирали: если в регистрационный барак входил человек, то уже из следующих дверей выходил номер.

Общество

Какой вред могут принести безобидные игрушки?

Какой вред могут принести безобидные игрушки?

В сегодняшнем быту невозможно обойтись без химических продуктов.