Вы здесь

Як у Беларусі развіваюць прадпрымальніцтва


Пачатак 2011 года абяцаў стаць для бізнесменаў сапраўды святочным, бо 31 снежня 2010-га Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь».


Што гэта за дакумент? Растлумачым коратка і па сутнасці: гэта праграмная інструкцыя, накіраваная на лібералізацыю эканомікі і разняволенне дзелавой ініцыятывы. Дырэктыва складаецца з дзевяці раздзелаў, кожны з якіх сфакусаваны на пераадоленні бар'ераў для прадпрымальнікаў і бізнесу.

У цэлым дакумент атрымаўся ўсёабдымным: у ім закранаецца і добрасумленная канкурэнцыя, і бесперашкоднае ажыццяўленне прадпрымальніцтва, і гарманізацыя падатковай сістэмы, і змена фармату кантралюючай дзейнасці на папераджальны, і многае іншае.

Вядома, у дырэктыве было закладзена патрабаванне адназначнага прававога рэгулявання і стабільнасці заканадаўства.

Але час не стаіць на месцы, тым больш, што сёння з развіццём інфармацыйных тэхналогій рэакцыя дзяржавы на тыя ці іншыя змены павінна быць імгненнай.

У якасці новай вяхі ў працэсе падтрымкі дзяржавай бізнесу 23 лістапада 2017 года Прэзідэнт падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Што ў ім прадугледжана: кардынальная змена механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізацыя ўмяшання службовых асоб у працу суб'ектаў гаспадарання, узмацненне механізмаў самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю дзейнасць перад грамадствам. Пры гэтым дзяржаўны кантроль захоўваецца, няхай і мінімальны.

Важнае ўдакладненне: Дэкрэт № 7 з'яўляецца ключавым у пакеце прынятых дакументаў па лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу ў Беларусі. Яго асноўныя палажэнні пачалі працаваць 26 лютага 2018 года.

Напрыклад, дакументам прадугледжана, што для занятку найбольш распаўсюджанымі відамі дзейнасці дастаткова падаць адзінае паведамленне ў выканкам праз службу «адно акно» альбо з дапамогай партала электронных паслуг, а працаваць можна ўжо з наступнага дня.

Такім чынам, мінімум даведак і ўзгадненняў, а яшчэ былі сістэматызаваны і скарочаны патрабаванні да пажарнай бяспекі, да ўтрымання будынкаў і абсталявання, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні і іншыя. І зараз, калі дэкрэт працуе пэўны час, можна зрабіць некаторыя высновы аб эфектыўнасці дзейнасці дзяржавы ў гэтай сферы.

Прамежкавыя вынікі дзейнасці дэкрэта былі падведзены на выніковай калегіі Мінэканомікі 15 лю-
тага гэтага года.

Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Матусевіч у сваім дакладзе вылучыў некалькі асноўных трэндаў у развіцці малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі. Першы — рост колькасці новых суб'ектаў гаспадарання. У сярэднім за месяц з'яўлялася больш за восем соцень новых камерцыйных арганізацый і каля трох тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў.

Магчымасцю пачаць свой бізнес па паведамляльным прынцыпе ў 2018 годзе скарысталіся больш за 5000 новых прадпрымальнікаў. Папулярныя напрамкі — «рознічны гандаль», «перавозка пасажыраў аўтамабільным транспартам», «аптовы гандаль», «аказанне бытавых паслуг», «грамадскае харчаванне» і «рамонт і тэхнічнае абслугоўванне транспартных сродкаў».

Пры гэтым агульная колькасць суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці практычна не змянілася і склала 348 тысяч.

Другі трэнд — павышэнне эфектыўнасці бізнесу. Зафіксаваны рост у суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва па вытворчасці экспартных тавараў і аказанні паслуг, удзеле ў імпартазамяшчэнні. Як вынік, адбылося павелічэнне падатковых паступленняў.

Трэці трэнд — рост эканамічнай актыўнасці «самазанятых». Падобная сітуацыя назіраецца і з рамеснікамі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ



Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканамічнай палітыцы Уладзіслаў ШЧЭПАЎ:

— Доўгі час Беларусь развівалася на аснове выкарыстання магутнага прамысловага сектара, які складаецца з буйных і сярэдніх прадпрыемстваў (пераважна дзяржаўных), якія забяспечвалі высокія тэмпы эканамічнага росту і высокі ўзровень занятасці. Пры гэтым менш увагі аддавалася развіццю прыватнага сектара эканомікі. У выніку па ўзроўні ўкладу прыватнага сектара ў ВУП мы істотна адсталі ад краін-суседзяў.

Разам з тым на дзяржаўным узроўні было разуменне, што прыватная дзелавая актыўнасць у краіне валодае моцным патэнцыялам для развіцця эканомікі. Таму развіццё малога і сярэдняга бізнесу, уцягванне яго ў экспартную дзейнасць і імпартазамяшчэнне стала адным з найважнейшых дзяржаўных прыярытэтаў.

Прыняцце Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2010 года № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь» стала важнай вяхой развіцця краіны. На самым высокім узроўні быў абвешчаны курс на разняволенне дзелавой ініцыятывы і творчага патэнцыялу грамадзян. Бізнесу быў дадзены сігнал аб гатоўнасці дзяржавы трансфармаваць сваю эканоміку, стварыць камфортныя і роўныя ўмовы для вядзення эканамічнай дзейнасці для суб'ектаў гаспадарання ўсіх формаў уласнасці, ліквідаваць залішняе ўмяшанне ў дзейнасць юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, скасаваць неабгрунтаваныя адміністрацыйныя бар'еры для развіцця дзелавой ініцыятывы. Дзяржава прадэманстравала гатоўнасць да дыялогу з бізнесам па выпрацоўцы ключавых рашэнняў у сферы развіцця эканомікі.

Адпаведны курс у далейшым атрымаў замацаванне ва ўсіх прынятых праграмных дакументах, якія вызначаюць вектар сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны.

Найважнейшым крокам, прынятым на заканадаўчым узроўні ў развіццё прынцыпаў дырэктывы, стала прыняцце Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Ён дзейнічае ўжо больш за год.

Міністэрствы і ведамствы, мясцовыя органы кіравання і самакіравання, бізнес-супольнасць падводзяць першыя вынікі рэалізацыі дэкрэта.

Міністэрства эканомікі адзначае рост дзелавой актыўнасці. У прыватнасці, абапіраючыся на нормы дэкрэта, больш за 5000 новых суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці паведамілі пра пачатак сваёй работы. Расце колькасць камерцыйных арганізацый і прадпрымальнікаў, удзельная вага малога і сярэдняга бізнесу ў вытворчасці тавараў і паслуг, экспарце і падатковых паступленнях.

Сістэмная праца па спрашчэнні ўмоў гаспадарання ў краіне прыносіць пазітыўныя вынікі. Так, у рэйтынгу Сусветнага банка Dоіng Busіnеss Беларусь упершыню ў гісторыі гэтага рэйтынга дзелавога клімату 190 краін увайшла ў топ-50 найлепшых, апынуўшыся на 37-м месцы.

Гэта было чакана. Але я хацеў бы адзначыць іншы эфект дэкрэта. Ён вызначыў ключавыя кірункі развіцця заканадаўства, прынцыпы ўзаемадзеяння дзяржавы і бізнесу з мэтай падтрымкі прадпрымальніцкай ініцыятывы, ліквідацыі залішніх бар'ераў, якія замінаюць рэгістрацыі новых арганізацый або пашырэнню дзеючых.

Дэкрэт № 7, прынцыпы закладзеныя ў ім, на маю думку, выразна вызначаюць, што прадпрымальніцтва — найважнейшы фактар эканамічнага росту, стварэння новых рабочых месцаў і павышэння дабрабыту грамадзян. У той жа час прадпрымальніцкая здольнасць — надзвычай рэдкі рэсурс у любой дзяржаве, які неабходна развіваць, беражліва выкарыстоўваць і падтрымліваць.

Хацелася б прывесці шэраг канкрэтных прыкладаў заканатворчай дзейнасці ў адпаведнасці з «літарай і духам» Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

Так, прынцып дэкрэта прэзумпцыі аб добрасумленнасці суб'ектаў гаспадарання замацаваны ў новым Падатковым кодэксе ў адносінах да плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін).

Законам Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2019 года № 171-З у адпаведнасці з пунктам 11 Дэкрэта № 7 скарэктавана крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў напрамку дэкрыміналізацыі правапарушэнняў у эканамічнай сферы, што дазволіць значна знізіць рызыкі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Уступіў у сілу новы закон «Аб нарматыўных прававых актах», які прадугледжвае комплексную ацэнку ўплыву рашэнняў і дакументаў, якія прымаюцца, на прадпрымальніцкую дзейнасць.

Акрамя таго, важна, што Дэкрэт № 7 падштурхнуў органы ўлады і бізнес-супольнасць да больш актыўнага і адкрытага абмену думкамі ў рамках дзейнасці грамадска-кансультатыўных саветаў, саветаў па развіцці прадпрымальніцтва.

Гэта толькі першыя вынікі дэкрэта і першыя крокі па яго рэалізацыі. Галоўнае, што абодва названыя дакументы стварылі ўмовы і вызначылі напрамак, па якім ужо рухаецца наша эканоміка, і, безумоўна, напрамак гэты правільны. Развіццё прадпрымальніцтва — найважнейшая задача, рашэнне якой патрабуе эфектыўнай сумеснай працы ўсіх галін улады і бізнес-супольнасці.

Запісала Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Усе публікацыі рубрыкі "Чвэрць стагоддзя"

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».