Вы здесь

Што рабіць, калі ў вас крызіс сярэдняга ўзросту?


Жыве сабе чалавек да 40 або нават 50 гадоў, і быццам бы ўсё ў яго добра: ёсць прафесія, сям'я, дом — увогуле, усё як у людзей. І быццам спраўляецца па ўсіх франтах, але ўнутры неяк панура, і шмат чаго ён робіць аўтаматычна. Вылазяць хранічныя балячкі, аб якіх раней чуў толькі па тэлевізары. А ў галаве ўзнікаюць пытанні: навошта я жыву? Навошта ўсё гэта? Каму яно трэба? І адказаў, як правіла, няма.


Фота: ok.ru

А тут яшчэ паступова пачынае даходзіць, што ён не вечны. Не, ён і раней гэта ведаў, але неяк абстрактна. Пакуль быў маладым, здавалася, што наперадзе яшчэ шмат часу, і смерць успрымалася як нешта далёкае, што будзе потым, некалі...

— З гэтага і пачынаецца крызіс сярэдзіны жыцця. Ён можа суправаджацца дэпрэсіяй, або, наадварот, чалавек кідаецца ва ўсе цяжкія, напрыклад, падаецца ў экстрэмальныя віды спорту — нечакана становіцца байкерам, скача з парашутам — ці кідае ўсё і адпраўляецца ў якую-небудзь экзатычную краіну, — кажа мінскі псіхолаг Надзея Грышына. — Карацей, спрабуе штосьці новае, намагаецца знайсці новыя крыніцы задавальнення ад жыцця. Некаторыя расчароўваюцца ў сацыяльных і матэрыяльных каштоўнасцях, кідаюць добрую пасаду, часам сям'ю. З'язджаюць жыць у вясковую глухамань, да цёплага мора, хоць куды, абы далей ад гарадскога шуму і стрэсу...

— Гэта апраўданыя перамены?

— Яны апраўданыя, калі дапамагаюць. Але звычайна гэта падобна больш на ўцёкі, бунт супраць жыцця, якое не задавальняе чалавека.

Паспяховае праходжанне крызісу — гэта калі чалавек працягвае жыць звыклым жыццём, але стварае ў ім новыя сэнсы. Гэта значыць ён павінен зазірнуць углыб сябе і зразумець свае мэты, каштоўнасці: што для яго важна, як ён хоча жыць. І пачынаць больш быць самім сабой. Калі ён робіць такую перабудову, то крызіс праходзіць.

— Ці ва ўсіх бывае крызіс сярэдняга ўзросту?

— Калі чалавек жыў у згодзе з самім сабой і задаволены сваёй прафесіяй і поспехамі, то гэты перыяд можа быць для яго досыць мяккім і бязбольным. Але ў асноўным усе праходзяць перабудову ў гэты час.

Увогуле, чым больш вы арыентаваліся на меркаванні тых, хто побач — бацькоў, сяброў і знаёмых, — і чым менш прыслухоўваліся да сваіх уласных жаданняў, тым мацней вас будзе «трэсці». Таму што калі мы робім нешта і не адчуваем, што гэта менавіта «мне трэба», гэта «маё» — то не атрымліваем энергіі. Пакуль мы маладыя і сіл у нас шмат, можам рабіць нешта, што не стасуецца з нашай душой. Маладосць прэ, і мы лёгка ўсё вытрымліваем. А з узростам сілы вычэрпваюцца, і калі чалавек не любіць тое, чым займаецца, то гэты занятак не сілкуе яго. І тады крызіс «дзеўбане» яго вельмі моцна. Таму што парушаны энергетычны баланс, абмен са светам. Чалавек нешта дае свету, але не атрымлівае неабходнай аддачы.

— Ці залежыць перажыванне такога крызісу ад грамадскіх стэрэатыпаў, напрыклад ад таго, як у грамадстве ўспрымаецца ўзрост?

— Так, пэўная залежнасць ёсць. Часам можна сустрэцца з меркаваннем, што пасля 40 гадоў чалавек ужо сваё адпрацаваў. І на работу складана ўладкавацца: наймальнікі хочуць бачыць больш маладых. Сапраўды, ёсць прафесіі, у якіх людзям старэйшым складана канкурыраваць з моладдзю. Напрыклад, адміністрацыйныя пасады, ці сфера продажаў, лагістыка, дзе цэняцца энергічнасць, напор, моцная хватка.

У той жа час, калі браць кіруючыя пазіцыі або выкладанне, медыцыну — там ў пашане ўзрост з тымі сацыяльнымі кампетэнцыямі, якія ён з сабой прыносіць. Бо ў 40 гадоў у чалавека ўжо ёсць жыццёвы вопыт, напрацаваны сацыяльны інтэлект. Ён разумее, як што працуе, як будуюцца сувязі, як робяцца праекты і дасягаюцца мэты, у яго ёсць мудрасць, веданне людзей і жыцця.

Таму, калі чалавек развіваўся ў сваёй сферы, то ён можа стаць нават больш адаптыўным пасля 40 гадоў — і больш каштоўным як супрацоўнік. І калі дасягнуў многага з таго, пра што марыў, — ён пройдзе гэты перыяд нашмат прасцей. А калі ўсё жыццё плыў па цячэнні, ён можа перажываць крызіс сярэдняга ўзросту цяжка.

Праўда, тут ёсць такі нюанс. Асаблівасць нашага часу — лёгкі доступ да інфармацыі самага рознага роду. І многія пачынаюць вучыцца чамусьці новаму, аж да таго, што ідуць у іншую прафесію, часцей за ўсё творчую, каб рэалізаваць сябе. Для гэтага зараз сапраўды ёсць усе ўмовы: неабходная літаратура, курсы, коўчы, каналы на «Ютубе»... Яны даюць шмат магчымасцяў для развіцця — і асабістага, і прафесійнага. З аднаго боку, гэта ўсё дае рэсурсы, стымулюе. І калі чалавек сутыкаецца з крызісам, сёння ў яго больш магчымасцяў атрымаць дапамогу, дзякуючы якой ён можа знайсці сябе, змяніць сваё жыццё. Але з іншага, усё гэта нараджае ілюзію, што многія вышыні лёгкадасягальныя. А гэта не так. Тут гаворка пра завышаныя чаканні і патрабаванні...

— Вы нейкі час жылі і атрымлівалі адукацыю ў ЗША. Можна гаварыць пра адрозненні ў праходжанні гэтага жыццёвага этапу паміж беларусамі і амерыканцамі ці ён усюды мае аднолькавы сцэнарый?

— Мне здаецца, у амерыканцаў крызіс сярэдзіны жыцця ў большай ступені звязаны з сям'ёй. Людзі разводзяцца, заводзяць іншыя адносіны... Каб амерыканцы прафесію мянялі ў сярэдзіне жыцця — гэта нячастая з'ява. У ЗША выпадкі, калі чалавек кідае працу бухгалтара і становіцца ў 40 гадоў псіхолагам або блогерам, не вельмі распаўсюджаныя, там трымаюцца за сваю работу. А вось у нас людзі нярэдка вырашаюць пайсці з прафесіі, бо часам атрымліваюць мала аддачы ад яе і таму падаюцца ў рамесніцтва, бізнес, пераводзяць хобі на прафесійны ўзровень... Але я зараз гавару зыходзячы са сваіх уласных назіранняў і свайго кола зносін. Магчыма, у нейкіх іншых колах усё інакш.

—- Што рабіць чалавеку, калі ў сярэдзіне жыцця яго пачынае штарміць?

— Задаваць сабе пытанні. Што для мяне важна? Навошта я жыву? Трэба перш за ўсё вызначыць свае каштоўнасці. Напрыклад, пазначыць для сябе дзесяць людзей, якіх вы паважаеце. Падумаць, хто, на вашу думку, пражыў годнае жыццё, кім вы захапляецеся. Потым прааналізаваць, што гэта за людзі. Яны будуць адлюстроўваць вашы каштоўнасці.

Яшчэ гэта такі час, калі трэба знаёміцца з рознымі філасофскімі, псіхалагічнымі ідэямі. Патрэбны новыя думкі, каб трансфармаваць свой светапогляд, стварыць больш сталую карціну свету. Таму варта звяртацца да досведу іншых людзей — праз кнігі, артыкулы, кансультацыі. Увогуле, шукаць новыя арыенціры і выходзіць на нешта такое, чым вы гатовыя займацца ці то бясплатна, ці то «апошнія тры месяцы жыцця», груба кажучы (пра гэта крыху ніжэй. — Аўт.). Можа, трэба будзе або атрымаць новую адукацыю, або змяніць адносіны ў сям'і, або збалансаваць сферы жыцця — больш часу і ўвагі аддаць таму, чым вы раней мала займаліся (няхай гэта будзе здароўе, адпачынак, стасункі з сябрамі або прафесійнае развіццё).

Існуюць і спецыяльныя экзістэнцыяльныя тэхнікі, каб зразумець, што вам патрэбна на самай справе. Вось адна з іх: уявіце, што вам засталося жыць год, потым тры месяцы, потым тры дні. І задайце самому сабе пытанне: як вы праведзяце час, на што яго выдаткуеце? Такім чынам прыйдзеце да ўсведамлення таго, што з'яўляецца галоўным у гэтым жыцці асабіста для вас. Гэта вельмі важна — даведацца пра свае прыярытэты.

А потым трэба пачаць прытрымлівацца сваіх каштоўнасцяў. Галоўным для вас павінна стаць не меркаванне навакольных, а ваша ўласнае. І калі вы ўпэўненыя, што ідзяце ў правільным для сябе кірунку, не зварочвайце.

— Чаго рабіць не варта?

— Ударацца ў самаразбурэнне і паліць масты. То-бок, не трэба рабіць рэзкіх рухаў. Дайце сабе час падумаць, хоць бы некалькі месяцаў, але ні ў якім разе не кідайцеся ў вір перамен.

Святлана Бусько

«Даведнік» па крызісах

12—14 гадоў

«Пераходны ўзрост». Першыя канфлікты бацькоў і дзяцей, «дрэнныя кампаніі», спакусы дарослага жыцця. Падлетак перажывае рэзкія перапады настрою, абараняе сваю самастойнасць, часам становіцца некіраваным. Марыць пра сексуальны дэбют, спяшаецца прыняць на сябе новую сацыяльную ролю, але пры гэтым цьмяна ўсведамляе наступствы сваіх учынкаў.

18—20 гадоў

Юнацтва. Выбар прафесіі, рэальны або сімвалічны адрыў ад бацькоўскага дома, новыя сябры. Найбольш балюча «ўваходжанне ў дарослае жыццё» перажываюць інфантыльныя маладыя людзі, якія былі акружаны залішняй бацькоўскай апекай.

22—25 гадоў

Пачатак кар'еры, узрост спроб і памылак, завышаных чаканняў і першых расчараванняў у навакольным свеце. Адаптавацца да «правілаў гульні» дапамагаюць адэкватная самаацэнка, рэалістычныя амбіцыі, крытычнае стаўленне да стандартаў спажывання, якія навязваюцца рэкламай.

28—32 гады

Крызіс 30 гадоў: пераход да сапраўднай сталасці. Чалавек можа рэзка змяніць кірунак жыцця: пачаць асвойваць яшчэ адну прафесію, заняцца творчасцю, знайсці новага спадарожніка. Калі раней былі не пустыя летуценні, а асэнсаваны пошук свайго прызвання, гэты этап праходзіць дастаткова мякка.

37—45 гадоў

Крызіс сярэдзіны жыцця, калі ўсё дасягнутае (сацыяльны статус, кар'ера, сям'я) ставіцца пад пытанне. Пройдзена палова шляху, і чалавек пачынае задумвацца, як жыць далей. Некаторыя могуць звярнуцца да рэлігіі. Гэты крызіс заўсёды выпрабоўвае чалавека на трываласць. Мужчыны могуць ударыцца ў сексуальны загул. Жанчыны пачынаюць няроўны бой са старэннем.

Цяжэй могуць праходзіць гэты крызіс людзі, чыя праца звязана з высокім псіхаэмацыянальным напружаннем (творчыя асобы, дактары, ваенныя). А таксама тыя, хто схільны да максімалізму, ідэалізму, задумваецца над самымі дробнымі дэталямі, пастаянна ацэньвае сябе і навакольных, і адзінокія людзі.

60 гадоў

Этап завяршэння кар'еры, выхаду на «фінішную прамую». Чалавека хвалююць пытанні: чым я займуся на пенсіі? Ці патрэбны буду каму-небудзь? Ён ужо больш азіраецца на мінулае, чым строіць планы. Калі пазітыўны багаж успамінаў не занадта багаты, гэта пагражае перажываннем заняпаду і засмучэннем. Але, нягледзячы на тое што гарызонт смерці становіцца вельмі блізкім, у чалавека можа адкрыцца і другое дыханне. Ён вызваляецца ад шматлікіх сацыяльных умоўнасцяў, мае дастаткова часу для сябе. «Усяго, чаго мог, я дабіўся. Зараз можна расслабіцца і атрымліваць задавальненне ад жыцця».

Название в газете: «Свой шлях зямны прайшоўшы да паловы...»

Выбор редакции

Политика

Второй день ВНС: все подробности здесь

Второй день ВНС: все подробности здесь

В повестке дня — утверждение концепции нацбезопасности и военной доктрины.

Энергетика

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

Беларусь в лидерах по энергоэффективности

А среди стран ЕАЭС — на первом месте.

Молодежь

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Алина Чижик: Музыка должна воспитывать

Финалистка проекта «Академия талантов» на ОНТ — о творчестве и жизни.

Общество

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Сегодня начинает работу ВНС в новом статусе

Почти тысяча двести человек соберутся, чтобы решать важнейшие вопросы развития страны.