Вы здесь

Прыступкі на вяршыню


Неяк давялося ехаць у маршрутцы ў Быхаў з літаратарам з Сібіры. Суразмоўнік, надзвычай цікаўны і актыўны, усю дарогу дзяліўся са мной сваімі ўражаннямі ад Беларусі. Напрыклад тым, што яна, аказваецца, так не падобна да Расіі...


Сядзіба Слацвінскіх у Раванічах Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці (на беразе ракі Уша) марыць аднойчы знайсці новага гаспадара.

Што ж так уразіла майго сібірскага сябра? Усё проста — тое, што ў нашай краіне ёсць замкі! Прычым іх шмат. Гэта важная прыкмета еўрапейскасці. А ў Расіі, аказваецца, замкі не будавалі зусім. Справа ў тым, што цэнтральная ўлада ў нашай усходняй суседцы была надзвычай моцнай — і цар акружаў сябе баярамі, якія вельмі вялікіх паўнамоцтваў не мелі. Наяўнасць жа замкаў у Беларусі сведчыць пра зусім іншыя парадкі. Яна паказвае, што тут жылі магнацкія і шляхецкія роды. Яны былі настолькі моцныя, што будавалі сабе палацы, якія маглі пасупернічаць у прыгажосці з княжацкім ці каралеўскім. Прыгадаем тых жа Радзівілаў — «некаранаваных каралёў Вялікага Княства Літоўскага». І замкі — гэта не толькі пазнака маёмасці ці ўлады. Гэта яшчэ і сведчанне асабістага погляду, уласнай волі: калі маёмасць большая за маёмасць караля, то ён сам будзе прыходзіць па параду. І калі замак, што дастаўся ад продкаў, стаіць на пэўнай зямлі, гаспадар прымае рашэнні, якія ўплываюць не толькі на ўласны двор, але і на людзей, што жывуць навокал. Годнасць, маёмасць, адказнасць за яе — вось тое, як можна вызначыць шляхцічаў і іх нашчадкаў. Цікава тое, што да падзелаў Рэчы Паспалітай кожны чацвёрты жыхар сучаснай Беларусі належаў да вышэйшага саслоўя — шляхты — і гэта надзвычай высокі паказчык!

Шматлікія замкі, сядзібы, палацы раскіданыя па ўсёй Беларусі. Асабліва шмат іх на Гродзеншчыне, на ўсходзе ж краіны гісторыка-культурнай спадчыны нашмат меней.

Аднак помнікі велічы мінулых стагоддзяў усё адно і тут, і там сёння шчодра ўпрыгожваюць карту нашай краіны. Хочацца параўнаць іх з травой, якая прабіваецца скрозь асфальт ХХІ стагоддзя. Замкі — гэта маўклівыя сведкі, якія ў той жа час голасна прамаўляюць да сучаснага пакалення.

Не буду наракаць на тое, што мала грошай выдзяляецца на іх аднаўленне і некаторыя разбураюцца ўсё болей і болей. Бо адразу ж згадваецца, як у 2017 годзе ў выніку бамбардзіроўкі ў Сірыі было знішчана адразу шэсць аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, у тым ліку вядомыя старажытныя гарады Алепа і Пальміра. Аднак разбурэнне стала вынікам вайны, з'явы ў пэўным сэнсе некантраляванай. На гэтым фоне яшчэ больш узрушваюць кадры ўзрывання некаторых надзвычай прыгожых еўрапейскіх цэркваў, якія знішчаюць самі мясцовыя жыхары. З прычыны таго, што ў іх... і так шмат гісторыка-культурных помнікаў.

На фоне такіх падзей разумееш, наколькі ўсё адносна ў нашым свеце. Перастаеш пераймацца з любой нагоды — ну адбілі на гістарычным фасадзе ўнікальную ляпніну і балкон — што зробіш, я асабіста іх назад не прыляплю. І тым не менш усім тым, што мы па-ранейшаму маем — занядбаным ці адрэстаўраваным — хочацца ганарыцца. За выключэннем выпадкаў абсалютнай няўвагі да надзвычай прыгожых аб'ектаў (такіх, як шыкоўны касцёл у Беніцы Маладзечанскага раёна, па сценах якога ідуць трэшчыны), а таксама брутальнага рамонту адметных дамкоў (сюды я адношу не толькі штосьці значнае ў маштабах краіны, але і той самы «дом на суседняй вуліцы», які жыў сабе жыў сваім прыгожым гістарычным жыццём, прымаў наведвальнікаў ці жыхароў, але пасля планавага рамонту раптам стаў звычайнай «каробкай», такой, як іншыя).

Кожны выпадак аднаўлення занядбанай калісьці мясціны, які добраахвотна робіць прыватная асоба, можна прыраўняць да асабістага подзвігу гэтага чалавека, які датычыцца ўсёй краіны. Так па прыкладзе Любчанскага замка цяпер аднаўляецца і яго блізкі сусед — палац у Шчорсах, які таксама можа вярнуць былую веліч і прыгажосць. Дзесьці з год таму актыўна пісалі пра тое, што шыкоўны занядбаны палац у Жамыслаўлі Іўеўскага раёна набыў іарданец. І вось нядаўна стала вядома, што ў адметнай мясціны новы ўласнік — беларус — і ён ужо распачаў работы, абяцае захаваць цэласнасць помніка, але ў той жа час зрабіць з яго прывабны турыстычны аб'ект. Ну і конны маршрут праз мясцовы парк уладкаваць. Чым не казка? Асабіста я з задавальненнем наведаю такую.

Некаторыя нашы людзі, пабываўшы ў Еўропе, кажуць, што Беларусь — не краіна замкаў, бо «там» іх нашмат больш і яны нашмат лепш дагледжаныя. Але мы маем тое, што маем. І шлях на вяршыню пачынаецца з клопату пра невялікае. Нездарма біблейская мудрасць сцвярджае, што верны ў малой справе будзе пастаўлены над вялікай.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.