Вы здесь

Навошта «будзіць продкаў», або чаму не трэба баяцца духаў памерлых


Беларусы здаўна верылі: тыя, хто паміраюць, сыходзяць у лепшы свет, але пры гэтым памятаюць пра свет наш, зямны. Таму ў залежнасці ад сваіх магчымасцяў, пераадольваючы вымярэнні існасці, працягваюць клапаціцца пра дзяцей, унукаў. Калі могуць — праз сны, — папярэджваюць пра хваробы ці магчымыя нястачы. Ды і проста нагадваюць пра сябе тым, каго любілі пры жыцці, нібыта кажуць пра сваю безумоўную падтрымку і апеку.


Цалкам лагічна, што ў традыцыйнай культуры нашага народа вялікая роля адводзіцца ўшанаванню памяці продкаў. На кожнае вялікае свята за агульным сталом трэба абавязкова пакінуць чыстую талерку і напоўніць чарку для не так даўно памерлых продкаў, завітаць на могілкі, на працягу года сачыць за парадкам каля месца пахавання дзеда, бацькі, бабулі, маці… Гэта безумоўныя правілы. Таму невыпадкова на дзявяты дзень пасля Вялікадня, на Радуніцу кожны беларус мае магчымасць так ці інакш згадаць сваіх продкаў.

Зрэшты, не ўсе гэта робяць паводле агульнапрынятых правілаў. Так, у многіх рэгіёнах краіны дагэтуль заведзена запрашаць дзядоў на вячэру адно на восеньскія Дзяды. Недзе продкаў вітаюць у адпаведнасці са старажытным рэгламентам жыцця пэўнай вёскі і кажуць: «Сёння Мікалаеўскія Дзяды. Вось чаму з таго боку вецер дзьме. Нашы будуць пазней».

Але ёсць у нашай краіне вёска, дзе паводле традыцыі продкаў згадваюць ажно тройчы на год. Гэты парадак нават занесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Так, у аграгарадку Раздзялавічы, што ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, ушанаванне і зварот да памерлых — важны мясцовы рытуал. Да продкаў тут звяртаюцца як асабіста, так і калектыўна з просьбамі лепшага жыцця, здароўя блізкім і родным, добрага ўраджаю. На працягу года на могілкі «будзіць продкаў» ходзяць на другі дзень Вялікадня, на Успенне (у сярэдзіне жніўня), на восеньскія Дзяды (у пачатку лістапада).

Па традыцыі на другі дзень Вялікадня ў Раздзялавічах сем’і збіраюцца зранку за агульным сняданкам з малітвай. Пасля яго рыхтуюцца ісці на могілкі. У торбу кладуць фарбаваныя яйкі, парэзаны на кавалкі пірог, мясныя стравы, цукеркі. Для памерлых жанчын роду бяруць загадзя падрыхтаваны вышыты фартушок, мужчынам — вышыты ручнічок, малым дзецям — стужкі. Калі мужчына пры жыцці курыў, яму часам нясуць папяросы. Таксама бяруць з сабой грамнічную свечку (яна на працягу года ўдзельнічае ва ўсіх важных сямейных абрадах і рытуалах) і салодкую ваду з журавінамі.

Прыйшоўшы на могілкі, звоняць у званіцу — так тут называюць маленькі звон з былой царквы, што ўсталяваны на вялікім дубе на могілках. Звонам «будзяць памерлую радню», а пасля абыходзяць пахаванні ўсіх родных, каля кожнай магілкі ліюць салодкую ваду і пакідаюць велікодныя прысмакі.

Пасля наведвання могілак збіраюцца ў хаце аднаго з прадстаўнікоў роду і працягваюць свята, успамінаючы тых, каго наведалі. Сядаюць за стол (у гэты дзень надзвычай багаты), яшчэ раз клічуць памерлых, гуляюць у біткі. Важны момант — падчас сумеснага баўлення часу трэба распавесці пра тых, чые магілы наведалі ў гэты дзень, дзецям, унукам. Каб памяць пра дзядоў перадавалася праз пакаленні.

На Успенне жыхары Раздзялавіч зноў ідуць на могілкі, але гэтым разам нясуць продкам гародніну, каб аддзячыць за тое, што дапамаглі вырасціць ураджай. Пры гэтым кажуць «вазьміце і вашу долю». Важна прачнуцца рана, дзеля рытуалу адзець чыстае адзенне. Галоўнай у дзеі становіцца гаспадыня дома, гэта яе «справаздача» перад продкамі за тое, што вырасціла за лета.

А на восеньскія Дзяды абавязкова да абеду адзін з прадстаўнікоў сям’і мусіць завітаць на могілкі, зазваніць у звон і загукаць: «Хадзіце на абед да нас, мы ўжо гатовы, а вы ляжыце». У гэты дзень на могілкі нічога не нясуць, заходзяць да родзічаў, каб паклікаць на абед, вячэру. На стол ставяць кашу, мёд, кісель, квас з грыбамі, цукеркі. Варта запаліць свечку. Збіраючыся класціся спаць, гаспадары на стале пакідаюць некаторыя стравы. Абавязкова наліваюць у місачку салодкую ваду і ў яе кладуць кавалкі хлеба, як тут кажуць, гатуюць «сыту».

Перад сном усіх памерлых яшчэ раз згадваюць уголас і кажуць: «Дапамажыце год перажыць, каб быў мірны, ураджайны, каб усе здаровыя былі…» Мясцовыя жыхары кажуць: калі не паклічаш Дзядоў на вячэру, яны будуць цэлы год сніцца і палохаць.

Але ці сапраўды палохаць? Мо проста яны будуць згадваць пра тое, што варта клапаціцца пра памяць, але разам з тым клапаціцца пра сябе? Бо ці можна баяцца тых, каго любіш? Хай яны ўжо і ў іншым свеце. Яны ж бачаць. Яны пра нас памятаюць. А мы — пра іх.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбор редакции

Общество

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

Их жизнь выходит далеко за рамки одних лишь занятий.

Общество

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Из 50 изданий, которые должны появиться на школьных партах до 1 сентября, 48 уже напечатаны.