Вы здесь

Як будзе змяняцца сістэма медыцынскай дапамогі на вёсцы


За апошнія пяць гадоў колькасць медыцынскіх устаноў, якія абслугоўваюць сельскае насельніцтва, скарацілася, і гэта тэндэнцыя працягваецца. Нярэдка кропку ў існаванні тых жа ФАПаў (фельчарска-акушэрскіх пунктаў) ставіць аварыйны стан будынкаў. Але найчасцей прычына зусім іншая — дэмаграфічная. Жыхароў становіцца менш, і трымаць ФАП у апусцелай вёсцы немэтазгодна. Але ж людзі, асабліва пажылыя, якія там засталіся, усё роўна маюць патрэбу ў назіранні доктара ці фельчара. Бясспрэчна, што часта даехаць да паліклінікі ў райцэнтры — тая яшчэ задача і для сталага чалавека, і для таго, хто днём заняты на рабоце. Як сёння вырашаецца балючае пытанне аказання медыцынскай дапамогі на вёсцы, разбіралася карэспандэнт «МС».


У нашай краіне сельскіх жыхароў прымаюць 2 048 ФАПаў, 90 бальніц сястрынскага догляду, 133 участковыя бальніцы, 610 амбулаторый урача агульнай практыкі і 19 урачэбных амбулаторый. Такія звесткі прыводзіць Міністэрства аховы здароўя на пачатак гэтага года. Яны абслугоўваюць больш за 2 мільёны 45 тысяч вяскоўцаў. Дапамогу ў гэтых установах аказваюць, як правіла, урач і сярэдні медыцынскі персанал, у ФАПах — толькі фельчар. У сельскіх медустановах сёння працуе 1 225 дактароў і 8 493 фельчары, медсястры ці памочнікі ўрача.

Але колькасць такіх медыцынскіх устаноў у сельскай мясцовасці ўсё ж паступова скарачаецца. За апошнія пяць гадоў іх стала менш на 5 % — з 3056 да 2900. Пры гэтым, як растлумачыў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, колькасць сельскіх жыхароў, якая прыходзяцца на адну медыцынскую ўстанову, у сярэднім застаецца стабільнай і вагаецца ў межах 705—713 чалавек. Таму змяншэнне колькасці ўстаноў — вынік скарачэння сельскага насельніцтва. А вясковых жыхароў з 2014 года да 2018-га стала менш на 147 тысяч —  з 2193,4 да 2046.

Што датычыцца бальніц сястрынскага догляду, то трэба сказаць: іх колькасць застаецца адносна стабільнай — яна вагаецца ў межах 90—95 адзінак. Прычым Міністэрства аховы здароўя выступае за іх захаванне. Паводле звестак ведамства, да 30 % пенсіянераў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, — адзінокія ці адзінока пражываючыя. І часта зімой іх выратоўвае менавіта знаходжанне ў бальніцы сястрынскага догляду.

Асноўнае ж скарачэнне адбываецца пераважна за кошт ФАПаў. Кожны з іх разлічаны на абслугоўванне 700 вяскоўцаў. У якасці выключэння з улікам асаблівасцяў рассялення, магчыма яго работа пры наяўнасці 500 жыхароў. І скарачэнне неэфектыўна працуючых ФАПаў — непазбежны вынік сённяшніх рэалій і дэмаграфічных змен. Хоць зноў-такі і іх стараюцца не спісваць з рахункаў там, дзе гэта магчыма.

— Не варта бяздумна закрываць ФАПы, як і амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, сельскія ўчастковыя бальніцы і бальніцы сястрынскага догляду, — заклікаў на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і Савета Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч. — У структуры нашых расходаў выдаткі на гэтыя ўстановы складаюць не многім больш за 2 %. У прыватнасці, ФАПы і ўрачы агульнай практыкі — гэта ўсяго 1 %, з усім астатнім — не больш за 3 %. Таму істотнай эканоміі мы на гэтым не атрымаем. На наш погляд, такія структуры павінны сыходзіць толькі разам з насельніцтвам, і хочацца спадзявацца, што і яны, і жыхары будуць заставацца ў сельскай мясцовасці. Наяўнасць такой амбулаторнай дапамогі эканоміць вялікую колькасць чалавечых рэсурсаў, — падкрэсліў першы намеснік міністра.

Аднак рэструктурызаваць медыцынскую дапамогу ўсё ж даводзіцца ў адпаведнасці з рэаліямі сённяшняга дня. У прыватнасці, урачэбныя амбулаторыі замяняюць на больш дасканалыя ў плане аснашчэння амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Мяркуецца, што ўкараненне інстытута ўрача агульнай практыкі, якое зараз актыўна ажыццяўляецца ва ўсёй краіне, дазволіць удасканаліць аказанне медыцынскай дапамогі ў першую чаргу на вёсцы. У сувязі з гэтым колькасць урачэбных амбулаторый у Беларусі скарацілася да 19, а амбулаторый урача агульнай практыкі вырасла да 610.

Плануецца, што да 2020 года тэрапеўтаў у нас цалкам заменяць урачы агульнай практыкі. Трэба адзначыць, што гэта больш універсальныя спецыялісты. Такі доктар можа аказаць не толькі тэрапеўтычную, але і афтальмалагічную, неўралагічную, кардыялагічную, эндакрыналагічную, хірургічную і лор-дапамогу. Для гэтага ў яго маюцца і неабходныя веды і навыкі, і дадатковае абсталяванне, у прыватнасці тое, што патрабуецца для праверкі зроку ці дыягностыкі работы сэрца на працягу сутак (холтэраўскае манітарыраванне), а таксама электронныя танометры і тэрмометры, пераносныя электракардыёграфы і іншае. Зразумела, пры неабходнасці кансультацыі вузкага спецыяліста ўрач накіроўвае да яго пацыента.

Акрамя аснашчэння сельскіх амбулаторый сучасным абсталяваннем іх стараюцца паэтапна забяспечыць аўтатранспартам, тэлефоннай сувяззю, надаваць ім функцыі «хуткай медыцынскай дапамогі». Так, напрыклад, у адпаведнасці з Дзяржаўнымі сацыяльнымі стандартамі, кожная амбулаторыя ўрача агульнай практыкі і ўчастковая бальніца мае свой аўтатранспарт.

Пры скарачэнні колькасці ФАПаў важную ролю адводзяць раённаму звяну, якое ў сваёй структуры мае цэнтральныя раённыя бальніцы, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, раённыя дыспансеры і іншыя ўстановы. Радыус тэрыторыі, якую ахоплівае дзейнасць гэтых устаноў, — каля 40 кіламетраў, што дазваляе на працягу гадзіны даехаць да любой вёскі і аказаць медыцынскую дапамогу.

А як жа доступ сельскіх жыхароў да высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі? Вяскоўцы пры неабходнасці могуць атрымаць яе ў спецыялізаваных міжраённых аддзяленнях, якія прымаюць пацыентаў з некалькіх тэрытарыяльна набліжаных раёнаў, а таксама ў абласных і рэспубліканскіх бальніцах і навукова-практычных цэнтрах.

Працэс аптымізацыі медыцынскіх арганізацый на вёсцы, на жаль, непазбежны, бо з'яўляецца следствам дэмаграфічных працэсаў — скарачэння колькасці сельскага насельніцтва і яго старэння, канстатуюць у Міністэрстве аховы здароўя. У той жа час медыцынскія тэхналогіі ўдасканальваюцца, развіваецца і інфраструктура вёскі, і сельскае насельніцтва не застанецца без медыцынскай дапамогі. Рэзервам павышэння яе даступнасці ў міністэрстве бачаць удасканаленне лагістыкі і развіццё дарожнай сеткі, а таксама паляпшэнне забеспячэння арганізацый аховы здароўя.

Алена КРАВЕЦ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Здымкі носяць ілюстратыўны характар

Название в газете: Пакінуць нельга закрыць

Выбор редакции

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Сельское хозяйство

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Успех зависит от соблюдения отраслевых регламентов и технологий.

Регионы

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

«Императорский» туристический маршрут поможет развивать сельскую территорию.