Вы здесь

«У гаду два Юр’і, абодва дурні»


Карагод — гэта і традыцыйны танец, і адмысловы каравай, што абавязкова мусіць прысутнічаць на свяце-прывітанні святога Юр’я, пэўным сімвалічным «продкам» якога з’яўляецца язычніцкі бог сонца, вясны, урадлівасці і кахання Ярыла. У народзе лічылі: Юр’я абараняе ўраджай, а таксама аберагае свойскую жывёлу. На пашы са свежай вясновай травой менавіта ў гэты дзень першы раз выпускалі коней, коз, авечак і кароў. Бо святы Юр’я ехаў па зямлі на белым кані і замыкаў пашчы ваўкам і іншым дзікім звярам — каб не шкодзілі свойскім жывёлам.


Зрэшты, гэта ўсё міфы, якія… і сёння бытуюць на нашай зямлі. Яны ўвасобіліся ў пэўныя рытуальныя дзеянні, на працягу стагоддзяў перадаюцца з пакалення ў пакаленне. У некаторых рэгіёнах Беларусі, напрыклад, на Асіповіччыне, святкаванне Юр’я гурт «Вязанка» з вёскі Вяззе аднавіў на аснове пісьмовых крыніц. А вось у знакамітай вёсцы Пагост, што на Жыткавіччыне, гэты абрад захаваўся ў жывым бытаванні.

Глыбінную сутнасць усіх рытуальных дзеянняў, што адбываюцца на Юр’я, сёння не ў стане патлумачыць нават даследчыкі традыцыйнай культуры беларусаў. Так, на Асіповіччыне сам абрад пачынаецца ўжо на полі. Яго ўдзельнікі заходзяць на месца святкавання праз своеасаблівую брамку, зробленую з ручніка. Жанчыны і дзяўчаты нясуць хлеб на ручніку, ікону, галінку вярбы. Павітаўшыся з нівай, удзельніцы абраду спяваюць песні, кажуць замовы, акрапляюць жыта, прыносяць дары — акрайчык хлеба, яйкі, пры гэтым кажуць: «Як гэта яечка цэленькае і кругленькае, няхай мая скацінка будзе сытая і поўная».

Вельмі важнае месца падчас абраду адводзіцца просьбам добрага здароўя для скаціны, каб каровы і козы давалі больш малака. Абавязкова гучаць рытуальныя словы: «Ідзі, мая кровачка, на Юр’еву пасцель, на Міколаву траву па вялікія ўдоі, па белыя сыры, па жоўтыя маслы. Я з духам, Святая Прачыстая, са сваімі рукамі па сырой траве расу збіраю, табе, мая каровачка, малака прыбаўляю».

Лічылася, што ў дзень свята Юр’я раса на ніве валодае гаючай сілай. Ёй мылі твар, мазалі вочы — каб мець добры зрок. А падчас абраду яго ўдзельнікі качаліся па полі, каб набрацца сіл ад зямлі і быць здаровымі на працягу ўсяго года.

А вось у Пагосце, што на Жыткавіччыне, рыхтавацца да свята пачынаюць яшчэ напярэдадні. Гаспадыня рашчыняе цеста для карагода — так тут называюць каравай, які выпякаюць на Юр’я. І ў яго прыгатаванні ёсць свае адметнасці: каб быў багаты ўраджай, і муку, і яйкі, і малако дадаюць як мага больш разоў. Вымешваючы цеста, у думках важна казаць пажаданні, каб радзіла жыта, быў добры ўраджай. Упрыгожваюць карагод толькі каласкамі, вылепленымі з цеста. Гэта знак наступнага ўраджаю. А калі пірог ставяць у печ, нікому нельга ні заходзіць у хату, ні выходзіць з яе: кажуць, што гэта прыкмета беднага года.

А ўжо ранняй раніцай наступнага дня, калі на полі яшчэ ляжыць раса, жанчыны збіраюцца на святкаванне. Усе разам упрыгожваюць святочны карагод галінкамі, стужкамі. Дарэчы, справа выпякання і ўпрыгожвання каравая — выключна жаночая. Мужчыны таксама прымаюць удзел у абрадзе, але ў іх іншыя заняткі: несці ікону, граблі, зорку, карагод.

Сам абрад пачынаецца яшчэ ў хаце, першыя словы кажа гаспадыня. А перад тым як выйсці на двор, карагод тры разы ўздымаюць угору, просяць у Бога дапамогі, бо «без Бога — ні да парога». Пасля грамадой удзельнікі абраду кіруюцца ў поле. Дарэчы, ідучы на святкаванне, усе маўчаць. Першымі ў шэсці рухаюцца дзяўчаты, якія нясуць «браму», складзеную з ручніка, за імі — хлопцы з зоркай і іконай, мужчына з упрыгожаным карагодам, музыкант. Таксама ў шэсці нясуць граблі. Калі толькі ідуць на поле, на граблі чапляюць фартух зялёнага колеру, што сімвалізуе цнатлівасць, падрыхтоўку да наступнага ўраджаю. Ужо ў полі, пасля таго як будуць сказаныя рытуальныя словы, паводзяць карагоды, зялёны фартух на граблях заменяць на чырвоны, ён стане сімвалам урадлівасці глебы і новага добрага ўраджаю.

А рытуальныя словы гучаць наступным чынам: «Юр’я, устань рана, умыйся бела. Прычашыся, прыбярыся, бяры ключы, ідзі ў стайню, сядлай каня, едзь у поле, адмыкай зямліцу, пускай расіцу. У гаду два Юр’і, абодва дурні. Адзін — халодны, другі — галодны».

Сыходзяць з поля, як і заходзілі, праз браму-ручнік. Усе ўдзельнікі рухаюцца па вёсцы ўжо з песнямі. Тут гучаць не толькі абрадавыя, але і пазаабрадавыя, жартоўныя спевы. Спыняецца вясёлая грамада каля кожнай хаты, дзе водзяць карагоды, віншуюць з Юр’ем аднавяскоўцаў, жадаюць добрага ўраджаю і здароўя на ўвесь год. А тыя, каго павіншавалі, адорваюць удзельнікаў абраду пачастункамі. Гэта зазвычай яйкі, хлеб ці пірог, цукеркі, гарэлка або проста грошы. Святкаванне заканчваецца агульным вялікім застоллем з пачастункамі. Тут да вечара спяваюць песні, танцуюць танцы, частуюцца смачнымі караваямі.

Гэты варыянт святкавання Юр’я ўжо больш як дзесяцігоддзе ўваходзіць у спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі, яго праводзілі на Жыткавіччыне нават падчас Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, ужо ствараецца намінацыйнае дасье для прызнання яго значнасці і на міжнародным узроўні — унясення ў спіс нематэрыяльнай культарнай спадчыны ЮНЕСКА.

Марына ВЕСЯЛУХА

Фота Альфрэда Мікуса

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».