Вы здесь

Пісьменніца Наталля Батракова: Кожная гераіня маіх кніг валодае маімі рысамі


«Склад пусты!» «Першы тыраж пайшоў» «Будзем дадрукоўваць» — такія паведамленні з’явіліся праз адзінаццаць дзён пасля пачатку продажаў новай кнігі Наталлі Батраковай «Бясконцасць любові, бясконцасць смутку» на старонцы аўтаркі і яе выдаўца ў Facebook. Першапачатковы наклад 4 тысячы разышоўся. Нядрэнна — падкрэсляць маркетолагі. Выдатна — зазначаць кнігавыдаўцы.


Фота Валерыя Сафонава

Але за гэтымі «нядрэнна» і «выдатна» — амаль 13,5 года стараннай працы пісьменніцы, якая, дарэчы, пісьменніцай сябе адпачатку называць саромелася. Працы найперш з кнігай, словам, гутарак з чытачамі. Пра «жаноцкасць» прозы, літаратурную тусоўку і важнасць для аўтара быць цікаўным да ўсіх праяваў жыцця — наша гутарка з Наталляй БАТРАКОВАЙ.

— Ужо неаднойчы адзначалася, што вашы чытачы досыць доўга чакаюць новых твораў. Чаму так атрымліваецца, што пішаце кнігі працяглы час?

— Справа ў тым, што я пішу вялікія, тоўстыя раманы, гэта больш як 500 старонак дробным шрыфтам. А кожная наступная кніга пішацца ўсё даўжэй, бо ўвесь час адбываецца пошук матэрыялу, пошук новых гісторый, сюжэтных хадоў. Не хочацца паўтарацца. Адзінае, што застаецца нязменным у маіх раманах, — месца дзеяння, горад Мінск.

— Адмыслова робіце, каб чытачы пазнавалі мясціны, вуліцы, дзе жывуць і дзейнічаюць героі?

— Сама я маю любімыя месцы горада. Напрыклад, паўсюль прысутнічае парк Горкага. Я нарадзілася не ў Мінску, але пакуль дзеці былі маленькія, шмат часу праводзіла тут. Жыццё не стаіць на месцы, і праз розныя падзеі асабістага жыцця розныя мясціны становяцца знакавымі, таму і любімымі. Гаворка не толькі пра Мінск. У кожнай кнізе ёсць згадка тых ці іншых месцаў Беларусі. Напрыклад, Ашмяны, Астравец, Слуцк. Безумоўна, гэта таксама набліжае мяне да чытача, я ж ствараю гарадскія раманы. Жыву ў горадзе і пішу пра жыццё жанчыны ў ім.

— Як нараджаюцца вашы героі? Флабер казаў: «Мадам Бавары — гэта я». Ці можна так жа сказаць пра вас?

— Калі працуеш над стварэннем вобразаў, натуральна, пачынаеш жыць у «скуры» кожнага з герояў. Нават мужчынскі вобраз, для якога мушу прыдумаць адметную манеру размовы, характар, каб з любой старонкі кнігі можна было здагадацца, хто ў гэты момант галоўная дзейная асоба. Безумоўна, у кожнай з гераінь ва ўсіх кнігах ёсць нейкія рысы ад мяне. Інакш і быць не можа, я сапраўды жыву іх жыццямі. Героі прыдуманыя, але яны на мяне вельмі моцна ўплываюць. У тым ліку і на паводзіны. Напрыклад, калі мая гераіня закахалася, я таксама адчуваю сябе закаханай.

— Магчыма, па гэтай прычыне падзеі, што апісваеце ў кнігах, вас «даганяюць» і ў жыцці?

— Ёсць такі містычны феномен. Калі раней чытала пра нешта падобнае, то не да канца верыла, што такое сапраўды можа быць. Але зараз, калі часам са мной адбываецца пэўная гісторыя і я разумею, што раней яе ўжо апісала ў кнізе, то пачынаю міжволі задумвацца. Магчыма, гэта звязана з тым, што, працуючы над раманам, кожны пісьменнік аддае шмат уласнай энергіі, я ж павінна даваць людзям надзею, нешта светлае і добрае. Але разам з тым немагчыма абысці негатыўныя моманты, яны таксама здараюцца. Але апошнім часам сітуацыі з адмоўным кантэкстам стараюся мадэліраваць вельмі асцярожна. Многае бяру са свайго досведу, часам — з расказаў чытачоў, але гэта ўсё ўжо пражыты і перажыты негатыўны досвед. Таму і ў будучыні ён нястрашны.

— Вы часта адзначаеце, што многае, што апісваеце ў кнігах, стараецеся адчуць на ўласным досведзе. Нават на аперацыі неяк прысутнічалі, каб потым апісаць яе ў рамане. Якія самыя незвычайныя ўчынкі даводзілася рабіць, каб расказаць пра іх?

— Я вельмі цікаўны чалавек, мне ўсё цікава. Калі заканчваю кнігу і шукаю сюжэт для наступнай, у той момант яшчэ не ведаю, чым будзе займацца мой новы герой. Тады пачынаю цікавіцца ўсім навокал, нават не ведаючы, што спатрэбіцца ў працы. Напрыклад, неяк пайшла на курсы стральбы, назірала за кампаніямі паляўнічых. Разам з тым разумела, што ніколі не змагу забіць жывую істоту. Пошук новага — пастаянны працэс, не магу сказаць, што нейкае адкрыццё было незвычайнае. Для пісьменніка карысна: чым больш ты ведаеш, умееш, тым лягчэй надаваць гэтыя якасці сваім героям. Сама я вельмі люблю збіраць грыбы, таму ў выніку гэтую любоў да лесу і грыбніцкую захопленасць у новай кнізе перадала сваім героям. У лесе ж таксама адбываецца шмат цікавага.

— Як з тэхнічнага аспекту выглядае працэс напісання кнігі? Распрацоўваеце «картку» на кожнага героя ці маеце свае методыкі?

— Каб пісаць тоўстыя кнігі прозы, трэба мець велізарнае цярпенне. Вялікі раман пішацца некалькі гадоў, ты з ім жывеш, падаецца, што адно паўшар’е мозга цалкам занятае менавіта жыццямі герояў. Складана, калі праз жыццёвыя і сямейныя абставіны не атрымліваецца засяродзіцца на працы, усё ж у пісьменніка павінна быць нейкае ўласнае месца, дзе можна застацца сам-насам з тэкстам. Акрамя цярплівасці, важна таксама мець і разуменне таго, які твой чытач, хто ён і што яму будзе цікава. Я не кажу яшчэ і аб працы па шліфоўцы тэксту. Кніга павінна быць настолькі дасканалай, каб чытач адкрыў першую старонку і «выйшаў» з рамана толькі на апошняй. Натуральна, з яркімі светлымі эмоцыямі, якія застануцца. Таму мне вельмі добра помняцца гісторыі, калі чытачы пасля сустрэч дзеляцца сваімі водгукамі і ўражаннямі ад прачытання. Аднойчы нават сказалі, што я выратавала жыццё. Гэта дарагога каштуе, я ж не доктар! Таму на кожнай сустрэчы ў бібліятэках, кнігарнях стараюся прыходзіць на высновы, што якая чорная ні была б паласа ў жыцці, потым абавязкова будзе белая, як і ў маіх герояў.

— Але ж часам вам кажуць, што надта мучаеце сваіх герояў, прымушаеце пакутаваць…

— Бывае. Называюць мае раманы «мыльнымі операмі» (Смяецца.). Але, па сутнасці, жыццё кожнага — тая ж «мыльная опера»: узлёты і падзенні, расставанні, трагедыі.

— Актыўная зваротная рэакцыя, што вы звычайна атрымліваеце ад чытачоў, не стамляе?

— Пішуць сапраўды многа, але гэта лёс любога чалавека, які становіцца большменш вядомым. У цэлым я заўважыла, што ў Беларусі вельмі выхаваная публіка, тактоўныя слухачы і чытачы. Мне часцей за ўсё пішуць вялікія выказванні падзякі, лісты з нейкімі асабістымі ўспамінамі, што з’явіліся пасля прачытання рамана. Зваротная сувязь таксама неабходная аўтару. Вельмі люблю сваіх чытачоў і вельмі ім удзячная! Калі выйшлі мае першыя кнігі, досыць доўга не магла назваць сябе пісьменніцай, заўсёды ўдакладняла — «аўтар», але менавіта чытачы далі веру ў тое, што можна ўжо казаць пра мяне як пра пісьменніцу.

— У публічнай прасторы, чытацкай супольнасці вас часцей за ўсё назавуць аўтаркай менавіта жаночых раманаў, кніг, арыентаваных на жаночую аўдыторыю. Крыўдна атрымліваць такі «цэтлік»?

— Спачатку было крыўдна. Казалі, што пішу любоўныя, жаночыя, нейкімі яшчэ эпітэтамі называлі мае кнігі. Я ж стараюся пісаць і пра жыццё мужчын, і мае галоўныя героі мужчыны. Мае кнігі мужчыны таксама чытаюць, праўда, не ўсе ў гэтым прызнаюцца (Смяецца.). У пэўны момант проста супакоілася і вырашыла: можа, і ёсць у гэтай апрыёрнай «жаночасці» маіх раманаў праўда, бо якую падзею ні апісвала б, заўсёды буду ўспрымаць яе праз прызму сваёй жаночай свядомасці. Я ж жанчына і гэтым ганаруся. Гэта не прыніжае, бо за мной ужо чытацкая армія, а чытачы дакладна ведаюць, якая літаратура ім патрэбна. Значыць, і мае кнігі маюць права на жыццё. Але самую цікавую характарыстыку некалі прачытала ў адным аўстрыйскім часопісе, дзе мае кнігі назвалі «сучаснымі вытворчымі раманамі». Тлумачэнне тут простае: усе героі працуюць, і паміж імі шмат працоўных стасункаў.

— Наколькі важную ролю адыгрывае рэклама кожнай кнігі? Новы раман можа самастойна «жыць» і прадавацца ці яго абавязкова варта падтрымліваць прэзентацыямі, аўтограф-сесіямі?

— Заўсёды вельмі складана пачынаць. Калі я пачынала пісаць, у мяне паверылі выдаўцы, я неяк «ускочыла» ў кантэкст, заняла на той час вольную нішу сучаснага гарадскога рамана. У прамоцыю першай маёй кнігі не ўкладаліся ніякія грошы. Гэта сёння на кожным кроку патрэбны маркетолагі, рэклама. Часткова, сапраўды, так і павінна быць. Але што датычыцца літаратуры, то варта задаць пытанне: ці патрэбная кніга будзе праз паўгода-год, калі скончыцца маркетынгавая кампанія? Магчыма, пра яе ўсе забудуцца. А можа, перададуць з рук у рукі і яна будзе карыстацца попытам у бібліятэках. Магу прывесці многа прыкладаў, калі аўтар проста «выстрэльваў» са сваёй дэбютнай кнігай, а пра наступную ніхто і не чуў. Такімі яскрава-штучнымі стартамі напаўняюцца букіністычныя крамы. Пра сваю творчасць магу сказаць так: першая кніга, што выйшла зусім без рэкламы, і зараз, ужо больш як праз 17 гадоў перавыдаецца, чытаецца, і кола прыхільнікаў становіцца шырэйшым. Сёння мае кнігі проста чакаюць. Хапае адной чуткі, што хутка будзе, — вось і ўся рэклама.

— Нельга назваць Вас кампанейскім аўтарам. Вас не сустрэць на прэзентацыях, імпрэзах калег. Адмыслова пазбягаеце пісьменніцкіх тусовак, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, вітаюцца і міла ўсміхаюцца?

— Дзіўна бывае, калі на фестывалі, напрыклад, у Маскву запрашаюць дэлегацыю ад Беларусі і мяне — асобна (Смяецца.). Так, я адзіночка. Мне камфортней і працаваць, і існаваць адной, але ніколі не прапускаю прэзентацыі новых кніг сваіх сяброў. У той жа час мне не падабаюцца тусоўкі з налётам: тут патрэбна быць праз розныя прычыны. Напэўна, я ўжо ў такім узросце, што магу сабе дазволіць выбіраць менавіта тое, што патрэбна і хочацца мне. Чытаю, што мне падабаецца, ужо некалькі гадоў не чытаю каментары пад артыкуламі пра сябе. Там жа заўсёды знойдзецца нехта з пытаннем «А гэта хто?». Нельга дагадзіць, спадабацца ўсім.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».