Вы здесь

Хутка сонца «зайграе»


Іван Зёлка ўжо рыхтуе папараць-кветку


У даўнія часы жыццё нашых продкаў падпарадкоўвалася рытмам, зададзеным самой прыродай. Зімовы адпачынак ад працы ў полі змяняўся клопатам пра будучы ўраджай вясной, рытуаламі на абарону пасеваў летам, паспяховым жнівом у пачатку восені. Таму і свята росквіту зямлі — Купалле — лічыцца адным з найярчэйшых у беларускім календары. Яно прымяркоўваецца да летняга сонцастаяння. Гэта ж час найвышэйшага развіцця жыццёвых сіл прыроды. Лічылася, што, выканаўшы сваю місію, бог Ярыла памірае і адраджаецца ў выглядзе Купалы — бога лета, рознакаляровых кветак і спелых пладоў.

Нашы продкі верылі, што ў купальскую ноч усё ажывае: дрэвы блукаюць па лесе, расліны шэпчуцца, жывёлы і птушкі размаўляюць. І людзі імкнуліся стаць адным цэлым з прыродай: спявалі пералівістыя песні падчас збору зёлак, дзякавалі за багаты ўраджай, добрае паляванне.

Купалле таксама называлі днём Івана Зёлкі: лекавыя расліны, сабраныя ў гэты час, валодаюць цудадзейнымі ўласцівасцямі. Таму і імкнуліся сабраць як мага больш духмянага чабору, святаянніку, падбелу, крываўніку, каб засцерагчы членаў сям’і і свойскую жывёлу ад хвароб на ўвесь год. А чароўныя пералёт-траву, цірліч-траву, архілін ды прамяністую кветку папараці, якая па паданнях прыносіць небывалае шчасце, марылі знайсці ведзьмы і чарадзеі.

 Натуральна, не абыходзілася свята без варожбаў. Усім вядомы рытуал пляцення вянкоў і пускання іх па вадзе. Калі ў плыні ракі вянкі дзяўчыны і хлопца сустрэнуцца — быць ім разам. А вось на Жыткавіччыне прынята гуляць у іншую гульню: хлопцу трэба злавіць у паветры вянок, кінуты дзяўчынай. А для дзяўчат існавала дакладная прыкмета, звязаная з зёлкамі: у поўнач, заплюшчыўшы вочы, трэба было набраць кветак і пакласці пад падушку, а раніцай праверыць, ці набралася 12 розных траў. Калі так, то дзяўчына ў гэтым годзе магла чакаць жаніха.

А як жа без скокаў праз вогнішча? Лічылася, што купальскі агонь валодае неймавернай ачышчальнай сілай, дапамагае пазбавіцца ад унутранага бруду, вылечвае ад хвароб, становіцца знакам абнаўлення жыцця. Ды і паваражыць можна: не дакранешся да агню, не паляцяць іскры — выйдзеш замуж ці здабудзеш поспех. А пара, якая скокне цераз агонь і не разарве рук, будзе жыць у згодзе і шчасці доўгія гады. Сам купальскі агонь лічыўся лекавым, таму пасля свята яго ўдзельнікі імкнуліся захапіць з сабой вугольчык з вогнішча і захоўвалі яго да наступнага года. Лічылася, што гэты знак абараняе хату ад пажараў, прыносіць здароўе і дабрабыт у сям’ю.

Бадай, усім вядома, што галоўным «героем» Іванава дня з’яўляецца кветка папараці — Перунова кветка, як яе называлі. Кажуць, што роўна ў поўнач усяго на некалькі імгненняў раскрываецца яе чароўнае вогненнае вока і таму, хто паспее яе сарваць, становіцца відаць любы клад, як бы глыбока ён ні знаходзіўся, і ўсе жаданні ўладальніка спраўджваюцца. Натуральна, нячыстай сіле не хочацца дзяліцца са звычайнымі людзьмі сваімі магічнымі ўласцівасцямі, таму і адводзяць злыя духі аматараў пошукаў кветкі, стараюцца заблытаць сцежкі, напалохаць і ўсяляк перашкодзіць у пошуках.

На Купалле праводзіцца шмат абрадаў, звязаных з вадой. Напрыклад, у ноч напярэдадні Івана Купалы дзяўчаты апускаюць на раку вянкі з запаленымі лучынкамі або свечкамі. Калі вянок тоне адразу, значыць, суджаны разлюбіў; чый вянок даўжэй праплыве, тая будзе шчаслівай, а ў каго лучынкі даўжэй пагараць — пражыве доўгае жыццё.

Ёсць і іншая інтэрпрэтацыя гэтай варажбы: вянкі з бярозы пускаюць у ваду і сочаць: чый патануў — тую напаткае смерць, паплыў — замуж прыгажуня выйдзе, а да берага прыб’е — так незамужняй ёй быць гэты год.

Нашы продкі верылі, што Купалле — гэта час абуджэння звышнатуральных сіл, не толькі добрых, але і злых. Ведзьмы ў гэтую ноч рабіліся больш небяспечныя, таму нашы прапрадзеды клалі на парозе і на падаконнях крапіву, каб абараніць сябе ад нападу, а таксама замыкалі коней, каб ведзьмы не выкралі і не паехалі на іх на Лысую гару. А на Палессі ёсць такое павер’е: напярэдадні Купалля тут чаплялі крапіву на вароты, каб вядзьмарка апякла рукі і не змагла трапіць у двор.

Свята зазвычай доўжыцца ўсю ноч — яна ж найкарацейшая. Кажуць, што купальскай раніцай можна пабачыць неверагодную з’яву, калі сонца іграе, пераліваецца рознымі колерамі. Той, хто заўважыць прыродны цуд, будзе жыць доўга і шчасліва.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбор редакции

Общество

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

Их жизнь выходит далеко за рамки одних лишь занятий.

Общество

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Из 50 изданий, которые должны появиться на школьных партах до 1 сентября, 48 уже напечатаны.