Вы здесь

«Калі ёсць жаданне дапамагаць, знойдуцца і тыя, каму патрэбная твая дапамога»


«Калі ёсць жаданне дапамагаць, абавязкова знойдуцца і тыя, каму патрэбная твая дапамога», — упэўнены Іван Дусянок. Разам з калегамі ён займаецца валанцёрскай дзейнасцю на родным Гомельскім заводзе ліцця і нармаляў. Яна не засталася незаўважанай на рэспубліканскім узроўні. Летась БРСМ прызнаў валанцёрскі атрад «Сёмае неба» найлепшым сярод рабочай моладзі Беларусі.


«Не са­ро­мей­це­ся пра­яў­ляць эмо­цыі», —  ра­іць ка­ман­дзір атра­да Іван Ду­ся­нок.

«Аднойчы пад Новы год...» — менавіта такой фразай хочацца пачаць гісторыю пра тое, як звычайны электрагазазваршчык Ваня стаў прыносіць радасць людзям.

— Я набыў касцюм Дзеда Мароза дзеля забавы. Віншаваць сваякоў, блізкіх і іх дзетак значна весялей, калі ты ў вобразе. Посах, валёнкі, мех з цукеркамі — у ролю ўжываўся з усёй сур'ёзнасцю, — успамінае хлопец. — Неяк па просьбе сябра віншаваў дачку яго знаёмай, якая працавала сацыяльным педагогам. Жанчыне спадабалася маё выступленне, і яна прапанавала выйсці на вялікую публіку — паваланцёрыць «барадатым чараўніком» у доме-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І хоць патрэбнага досведу ў мяне не было, я згадзіўся.

Іван прызнаецца, што хваляваўся ў той дзень страшна. Калі выйшаў на сцэну, з галавы вылецелі ўсе словы, забыў сцэнарый. Давялося імправізаваць. Дапамаглі эмоцыі дзяцей, іх усмешкі.

— Дзе адзін ранішнік — там і другі, трэці. Так я далучыўся да валанцёрскага атрада «Эдэльвейс». Унікаў ва ўсе нюансы, набіраўся вопыту і завязваў знаёмствы. Надзвычай важна мець чалавека, які стане тваім настаўнікам у гэтай нялёгкай справе і падкажа, як дзейнічаць. А ў самых непрадказальных сітуацыях — прыйдзе на дапамогу.

Хлопцу спатрэбілася каля пяці гадоў, каб адважыцца на стварэнне асобнага атрада на заводзе.

— Па цэхах у пошуках ахвотных стаць валанцёрамі не хадзіў. У гэтым плане вельмі дапамог заводскі турзлёт, які ў нас ладзіцца штогод. Там кожнага можна ўбачыць па-за работай, зразумець, наколькі чалавек камандны, як будзе сябе паводзіць у розных абставінах. Спачатку нас было ўсяго шасцёра, цяпер больш за два дзясяткі. Хто? Зваршчык, электрык, слесар-сантэхнік, супрацоўнікі аддзела кадраў і нават кіраўнікі... Людзі розныя. У некаторых па двое-трое сваіх дзяцей. Прычым у атрадзе не толькі работнікі завода ліцця і нармаляў. Далучыліся нашы сябры, якія працуюць на іншых прадпрыемствах. Назву атраду далі рамантычную — «Сёмае неба». Чаму? А гэта ўжо няхай кожны для сябе сам вырашае...

Першыя валанцёрскія крокі каманда Івана рабіла на сваім заводзе.

— Калектыў вялікі. Ёсць шматдзетныя супрацоўнікі, ёсць тыя, хто адважыўся на ўсынаўленне, ёсць сем'і, якія па розных прычынах аказаліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Менавіта ім у першую чаргу і прапанавалі сваю дапамогу — адпраўлялі дзетак «У школу з добрым сэрцам». Гэта акцыя БРСМ, што ладзіцца па ўсёй краіне. Цяпер і ў нас яна стала традыцыйнай.

Паступова «Сёмае неба» пачало ўсё часцей заяўляць пра сябе на гарадскім узроўні — дапамагаць адукацыйным і медыцынскім установам, асобным сем'ям і арганізацыям.

Валанцёры «Сёмага неба» на добраўпарадкаванні храма Сергія Раданежскага

— Першым часам задачы падкідваў БРСМ: да іх часта звяртаюцца з просьбамі, а яны, у сваю чаргу, перадаюць іх у пярвічныя арганізацыі. Дзякуючы Саюзу моладзі завязалася сталае супрацоўніцтва з многімі арганізацыямі.

На думку кіраўніка атрада, валанцёрства — гэта нават не магчымасці, а жаданне зрабіць добрую справу для іншага.

— Многім здаецца, што займацца падобнымі рэчамі могуць толькі маладыя людзі, у якіх хапае вольнага часу. Ва ўсіх удзельнікаў нашага атрада сем'і, хатнія справы, але гэта не перашкаджае зазірнуць на гадзінку ў інтэрнат да сірот і проста паразмаўляць з імі. Дробязь, якая можа задаць добры настрой на некалькі дзён, — расказвае хлопец. — Займацца добрымі справамі можна не толькі ў атрадзе. Просты прыклад — дапамога матулям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю. У некаторых шматпавярховых дамах няма пандусаў і ліфтаў, таму выхад на вуліцу для калясачнікаў становіцца сапраўдным выпрабаваннем. Спуск па лесвіцы часам займае больш часу, чым уласна прагулка. А з дапамогай валанцёраў можна справіцца з праблемай за некалькі хвілін. Азірніцеся навокал. Магчыма, у суседнім доме якраз жыве сям'я, якой неабходна ваша падтрымка.

Сёння валанцёрскія атрады ёсць у многіх школах, каледжах, ВНУ. Аднак, па словах кіраўніка «Сёмага неба», маладзенькія хлопцы і дзяўчаты могуць справіцца далёка не з усім:

— Неяк нас папрасілі дапамагчы пры выгрузцы новага абсталявання для бальніцы. Мы, заводскія хлопцы, сілу маем. Дапамаглі. Супрацоўнічаем і з жаночай калоніяй, якая ёсць у горадзе. Ездзілі з канцэртам, набывалі падарункі для дзетак, што выхоўваюцца ў Доме дзіцяці пры папраўчай установе. Словам, на чымсьці адным не зацыкліваемся і заўсёды адкрытыя да новых заклікаў і прапаноў.

Іван — чалавек сціплы, дзейнасць атрада не ўспрымае як нешта выключнае і не любіць пералічваць поспехі, якіх дасягнуў. Аднак адным праектам ганарыцца асабліва.

— У 2017-м разам з Веранікай Ражковай мы запусцілі «Школу дабра». Па сутнасці, гэта падрыхтоўчыя курсы для будучых валанцёраў. Нельга адарваць чалавека ад станка і адразу ж завесці яго ў дзіцячы дом ці да людзей з інваліднасцю. Трэба рыхтавацца маральна. У «Школе дабра» праводзіліся семінары, трэнінгі, тэматычныя гульні — усё, каб навучыцца ўстанаўліваць кантакт без боязі і непатрэбнага жалю. Часта менавіта яны перашкаджаюць валанцёрам-пачаткоўцам.

— Матэрыяльная дапамога — гэта добра і патрэбна, але яшчэ не ўсё. Мы даўно супрацоўнічаем з Гомельскім домам-інтэрнатам для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Валанцёры, як правіла, самі прыходзяць да іх. Мы ж вырашылі дзейнічаць наадварот: запрасілі дзяцей у кінатэатр і кавярню. Такія мерапрыемствы карысныя тым, што не дзеляць грамадства на «асаблівых» і звычайных. Мы ўсе роўныя, і не трэба ствараць перашкоды там, дзе іх быць не павінна.

Іван прызнаецца, што не любіць пытання: «Што для вас значыць быць валанцёрам?»

— Гэта складана патлумачыць словамі. З аднаго боку, ты аддаеш час і сілы. З другога, атрымліваеш пазітыўныя эмоцыі і зарад энергіі. Нават калі проста займаешся добраўпарадкаваннем тэрыторыі ці цягаеш мэблю. Бо ведаеш — гэта на карысць іншым. Сёння валанцёрскі рух у Беларусі даволі папулярны, тут кожны можа выбраць кірунак для сябе — экалогія, дзеці, людзі сталага веку. Галоўнае — пачаць!

Ганна КУРАК

Мінск — Гомель — Мінск

Название в газете: Пад аховай «Сёмага неба»

Выбор редакции

Общество

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

Их жизнь выходит далеко за рамки одних лишь занятий.

Общество

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Из 50 изданий, которые должны появиться на школьных партах до 1 сентября, 48 уже напечатаны.