Вы здесь

«Вядуць-вядуць Ніначку на пасад»


Ураджай з поля сабраны, а свойская жывёла ды птушка за лета добра падраслі. Значыць — вясельны стол будзе багатым. Паводле традыцыі, на вяселлі гарэлкай маглі частавацца толькі госці. Маладым піць забаранялася — каб у будучыні не сталі п’яніцамі.


Вяселле ў традыцыйным стылі (ці хаця б з яго элементамі) — сёння рэч даволі модная. Усё больш маладых людзей імкнецца пабрацца шлюбам не толькі «па правілах», але і згодна з традыцыямі нашых продкаў. Так, паводле традыцыі, каля парога хаты, дзе ладзіцца вяселле, маладых сустракаюць хлебам-соллю і пажаданнямі: «Мы сустракаем вас з хлебам-соллю, а Бог няхай сустракае шчасцем і доляю. Пакланіцеся хлебу — нашаму абярэгу на ўсе вякі, і пацалуйце яго, каб жылі доўга і толькі разам. Будзьце прыгожыя, як ружы, багатыя, як зямля, здаровыя, як вада. Бласлаўляю вас жытам-бытам — на добры век, на добрае здароўе!»

А вось якую песню здаўна спяваюць у Вілейцы, калі маладая разам з маладым заходзяць у хату:

Лятуць-лятуць два лебедзі цераз сад,

Вядуць-вядуць млоду

Ніначку на пасад.

На стале, за якім сядзяць маладыя, усе прадметы маюць свой сэнс. Чырвонае віно — сімвал кахання, лубка з зернем і грамнічная свечка — абярэг новай сям’і. Здаўна ў беларусаў лічылася, што грамнічная свечка аберагае дом ад маланак, пажараў, таму і сям’ю яна будзе аберагаць ад нястач. Хлеб — сімвал багацця і дабрабыту. Дарэчы, маладым на стол клалі толькі адну лыжку — каб па жыцці яны заўсёды ішлі разам.

 Думаю, многія падчас вяселляў і ў нашы дні чулі жартоўныя пажаданні, якія госці часам кажуць, калі дораць маладым усялякія дробязі. Аказваецца, што такія падарункі рабілі і нашы продкі, суправаджаючы іх пажаданнямі. Так, маладым кажуць:

— Дару вам зялёны ліст, каб нарадзіўся сын-гарманіст. І жадаю вам мець столькі сыноў, колькі ў хаце вуглоў. Дару нітак катушку, каб у сям’і былі і дачушкі. Жадаю мець столькі дачушак, колькі ў хаце падушак. Дару маладому клубок нітак, каб не круціўся ля чужых лытак. Дару вас абразам, каб усё жыццё пражылі разам. Дару вам абрус новы, каб былі ўсе здаровы. Дару маладому абцугі — каб не раслі ў яго рагі. Дару агурочкі, каб раслі ў вас добрыя дочкі, а сыны — як дубочкі. Дару аладкі — каб жонка была гладкай. Дару маладой пацеркі бярозавы — каб мужык заўсёды прыходзіў дамоў цвярозы.

Вяселле не проста свята і забава. Гэта яшчэ сімвалічны этап пераходу дзяўчыны ў свет жанчын, нараджэнне новай сям’і. Як заўсёды ў беларусаў, у такія знакавыя моманты павінна было выконвацца мноства правіл. Існавалі і свае забабоны. Так, калі маладыя ўпершыню разам заходзяць у хату, то маладая — паколькі яна ў доме новы чалавек — павінна цераз парог пераступіць або малады мусіць яе перанесці. Нашы продкі лічылі, што пад парогам жывуць духі дома, якія аберагаюць хату. Такім чынам, трэба паказаць духам, што маладая — ужо свая ў хаце. Таксама падчас вяселля важна правільна стаяць і сядзець: нявеста мусіць знаходзіцца злева ад жаніха.

Вясельны каравай нельга ламаць, кусаць, даваць частавацца гасцям. Маладыя яму павінны пакланіцца і пацалаваць, бо хлеб — гэта жыццё. З’есці яго можна пасля вяселля, але толькі мужу і жонцы. Падчас вяселля маладыя гарэлку могуць толькі прыгубіць, яны павінны выліць цэлыя кілішкі цераз левае плячо. Лічылася, што на левым плячы сядзіць чорт-спакуснік, а на правым — анёл-абаронца. Такім сімвалічным жэстам маладыя аддавалі чорту гарэлку, адмаўляліся ад яе і тым самым адганялі спакусніка. Дарэчы, садзіцца на дзяжу (сімвалічны абрад, што мусіць спрыяць нараджэнню дзяцей, узмацненню жаночай сілы) магла толькі нявінная дзяўчына. Калі ж здаралася так, што жанчына выходзіла замуж ужо цяжарная, то ёй нельга было падчас вяселля сядзець на покуці, пад абразамі.

Падчас вясельнай бяседы трэба хваліць стравы, згатаваныя гаспадынямі, захапляцца прыгажосцю маладых, увесь час зычыць ім шчасця ў сямейным жыцці. Ну, і, натуральна, крычаць традыцыйнае «Горка!», а таксама спяваць песні. Напрыклад, вось такую, пра свата:

А ў нашага свата багатая хата,

Печка з масла збіта,

блінамі накрыта.

Блінамі накрыта, сырнікам зашыта.

Пасля адорвання маладых падарункамі іх запрашаюць да дзяжы. Гэта — пераход маладой у статус жонкі. Хросная кажа:

— Наступіў такі дзень, як панядзелак, і трэба адлучыць цябе ад дзевак. А заўтра будзе такі дзень, як аўторак, і мы далучаем цябе да жонак.

Вяселле традыцыйна доўжыцца два дні. Гучаць песні, госці танцуюць, весяляцца. На Полаччыне разыгрываюць і такую сцэну. Маці маладой кажа, што ёй туфлі нацерлі ногі, але танцаваць вельмі хочацца. Зяця просяць, каб падарыў цешчы лапці і абуў ёй іх. Па тым, як абыходзіцца ў гэты момант зяць з цешчай, меркавалі, што так і будзе ставіцца да сям’і сваёй жонкі. Важна, каб падчас танца цешчы з зяцем лапці не ўпалі з ног.

Святкаванне заканчваецца, калі госці ўжо стаміліся есці, піць, спяваць і танцаваць.

Марына ВЕСЯЛУХА, фота аўтара

Выбор редакции

Общество

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

35 зарубежных студентов учат русский язык, чтобы чаще приезжать в Беларусь

Их жизнь выходит далеко за рамки одних лишь занятий.

Общество

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Каким должно быть учебное пособие в XXI веке?

Из 50 изданий, которые должны появиться на школьных партах до 1 сентября, 48 уже напечатаны.