Вы здесь

У сталіцы выбралі «Студэнта года-2019»


У Мінскім дзяржаўным палацы культуры прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу БРСМ «Студэнт года-2019». Запаветны тытул атрымала студэнтка чацвёртага курса факультэта славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Дар’я ПАЎЛОЎСКАЯ. 


Сёлета на яго прэтэндавалі 270 юнакоў і дзяўчат з 44 навучальных устаноў. Пасля паўсотні адборачных тураў у фінале свае здольнасці прэзентавалі дзесяць удзельнікаў, якія вядуць актыўнае грамадскае жыццё, з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльных фондаў, удзельнікамі навуковых канферэнцый, прадметных алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў, фестываляў і маюць сярэдні бал у вучобе не ніжэй за 8,5.

Грандыёзная падзея распачалася хвалюючым для выступоўцаў этапам «Будзем знаёмыя». Умова — паказаць сябе і сваю навучальную ўстанову найярчэйшым і найцікавейшым чынам. Таленты студэнтаў ацэньвалі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, артысты, рэжысёры, тэлевядучыя і па сумяшчальніцтве педагогі — тыя, хто перадаваў свой вопыт фіналістам на майстар-класах.

Так, Лізавета АБРАМКІНА, другакурсніца факультэта камерцыі і турыстычнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, расказала аб сваіх мэтах, марах і любові да сям’і праз цікавы аповед, які суправаджаўся лірычнай мелодыяй фартэпіяна. «Наша жыццё — гэта музыка. У кожнага яна складаецца са сваіх нот. А якая яна, мая музыка?»... Дзевятнадцацігадовы студэнт другога курса факультэта культуролагі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Кірыл ГРОМАЎ падарыў глядачам добры настрой праз запальныя танцы, а таксама салодкі пірог для ўсіх ахвотных. Трэцякурсніца Іна КЛЯЧАН, курсантка факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута Міністэрства ўнутраных спраў здзівіла прысутных феерычным шоу, чацвёракурснік агранамічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Арцём НЕСЦЯРУК і студэнт трэцяга курса ўлікова-фінансавага факультэта Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Дзмітрый БЕРАЗОЎСКІ прадэманстравалі міні-інсцэніроўкі ў духу КВЗ. 
Наступны этап быў з дзвюх частак: прамоўніцкага і інтэлектуальнага майстэрства. Удзельнікі паказалі крэатыўнасць, упэўненасць у сабе і шматлікія таленты. На працягу дзвюх хвілін фіналісты расказалі, як яны бачаць сябе ў сваіх будучых спецыяльнасцях. Аказалася, мары ва ўсіх розныя: ратаваць людзей ад хвароб, вучыць дабрыні ў школе, падтрымліваць правапарадак, вырошчваць хлеб... 

Будучы праграміст Эрыка КОНЮХАВА падзялілася, што для яе праграмаванне — гэта спосаб самавыяўлення: «Хоць распрацоўка праграм і падобна на мастацтва, неабходна заўсёды быць гатовай да цяжкасцей. Аднак дзякуючы мэтанакіраванасці, мне ўдалося выканаць сваю мару — стварыць тэлеграм-бот „Вілі“, які стане вам сябрам і дапаможа ў розных пытаннях». 

У конкурсе аратарскага майстэрства ўдзельнікі за адну хвіліну коратка і ёміста пазнаёмілі глядачоў з праектамі БРСМ, якія яны выбралі на сцэне ўсляпую. 
Адна з самых відовішчных частак вечара — творчы конкурс. Так, Кірыл Громаў з сябрамі праспявалі папуры з сучасных хітоў, пераробленых на свой капыл. Лізавета Абрамкіна і Эрыка Конюхава выканалі англамоўныя хіты спявачкі Адэль. Студэнтка чацвёртага курса філалагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Марыя Салаўёва пераўвасобіліся на сцэне ў вытанчанага белага лебедзя і ў пары выканала галавакружны танец пад песню Яўгена Мартынава «Лебядзіная вернасць». Арцём Несцярук крануў прысутных да глыбіні сэрца, распавядаючы пра сваю матулю, студэнт другога курса лячэбнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ян АСТРАЖЫНСКІ выканаў песню Марка Бернэса «Калі б хлопцы ўсёй зямлі», а Дар’я Паўлоўская расказала аб сваім натхненні, спяваючы кавер на «Зорку Венеру» Максіма Багдановіча, адначасова малюючы на вялікіх палотнах паэта. 
У вырашальныя хвіліны, калі журы падлічвала апошнія балы і падводзіла вынікі, групы падтрымкі здзіўлялі шумам і шалёнай энергетыкай. Другі сакратар ЦК БРСМ Алег ДЗІКУН уручыў усім канкурсантам памятныя статуэткі ў выглядзе зоркі са словамі: «Студэнцтва — лепшая пара ў жыцці. Гэта час развіцця, дасягненняў і перамог. Калі да нас прыязджаюць лепшыя юнакі і дзяўчаты з усёй краіны, наша самая галоўная задача — згуртаваць іх, каб яны пасябравалі, пабывалі ў самых розных месцах, на майстар-класах і канферэнцыях, адчулі сябе адной вялікай сям’ёй». 

Аб’явілі вынікі і ўручылі ўзнагароды намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэй КУНЦЭВІЧ і першы сакратар ЦК БРСМ Дзмітрый ВАРАНЮК.

— У любыя часы студэнцтва фармiравала iнтэлектуальны i разумовы патэнцыял грамадства. Менавiта яны з’яўляюцца той рухаючай сiлай, якая вызначае далейшае развiццё краiны, — адзначыў Андрэй Кунцэвіч, звяртаючыся да фіналістаў. — У нас цудоўная моладзь, i, як адзначыў на сустрэчы са студэнтамi кiраўнiк краiны Аляксандр Лукашэнка, амаль трацiна нашых грамадзян — каля трох мiльёнаў чалавек — нарадзiлiся ўжо ў суверэннай Беларусi. Гэта юнакi i дзяўчаты, якiя ўспрымаюць рэчаiснасць з пункту гледжання жыхароў самастойнай еўрапейскай дзяржавы. I надышоў час больш актыўна ўключаць гэтых маладых людзей у грамадска-палiтычнае жыццё краiны, фармiраваць дзяржаўнае мысленне тых, хто iдзе за iмi, будаваць дыялог пакаленняў на аснове ўзаемнага даверу i павагi. Я ўпэўнены, что сённяшнiя фiналiсты — гэта якраз тая моладзь, для якой уласная самарэалiзацыя i прафесiйнае станаўленне непарыўна звязаны з дальнейшым лёсам нашай Радзiмы.

Дыплом пераможцы конкурсу атрымала Дар’я Паўлоўская. У якасці прыза за перамогу — аўдыёсістэма і тур па Еўропе. Другое месца заняў Арцём Несцярук. Ён жа стаў пераможцам у намінацыі «Студэнт года анлайн». На трэцім месцы — Кірыл Громаў.

Нагадаем, што ўпершыню конкурс стартаваў у 2011 годзе. Такая ініцыятыва спрыяе развіццю лідарскіх якасцяў, творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі, павышэнню прэстыжу ведаў і папулярызацыі прафесій. Арганізатарамі праекта выступае БРСМ пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. 

Дар’я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.