Вы здесь

Беларускаму кіно сёння спаўняецца 95 гадоў


Вымушана перайсці на асобы. «Напэўна, самым вядомым беларускім фільмам з'яўляецца «Хрусталь»?» — пытаецца брытанскі калега-кінакрытык, які наведвае па дваццаць пяць кінафестываляў у год. Карціна Дар'і Жук адназначна нарабіла шораху, але, кажу, самым-самым усё яшчэ застаецца «Ідзі і глядзі». Ён і не думаў, што стужка расійскага аўтара Элема Клімава мае дачыненне да Беларусі, хоць яна здымалася ў нашай краіне, са значным удзелам беларускай кінастудыі, заснаваная на сцэнарыі беларускага пісьменніка і месцам дзеяння з'яўляецца Беларусь. Затое «Хрусталь», капрадукцыя ЗША, Германіі, Расіі і, здаецца, ужо ў апошнюю чаргу Беларусі, але твор беларускі па нацыянальнасці, трапіў у належную катэгорыю аўтаматычна.


Сёння нашаму кінематографу, гісторыя якога пачынаецца з заснавання «Белдзяржкіно» пры народным камісарыяце асветы БССР, спаўняецца 95 гадоў. Прабачце за песімістычны загаловак, але чарговыя вынікі, якія мы прызвычаіліся падводзіць 17 снежня, насамрэч не такія адназначныя. Сапраўды, як усё пачыналася з савецкіх дэфініцый, так праз амаль стагоддзе імі ж і працягваецца, да таго ж заезджаныя словы з фільма «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі пра «ніякага беларускага кіно няма» ўсё яшчэ здаюцца актуальнымі. А ў кінематаграфіі ёсць два спосабы існаваць: існаваць для сваёй нацыі альбо існаваць праз міжнародныя пляцоўкі.

Але апошнія гады сталі больш прадукцыйныя і, дарэчы, паказальныя: у краіне і за яе межамі прагучала некалькі менавіта беларускіх фільмаў, аўтары якіх альбо вучацца за мяжой, альбо жывуць за мяжой, альбо атрымліваюць грошы за мяжой. Формула, калі нацыянальнасць аўтара вызначае нацыянальнасць кінакарціны, аказваецца дзейснай, хоць для нас і вымушанай.

Пакуль сістэма кінематографа ўнутры краіны не мяняецца і не мае шанцаў памяняцца — фінансаванне Міністэрства культуры адбываецца па зададзеных рамках, кінастудыя «Беларусьфільм» захоўвае манаполію на дзяржаўныя сродкі, пры гэтым мы ўсё яшчэ не ўваходзім у міжнародныя фонды кшталту Еurіmаgеs, нашы творчыя сілы кладуцца на замежныя праекты, дзе іх след і не ўсплывае, так званыя незалежныя супрацьстаяць «залежным», — мяняецца падыход саміх кінематаграфістаў. Аўтары ўсё робяць самі і ў выніку зрываюць джэкпот.

Трэба прызнаць, усе самыя заўважныя беларускія фільмы апошняга часу, ігравыя і дакументальныя, якія прагучалі ў айчынным пракаце і на міжнародных пляцоўках, рабіліся за які заўгодна бюджэт, толькі не дзяржаўны. Пры гэтым незалежнае кіно нарэшце дэманструе, што айчынныя рэжысёры не адарваныя ад рэчаіснасці, а таксама, як і глядач, існуюць тут і цяпер. У гэты ж час афіцыйнае кіно да апошняга адмаўлялася існаваць для сваёй нацыі: прыцягвала чужыя патэрны і здымала забаўляльныя фільмы, якія ніхто не гарэў жаданнем глядзець, што я цудоўна разумею. (Ці зменіць курс нацыянальны фільм «Купала», паказ якога, першапачаткова прызначаны на сёння, быў адкладзены на нявызначаны тэрмін, пакуль невядома.)

Незалежныя аўтары, праз якіх беларускае кіно стала больш-менш існаваць — гэта я адказна заяўляю, — зрабілі важную справу і вярнулі ў кінатэатры гледача. Айчынныя карціны перыядычна гучаць у прасторы — цяпер і кроку нельга прайсці без чарговага водгуку на фільм «ІІ» Улады Сяньковай, учора гэта была кароткаметражка «Возера радасці» Аляксея Палуяна, да гэтага — дакументальнае кіно Андрэя Куцілы, раней — работы Дар'і Жук і Юліі Шатун, яшчэ раней — «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі (што ўзнавілася праз вылучэнне на суісканне прэміі «Оскар»).

Пасля перадпракатнай прэм'еры «Возера радасці» да мікрафона падышла жанчына і сказала, што не разумее, чаму вакол фільма столькі размоў, бо ён, маўляў, такой увагі не заслугоўвае. Калі і не заслугоўвае, я ведаю чаму: нас прарвала. Мы даведаліся, што беларускае кіно існуе, што яно кажа пра наша наваколле і паказваецца ў кінатэатрах. У яго з'явілася свая суполка, і яна «модная», а галоўнае — думаючая. Замест бяздушных запазычанняў цяпер — пошукі новай формы, замест адарваных ад жыцця сюжэтаў — блізкасць у прасторы і часе, замест недасягальных амбіцый — узважаныя, дарослыя, прадуманыя фільмы.

Так, беларускага кіно па вялікім рахунку няма. Няма як сталай кінематаграфіі, накіраванай на развіццё індустрыі, нештаабяцальнай сістэмы. Да свайго 95-годдзя яно прыйшло кволае і несамастойнае, затое з выключэннямі з правіла. Нешта тут усё ж такі існуе, і мы толькі-толькі даведаліся, што ў ім ёсць прыстанак і для нас, што праз яго мы можам лепш зразумець, дзе жывём, што яно можа быць сярод галоўных навін і да ўсяго гэтага атрымліваць узнагароды на прэстыжных міжнародных кінафестывалях. У дзень чарговага юбілею можна нарэшце сказаць, што саркастычнае азначэнне «Партызанфільм» згасае і, можа быць, яно хутка застанецца толькі гісторыяй.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Название в газете: Калі біялагічны ўзрост не супадае з ментальным

Выбор редакции

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.

Общество

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

«Мы заинтересованы, чтобы к нам приезжали».

Экономика

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Беларусь — один из мировых лидеров в области добычи и глубокой переработки торфа.