Вы здесь

Як у простым рамантычным сюжэце адлюстроўваецца сусветны парадак дня


Сёлетні перадсвяточны кінапракат прапануе ствараць адпаведны настрой і чакаць якіх-ніякіх цудаў з дапамогай фільма «Каляды на дваіх» Пола Фіга, куды з эпасу «Гульня тронаў» прыйшла Эмілія Кларк, а з «Шалёна багатых азіятаў» — Генры Голдынг. Гэта пра галоўныя ролі, а апроч іх у фільме сыгралі Эма Томпсан, якая дзе толькі не знялася, а таксама Мішэль Ёа, вядомая хаця б па «Мемуарах гейшы». Такі мілы і падкрэслены еўрапеоідна-азіяцкі каст увасобіў простую гісторыю пра легкадумную дзяўчыну, якая плявала на сваё жыццё, але змянілася праз закаханасць. І падаспела якраз на Каляды.


У маладой спадарыні Кейт, якая некаторы час таму перажыла складаную аперацыю і мусіць клапаціцца аб сваім здароўі, непаразуменні з усім на свеце: з-за дрэнных стасункаў з маці яна сыходзіць з бацькоўскага дома, начуе то ў сяброўкі, то ў выпадковага хлопца, да якога раніцай прыходзіць каханая, правальвае праслухоўванне, падводзіць гаспадыню крамы святочных аксесуараў, дзе працуе прадаўцом, і канчаткова псуе адносіны з сястрой.

Апроч таго, што Кейт натуральна ўвесь час трапляе ў гісторыі — ну такі чалавек, — яна дэманструе свядомую абыякавасць да свайго жыцця і пачуццяў іншых — прапускае візіты да ўрача, выпівае, вячэрае фаст-фудам, адным словам, адмаўляецца сур'ёзна ставіцца да сур'ёзных рэчаў. Але ў пэўны момант яна сустракае Тома, які паказвае ёй быццам новы свет, толькі рэгулярна некуды знікае.

Хоць «Каляды на дваіх» і не з'яўляюцца традыцыйнай гісторыяй кахання з вяселлем у якасці канцоўкі, свой хэпі-энд тут усё ж такі будзе — гэта ж калядны фільм, і галоўным яго складнікам стане тое, як Кейт паступова выправіць усе былыя касякі, бо праз каханне стане лепшая. Так, гэта таксама крыху банальна, альбо, давайце скажам, класічна. Такія трансфармацыі, шляхі ад татальнай няўдачы і запушчанасці да шчасця і хараства чапляюць гледачоў з давён-даўна, нават калі яны прыкладна ўяўляюць, чым скончыцца гэтае кіно.

Гісторыя лакавая (з той катэгорыі фільмаў, калі незразумела, як з такім рэжымам галоўная гераіня захоўвае ідэальныя локаны) і, паўтаруся, абсалютна простая: мы маем героя, які павінен выправіцца, мы маем рамантычнага прынца, мы маем перашкоды, мы маем жарты, сантыменты, слёзы, прызнанні, пяшчотны пацалунак, песні Джорджа Майкла і неахопны аб'ём святочнай ілюмінацыі. Да таго ж тут вельмі шмат Каляд, а гэта так дарэчы — галоўная гераіня разгульвае ў касцюме эльфа, калядная крама цягне на рэзідэнцыю Санта Клаўса, персанажы і свет мяняюцца па маленькім святочным чараўніцтве.

У той жа час па быццам простай кінакарціне раскіданыя даволі цікавыя дэталі, хаця б той жа мікс амерыканцаў/брытанцаў і азіятаў, што чарговы раз сведчыць пра цікавасць вялікага заходняга кіно да Усходу (тыя ж «Шалёна багатыя азіяты» 2018 года, дзе Генры Голдынг выканаў галоўную ролю, былі лідарамі амерыканскага пракату). І цікавасць не толькі да Азіі: у біяграфію галоўнай гераіні ўвернута зусім непатрэбная для сюжэта, але патрэбная для кан'юнктуры дэталь — паходжанне з Югаславіі, адкуль яе сям'я вымушана была ўцякаць. Так калядная гісторыя нібы незнарок адлюстроўвае цяжкія выпрабаванні эмігрантаў, якія прыстасоўваюцца да новай краіны і з юрыстаў ператвараюцца ў кіроўцаў таксі. «Гэта ўсё палякі», — каментуе маці Кейт навіны, што, на яе думку, мусяць паўплываць на яе статус грамадзяніна, але, дзякуй богу, жарт аказваецца дарэчны і ненавязлівы.

З «Калядамі на дваіх» не забудзеш, якім натуральным пытаннем сёння з'яўляецца масавая эміграцыя. Умоўным 25-м кадрам гэтага святочнага сюжэта, апроч згаданага, становяцца і нетрадыцыйная сексуальная арыентацыя альбо донарства ў медыцыне. Так што глядач ідзе па святочны настрой, а апроч яго атрымлівае прыкладнае ўяўленне пра сённяшні сусветны парадак дня.

Каляднае чараўніцтва дасягне сваёй кульмінацыі ў цэнтры, што дапамагае бяздомным, і яны, вядома ж, таксама будуць мець пэўную чароўнасць, няма чаго і гаварыць пра антуражы фільма і знешнасць галоўных герояў. Усё ў гэтай карціне прыгожа і нерэалістычна — што казаць, камерцыйны праект, але, можа быць, гэтая казка — якраз тое, што трэба перад таксама крыху містычным святам Каляд. Шукайце ў пракаце да 25 снежня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Название в газете: 25-ы кадр каляднай гісторыі

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».