Вы здесь

Разважанні 16-гадовай пісьменніцы Сафіі Ворсы пра бяздушнасць узорнай сістэмы


Школа... Год 2134-ы...

«Канец жніўня 2134 года. Школа ўзорнай адукацыі вышэйшай ступені. Стары і ўтульны кабінет дырэктара — шафы з цёмнага дрэва, паркет, мэбля ў стылі французскай класікі. На стале ноўтбук. Уваходзяць дырэктар Дзмітрый Рыгоравіч і настаўніца Аліса Аляксандраўна. Педагог — светлавалосая жанчына з моднай стрыжкай — апранута стыльна і ярка: пінжак колеру марской хвалі і шырокія белыя брыджы, прыгожая белая блузка. На нагах — скураныя сліперы. У руках планшэт».

Менавіта так распачынаецца п'еса ў дзвюх дзеях юнай пісьменніцы Сафіі ВОРСЫ. Менш за год таму да 15-гадовай дзяўчыны звярнуліся з просьбай напісаць твор спецыяльна для сацыяльнага праекта — дзіцячага тэатра-студыі «Тэатр без межаў», дзе аснову акцёрскай трупы складаюць дзеці з прыёмных і шматдзетных сем'яў. Яго стварыла актрыса і журналіст Кацярына САКОВІЧ. На конкурсе «Місіс Беларусь — 2018», дзе дзяўчына перамагла, яна прадстаўляла менавіта гэты сацыяльны праект, і яе пачулі такія ж апантаныя людзі. Ідэю падтрымалі Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі (МГІРА) і гарадскі клуб замяшчальных бацькоў «Вулей». Сёння нюансы акцёрскай прафесіі ў ім асвойваюць 18 хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў.


Аў­то­граф-се­сія.

Пражыць сваю гісторыю

— Мы вырашылі стварыць спецыяльнае асяроддзе, якое дазволіць дзецям з няпростым лёсам знайсці сябе, раскрыцца праз творчасць, ажыццявіць свае мары і наноў навучыцца глядзець на свет шырока расплюшчанымі добрымі вачыма, — кажа начальнік упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльнай і псіхалагічнай службаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Ніна ЗАХОЖАЯ.

Тэатр — гэта агульная сям'я, і бацькі дзяцей таксама сталі яе актыўнымі закуліснымі членамі. Усе, хто прычыніўся да праекта, спадзяюцца, што калі яны разам са сваімі дзецьмі «пражывуць» хоць адну п'есу, гэта дапаможа ім знайсці агульную мову: не сакрэт, што дзеці з прыёмных сем'яў часта падманваюць сябе, і якая б ні была добрая прыёмная мама, родная матуля ў іх уяўленні ўсё роўна лепшая. Яны будуць шкадаваць пра тое, што ў іх не збылося, і жыць з болем і крыўдай у сэрцы. А калі дзеці навучацца пражываць чужую гісторыю, то змогуць пражыць і сваю.

— Я даўно выступаю на сцэне і выдатна разумею, наколькі важна для чалавека быць разняволеным, не баяцца публікі, пазбавіцца ад комплексаў і ўвайсці ў дарослае жыццё без страхаў і крыўды, — падхоплівае Кацярына. — У тэатры падлеткі вучацца паводзіць сябе перад гледачамі, працуюць над псіхафізікай, пластыкай цела, развіваюць увагу, назіральнасць, уменне фантазіраваць і імправізаваць. Мы вельмі шмат увагі ўдзяляем чытанню п'ес. Прызнаюся, гэта мой самы любімы жанр. І калі разам разбіраем твор, дзеці запаўняюць сваю нішу каштоўнасцяў. Таксама разам наведваем тэатральнае закуліссе (у нас ёсць сябры ў Тэатры лялек, Рускім драматычным тэатры), ад чаго нашы выхаванцы проста ў захапленні. Дарэчы, у асваенні тэатральнага майстэрства ім дапамагаюць акцёры і рэжысёры прафесійных тэатраў. Для мяне няважна, ці выберуць яны ў далейшым акцёрскі шлях (калі гэта здарыцца, я буду, канешне, вельмі рада), галоўнае — дапамагчы ім раскрыцца.

Між іншым, хоць тэатр дзейнічае ўсяго другі год, да юных акцёраў ужо прыйшоў першы поспех. На міжнародным фестывалі мастацтваў @mfest mіnsk у лістападзе мінулага года яго выхаванцы Кацярына Ветрава і Раман Пашкевіч заваявалі дыплом лаўрэатаў першай ступені з тэатральнай мініяцюрай «Пагуляем у дарослых».

Нечаканая прапанова

Су­стрэ­ча юных ак­цё­раў «Тэ­атр без ме­жаў» з аў­та­рам.

Натуральна, што асабліваму тэатру патрабуецца адметны драматург, які пісаў бы пра тое, што хвалюе менавіта падрастаючае пакаленне. Сафія Ворса — хоць і малады аўтар кніг для падлеткаў, але ўжо шырока вядомы. У 2018 годзе яна стала пераможцай літаратурнага конкурсу «Новыя імены» ў Балгарыі, абышоўшы 500 канкурсантаў, і лаўрэатам міжнароднага літаратурнага конкурсу «Славянскія імёны» ў той жа краіне. З'яўляецца членам Міжнароднага саюза пісьменнікаў імя святых Мяфодзія і Кірыла (Балгарыя).

Напісаўшы аповесць «Горад сляпых скрыжаванняў», дзяўчына стала лаўрэатам конкурсу «Чалавек безбар'ернага асяроддзя — 2019» Міністэрства культуры і ўладальніцай прэміі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. У кнізе яна расказала пра інклюзію ў грамадстве сумленна і адкрыта.

Таксама Сафія — намінант Нацыянальнай беларускай літаратурнай прэміі 2019 года. Зусім нядаўна юная пісьменніца атрымала званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а Расійскі саюз пісьменнікаў прадставіў яе да ўзнагароджання медалём Антона Паўлавіча Чэхава. Урачыстая цырымонія пройдзе ў Маскве 26 студзеня. Эсэ аўтара друкуюцца ў Расіі, Японіі, Літве, Польшчы, Грэцыі... Але прапанова напісаць твор для «Тэатра без межаў» дзяўчыну крыху азадачыла.

— Ідэя ў мяне ўжо была, але, шчыра кажучы, я ніколі не думала, што напішу п'есу. Гэта не вельмі знаёмы мне жанр, таму большая частка работы заключалася ў тым, каб чытаць іншыя п'есы, вывучаць законы іх пабудовы, тое, як выстройваюцца дыялогі, як усё гэта афармляецца. Пачала пісаць п'есу ў сакавіку, а бліжэй да канца лета ўсё перапісвала, таму што ў працэсе стварэння твора ты развіваешся разам са сваім тэкстам, у тым ліку змяняюцца і твае погляды на герояў. Кацярына і яе выхаванцы натхнілі мяне на гэту работу. Спачатку прынесла ім першую частку, мы раіліся, і толькі потым пісала другую. Я лічу, што кожны чалавек — асоба, у тым ліку і маленькі, аднак дарослыя часта забываюць пра гэта. Яны навязваюць малым свае погляды, уяўленні, якая павінна быць іх будучыня, але насамрэч толькі псуюць ім жыццё.

Вар'яцкія ідэі?

П'еса Сафіі Ворсы закранае сур'ёзныя тэмы. Чырвонай ніткай у тэксце праходзіць праблема фарміравання чалавечнасці і шчырасці, унікальнасці чалавечай асобы. Галоўныя героі — настаўніца Аліса Аляксандраўна і дырэктар Дзмітрый Рыгоравіч — адпраўлены аўтарам у далёкую будучыню — у 2134 год, дзе дзейнічае Міністэрства ўзорнай адукацыі...

«А што з гэтым пакаленнем? Што з гэтымі дзецьмі? Ім усяго пятнаццаць гадоў, а ў іх дарослыя вочы. Яны стаміліся ад жыцця. Але выбачайце, яны ж яшчэ і не жылі, яны нічога не ведаюць пра сапраўднае жыццё. Гэта ненармальна, і, думаю, менавіта таму вы паставілі мяне на гэты клас, — кажа дырэктару школы настаўніца Аліса Аляксандраўна, якой дастаўся 9 «А». — Вы ведалі, што я не стану мірыцца з класам, дзе растуць ужо дарослыя людзі. Вы ведалі, што дзіцячыя аповеды пра лета, якія больш падобныя да справаздач пра рабочую камандзіроўку, прывядуць мяне у жах».

Дарэчы, вучні 9 «А», замест таго каб летам адпачываць, вывучаюць праграму наступнага класа, ходзяць на курсы лічбавай лінгвістыкі, а паездку да роднай бабулі лічаць марнаваннем часу.

Асаблівая роля ў п'есе адводзіцца лістам, якія выпускнікі школы пісалі сваім настаўнікам, сябрам, бацькам або будучым дзевяцікласнікам: праз іх узнімаюцца важныя сацыяльныя праблемы безбацькоўства, стаўлення да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, подласці, здрады, вернага сяброўства, цікавасці да абранай прафесіі.

Паступова лёд паміж дзецьмі і настаўніцай растае і жудасная дарослая адчужанасць знікае. Але высвятляецца, што пазбаўляць ад бяздушнасці трэба і іх бацькоў, і ўсю гэтую ўзорную школьную сістэму.

«Мы заносім у галовы дзяцей вар'яцкія ідэі пра любоў, дабрыню і чалавечае шчасце, а павінны падштурхнуць да выбару патрэбнай прафесіі і мар пра кар'ерную лесвіцу», — канстатуе дырэктар школы Дзмітрый Рыгоравіч.

«Няўжо яны не разумеюць, што кар'ера — не галоўнае, прафесіі яны навучацца. Галоўнае — навучыць чалавека паважаць меркаванні і пачуцці іншых людзей, закласці прынцыпы, якія дапамогуць заўсёды заставацца чалавекам», — кажа настаўніца, якая марыць пра рэформу мовы, якая дазволіла б зрабіць слова «чалавек» галоўным назоўнікам.

Кі­раў­нік сацыяльнага праекта Ка­ця­ры­на Са­ко­віч і аў­тар п'е­сы «Дзень на­стаў­ні­ка» Са­фія Вор­са пад­час прэ­зен­та­цыі тво­ра ў Гра­мад­скім прэс-цэнт­ры До­ма прэ­сы.

«Міністэрства ўзорнай адукацыі лічыць, што тое, чаму мы вучым нашых дзяцей, шкодна і недапушчальна», — адказвае ёй дырэктар.

Нейкі функцыянер, які баіцца страціць ілюзію ўласнай значнасці, патрабуе ад яго звольніць настаўніцу, а падчас праверкі, прызначанай Міністэрствам узорнай адукацыі, паказаць ім дзяцей, якія імкнуцца стаць лічбавымі лінгвістамі і ІТ-спецыялістамі.

За свае погляды настаўніца апынецца ў турме, а дырэктар звольніцца, бо не хоча вучыць дзяцей таму, у што сам не верыць, і не жадае далей жыць у страху перад праверкамі. І ўсё ж такі п'еса не магла скончыцца на такой сумнай ноце. У фінале галоўная гераіня выходзіць з турмы, дзе яе сустракаюць з любімымі кветкамі былыя дзевяцікласнікі, цяпер ужо былы дырэктар школы і віншуюць з Днём настаўніка.

У новай кнігі Сафіі Ворсы ёсць адна адметнасць: яна друкавалася як трансформер, і калі яе перавярнуць, то можна прачытаць тэкст на беларускай ці рускай мове. Да таго ж выданне аздоблена шматлікімі ілюстрацыямі Маргарыты Ціхановіч. «Яна рабіла малюнкі да ўсіх маіх кніг. Мы з ёй выдатна адчуваем адна адну, і я цалкам ёй давяраю», — кажа пісьменніца.

Рэпетыцыі спектакля па п'есе Сафіі Ворсы ўжо распачаліся. Вясной «Тэатр без межаў» плануе паказаць яго на міжнародным тэатральным фестывалі ў Ізраілі.

На пытанне, ці не будзе Сафія супраць, калі яе п'есу захочуць паставіць у якім-небудзь іншым тэатры, дзяўчына сціпла адказала: «Гэта будзе для мяне гонарам».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і «Тэатра без межаў»

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.