Вы здесь

Прывітанне чуваша беларускай старонцы


Кніжная серыя «Сябрына: паэзія народаў Расіі» папоўнілася яшчэ адным зборнікам. Па-беларуску прамаўляе чувашскі паэт Валеры Тургай. «Вершы простыя мае / па сутнасці. / У радках маіх няма / крывадушнасці. / У радках маіх няма / раўнадушнасці. / У радках маіх ёсць/ Боль. / У радках маіх ёсць / Любоў. / У радках маіх ёсць / Вера... / Вершы простыя мае / па сутнасці».


Валерый Тургай (справа) — удзельнік Міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час». 2018 г. Фота прадастаўлена МДЛУ

Перакладчыкам усёй кнігі, якую чувашскі паэт наўмысна сабраў для беларускага чытача, выступіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. Сустрэліся два вандроўнікі паэтычнага Сусвету, сустрэліся два мастакі, кожны з якіх жадае паэтычным радком выявіць усю глыбіню народнай душы, спрадвечнай гісторыі роднага краю.

 Раней у «Сябрыне...» пабачылі свет чатыры кнігі  — зборнікі вершаў удмурта Вячаслава Ар-Сяргі, татарына Роберта Мінуліна, чачэнца Адама Ахматукаева і калектыўны зборнік, у якім перакладчык Віктар Шніп сабраў свае пераўвасабленні паэтаў з розных нацыянальных літаратур Расіі. Ідэя серыі вельмі простая і ясная — паказаць усю палітру развіцця нацыянальных паэтычных прастораў неабсяжнай Расіі. Быў час  — выйшлі па-беларуску кнігі рускіх паэтаў Міхаіла Дудзіна, Аляксандра Пракоф’ева, Яраслава Смелякова, Алега Шасцінскага, Андрэя Вазнясенскага, Яўгенія Еўтушэнкі, Роберта Раждзественскага, татар Закі Нуры, Мусы Джаліля, калмыкаў Давіда Кугульцінава, Міхаіла Хонінава, аварца Расула Гамзатава… На некаторы час традыцыя — і па аб’ектыўных, і па суб’ектыўных прычынах — перарвалася. Цяпер вось ізноў здзяйсняюцца новыя сустрэчы паэтаў і іх беларускіх перакладчыкаў.

Валеры Тургай заслужана прыходзіць са сваёй кнігай у Беларусь, да беларускага чытача. Яго вершы ўжо друкаваліся ў беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы. Ды і ў згаданым калектыўным зборніку серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» — таксама. А  ў сябе на радзіме, у Чабаксарах, Прывітанне чуваша беларускай старонцы паэт стварыў грамадскае аб’яднанне — Таварыства дружбы «Беларусь — Чувашыя». Па ініцыятыве нашага чувашскага сябра ў сталіцы Чувашскай Рэспублікі ўсталявана мемарыяльная дошка ў знак памяці народнага песняра Беларусі Янкі Купалы, які наведаў Чабаксары ў гарачым 1941 годзе. Валеры Тургай пераклаў вершы многіх беларускіх паэтаў і, аб’яднаўшы зробленае разам, выпусціў фактычна невялікую анталогію сучаснай беларускай паэзіі на чувашскай мове. Зусім нядаўна ў Мінску на мовах розных народаў пабачыла свет кніга Янкі Купалы «Санеты». Зразумела, што перакладчыкам легендарнага цыкла вершаў стаў народны паэт Чувашыі Валеры Тургай.

З верша В. Тургая «Чувашская клятва»:

Чуваш, чувашу руку дай, прашу!

Таварышам будзь, чуваш, чувашу!

Няхай ты вучоны,

Няхай — генерал,

Няхай хлебароб ты,

Зямлі гаспадар…

Як клятву, запамятай словы мае:

Чуваш, чувашу руку дай, прашу!

Таварышам будзь, чуваш, чувашу!

Няхай ты начальнік,

Няхай ты пастух,

Няхай ты падлетак

Ці знаны мудрэц,

Вось гэтыя словы

Запомні ты ўсё ж:

Чуваш, чувашу руку дай, прашу!

Таварышам будзь, чуваш, чувашу!

Па-брацку адкрыеш сябрам ты душу!

Паплечнікам будзь, чуваш, чувашу!

Няхай кожны з нас

 Усім сэрцам паверыць

У еднасць, тады

Дужэй за ўсіх нас,

Дабрэй за ўсіх нас,

Мудрэй за ўсіх нас

Не знойдзеш народа

На гэтай Зямлі!..

Чуваш, чувашу руку дай, прашу!

Будзь кроўнікам родным, чуваш, чувашу!

(пераклад Міколы Мятліцкага)

Паэт усёй сваёй кнігай як быццам імкнецца расказаць пра Чувашыю і чувашоў. Імкнецца адлюстраваць лёс сваіх братоў і сясцёр, той лёс, які, на яго думку, і павінен быць цікавы свету.

А нам застаецца спадзявацца, што ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» будзе працяг. Жаданні для пашырэння гэтага праекта і ў выдавецтва «Мастацкая літаратура», і ў беларускіх перакладчыкаў ёсць.

Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ

Выбор редакции

Общество

Горожан, которые с выходом на пенсию возвращаются в родительские дома, становится все больше

Горожан, которые с выходом на пенсию возвращаются в родительские дома, становится все больше

Сейчас чуть ли не в каждой деревне можно встретить бывших горожан.

Общество

На каких условиях принимают в «Национальную школу красоты»?

На каких условиях принимают в «Национальную школу красоты»?

Разговор с заместителем директора учреждения.

Калейдоскоп

Веселые истории читателей

Веселые истории читателей

Об отношениях, армии и подарках.