Вы здесь

Міхаіл Маргуліс. З місіяй міру і любові


У дзяцінстве з намі адбываюцца рэчы, якія потым, у дарослым жыцці, мы згадваем з асаблівай цеплынёй. У пісьменніка, палітолага, выдаўца, дыпламата і Ганаровага консула Беларусі ў ЗША Міхаіла Маргуліса ў дзяцінстве было мноства цудоўных здарэнняў, але з асаблівай цеплынёй сёння згадваецца толькі адно — гульня з сябрамі ў футбол і тое, як мяч пасля яго ўдара трапіў у галаву… святара. Той нават паваліўся. Было гэта ў Кіеве ў далёкія савецкія часы і стала для Міхася першым знаёмствам з духоўным жыццём. Бацюшка тады не пакрыўдзіўся, не накрычаў на малога футбаліста, а, наадварот, узяў мяч, аддаў спалоханым хлапчукам і сказаў: «Нічога страшнага, дзеці, гуляйце. У жыцці ёсць рэчы куды больш страшныя».


— Міхаіл Зянонавіч, ведаю, што з гэтага эпізоду пачынаецца ваша дзясятая кніга «Сам-насам з жыццём», якая ў 2019 годзе выйшла ў Беларусі. Калі коратка, то пра што яна?

— Гэта кніга-ўспамін, кніга пра жыццё… Сапраўды, пачынаецца яна з эпізоду пра кіеўскага святара. Тады ў Савецкім Саюзе храмы не дзейнічалі, але каля майго дома Свята-Мікалаеўская царква была адчынена. Праўда, набажэнстваў там не служылі, але святар туды хадзіў. Сустрэча з ім мяне вельмі ўразіла. І сёння, калі пазіраю «на рэчы куды больш страшныя», спрабую захаваць той спакой, стаўленне да праблемы, якія былі ў бацюшкі з майго дзяцінства. Дарэчы, прадмову да кнігі напісаў вялікі рускі паэт Яўген Еўтушэнка. І гэта апошняя прадмова, напісаная ім. Тры гады перад яго смерцю мы асабліва моцна сябравалі, шмат размаўлялі на духоўныя тэмы.

— Як вы пазнаёміліся з Яўгенам Еўтушэнкам?

— Ведаў яго як вялікага паэта, чытаў яго творы. Еўтушэнка тады выкладаў ва ўніверсітэце і неяк сам на мяне выйшаў. Ён часта прыязджаў да мяне ў Фларыду. Жыў у доме для гасцей пры каплічцы, якую я пабудаваў. Службаў там няма, людзі прыходзяць, каб пабыць у адзіноце, пагаварыць з Богам. У каплічцы заўсёды рады сябрам, якіх у мяне шмат.

З Яўгенам Еўтушэнкам мы праводзілі паэтычныя сустрэчы ў Амерыцы, быў я на яго творчай вечарыне ў Маскве ў канцэртнай зале імя Чайкоўскага, арганізаваў сустрэчу з  Прэзідэнтам. Памятаю, Еўтушэнка хацеў пачытаць вершы Прэзідэнту, але забыўся свае старыя акуляры, дык Аляксандр Рыгоравіч падарыў яму новыя.

— Вы член Саюза пісьменнікаў Украіны, жывяце і пішаце ў Амерыцы… Там таксама ў Саюзе?

— У Амерыцы няма Саюза пісьменнікаў. У штатах гэтаму не ўдзяляюць такой увагі, як на постсавецкай прасторы, але ў Амерыцы шмат чытаюць, праўда, у асноўным у інтэрнэце. А ў сеціве самі ведаеце як пішуць: тэзісна… Я нічога не маю супраць кароткіх выказванняў, але кароткасць павінна быць з сэнсам. Я ўпэўнены, што рана ці позна цікавасць да друкаванай кнігі вернецца, бо кніга — для разумных.

— Вы аўтар такіх зборнікаў прозы, як «Сны майго жыцця», «Прытча аб добрым самараніне», «Крыж і Любоў», «Што самае страшнае?» і шмат якіх іншых. А вершы не спрабавалі пісаць?

— Я добра разумею, што вершы — гэта не проста зарыфмаваныя радкі: слёзы, мімозы. Вершы — гэта стан душы, тое, што пасылаецца з Неба. Ёсць паэзія, якая ў памяці на ўсё жыццё, напрыклад, як у Еўтушэнкі: «Дай, Бог, чтобы моя страна меня не пнула сапожищем. Дай Бог, чтобы моя жена меня любила даже нищим».

— Адна з вашых кніг мае назву «Туга па раі». Пра што яна?

— Гэта маленькі раман пра каханне і любоў. У кнізе прасочваецца ідэя таго, што кожны чалавек свядома ці падсвядома марыць узнавіць страчаную сувязь з раем. У кнізе апавядаецца пра каханне мужчыны і жанчыны, пра тое, як яно пераасэнсоўваецца пасля дакранання Бога. Наогул, усе мае творы выдуманыя, але ўсё ж, як і ў любога аўтара, ёсць кропелька сябе, сваіх перажыванняў, стаўлення да жыцця і свой пошук рая.

Даведка ЛіМа: Міхаіл Маргуліс нарадзіўся 1 кастрычніка 1942 года ў Кіеве. З 1977-га жыве ў ЗША. Пісьменнік, палітолаг, Ганаровы консул Беларусі ў Злучаных Штатах Амерыкі. Сустракаўся з шасцю прэзідэнтамі ЗША: Джымі Картэрам, Рональдам Рэйганам, Джорджам Бушам, Білам Клінтанам, Баракам Абамам і Дональдам Трампам. Кансультаваў Джорджа Буша-малодшага па пытаннях, звязаных з Украінай, Расіяй і Беларуссю. Аўтар 10 кніг прозы. Кніга «Вяртанне на Чырвоную планету» ўвайшла ў спіс сусветных бестселераў.

— Цяжка пісаць манументальна?

— Я не думаю пра цяжкасці… Праўда, бывае, што ўсе перашкаджаюць. Здаецца, фізічна не назаляюць, але прысутнасць часам, нават родных, раздражняе. У мяне ёсць жонка і трое дзяцей — дачка і два сыны.

— Як вы пішаце? З’язджаеце куды-небудзь ці ноччу?

— Збольшага ноччу. У мяне асобны кабінет. Я — сава. Але пасля таго, як перанёс аперацыю на сэрцы, стаў слабейшы. Раней жа да 3—4 гадзін ночы працаваў.

— І колькі за гэты час можна паспець?

— Значна больш, чым напісаў. Проста паралельна займаўся іншымі справамі. Зараз, калі Бог дасць, хачу выдаць кнігу «Танец адзінокага воўка», адлюстраваць у ёй сваё жыццё, унутраны свет чалавека без маскі. Ёсць ужо занатоўкі, зробленыя на сурвэтках у рэстаранах ці самалётах.

У гэтай кнізе я хачу сказаць пра тое, што чалавек  — кіраўнік таго жыцця, якое стварыў Бог. Праўда, кіруе ён надта кепска — шмат крыві праліваецца. Усе навучыліся прыгожа гаварыць пра любоў, але вельмі часта словы гэтыя пустыя. Ні ў адной царкве свету вы не пачуеце заклікаў да кровапраліцця, гвалту, але ўсё гэта адбываецца. Чаму?..

Чаму мы працягваем сумаваць па раі? Біялагічна мы моцныя, а душа засталася як у часы Майсея, Хрыста. Сёння мы крычым: «Слава Табе, слава», а заўтра — «Распні Яго, распні»…

— Ці бывае такі стан, што пісаць не хочацца? Альбо даводзіцца сябе прымушаць?

— Пісьменніцтва — гэта рамяство. Я нават не задумваўся: прымушаю, не прымушаю... Мне здаецца, гэта нечаканае адчуванне, якое патрэбна занатаваць, каб не знікла. Гэта азарэнне. Сеў пісаць — і яно пішацца. Часта я і сам не ведаю, чым скончыцца твор.

— У 1990 годзе вы стварылі фонд «Духоўная дыпламатыя». Што гэта за рух?

— Канцэпцыя «Духоўнай дыпламатыі» — супыніць канфлікты ў свеце (ваенныя, рэлігійныя, міжасабовыя і ўнутры краіны), але з дапамогай не традыцыйнай дыпламатыі, а духоўных каштоўнасцяў.

Вось, напрыклад, у В’етнаме была напалову грамадзянская вайна, канфліктавалі будысты, хрысціяне і мусульмане. Мы бралі Трыпітаку, Біблію і Каран і знаходзілі выказванні пра мір, любоў. Так і вырашылі непаразуменне. Бываюць, вядома, і правалы. Нават брацкія народы часам немагчыма прымірыць.

— Яшчэ вы стварылі арганізацыю «Хрысціянскі мост». Чым яна адрозніваецца ад «Духоўнай дыпламатыі»?

— Мэта «Хрысціянскага моста» — наладжваць паміж краінамі масты любові і даверу. Адзін з галоўных кірункаў  — асвета. Я адкрыў «Славянскае хрысціянскае выдавецтва», быў яго галоўным рэдактарам. Мы надрукавалі каля 15 мільёнаў кніг, у тым ліку «Біблію», «Новы Запавет». Займаліся перакладамі на рускую мову, як мне здавалася, найлепшых пісьменнікаў свету. Пераклалі 114 аўтараў.

Асветніцкія праекты мы ладзілі ў  Чачні і іншых гарачых пунктах. Дапамагалі дзецям. Але прыязджаем не толькі ў праблемныя краіны. Займаемся дабрачыннасцю ў Расіі, Украіне. У Беларусі дапамагалі інтэрнатам у Гомелі, Чэрвені, Івянцы... І гэтая справа будзе працягвацца!..

Гутарыў Зміцер АРЦЮХ

Выбор редакции

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.

Общество

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

«Мы заинтересованы, чтобы к нам приезжали».

Экономика

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Беларусь — один из мировых лидеров в области добычи и глубокой переработки торфа.