Вы здесь

Глеб Отчык: Прадставіць Беларускі саюз мастакоў як маштабную арганізацыю


Напрыканцы снежня ў Палацы мастацтваў адбылася важная падзея. Прайшоў XXIII з’езд Беларускага саюза мастакоў, дзе быў абраны новы старшыня творчай арганізацыі. Ім стаў 36-гадовы мастак Глеб Отчык, які, на думку калег па цэху, вызначаецца мэтанакіраванасцю і шчырым стаўленнем да мастацтва. Якія змены адбудуцца ў саюзе, што трэба зрабіць для павышэння аўтарытэту ўстановы і як наладзіць здаровую канкурэнцыю паміж прадстаўнікамі БСМ, Глеб Отчык расказаў карэспандэнту «ЛіМа».


— Глеб Анатольевіч, пасада для вас хоць і стала новай, тым не менш, вы ў Беларускім саюзе мастакоў прапрацавалі намеснікам старшыні некалькі гадоў, а значыць, ведаеце многія тонкасці, якія існуюць у сістэме функцыяніравання арганізацыі. Якую выбіраеце мадэль кіраўніцтва: прытрымліваецеся існуючага ладу або дзейнічаеце па новых стратэгіях?

— Так, цяпер я дакладна разумею, што мой трохгадовы досвед намесніка старшыні Беларускага саюза мастакоў даў плён. І мне не трэба было ўлівацца ў  новую пасаду, быццам у нешта невядомае. Бо ведаю, якія працэсы ў саюзе запушчаны, а якія — не. Ведаю, да чаго імкнуцца і чаго нам не хапае. Сёння я  маю зносіны з дырэктарамі музеяў, галерэй, з  прадстаўнікамі розных кірункаў культурнай сферы і слухаю іх прапановы, заўвагі. Мне здаецца, што нам неабходна ўзаемадзеянне і выразная структура сумеснай працы. Акрамя таго, я вывучаю вопыт замежных партнёраў. Наш саюз цесна ўзаемадзейнічае са шведскім і нарвежскім саюзамі мастакоў. Мы маем магчымасць назіраць за іх досведам і пераймаць яго.

Для мяне важна сёння захаваць традыцыі, напрацоўкі, багацце, якое ёсць, і прымножыць у сучасных рэаліях. Бо адна мадэль не можа існаваць некалькі дзесяцігоддзяў. БСМ зарадзіўся ў 1938 годзе. Часы былі абсалютна розныя: і ўзлёты, і складаныя перыяды, але патэнцыял наш заўсёды быў маштабны, бо ў Беларусі як нараджаліся, так і нараджаюцца на дзіва таленавітыя мастакі. Іх ведаюць на міжнароднай арэне, але ведаюць паасобку, а не як агульную структуру, гатовую развівацца. Гэта яшчэ адна з маіх мэт у якасці старшыні — прадставіць саюз як маштабную арганізацыю, якая даражыць сваімі аўтарамі. Для гэтага мастакам трэба дапамагаць рэалізоўвацца як у нашай краіне, так і за яе межамі.

Першым важным крокам лічу стварэнне інтэрнэтрэсурсу, дзе будзе размешчана інфармацыя пра сяброў саюза. Нам такой базы не хапае даўно. А так чалавек зойдзе ў інтэрнэт, увядзе прозвішча, напрыклад, Тоўсцік, і адразу ўбачыць, у якім стылі аўтар працуе, прачытае яго біяграфію. Гэта будзе інфармацыйная пляцоўка Беларускага саюза мастакоў, якая распавядзе пра ўсе падзеі, што адбываюцца ў нашай арганізацыі, і дапаможа абмяркоўваць праблемныя моманты, праводзіць анлайн-канферэнцыі. У снежні прайшоў з’езд (праводзіцца раз на тры гады), людзі пагутарылі і раз’ехаліся. А што далей? Напрыклад, не заўсёды старшыні абласных аддзяленняў паспяваюць данесці інфармацыю аб сваёй дзейнасці ў поўным аб’ёме. Таму кантакт павінен быць заўсёды, каб творцы ведалі, што саюз — гэта іх апірышча.

— Чаго яшчэ не хапае сёння Беларускаму саюзу мастакоў?

— Безумоўна, рэкламы. Я ўпэўнены, што Саюз мастакоў павінен больш заяўляць пра сябе. Прычым форма рэкламы павінна быць новая, прагрэсіўная: не толькі правядзенне выстаўкі, каб проста паставіць птушачку, а стварэнне цікавага праекта, які прыцягне ўвагу шырокага кола. Выстаўкі часта наведваюць адны і тыя ж людзі. Значыць, усе астатнія пра нас проста не ведаюць — мы павінны папрацаваць над гэтым, арганізоўваць запамінальныя мерапрыемствы.

Напрыклад, цяпер у нас у планах — зрабіць выстаўку, прысвечаную IT-тэхналогіям, паказаць, як тэхналогіі паўплывалі на сучаснага мастака і яго свет. Аўтары вельмі загарэліся гэтай ідэяй. У 2017  годзе мы ўжо рабілі выстаўку «Apple-смак», прысвечаную яблыку, і прасачылі за тым, як яблык у асяроддзі мастакоў ператварыўся ў сапраўдны брэнд. Магчыма, такі падыход у арганізацыі праекта адкрые яшчэ нямала брэндаў.

— А вы не баіцеся, што калі здарыцца кантакт IT-тэхналогій з творчасцю, грань сучаснага і высокага мастацтва пачне сцірацца?

— Думаю, у нашых рэаліях гэтага баяцца не варта. Мы ўжо арганізоўвалі невялікі праект, дзе ўдзельнічалі 12 мастакоў. Зрабілі календары з кампаніяй SOFT і ўбачылі, як сёння тэхналогіі могуць узаемадзейнічаць з творчымі структурамі. Атрымалася досыць пановаму, і мастацтва не абясцэнілася, а набыло новую якасць, стала больш інтэрактыўным. Гэта было цікава.

Ды і наогул, на мой погляд, сёння мастакі павінны адлюстроўваць той час, у якім мы жывём, раскрываць актуальныя і запатрабаваныя тэмы. Гісторыя мастацтваў дэманструе, што мастакі заўсёды паказвалі час, давалі чалавеку імпульс да разумення. У 2017 годзе ў межах саюза ладзіўся праект «Мірны час». Беларуская аўтарская каманда паказала праз сваю творчасць, наколькі хісткі сёння свет. Гэта ж добрая тэма для разважанняў. А ў цэлым — прыклад актуальнага мастацтва. Менавіта ў такім кірунку трэба рухацца. Не замыкацца ў сваёй келлі, а з дапамогай мастацтва вырашаць пытанні палітычныя, міжнародныя, сацыяльныя і нават эканамічныя.

— Беларускі саюз мастакоў для такой маленькай краіны, як наша, — арганізацыя маштабная. Але аўтарытэт яе сярод мастакоў стаў падаць. Хтосьці не задаволены падтрымкай, камусьці мала канструктыўнага падыходу ў вырашэнні, напрыклад, бытавых праблем. Ці будзеце вы працаваць над іміджам БСМ? Ці вызначана ўжо прыкладная стратэгія?

— У мяне ёсць два прынцыповыя напрамкі. Першы — развіццё міжнародных адносін. Беларускі саюз мастакоў на высокім узроўні ацэнены ў тым жа Кітаі. І тое, што нам там пабудавалі базу, шмат аб чым кажа. З іншымі краінамі мы таксама павінны размаўляць і выходзіць на кантакт. Пашырэнне межаў і правільнае пазіцыянаванне дапамогуць шырока папулярызаваць творчасць нашых мастакоў.

Другі шлях — кантакт з нашымі ўладамі. Нават калі ўспомніць гісторыю, аўтарытэтным БСМ быў тады, калі сам Машэраў прыходзіў на выстаўкі ў Палац мастацтваў, калі наведваў майстэрні. Я ўпэўнены, што цесны кантакт з горадам, Міністэрствам культуры і іншымі органамі дазволіць нам зрабіць пэўныя крокі наперад. Мастацтва — кампанент элітарны, пра яго трэба казаць, трэба паказваць.

Да саюза часта ставяцца несур’ёзна. Думаюць, ну, малююць там і малююць. А нам жа ёсць чым ганарыцца. Акрамя жывапісцаў, у нас ёсць цудоўныя керамісты, унікальныя графікі, выдатныя мастацтвазнаўцы і гэтак далей. Іх трэба выводзіць у свет больш актыўна.

— Калі казаць пра аддзяленні Саюза мастакоў, якое можна назваць самым прагрэсіўным?

— На гэтую тэму размаўляць складана, таму што пэўных градацый у гэтым пытанні няма. У нас самая вялікая секцыя жывапісу. Там шмат мастакоў, якія наведваюць пленэры, ладзяць замежныя выстаўкі. Калі ўзяць секцыю скульптуры, то іх работа заўважная па тым, колькі ў краіне ўсталёўваецца манументаў, якая праца вядзецца над мемарыяльнымі комплексамі. Гэтая секцыя вельмі актыўная, яна заўсёды сябе праяўляе на рэспубліканскіх выстаўках. Секцыя тэкстылю і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва таксама папулярызуе сваю творчасць. Тая ж секцыя «Традыцыя», у якой дваццаць чалавек, не менш канкурэнтна заяўляе пра сябе. Нельга не адзначыць аддзяленне графікі, якое за тры гады правяло вялікую колькасць выставак.

Таму ў нас няма слабага звяна. Але цяпер мы дапрацоўваем палажэнне аб маладзёжнай секцыі. З-за таго, што ў нас сёння слабая інфармацыйная падтрымка, многія студэнты не ведаюць, як функцыянуе Беларускі саюз мастакоў. А насамрэч усё досыць нескладана: можна сабраць раз на паўгода ў актавую залу студэнтаў-выпускнікоў розных спецыяльнасцей і расказаць пра тое, што з сябе сёння ўяўляе БСМ. Саюз робіць стаўку на моладзь.

— У вас ёсць жывапісцы, скульптары, графікі, тэкстыльшчыкі... У кім сёння яшчэ мае патрэбу саюз?

— На самай справе ў нашай структуры не да канца раскрыты патэнцыял мастацтвазнаўцаў. Бо яны з’яўляюцца голасам саюза і таксама могуць папрацаваць над рэкламай структуры. Хацелася б раз на год выпускаць часопіс, дзе былі б разабраны актуальныя для нас праблемы.

Паколькі Беларускі саюз мастакоў сёння існуе толькі на ўласныя сродкі, многія задуманыя працэсы зацягваюцца. Але ўсе нашы выстаўкі, як правіла, акупляюцца. Вядома, сёння складана казаць аб продажах: у Беларусі арт-рынку няма. Але дзякуючы такім праектам, як «Арт-Мінск» і «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам», тэндэнцыя пачынае з’яўляцца.

— Ці ёсць сёння канкурэнцыя ўнутры саюза? У чым яна выяўляецца?

— Без канкурэнцыі саюза не можа быць у прынцыпе. Перыядычна ў нас з’яўляюцца заказы, менавіта яны фарміруюць канкурэнтаздольнае асяроддзе. Такая ж сітуацыя — з адборам работ мастакоў для рэспубліканскіх выставак. Таму важным падаецца пытанне здаровай канкурэнцыі. Для гэтага ў нас павінна быць празрыстасць і адкрытасць. Калі мы будзем адкрытыя і створым аднолькавыя ўмовы для ўсіх, то зможам пабудаваць сістэму правільнага, паважлівага стаўлення адзін да аднаго сярод сяброў саюза.

— Хутка ў Мінску адкрыецца XXVII кніжная выстаўка-кірмаш. Гэта якраз падстава пагаварыць аб развіцці кніжнай графікі ў Беларусі. Ці ёсць, на ваш погляд перспектывы ў гэтай сферы ў нашай краіне?

— Кніжная графіка — від мастацтва, які сёння запатрабаваны. Прычым нашых кніжных графікаў прымаюць не толькі ў Беларусі, але і ў многіх замежных краінах. Ведаю, што беларускім аўтарам паступае мноства заказаў на кніжную ілюстрацыю з Японіі і Кітая. Яны досыць паспяхова працуюць на гэтым рынку. Я ўпэўнены, што гэты жанр заўсёды будзе актуальны і запатрабаваны. Цікава, што ў Беларусі ёсць кніжная графіка як класічная, так і інавацыйная. У нашым саюзе створаны ўсе ўмовы, каб жанр кніжнай графікі працягваў развівацца.

— Глеб Анатольевіч, прыходзіць на новае месца заўсёды цяжка. І хай нават вы ведаеце работу саюза знутры, сёння прадстаўнікі БСМ чакаюць ад вас новых рашэнняў. З чаго вы пачалі сваю работу і якія планы на далейшае развіццё структуры?

— На сёння ў Беларускага саюза мастакоў ёсць важны груз — гэта стратнае прадпрыемства «Барысаўскі мастацкі камбінат». І першая наша задача — дапамагчы людзям, якія там працуюць, і паспрабаваць выйсці з крызісу. Трэба адстаяць нашы правы на майстэрні і льготы. Вядома, гэта гаспадарча-бытавыя моманты, але без іх, на жаль, немагчыма будучыня структуры. Паралельна па магчымасці будзем вырашаць праграму бюджэту, міжнародных сувязей. І яшчэ адна важная задача — стварэнне энцыклапедыі. Апошняя выйшла ў 1998 годзе. За гэты час шмат мастакоў памерла, прыйшло шмат новых, хацелася б асучасніць базу. Гэта першачарговыя задачы, якія я паставіў перад сабой.

Вікторыя АСКЕРА

Выбор редакции

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Сельское хозяйство

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Успех зависит от соблюдения отраслевых регламентов и технологий.

Регионы

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

«Императорский» туристический маршрут поможет развивать сельскую территорию.