Вы здесь

Дзе ўзнікаюць гарады будучыні?


Якія летуценнікі гэтыя творцы: нешта выдумляюць, малююць мудрагеліста, а то і зусім незразумела, нешта ім карціць увесь час глядзець на прастору і людзей у ёй з нейкага незразумелага ракурсу... Столькі высілкаў, напружання, а потым у выніку — усяго толькі дзіўнаватыя скрыжаванні чорных ліній ці нейкі жоўты крыж. І нехта высакадумна скажа: мастацтва ідзе ў бездань. А некаторыя ўсё ж возьмуць мастацтва за практычны прынцып пераўтварэння свету — і пачнуць гэта рабіць.


Нездарма выстаўка Лазара Хідэкеля (першая ў Беларусі!) у Нацыянальным мастацкім музеі атрымала назву «Нас зразумеюць праз 100 гадоў». І справа зусім не ў тым, што яго работа 1920 года «Лініі, што перакрыжоўваюцца» сапраўды падобная на модны ў інтэрнэт-прасторы хэштэг. Хоць ён і стаў своеасаблівым сімвалам выстаўкі і крокам да разумення Хідэкеля і яго паплечнікаў па «УНОВИСУ», але сама экспазіцыя, у стварэнні якой бралі ўдзел яго нашчадкі, паказвае маштаб з'явы, якая паўставала ў беларускім Віцебску. А яшчэ яна найлепш за любыя словы і артыкулы сведчыць пра значэнне ідэй і мар мастакоў для грамадства. І пра тое, што незразумелае сёння можа знайсці рэальнае ўвасабленне заўтра. Можа быць праз іх мары нам адкрываюцца магчымасці будучыні, і варыянты, якой яна можа быць? У прыватнасці, на прыкладзе гэтай выстаўкі можна бачыць ажыццяўленне некаторых творчых мар.

1. Вяртанне Лазара

Лазар Хідэкель нарадзіўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час: у Віцебску віравала творчае жыццё, калі там працаваў Шагал, стварыўшы Народнае мастацкае вучылішча. Менавіта туды паступіў 14-гадовы хлопчык Лазар Хідэкель — выключны выпадак для такога ўзросту. У Віцебск удалося завабіць неардынарных асоб, імёны якіх ужо прыцягвалі ўвагу. Напрыклад, Лазар (Эль) Лісіцкі, які адказваў за архітэктурную майстэрню. Але ў цэнтры ўвагі былі ідэі Казіміра Малевіча, які прыехаў выкладаць у Віцебск ужо будучы аўтарам супрэматычнага маніфесту. І за гэтымі імёнамі для нас адышлі на другі план асобы, якія сілкаваліся гэтымі ідэямі і сталі іх развіваць у іншым рэчышчы. Так, кожны наш зямляк, каму пашчасціла рэалізавацца ў жыцці, стварае гонар зямлі, дзе нарадзіўся. Але можна сказаць, што сёння Беларусь адкрывае калі не імя творцы, то творчасць Лазара Хідэкеля дакладна. З'ехаўшы з Віцебска разам з Малевічам на пачатку 20-х гадоў, ён працаваў у Ленінградзе як архітэктар, увасобіўшы шэраг праектаў, і паспяхова там выкладаў. Але найбольш цікавым для нас застаецца менавіта той перыяд, калі віцебскія «Стваральнікі новага мастацтва» не стрымлівалі сябе ў марах. Іх візуалізацыя стала творчай рэвалюцыяй у Савецкай дзяржаве. І застаецца толькі ўяўляць, як магла б развівацца гэта тэрыторыя, калі б яе перавялі ў практыку. А яны пра гэта думалі.

2. Супрэматычная архітэктура

Напрыклад, у краіне пралетарыяту, які перамог, авангардысты з Віцебску стварылі нешта кшталту «партыі супрэматызму» паводле Малевіча. Гэта была свайго роду ідэалогія, выказаная мастацкімі сродкамі. Але не толькі: яшчэ ў Віцебску Лазар Хідэкель, як адзін з актыўных удзельнікаў «УНОВИС» наладзіў рукапіснае выданне «АЭРА», праз якое не проста прасоўваліся прынцыпы супрэматыстаў, а выказваліся ідэі ашчаднага стаўлення да жыцця і самога чалавека.

Менавіта з падачы Малевіча ён стаў выпрабоўваць супрэматычныя прынцыпы ў аб'ёмных кампазіцыях, у выніку прыйшоў у архітэктуру, быў кіраўніком архітэктурнай студыі аб'яднання, мяркуючы, што сучаснае дойлідства нараджаецца з жывапісу як больш прасунутага віду мастацтва.

Але ён разумеў, што тут мала быць мастаком, — і скончыў Інстытут грамадзянскіх інжынераў у Ленінградзе, каб лепей разумець магчымую рэалізацыю задум. Ужо тады яго ідэі захаплялі наватарствам: «Праект рабочага клуба», створаны ў 1924 годзе, быў яго курсавой работай. Але калі быў надрукаваны, нарабіў фурору ў архітэктурным асяродку, прычым не толькі ў сваёй краіне: прыклад першай у свеце супрэматычнай архітэктуры.

Бліскучую будучыню абяцалі Хідэкелю, які пасля заканчэння атрымаў працу ў «Ленпраекце». Бяры — ператварай рэчаіснасць у прасторы... Але супрэматызм — гэта дакладныя лініі, фігуры, у якіх лішнія дэталі могуць усё сапсаваць. А краіне тут і цяпер хацелася пышнасці, з размахам...

3. Не фантастыка

Неверагодны горад нібыта вісіць на сваях — лунае ў паветры (як тут не згадаць магчымасць выратаваць Венецыю ад патопаў?). На прамых дахах дамоў і вялізных балконах можна вырошчваць дрэвы (аўстрыйскі мастак Хундэрвасер са сваім экалагічным домам з'явіўся значна пазней). А цыліндрычныя аб'екты, якія лётаюць над Зямлёй, дазваляючы людзям не проста жыць там, але і аглядаць планету з вышыні (дык касмічныя станцыі — фактычна такія «дамы»). Ці яго думка пра сістэму тунэляў, па якіх можна рухацца (сучасныя мегаполісы ўпадабалі ідэю). Усё гэта ўжо не фантазіі. А юны Лазар з Віцебска ўсё гэта прадчуваў яшчэ ў 1920-я гады. Эскізы таго часу, змешчаныя на выстаўцы, даюць магчымасць зразумець, што праз супрэматызм Хідэкель выйшаў на свае тэмы, мяркуючы, што потым іх можна будзе рэалізаваць у прасторы, на канкрэтных архітэктурных праектах. Горад-сад з верша Маякоўскага мог стаць рэальнасцю яшчэ тады. Горад будучыні, паводле мар Хідэкеля, чалавецтва, можа быць, неўзабаве пабудуе, калі зразумее, што галоўны прынцып жыцця (таксама, як і супрэматызму) — гарманічнае суіснаванне аб'ектаў паміж сабой, аб'ектаў, створаных у прасторы, і чалавека ў прыродным асяродку, які не разбураецца дзеля забудоў, а наадварот, захоўваецца ў працэсе будаўніцтва — усе лясы, паркі, узгоркі і рэкі можна, аказваецца, не кранаць. У якім свеце б мы жылі цяпер, калі б гэта ўсё знайшло ўвасабленне 100 гадоў таму!..

І гэта нават можна ўбачыць з дапамогай дапоўненай і віртуальнай рэальнасці — той выпадак, калі выкарыстанне сучасных тэхналогій на мастацкай выстаўцы дазваляе перавесці выявы на плоскасці ў аб'ёмныя аб'екты: футурыстычны горад існуе. Супрэматысты б ацанілі працу айчынных праграмістаў — ім цяпер значна прасцей рэалізоўваць як свае мары, так і чужыя.

І тым не менш смелыя ідэі стагадовай даўніны аказваюцца цяпер неверагодна актуальнымі: экалагічная свядомасць і захаванне чалавека сёння сталі галоўнымі клопатамі прасунутых людзей. Праз сто гадоў вяртаюцца падказаныя творцамі ідэі, якія не былі рэалізаваныя своечасова. Няўжо спатрэбіцца яшчэ віток?

Давайце вывучаць мары мастакоў, нездарма яны да іх прыходзяць...

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

Экспазіцыя арганізавана ў межах праекта #UNОVІS100, які рэалізуецца сумесна з Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны, Музеем гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і кампаніяй А1 пад патранатам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА.

Название в газете: Марыць не шкодна, шкодна не марыць. Паводле досведу Лазара Хідэкеля

Выбор редакции

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.

Общество

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

Существуют строгие требования к местам для купания.