Вы здесь

Акцёр Аляксей Шутаў: Тут іншае адчуванне зямлі


Ён ніколі не апавядаў пра шкілеты ў шафе як артыст, але вырашыў зрабіць гэта як рэжысёр. У сакавіку Аляксей Шутаў прадставіць у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры спектакль-інтэрактыў «Шкілеты», дзе прапануе паразважаць пра тое, наколькі варта давяраць блізкім і ці можна хаваць свае сакрэты. Вядомы па работах у расійскіх ды ўкраінскіх фільмах і серыялах акцёр вырашыў паспрабаваць сябе ў якасці рэжысёра ў Беларусі. Саспеў?..


— Прычын, чаму я на гэта рашыўся, шмат. Напэўна, кожны артыст, знаходзячыся па другі бок ад рэжысёра, задаецца пытаннямі, чаму ўсё менавіта так і што адбываецца ў галаве творцы, таму гэтым спектаклем я закрываю гештальт. Дзякуй тэатру, што дазволіў мне ажыццявіць гэтую пастаноўку. Упершыню ў жыцці я лезу ў мутную ваду, не асэнсаваўшы, чаму гэта раблю, і ўжо ў працэсе разумею, што не ўзяў з сабой маску з ластамі і не ўмею плаваць пад вадой. Але калі ўжо нырнуў, трэба вучыцца існаваць у гэтай стыхіі. Спрыяльныя ўмовы стварае тое, што з занятымі ў пастаноўцы артыстамі мы ведаем адно аднаго не першы год, бо не ў адным спектаклі разам працавалі на сцэне. Чалавечыя адносіны важныя для мяне ў першыю чаргу, у тым ліку ў прафесіі.

— Хіба не патрэбная дыстанцыя паміж рэжысёрам і акцёрамі?

— Яе адсутнасць мне не перашкаджае, таму што я ўсё ж не рэжысёр. Сутыкнуўшыся з пэўнымі праблемамі, я зразумеў, што каб быць рэжысёрам, трэба мець больш ведаў і навыкаў.

— У вас ёсць досвед работы і ў тэатрах, і ў кіно, вы бачылі розную рэжысуру...

Аляксей Шутаў вучыўся на акцёрскім факультэце УДІКа (майстэрня А. Джыгарханяна і А. Філозава). Служыў у тэатры пад кіраўніцтвам Армена Джыгарханяна, у «Цэнтры драматургіі і рэжысуры» Міхаіла Рошчына і Аляксея Казанцава, у тэатры «Чалавек». Вядомы гледачам па акцёрскіх работах больш чым у 20 фільмах (сярод іх «Сібірскі цырульнік» М. Міхалкова, «Пецярбургскія таямніцы», «Бедная Насця», «Выклік», «Вяртанне Мухтара» і іншыя). З 2017 года — акцёр Беларускага дзяржаўнага Маладзёжнага тэатра.

— Менавіта таму, што пабачыў шмат варыянтаў работы з акцёрамі, я, можа быць, і адважыўся паставіць сябе на месца рэжысёра. Натуральна, мне як акцёру хацелася б, каб рэжысёр працаваў са мной, маючы поўную карціну таго, што робіць, і плануючы хады на некалькі крокаў уперад, бо ў нейкім сэнсе ён стварае асобны свет. Сам я гэтага прапанаваць артыстам не магу, хоць і прыйшоў са сваёй ідэяй, якая сфарміравалася ў пэўную канцэпцыю. Калі я планаваў спектакль, быў гатовы да таго, што ўсё зменіцца ў залежнасці ад канкрэтных артыстаў, і дзякуй богу, што не распланаваў усё дасканала, бо менавіта так і адбываецца. Імгненна загараюся ад прапаноў акцёраў — часам яны мне падабаюцца нават больш, чым тое, што я меркаваў рабіць сам. Бывае, трапляю ў ступар, калі мая ідэя ламаецца з-за таго, што прапаноўваюць выканаўцы, і я не ведаю, што з гэтым рабіць. Прытым яны патрабуюць, каб я дакладна фармуляваў задачы, меў лагічныя адказы і мог патлумачыць, што канкрэтна павінна адбывацца на сцэне.

— У вашым жыцці былі такія рэжысёры, метад работы якіх вы хацелі б пераняць?

— Аднойчы давялося працаваць з Аляксандрам Агаровым. Вось гэта было вельмі маё: сапраўднае мастацтва — шматпланавае, непрамалінейнае. Вельмі падабаецца, як з артыстамі працуе Віктар Шаміраў, але ў нас не знайшлося агульных пунктаў. Было цікава, калі мы рыхтавалі спектакль з французскім рэжысёрам Крыстофам Фер'е ў Маскве. У яго была адметная ідэя, канцэпцыя, стылістыка, ён прыносіў вялікую колькасць матэрыялу для абмеркавання, мы засяроджана працавалі з тэкстамі. Карысны досвед.

— Работа ў кіно дала разуменне прыёмаў кінарэжысуры?

— Па вялікім рахунку ў тэатральнага і кінаакцёра адна методыка працы. Я больш люблю тэатр — ён рознапланавы, не абавязкова бытавы, у той час як кіно ў асноўным паказвае побытавыя гісторыі. Нейкія авангардныя ці абсурдысцкія фільмы, што здараліся ў кінамастацтве ад пачатку яго існавання, не атрымалі плённага развіцця, хоць час ад часу нешта такое і з'яўляецца. Кіно больш камерцыйнае мастацтва, а за час існавання ў фармаце тэлебачання наогул скіравалася на задавальненне імгненных запытаў. Цяпер ідзе новы віток развіцця кінематографа, у тым ліку і таму, што тэлебачанне ўжо не з'яўляецца адзіным даступным сродкам баўлення часу. Дзякуючы інтэрнэту людзі сталі разумець, наколькі значны іх уласны погляд і што любы чалавек можа нешта выказаць, запісаць, зняць і паказаць усім. Кіно пачынае нервавацца, шукаць новыя хады і фарматы свайго існавання.

— Гледачы больш ведаюць вас па кіно, чым па тэатры...

— У тэатры я працаваў не так актыўна. Вялікіх маскоўскіх тэатраў я не захапіў, ды і не імкнуўся туды трапіць: здымкі забіралі час. Але ў той жа час тэатр я ніколі не пакідаў: працуючы ў кіно, стараўся раз на месяц іграць спектаклі. Магчыма, рэдкая падпітка выпеставала галаданне па тэатры, а я заўсёды быў яго фанатам, я люблю яго як з'яву, захапляюся ім як глядач, у мяне ёсць любімыя рэжысёры, калектывы, спектаклі. І калі мне падабаецца, я гатовы без аніякай зайздрасці крычаць: «Люблю пастаноўкі, у якіх мяне няма!»

— Колькасць тэатральных падзей у Маскве значна большая, чым ва ўсёй Беларусі. Але вы пераехалі сюды. Чаму?

— У апошнія гады беларускі тэатр атрымаў жывы глыток за кошт недзяржаўных праектаў. Зразумела, што гэта адбывалася і з маскоўскім тэатрам, і з кіеўскім, але тут гэта робіцца не горш — жыццё ж ідзе, падштурхоўвае да асэнсавання. Мяне сюды прывялі асабістыя абставіны, да таго ж я не маю эгаістычнай мэты стаць крутым акцёрам і дасягнуць неймаверных заробкаў, інакш бы застаўся ў Маскве. Для мяне прыватнае жыццё чалавека важнейшае за прафесію і сацыяльную пазіцыю. Прафесію і нават краіну можна памяняць, калі гэтага патрабуе твая сямейная гісторыя. Адыграла сваю ролю і тое, што я люблю Беларусь з моманту, як упершыню трапіў сюды на пачатку 90-х. З часам я зразумеў, дзе мне больш камфортна і што Масква — не мой горад, хоць там і крута працаваць, калі трэба ўзляцець па кар'ернай лесвіцы. Але не ўсё гэтым вымяраецца.

— Выбудоўваючы свой лёс з дзяцінства, якое прайшло ў Якуціі, вы фактычна перасяклі палову зямнога шара. Ці істотная для сучаснага чалавека розніца менталітэтаў, культурных кантэкстаў?

— Паходжанне і папярэдняе жыццё далі гнуткасць і паўплывалі на тое, дзе мне камфортна. У мяне не было сваякоў з Беларусі, але, пажыўшы з людзьмі розных культур і менталітэтаў, я адшукаў месца, дзе мне найбольш утульна. Нейкі час, калі я жыў у Кіеве, быў упэўнены, што людзі паўсюль аднолькавыя, але, канешне, гэта непраўда. Я маю асабістае адчуванне Беларусі, не як у турыстаў, якія здымаюць вяршкі. З'ездзіўшы ў Маскву на спектакль, кудысьці на здымкі ці ў вандроўкі, вяртаюся ў Мінск і кожны раз раблю глыбокі ўдых: я вярнуўся. Гэта атрымліваецца само сабой — здымаецца напружанне ад паездак. Тут маё месца. Не ведаю: ці надоўга, ці было яно мне наканавана?..

— Таму ў вашым спектаклі выявілася цікавасць да беларускіх слоўцаў?

— Мне цікавая беларуская культура наогул. Памятаю, што нават у часы савецкага інтэрнацыяналізму культуры ўсіх рэспублік мне здаваліся рознымі. І беларуская культура — асаблівая. Не руская. А мова — яркая культурная адметнасць. Для мяне застаецца пытаннем, чаму ў краіне, дзе ёсць цудоўныя, вядомыя ў свеце мастакі, музыканты, такая няпростая гісторыя з мовай. У спектаклі я хачу закрануць пытанне, чаму частка беларусаў адмаўляецца ад сваёй мовы. Я не асуджаю, але хачу зразумець як чалавек збоку.

— А ў вас на радзіме гавораць на якуцкай мове?

— Так. Якуцкая культура вельмі кантрастуе з рускай, таму мова нікуды не падзелася, яна развіваецца. Спачатку была вусная мова, а за савецкім часам з'явілася пісьменства. Якуцкая культура адметная яшчэ і тым, што моцна звязаная з веравызнаннем — паганства дагэтуль уплывае на паводзіны людзей. Нават адукаваныя людзі не пазбаўленыя прымхлівасці. Згадаю гісторыю, як настаўніца забыла шапку ў кабінеце, калі стаялі 40-градусныя маразы. І яна вярнулася... спінай да класа. Памятаю сваё адчуванне гэтай атмасферы — яна шмат у чым трымаецца на эмоцыі страху. Пажыўшы некалькі гадоў у Маскве, я ўжо пачаў забывацца на некаторыя праявы, а калі неяк прыехаў, мяне чакаў усеахопны жах блізкіх і знаёмых, звязаны са смерцю бацькі: яны дапускалі ўмяшанне нейкай сілы, маўляў, чалавек не проста так сышоў. Ніхто пра гэта не казаў, але я адчуваў прыродны звярыны страх і бездапаможнасць, немагчымасць адолець унутраны жах. Калі дапусціць пэўныя думкі, яны могуць паглынуць — у такія моманты людзі і цягнуцца па шпількі... У культуры насамрэч шмат абліччаў. Яна існуе на прыродным узроўні, ідзе ад адчування зямлі. Вось чаму ў Беларусі я дыхаю інакш: тут іншае адчуванне зямлі.

— Беларускамоўны герой паводле інсцэніроўкі «Шкілетаў» адрозніваецца ад усіх — ён самы адкрыты...

— Я не сказаў бы, што ён адкрыты. У яго няма такіх шкілетаў у шафе, якія паўсплывалі ў сяброў. Чаму менавіта гэтаму персанажу я аддаў беларускую мову? Я сустрэў такіх людзей у Мінску. Мы неяк кантактавалі з глядачкай, якая размаўляла выключна па-беларуску. Для мяне гэта не праблема, я разумею — не складана ж. Яна вырасла ў інтэрнацыянальнай сям'і, у пэўны перыяд жыцця сама вырашыла размаўляць па-беларуску, стала вывучаць мову. Але калі мы абмяркоўвалі спектакль і перайшлі на высокія матэрыі, яна пераключылася на рускую... Спачатку я хацеў, каб мой герой Віктар быў носьбітам добрай беларускай мовы, але атрымаўся персанаж, які жадае размаўляць па-беларуску, але яму не хапае слоўнікавага запасу, хоць жаданне і волевыяўленне ўсё адно застаюцца шчырымі. Атрымліваецца, каб размаўляць на роднай мове, трэба напружвацца. Мне хочацца абмеркаваць гэта з гледачамі. Мы прапануем разам разважаць на той мове, на якой зручна выказваць думкі. І не толькі на гэтую тэму, бо спектакль усё ж пра асабістыя таямніцы.

— Сама гісторыя паўстала з фільма. Чым яна вас зачапіла?

— Гадоў пяць таму мне давялося паслужыць у тэатры, дзе асноўная стылістыка — інтэрактыў. Мэта — вывесці гледача на размову, дамагчыся прамога кантакту. Прыблізна ў той жа час я ўбачыў фільм «Ідэальныя незнаёмцы» — і сышлося. Вельмі жывая сучасная тэма — гаджэты, у якіх заключана практычна ўсё наша жыццё, шмат інфармацыі, якую мы не хацелі б паказваць іншым. Тады сфарміравалася жаданне зрабіць спектакль на падставе гэтага фільма.

— Адна справа, калі публіка глядзіць гісторыю пра шкілеты ў шафе, якую апавядаюць акцёры. Іншая — калі ёй прапануюць пра гэта выказацца. Нешта кшталту псіхатэрапеўтычнага сеанса. Гледачы павінны быць падрыхтаваныя да такога прагляду?

— Яны нічога не павінны — толькі прыйсці ў тэатр. Наша задача — размаўляць з людзьмі так, каб яны лёгка ўключыліся ў размову. Нам прынцыпова патрэбна малая пляцоўка, таму што ўсе мусяць адно аднаго бачыць: сваё стаўленне можна выказаць не толькі словамі, а нават позіркам. Тэатр — жывое мастацтва, скіраванае на людзей. Сапраўды, своеасаблівая тэрапія, а ў нас нават афармленне звязанае з арт-тэрапіяй. Я і сам атрымліваю тэрапію, калі гляджу добры спектакль.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбор редакции