Вы здесь

Не атрымалася паехаць на мора? Займiцеся складаннем радаводу!


Колькасць людзей, якiя спрабуюць адшукаць свае каранi, з кожным годам павялiчваецца. Ужо з канца 1990-х людзi схамянулiся, што нiчога не ведаюць пра сваiх продкаў, i чытальныя залы архiваў сталi запаўняцца аматарамi i прафесiйнымi даследчыкамi, якiя працавалi над стварэннем радаводаў. Хтосьцi хацеў даказаць, што мае шляхецкае паходжанне, iншыя шукалi польскiя цi яўрэйскiя каранi, а нехта проста жадаў давесцi да канца распачатую папярэднiкамi справу — адшукаць магiлы дзядоў, якiя загiнулi падчас Першай i Другой сусветных войнаў.


Сёння радавод працуе не толькi на самаiдэнтыфiкацыю. Людзi разумеюць, што акрамя складання радаводнага дрэва важна захаваць сямейныя гiсторыi. Набывае папулярнасць псiхагенеалогiя — часам прычыны нашых сучасных няўдач трэба шукаць у гiсторыi роду. Напрыклад, даволi часта нашчадкi тых, хто перажыў генацыд цi рэпрэсii, не могуць дасягнуць поспехаў, заняцца бiзнесам: iх выхоўвалi так, каб яны заставалiся незаўважныя, але не сталi ахвярамi. Але пасля таго, як удаецца папрацаваць з генетычнай памяццю i высветлiць, адкуль каранi праблем, справы такiх людзей пачынаюць iсцi ўгору.

Гэтак жа ў гiсторыi роду можна чэрпаць падказкi, што рабiць у пэўных сiтуацыях — нашы продкi ўжо маглi знаходзiць выйсце з розных праблем — альбо натхняцца дасягненнямi старэйшых пакаленняў.

А хiба мы не капiруем паводзiны нашых сваякоў, iх звычкi, не працягваем традыцыi, якiя перадавалiся ад бабуль? Чаму б не паспрабаваць разабрацца ва ўсiм гэтым?

Да таго ж вывучэнне радаводу можа быць вельмi захапляльным i павучальным, дапаможа нам лепш зразумець уласныя памылкi. Чаму б не запiсаць усё, што было дорага нашым родным i што цешыла нас, i не пакiнуць нашчадкам? А калi вашым блiзкiм давялося пражыць шчаслiвае жыццё, знайсцi свае падыходы да выхавання дзяцей, узаемаадносiн унутры сям'i, а можа, i рэцэпты даўгалецця, як пакiнуць без увагi такiя набыткi? Самы час узяцца за стварэнне радаводнай кнiжкi.

Форма

Як будзе выглядаць ваша кнiга, залежыць толькi ад вашай фантазii i фiнансавых рэсурсаў. На заказ яе могуць зрабiць любога фармату (напрыклад, цяпер папулярнымi становяцца квадратныя кнiгi i альбомы), пашчыруюць з дызайнам i iнфаграфiкай, i нават вокладка можа быць створана пад ваш запыт (хоць скураная, хоць з тканiны, хоць з дрэва). А магчыма, вы здольны самi напiсаць i завярстаць кнiгу па гiсторыi вашага роду i гатовы заплацiць толькi за раздрукоўку i ламiнаванне?

Дарэчы, сёння можна знайсцi шэраг анлайн-курсаў, дзе вас будуць вучыць, як збiраць звесткi пра сваiх родных, якая iнфармацыя спатрэбiцца для кнiгi, як праводзiць гутаркi са сваякамi, як прыгожа ўсё апiсаць, як зрабiць добрыя здымкi. Многа лекцый i па вёрстцы. Можна проста ўзяць ужо распрацаваныя шаблоны i працаваць з iмi або запоўнiць гатовую кнiгу ўласнаручна сабранымi звесткамi.

Магчыма, вы захочаце аформiць усю сабраную iнфармацыю як часопiс i будзеце выкарыстоўваць розныя жанры: змесцiце там iнтэрв'ю са сваякамi, рэпартаж з месца падзей, навiны, звязаныя з жыццём сваякоў. А калi вы захочаце пазнаёмiць з гiсторыяй роду дзяцей — можа, наогул лепш падаваць усё як казку цi зборнiк апавяданняў, якiя знаёмяць з рознымi прадстаўнiкамi роду або прысвечаныя якойсьцi адной асобе. Маладыя сёння да вяселля замаўляюць кнiгi-перавёртышы: з аднаго боку гiсторыя роду нявесты, а калi перавярнуць кнiгу — пачняце знаёмiцца з роднымi жанiха.

Змест

Наогул, перш чым пачынаць працаваць над сямейнай гiсторыяй, важна вызначыць, для каго вы робiце кнiгу. Адна рэч, калi вы рыхтуеце яе ў падарунак да юбiлею блiзкага чалавека: тут вы пакажаце, якое насычанае было жыццё юбiляра, якiя людзi былi з iм побач, як многа ён значыць для ўсiх. Зусiм iншая — калi вы хочаце пакiнуць памяць пра гiсторыю сям'i для нашчадкаў. А можа, вы разлiчваеце, што гэтую кнiгу будуць чытаць жыхары пэўнай вёскi цi гарадка...

Так, у сямейны летапiс можна не толькi заносiць звесткi, хто калi нарадзiўся (памёр) i кiм каму даводзiцца. Можна нават правесцi цэлае даследаванне, каб разабрацца, якiя тайны цi легенды захоўвае ваш род. Або — напiсаць, якiх поспехаў i якiм чынам удалося дасягнуць вашым сваякам. Якiя ў вас ёсць сямейныя традыцыi i ўменнi? Можа, у вашым родзе ўсе спяваюць, вяжуць, малююць, вышываюць, робяць выцiнанкi цi лепяць гаршкi? Усё гэта таксама вартае таго, каб увайсцi ў кнiгу альбо быць выкарыстана для яе афармлення. Нават калi бабуля не навучыла вас ткаць, а дзядуля — выразаць з дрэва, варта сфатаграфаваць зробленыя iмi ручнiкi цi мэблю. А якiя пiрагi пячэ ваша бабуля? Можна пакрокава зняць увесь працэс iх прыгатавання. Калi ў вас набярэцца сямейных рэцэптаў на некалькi старонак у кнiзе — падумайце, як гэта аформiць.

Сямейны альбом — цi не найлепшы ваш дапаможнiк. Можна яго даставаць зноў i зноў, i кожны раз бабуля цi дзядуля будзе згадваць усё новыя дэталi з уласнага жыцця, апавядаць пра вашых сваякоў, пра мясцiны, дзе яны жылi, пра характары i падзеi. I не забывайцеся зазiраць на адваротны бок фатаграфiй — надпiсы на iх таксама могуць несцi карысную iнфармацыю.

Выцягнiце сваiх родных на фотасесiю. Можна рабiць здымкi самiм цi наняць прафесiйнага фатографа. Няхай жанчыны дастаюць са старых шаф свае любiмыя рэчы. Вы можаце незаўважна для вашых мадэляў уключыць дыктафон i запiсаць iх аповеды, звязаныя з усiмi гэтымi сукенкамi, спаднiцамi, шалiкамi, боцiкамi. Пытайцеся пра тое, што было модна, дзе вашы бабулi здабывалi прыгожыя сукенкi, што зрабiлi ўласнымi рукамi, куды ў iх хадзiлi, што надзявалi, калi бегалi на спатканне. Так рэчы дапамогуць вам больш даведацца пра родных, iх узаемаадносiны, пра час, у якi яны жылi.

Не забывайцеся i пра iншыя рэчы, якiмi карысталiся блiзкiя. Чаму б не апiсаць, як выглядала бабулiна хата, якiм рыштункам яна карысталася, калi палiла ў печы, якiя кветкi любiла, што расло ў яе садзе-агародзе, якiя рэчы захоўваў дзядуля як памяць пра вайну, якая ў яго была прафесiя, чаму ён навучыў вас. Цi змянiлiся з часам родныя мясцiны, як раней выглядала вёска, хто дзе жыў, як адпачывала моладзь, куды хадзiлi ў грыбы-ягады, як мясцовыя называлi пэўны лясок, балота, луг. Мiкратапанiмiка, паданнi, казкi з бабулiнай, дзядулiнай вёскi таксама могуць увайсцi ў вашу кнiгу. I больш запiсвайце за сваiмi героямi (дыктафон вам у дапамогу): успамiны, думкi, наказы, пэўная манера гаварыць, дыялектныя словы — усё гэта таксама можа быць цiкавае нашчадкам, якiм пасля трапiць у рукi ваша кнiга... I не бойцеся рытарычных пытанняў — адказы продкаў дапамогуць сфармiраваць важныя паняццi, якiя лягуць у сiстэму сямейных каштоўнасцяў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Название в газете: Сямейны летапiс

Выбор редакции