Вы здесь

Чаму гiсторыя Трасцянца застаецца яшчэ недасказанай?


Паводле ацэнкi, зробленай Надзвычайнай дзяржаўнай камiсiяй (НДК) у жнiўнi 1944 года, колькасць ахвяр Трасцянца складае 206 500. Гэта месца самага масавага знiшчэння людзей на тэрыторыi Беларусi i наогул былога СССР у гады Другой сусветнай вайны. Яно аб'ядноўвае некалькi аб'ектаў. Побач з Малым Трасцянцом быў створаны лагер прымусовай працы, якi задавольваў патрэбы акупантаў. Тут дзейнiчалi асфальтавы завод, лесапiльня, млын, шавецкая, кравецкая, сталярная i слясарная майстэрнi, буйная сельская гаспадарка. Жыццё прымусовых работнiкаў было нядоўгiм, знясiленых ахвяр забiвалi…


Пакутнае месца

Мiнская абласная камiсiя садзейнiчання НДК пачала работу ў Малым Трасцянцы пасля вызвалення тэрыторыi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Узначальваў яе генерал-маёр Васiль Казлоў. У дзейнасцi камiсii акрамя судовых медэкспертаў бралi ўдзел беларускiя пiсьменнiкi Мiхась Лынькоў i Кандрат Крапiва. Адразу ж на папялiшчы адрыны на ўскрайку былога калгаса iмя Карла Маркса былi знойдзены сотнi абгарэлых трупаў.

Ва ўрочышчы Благаўшчына, што знаходзiцца за 1,5 кiламетра ад вёскi Малы Трасцянец, камiсiя па расследаваннi злачынстваў, здзейсненых акупантамi, знайшла 34 ямы — магiлы, запоўненыя чалавечымi астанкамі i попелам. Тут масава растрэльвалi ахвяр, у тым лiку прывезеных у Мiнск грамадзян Германii, Аўстрыi, Чэхii i iншых еўрапейскiх краiн. Забiтых закопвалi ў загадзя падрыхтаваных вялiкiх равах. У 1943 годзе, каб схаваць сляды злачынстваў, спецыяльная зондэркаманда прымушала вязняў ускрываць магiлы, крукамi даставаць адтуль целы забiтых i спальваць...

Трэцiм месцам знiшчэння было ўрочышча Шашкоўка, дзе ахвяр спальвалi ў крэмацыйнай печы.

Перад «Брамай памяцi»

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыi, дзе ў гады вайны чынiлiся масавыя забойствы, былi ўсталяваны сцiплыя помнiкi, пра гiсторыю Трасцянца доўгi час было мала вядома. Вырасталi пакаленнi мiнчан, якiя нiчога не ведалi пра гэтае месца, пакуль у пачатку 2000-х гадоў на дзяржаўным узроўнi не было прынята рашэнне аб стварэннi мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Першая чарга мемарыяла i яго асноўная кампазiцыя «Брама памяцi» былi ўрачыста адкрыты 22 чэрвеня 2015 года. А ўлетку 2018 года падчас адкрыцця другой чаргi на месцы масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Благаўшчына прысутнiчалi прэзiдэнты трох краiн: Беларусi, Германii i Аўстрыi.

Трасцянец стаў помнiкам агульнаеўрапейскага значэння. Выйшлi зборнiкi дакументаў i кнiгi, прысвечаныя трагедыi, якая тут адбывалася. Па комплексе ладзяцца экскурсii. Але гiсторыя Трасцянца яшчэ не дасказана, i нам трэба працаваць з культурай памяцi. Засталося шмат пытанняў. Большасць iмён ахвяр невядомая. Немагчыма прасачыць, праз што праходзiлi людзi, якiя былi тут знiшчаны.

«Любы помнiк — гэта ўвекавечанне пэўнай падзеi, гiсторыi на дзяржаўным узроўнi. У Трасцянцы можна расказваць пра знiшчэнне яўрэйскага насельнiцтва — мiнскага i еўрапейскага. I цяпер акцэнт робiцца менавiта на гiбелi грамадзян еўрапейскiх краiн. Але тут знiшчалiся i мiнскiя падпольшчыкi (i вельмi шмат), партызаны, мiрныя жыхары», — заўважае загадчык аддзела ваеннай гiсторыi Беларусi Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi Аляксей Лiтвiн.

Розныя спосабы знiшчэння. Разнастайныя катэгорыi вязняў: яўрэйскае насельнiцтва, ваеннапалонныя, удзельнiкi антыфашысцкага супрацiўлення, цывiльныя жыхары. Загадзя спланаваныя забойствы i расправы з тымi, хто трапiў ў аблаву. Гiсторыя гэтага пакутнага месца няпростая. А пасля таго як у Мiнску з'явiўся такi шыкоўны мемарыяльны комлекс, цi стала яна больш даступнай i зразумелай сучасным пакаленням? I што яшчэ можна зрабiць, каб маладыя людзi змаглi адчуць, якая жудасная трагедыя тут адбывалася?

Новая крынiца

На працягу 2014—2018 гадоў увесь комплекс земляных будаўнiчых работ, якiя былi звязаны з мемарыялiзацыяй Малога Трасцянца, суправаджаўся археалагiчным наглядам. Фiксавалiся рэшткi забудовы, збiралiся i апiсвалiся матэрыялы. У археолагаў Iнстытута гiсторыi НАН Беларусi тысячы знаходак. Былi выяўлены рэчы асабiстага ўжытку: кубкi, вiдэльцы, лыжкi, разнастайны посуд, рознага кшталту манетны матэрыял, гузiкi, упрыгажэннi, касметычныя і медыцынскiя сродкі. У гады вайны вялася кампанiя па перасяленнi людзей, у дарогу дазвалялася браць не больш за адзiн-два чамаданы. Натуральна, у няблiзкi шлях людзi старалiся найперш узяць рэчы, зручныя для карыстання, — менавiта iх знаходзiлi як у самiм лагеры, так i на расстрэльным полi.

— Мы атрымалi абсалютна новы тып гiстарычных крынiц. Дагэтуль для вывучэння Трасцянца выкарыстоўваліся ўсяго некалькi іх вiдаў: успамiны, якiя зафiксаваны ў зборнiку дакументаў, а таксама матэрыялы следчых дзеянняў, што праводзiлiся падчас выкрывання асоб, якiя ў той цi iншай ступенi былi задзейнiчаны ў ахове лагера альбо ў знiшчэннi людзей падчас карных аперацый. А цяпер мы маем шматтысячную калекцыю прадметаў, якiя належалi ахвярам, што знаходзiлiся ў лагеры альбо былi дэпартаваныя з Заходняй Еўропы для знiшчэння ў ваколiцах Малога Трасцянца, — расказвае загадчык аддзела археалогii Сярэднiх вякоў i Новага часу Iнстытута гiсторыi Вадзiм Кошман.

— Дзякуючы такiм знаходкам можна вяртаць iмёны?

— Выйшаў мой артыкул у «Беларускiм гiстарычным часопiсе», дзе робiцца спроба звязаць рэчы ахвяр з пэўнымi асобамi. Але гэта вельмi складана. Па-першае, выбарка не такая вялiкая. Па-другое, трэба разумець, што ў заходнееўрапейскай традыцыi не было прынята пазначаць, каму рэч належыць, — яна ж масавая, паўсядзённая. Падпiсвалiся рэчы, калi чалавек быў у месцах зняволення, напрыклад, знаходзiўся ў турме, у лагеры на Шырокай альбо на Валадарскага. У такой ахвяры маглi быць падпiсаныя лыжка, вiдэлец, кацялок — тут ужо можна iдэнтыфiкаваць чалавека. Такiя знаходкi таксама былi выяўлены ў Малым Трасцянцы, яны апiсваюцца ў матэрыялах 1944 года. Iншая справа, што гэта праблема савецкай традыцыi памяцi: раней запыту на персаналiзацыю фактычна не iснавала. Абсалютна дастаткова было назваць шматтысячную лiчбу загiнулых, не актуалiзуючы iнфармацыю, што гэта за людзi i адкуль яны.

— Можа, такая абезасобленасць якраз адна з прычын таго, што ваенная гiсторыя не кранае моладзь, i пра Трасцянец не ведалi нават сталiчныя жыхары?

— Трэба ўлiчваць i гiстарычны кантэкст. Тэма Халакосту савецкай дзяржавай амаль не ўзнiмалася, i ўсё было прадстаўлена як генацыд савецкiх грамадзян. У той жа час у Трасцянцы масава знiшчалiся яўрэi з Мiнскага гета i з Заходняй Еўропы. Вось гэтае стаўленне, што людзi «не нашы» i тэма «не тая», таксама адыграла ролю. Дэпартаваныя з Заходняй Еўропы вядомыя пайменна, захавалiся спiсы — гэта 26-27 тысяч чалавек, — але ж там былi знiшчаны i тысячы савецкiх грамадзян. I тут ёсць пытаннi. Якая колькасць людзей трапiла сюды падчас аблаў i была расстраляна? Альбо: якiя ахвяры знаходзiлiся ў турмах горада Мiнска? Мы не ведаем прозвiшчаў гэтых людзей, iх нацыянальнасцяў. Мiнскае гета было да ста тысяч чалавек, амаль усе гэтыя людзi загiнулi, i часткова яны знiшчалiся i ў Малым Трасцянцы. Але зноў жа: у якой колькасцi? Наогул мы не ведаем дакладна лiчбы, колькi ж людзей загiнула ў Трасцянцы. Заключэнне Надзвычайнай камiсii 1944 года — усяго толькi думка людзей, што тут магло быць столькi знiшчаных. Для ўстанаўлення дакладнай колькасцi было зроблена недастаткова, i тая лiчба, якая цяпер iснуе, — 206 500 — як не можа быць абвергнута, так i не можа быць пацверджана. У той жа час мы не маем крытэрыяў падлiку нi па адным лагеры, канцлагеры — яны ўсюды прыблiзныя.

— Даследаваннi, якiя вы праводзiлi, таксама не дапамогуць вярнуць лiчбу?

— Гэта праблема i судова-медыцынская, i археалагiчная, i гiстарычная. Калi пахаваннi проста зроблены без крэмацыi, без спальвання потым цел, то ў прынцыпе ўзнавiць колькасць ахвяр у пэўнай траншэi было б магчыма, калi б яна цалкам была раскапана. Зноў жа, калi такiх магiл 34, мы можам прыдумаць алгарытм для падлiку. Аднак у наступных магiлах людзей магло быць i больш, i менш. Абцяжарваецца гэта яшчэ i тым, што целы ў канцы 1943 года выкопвалiся i спальвалiся, а па кальцынаваных костках, па попеле не скажаш, колькi там было знiшчаных. З iншага боку, трэба ацэньваць людскi патэнцыял. Цi магла быць такая колькасць вязняў у Мiнску? Хiба мы ведаем дэмаграфiчную сiтуацыю горада перад вайной? А што вядома пра перыяд 1937—1939 гадоў i лiчбу рэпрэсаваных? А праблема бежанцаў: якая колькасць людзей пакiнула горад цi вярнулася ў яго? Дык з чаго будзем весцi падлiк?

— Сёння Трасцянец стаў месцам мiжнароднай памяцi. А цi не мала мы гаворым пра тое, што там знiшчалiся жыхары Беларусi?

— Мы робiм памылку, калi хочам падзялiць ахвяр па дзяржаўнасцi i нацыянальнай прыналежнасцi, на «савецкiх» цi «несавецкiх». Гэта ахвяры жудасных падзей, якiя адбывалiся на перыяд акупацыi. У любым выпадку гэта месца трагедыi тысяч i тысяч людзей. Я рады за беларускую ўладу, што ў нас iдуць на тое, каб увекавечыць памяць людзей, якiя дакладна знiшчаны ў гэтым месцы. З боку Аўстрыi, Германii або Чэхii мы маем стапрацэнтныя крынiцы — дэпартацыйныя спiсы i звесткi, колькi з iх даязджала (у сярэднiм 900—1000 з кожнага эшалона). I калi вядома, што людзi былi перавезены i знiшчаны тут, чаму iх iмёны i прозвiшчы не ўвекавечыць? Тым больш многiя нашы суайчыннiкi не ведалi, што тут такое адбывалася. Праблема ў iншым. Iснуе думка, што Трасцянец становiцца месцам памяцi аўстрыйцаў, немцаў або чэхаў, а мы не можам зрабiць свой «масiў iмён», таму што дакладна не ведаем тысяч савецкiх ахвяр. I гэта пры тым, што дэпартаваных ахвяр было два дзясяткi тысяч, а па заключэннi 1944 года ў Трасцянцы знiшчана каля 200 тысяч. Хто астатнiя 180 тысяч? А гэта i яўрэi Мiнскага гета, i грамадзяне Мiнска i ваколiц, партызаны, падпольшчыкi, хутчэй за ўсё, ваеннапалонныя, мiрныя жыхары, якiя трапiлi падчас аблаў, людзi, якiя трапiлi пад пэўныя падазрэннi альбо былi забiты падчас пэўнай акцыi. Улiковых дакументаў гэтых людзей не захавалася, ды ў шэрагу выпадкаў нават немцы не вялi такi падлiк.

— Па знойдзеных рэчах цяжка вызначыць, адкуль прыбывалi ахвяры?

— Археолагi зыходзяць з таго, што ва ўжытку савецкiх грамадзян рэчаў заходнееўрапейскага паходжання амаль што не было. У той жа час на мностве выяўленых прадметаў можна ўбачыць клеймы вытворцаў — Германii, Аўстрыi, Чэхii, выяўлены манетны матэрыял гэтых краiн i г. д. Натуральна, што iмi карысталiся асобы, якiя былi дэпартаваныя. У той жа час калi мы знаходзiм манетны матэрыял савецкага часу альбо рэшткi абутку савецкай вытворчасцi, разумеем, што гэта належала альбо выхадцам з Мiнскага гета, альбо iншым грамадзянам Мiнска розных нацыянальнасцяў. Тут трэба зрабiць важную заўвагу. Сярод знаходак прэвалююць, безумоўна, рэчы заходнееўрапейскай вытворчасцi. Чаму? Людзi сюды ехалi жыць. У iх быў чамадан, якi канфiскоўваўся у лагеры, рэчы сартавалiся: штосьцi прадаць, аддаць на пераплаўку. А што маглi мець грамадзяне, якiя да гэтага трапiлi ў турму, мiнскi лагер альбо былi захоплены падчас аблавы? Фактычна нiчога! Калi бачым дыспрапорцыю, трэба гаварыць не пра тое, што там колькасць знiшчаных дэпартаваных асоб нашмат большая, проста так склалiся абставiны. У савецкiх грамадзян, яўрэяў Мiнскага гета, якiх везлi сюды таксама на знiшчэнне вялiкай колькасцi рэчаў проста не магло быць. Экскурсаводы, некаторыя гiсторыкi дапускаюць шматлiкiя памылкi ў выказваннях. Напрыклад, турысту могуць сказаць, што Малы Трасцянец — гэта лагер смерцi, i там было знiшчана больш за 200 тысяч людзей. Але там знаходзiўся працоўны лагер, там не было структуры для мэтанакiраванага знiшчэння. Лагер нават наймаў людзей для выканання тых цi iншых работ, i яны мелi права выхаду за яго тэрыторыю. А вось абапал лагера iснавалi месцы для расстрэлу, i менавiта яны даюць жудасную статыстыку ахвяр.

Амаль што ўсе дэпартаваныя асобы заходняй групы нават не былi ў лагеры Малы Трасцянец. Яны прыехалi на цягнiку, iх загрузiлi ў аўтамашыны i перавезлi на месца расстрэлу ў ваколiцах. Важна казаць, што было некалькi месцаў знiшчэння. У Малым Трасцянцы таксама загiнулi сотнi i сотнi людзей, але ён прызначаўся для працоўнай эксплуатацыi, а не мэтанакiраванага знiшчэння. Да ахвяр лагера адносяць i шэсць з паловай тысяч людзей, якiх знайшлi спаленымi ў адрыне. Аднак у абсалютнай большасцi гэта не вязнi лагера, а асобы, прывезеныя з мiнскiх турмаў, — iх дастаўлялi з Шырокай альбо iншых месцаў i адразу ж расстрэльвалi.

— Цi можна сказаць, што Трасцянец — месца памяцi, звязанае з мiнскiмi падпольшчыкамi, наогул супрацiўленнем?

— Гэта так, але трэба казаць шырэй: Малы Трасцянец з Благаўшчынай i Шашкоўкай — гэта агульная магiла грамадзян Заходняй i Усходняй Еўропы. Не трэба забываць, што ў Мiнску было шмат месцаў знiшчэння — не толькi Трасцянец. Адвёўшы пэўнаму месцу сакральны статус, нельга забывацца пра iншыя.

— Але ж i тэрыторыя Трасцянца пакуль не даследавана цалкам...

— На цяперашнi момант магчымасць правядзення даследаванняў захавалася толькi на месцы былога лагера, таму што тэрыторыя расстрэльнага поля ў Благоўшчыне пакрыта плiтамi. Фактычна яна закансерваваная. Калi будзе запатрабаванасць, у любы час там можна правесцi даследаваннi. I гэта толькi лепш для таго месца, таму што, пачынаючы адразу пасля Другой сусветнай вайны, амаль да стварэння мемарыяльнага комплексу там працавалi «чорныя капальнiкi», якiя раскопвалi магiлы з мэтай здабыць пэўныя рэчы. Была i застаецца iншая праблема: на тэрыторыi былога лагера загаралi, смажылi шашлыкi, выгульвалi сабак. Людзi прызвычаiлiся там так бавiць час, i сёння некаторыя пабудову мемарыяльнага комплексу ўспрынялi проста як добраўпарадкаванне тэрыторыi, стварэнне парку з пэўнымi выгодамi цывiлiзацыi, нармальнымi сцежкамi i гэтак далей...

— I што трэба зрабiць, каб вяртаць адчуванне гiсторыi?

— Вы закранаеце сферу агульначалавечую. На маю думку, мала якая цывiлiзацыя змагла вырашыць гэтае пытанне: што зрабiць такое, каб людзi шанавалi продкаў, пэўныя мясцiны. Трэба ўлiчваць перарванасць пакаленняў i разумення, што мы звязаны з людзьмi, якiя там могуць ляжаць. Мала хто з нашчадкаў былых савецкiх грамадзян можа сказаць, што там забiтыя яго сваякi. Бясспрэчна, iнфармацыйны складнiк падобных месцаў павiнен быць больш актыўны. Гэта i пашырэнне экскурсiйных праграм, i стварэнне сучаснага сэрвiсу для мабiльных тэлефонаў, каб праз QR-коды можна было атрымлiваць звесткi пра месца, яго гiсторыю, прызначэнне лагерных пабудоў. Комплекс, на маю думку, павiнен быць больш «жывы». Там цяпер прысутнiчае манументальнасць, аднак адсутнiчае «жывая гiсторыя» — фотаздымкi ахвяр, iх бiяграфiчныя звесткi, урэшце, дапушчальныя нават нейкiя мультымедыя, кшталту экрана, на якiм пастаянна бы транслiраваўся дакументальны 10-хвiлiнны фiльм 1944 года пра Малы Трасцянец.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Название в газете: Доўгi шлях вяртання памяцi...

Выбор редакции

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Сельское хозяйство

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Успех зависит от соблюдения отраслевых регламентов и технологий.

Регионы

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

«Императорский» туристический маршрут поможет развивать сельскую территорию.