Вы здесь

Аляксандр Лукашэнка: Чалавек заўсёды важнейшы за грошы


Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блоку краіны ў Мінску. У абмеркаванні, якое праходзіць у Палацы Незалежнасці, бяруць удзел прэм’ер-міністр, профільныя віцэ-прэм’еры, кіраўніцтва парламента, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Нацыянальнага банку, Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага статыстычнага камітэту, рэгіёнаў і профільныя міністры. 


 

«На лёгкія часы мы ніколі не разлічвалі»

«Мы сабраліся для таго, каб, нягледзячы на асаблівы перыяд для нашай краіны, не ўпусціць з-пад увагі найважнейшыя пытанні, ад якіх залежыць звычайнае, штодзённае жыццё нашых людзей, — абазначыў задачу сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. — Выбарчая кампанія пройдзе, градус палітычных працэсаў знізіцца, а эканоміка зноў апынецца ў цэнтры грамадскай увагі, ды яна і зараз нікуды не знікае». 

Работа галін рэальнага сектара і паслуг, фінансаў, сацыяльнай сферы павінна быць пад пільным кантролем, падкрэсліў ён. 

«Ніводны вінцік у гэтай машыне не павінен дапусціць збою. У пачатку года, падчас выпрабаванняў «нафтавай пандэміяй», нам гэта ўдалося. Затым была вірусная, «інфармацыйная». Цяпер пачалася «палітычная», — ахарактарызаваў дзень сённяшні Прэзідэнт. — Але наўрад ці гэта для некага нечаканасць. На лёгкія часы мы ніколі не разлічвалі. Разлічваць на іх нельга і надалей».

Аднак ключавая задача для Прэзідэнта і кіраўніцтва эканамічнага блоку краіны — у іншым, падкрэсліў беларускі лідар.

«Любой цаной мы павінны не дапусціць, каб гэтыя складанасці пераносіліся на нашых людзей і каб людзі іх нават адчулі на сябе, — заявіў ён. — Беларусы павінны ведаць, што, напрыклад, барацьба з каранавірусам ужо абышлася бюджэту ў паўмільярда рублёў. Тут і дадатковыя затраты на медыцыну, і сродкі на падтрымку рэальнага сектара эканомікі. Але чалавек заўсёды важнейшы за грошы».

У Беларусі створаныя ўсе ўмовы для паўнавартаснага і бяспечнага адпачынку 

Дзякуючы нашым агульным намаганням айчынная сістэма аховы здароўя справілася, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён паведаміў, што колькасць тых, хто рэальна захварэў на каранавірус, зніжаецца. 

«Але сітуацыя ў свеце далёка не аптымістычная: гэтай хваробай ужо заразіліся амаль 15 мільёнаў чалавек. Ёсць краіны, дзе ўводзяць паўторныя абмежавальныя меры. Гэта значыць, (спачатку. — «Зв.») людзей закрылі, увялі каменданцкую гадзіну, (потым. — «Зв.») адкрылі і атрымалі новы ўсплёск хваробы. Прыйшлося зноў запіраць у кватэрах, — дадаў ён. — Таму, каб пазбегнуць другую хвалю (не дай бог, вядома), я падтрымаю медыкаў, якія раяць адпачываць сёлета толькі ў Беларусі».

Разам з тым, беларускія ўлады нікому нічога не забараняюць, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. 

«Куды заўгодна паязджайце, але па вяртанні ў краіну сядзеце на карантын за ўласны кошт, з усімі выцякаючымі наступствамі, — папярэдзіў ён. — Мы стварылі ідэальныя ўмовы для адпачынку ў сваёй краіне. Трэба паездзіць па Беларусі, трэба хоць бы даведацца, што такое Нарач, Браслаўскія азёры, Бярэзінскі запаведнік, Белавежская пушча, пабываць на Дняпры, на Прыпяці, на Нёмане, Сожы, што такое Палессе, паглядзець. Цудоўныя мясціны, і я ўпэўнены, што ў наступным годзе, калі будзе ўсё вельмі добра ў свеце, палова не паедуць за межы краіны, будуць адпачываць тут. Гэта больш танна абыдзецца. Але я нікога не ўгаворваю».

У нас створаныя ўсе ўмовы для паўнавартаснага і бяспечнага адпачынку, запэўніў Прэзідэнт і параіў паберагчы сябе, родных і блізкіх.

«Работа ўсіх дзяржаўных служачых — ісці да людзей і з імі размаўляць»

«Сацыяльна арыентаваная палітыка, у цэнтры якой чалавек, яго інтарэсы і патрэбы, была і застанецца цэнтральным звяном пры прыняцці любога рашэння, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Народ для таго і паставіў нас, каб мы былі гарантам яго бяспекі і спакою».

Калі ўдары акажуцца надта моцнымі, дзяржава павінна да апошняга змякчыць іх наступствы, патрабуе Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, для гэтага трэба больш тлумачыць людзям, што адбываецца ў краіне і свеце, чаму прымаюцца тыя або іншыя рашэнні.

«Усім трэба ісці да людзей. Трэба размаўляць з людзьмі. Трэба людзям тлумачыць, расказваць пра сваю палітыку, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Калі мы недзе не дапрацавалі цягам апошніх пяці гадоў, у перадвыбарчы перыяд пайдзіце проста і раскажыце. Некаторых я ўвогуле там не бачу. Хто не жадае, не трэба — абыдземся без вас. Але наша работа — усіх дзяржаўных служачых — ісці да людзей і з імі размаўляць».

Падчас бягучай выбарчай кампаніі кіраўніцтва краіны атрымала ад грамадзян вялізны пласт ініцыятыў і пажаданняў. Аляксандр Лукашэнка загадаў выкарыстоўваць гэты канал зваротнай сувязі эканамічнымі службамі ўсіх узроўняў у сваёй штодзённай рабоце.

«У гэтай частцы новаму кіраўніцтву ўрада прыйдзецца падкарэктаваць свой стыль і метады работы», — сказаў ён.

«Той мінімум, што мы абяцалі, дасягнуты»

На нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блоку Прэзідэнт прапанаваў спыніцца на трох самых значных пытаннях, якія пастаянна знаходзяцца на кантролі ў грамадства, — зарплаты, занятасць і цэны.

«Я ўважліва вывучыў усе статыстычныя і аператыўныя дадзеныя, меркаванні і настроі людзей. Учора сустракаўся са сваімі даверанымі асобамі. Нейкіх асаблівых незвычайных вынікаў і поспехаў у гэтай працы я не ўбачыў. Так, той мінімум, што мы абяцалі, дасягнуты. Усе вобласці і горад Мінск у маі ў сярэднім плацілі зарплату па тысячы і больш рублёў (Магілёўская вобласць сем рублёў не дацягнула). Аднак, па маіх дадзеных, даход значнай часткі насельніцтва пакуль яшчэ ніжэйшы за гэты ўзровень і не ад усіх людзей мы атрымліваем станоўчую ацэнку сваёй працы», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён нагадаў аб пэўнай катэгорыі людзей, якія сапраўды цяжка і адказна працуюць (нянечкі, выхавацелі ў дзіцячых садках), але не атрымліваюць тысячы рублёў. На гэты слой грамадства патрабаваў звярнуць увагу яшчэ папярэдні склад урада, знайсці крыніцы павелічэння зарплаты. Вядома, плаціць проста за тое, што чалавек прыйшоў на працу, дзяржава не будзе.
Таму Аляксандр Лукашэнка папрасіў далажыць, якія меры прымаюцца па стварэнні ўмоў для годнага заробку тым, хто імкнецца зарабіць грошы (а такіх большасць, і ім трэба дапамагчы, упэўнены кіраўнік дзяржавы), як вырашаецца застарэлая праблема, калі рост заробкаў апярэджвае рост прадукцыйнасці працы.

«У нас сёння ёсць усё — і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, каб мець добрыя вынікі. А калі добрыя вынікі — тады і зарплата. У сельскай гаспадарцы небывалы ўраджай — такога нікога не было ў гісторыі Беларусі... Сцяной стаіць трыцікале, пшаніца, жыта. Ёсць магчымасць папоўніць тыя рэзервы, якія я за два апошнія гады аддаў у сельскую гаспадарку. У нас не было рэзерваў — сёння бяры не хачу. Калі такі ўраджай, калі зрушэнне па малаку, мясе і нават па экспарце нашай сельгаспрадукцыі — дык гэта павінны быць грошы ў краіне», — падкрэсліў беларускі лідар.

У сялян ёсць усе магчымасці паправіць эканамічнае становішча ў гаспадарках. Тое самае — і ў прамысловасці, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У прыклад Прэзідэнт прывёў кампанію «Атлант», попыт на прадукцыю якой у разы павялічыўся ў красавіку-маі: прадалі прадукцыі як ніколі. Завод не спыняў вытворчасць, і калі ў суседніх краінах скончыўся каранцін, людзі пачалі скупляць беларускія халадзільнікі.

Губернатарам даручыў як належыць арганізаваць уборку ўраджаю, не чакаючы добрага надвор’я. Якасць уборкі, экспарт сельгаспрадукцыі — на кантролі профільнага міністэрства і віцэ-прэм’ера.

«Нам удалося не дапусціць катастрофы звальвання ў яму беспрацоўя»

Наконт занятасці Аляксандр Лукашэнка адзначыў: хоць тут таксама ёсць асобныя праблемныя моманты, але ў цэлым трагізму няма.

«Нам удалося не дапусціць катастрофы звальвання ў яму беспрацоўя, як гэта адбылося нават у нашых суседзяў. Менавіта катастрофы — таму што нават у самых моцных дзяржаў свету не хапіла назапашанага запасу трываласці, каб захаваць спакой у грамадстве. Аднак занятасць у эканоміцы павінна забяспечвацца устойлівай і эфектыўнай працай прадпрыемстваў, а не тым, што яны штучна часам стрымліваюць ці ўтрымліваюць людзей. Людзей на прадпрыемствах нельга выкідваць на вуліцы, але яны павінны працаваць. Іх трэба забяспечыць працай», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Калі традыцыйных відаў занятасці не хапае, у любым населеным пункце знойдзецца велізарная колькасць працы, дадаў Прэзідэнт, даручыўшы ў такім выпадку арганізаваць людзей.

Цэнаўтварэнне застаецца на асаблівым кантролі кіраўніцтва

Акрамя таго, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, на асаблівым кантролі ўрада і мясцовых органаў улады павінна быць цэнаўтварэнне. Сітуацыя, вядома, некрытычная, але пытанні ў Прэзідэнта застаюцца.

Кіраўнікоў абласцей Аляксандр Лукашэнка даручыў праінфармаваць, як на месцах рэалізуюцца нядаўна прынятыя кропкавыя рашэнні аб падтрымцы занятасці і стымуляванні эканамічнай актыўнасці ў цэлым. Паўнамоцтвы, якія атрымалі старшыні абласных, раённых, гарадскіх выканкамаў, кіраўнік дзяржавы назваў «надзвычайнымі», але яны пацягнулі і дадатковую адказнасць.

«Перад намі стаяць зямныя задачы: чалавек павінен хадзіць на працу, атрымліваць годную зарплату — заработаную, а прадпрыемствы — эфектыўна развівацца», — яшчэ раз абазначыў прыярытэты кіраўнік дзяржавы.

Цікавіла Прэзідэнта, як спрацавалі прадпрыемствы падчас вымушанага прастою, няпоўнай занятасці. Неабгрунтаваныя звальненні хвалююць кіраўніка дзяржавы больш за прагнозы МВФ. Інфармацыю на гэту тэму падрабязна далажыў старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Тэртэль, чыё ведамства ў ручным рэжыме з кіраўніцтвам прадпрыемстваў працуе з кожным зваротам.

Падзводзячы вынікі, Прэзідэнт падкрэсліў: задачы на гэты год не здымаюцца, ніякіх патуранняў чакаць не варта нікому. Урад і кіраўнікі абласцей запэўнілі Аляксандра Лукашэнку: ёсць усе падставы для аптымістычнага погляду ў будучыню.

Прагнозы аб глыбокай рэцэсіі не спраўдзіліся

Перад новым складам урада Аляксандр Лукашэнка ставіць шэраг задач, галоўная з якіх — не дапусціць падзення эканомікі.

Як далажыў Аляксандру Лукашэнку прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, прадказвалі Беларусі глыбокую рэцэсію (ад —4 да —6 працэнтаў падзення ВУП).

«Аднак своечасова прынятыя кіраўніком дзяржавы рашэнні аб незакрыцці прадпрыемстваў, падтрымцы найбольш пацярпелых ад пандэміі арганізацый і калектываў дазволілі не дапусціць падзення і захаваць эканоміку краіны. Урад аператыўна разгарнуў практычную працу разам з рэгіёнамі», — паведаміў Раман Галоўчанка.

Па інфармацыі прэм’ер-міністра, згодна з Указамі Прэзідэнта, падатковыя льготы і прэферэнцыі атрымалі каля 36 тысяч суб’ектаў гаспадарання і індывідуальных прадпрымальнікаў на агульную суму больш за 31 мільён рублёў. На месцах прынята больш за шэсць тысяч рашэнняў аб прадстаўленні арэндных канікул (аб’ём падтрымкі склаў 25 мільёнаў рублёў).

Раман Галоўчанка паведаміў, што ў адпаведнасці з Указамі Прэзідэнта ў Беларусі на падтрымку працаўнікоў камерцыйных і бюджэтных арганізацый з бюджэта выдзелена 2,6 мільёна рублёў. Большая частка прыйшлася на стымулюючыя выплаты медработнікам і працаўнікам сферы сацыяльнага абслугоўвання («кавід-надбаўкі» склалі 213 мільёнаў рублёў).

У рамках рашэння кіраўніка дзяржавы па бягучай падтрымцы прадпрыемстваў пад гарантыі ўрада выкарыстаныя крэдытныя рэсурсы на 145 мільёнаў рублёў (29 працэнтаў выдзяленага Прэзідэнтам ліміту), гарантыі мясцовых органаў улады — 109 мільёнаў (15,6 працэнта), адзначыў кіраўнік урада.

За чэрвень беларускі ВУП прадэманстраваў рост на 0.1%

«Беларусь глыбока інтэгравана ў сусветную эканоміку, у міжнародныя кааперацыйныя сувязі. У нас адкрытая, экспартаарыентаваная эканоміка, таму сітуацыя з пандэміяй не магла на нас не адбіцца. Але зараз мы бачым, што рашэнні, якія прыняў Прэзідэнт і якія, дарэчы, крытыкаваліся пэўнымі, былі правільнымі. Мы згубілі ў ВУП нашмат меней, чым нашы суседзі — краіны з больш моцнымі эканомікамі», — растлумачыў журналістам Раман Галоўчанка.

Каб своечасова паспець да моманту адкрыцця закрытых рынкаў, Беларусь не спыняла вытворчасць. Дзесьці зніжаліся абароты праз разрыў вытворча-збытавых ланцужкоў, але сёння краіна дэманструе добрыя на фоне суседзяў паказчыкі: ВУП за паўгода склаўся на ўзроўні 98,3 працэнта, за чэрвень прырост склаў 0,1 працэнта. Кіраўнік урада прагназуе і далейшы рост.

«Пастараемся выйсці на тыя задачы, якія паставіў кіраўнік дзяржавы: мінімум — гэта захаваць леташні ўзровень. Гэта само па сабе складана (многія нашы суседзі загадзя прызналіся, што гэта немагчыма, і для сябе запланавалі лічбы падзення ад —10 да —6 працэнтаў). Але мы плануем прырасці», — удакладніў Раман Галоўчанка.

Па словах прэм’ер-міністра, аб’ёмы складскіх запасаў змяняюцца ў залежнасці ад многіх знешніх умоў.

«Вядома, тэмпы экспарту тавараў знізіліся, але зараз, калі рынкі адкрываюцца, у нас ёсць прадукцыя. Умоўна кажучы, мы можам браць яе з паліцы і адпраўляць тым, хто даўно ў ёй мае патрэбу, бо за гэты час фактычна ўзнік адкладзены попыт. Яго мы і спрабуем закрываць. Літаральна за месяц запасы знізіліся на суму больш за дзвесце мільёнаў рублёў», — паведаміў прэм’ер-міністр.

«Пакуль усе сумы, якія запланаваныя ў бюджэце (на падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі. — «Зв.»), яшчэ не выбраныя. Па некаторых пунктах нявыбарка ад плану складае каля 50 працэнтаў, — паведаміў журналістам Раман Галоўчанка. — Гэта кажа пра тое, што першапачаткова мы спланавалі (калі яшчэ не разумелі, якая будзе глыбіня гэтага крызісу) больш сродкаў, чым у рэальнасці запатрабавалася».

Беларусь, па словах прэм’ера, не стала рабіць, як многія іншыя краіны, якія «залівалі практычна грашыма, раздавалі гэтыя грошы». 

«Не было такой патрэбы, таму што, яшчэ раз кажу, эканоміка не спынялася. Тыя, хто не мог за кошт працы забяспечваць неабходны ўзровень заробку, тым дапамагаў бюджэт, — паведаміў Раман Галоўчанка. — Але ў цэлым нагрузкі на бюджэт не спатрэбілася, бо эканоміка не спынялася. Найбольшы аб’ём сродкаў спатрэбіўся на даплаты, у асноўным, медыкам, якія працавалі непасрэдна з хворымі і рызыкавалі фактычна сабой».

Урад звярнуў увагу і на прадпрыемствы, запэўніў прэм’ер. Ён нагадаў, што была створаная спецыяльная група, якая дагэтуль аператыўна разглядае пытанні крэдытнай падтрымкі прадпрыемстваў у няпростых умовах. 

«Льготныя крэдыты пад гарантыі ўрада, пад гарантыі мясцовых бюджэтаў — тым, хто рэальна выкарыстоўвае гэтыя грошы, каб перажыць цяжкасці, вырабіць прадукцыю, прадаць, а потым вярнуць крэдыт», — дадаў кіраўнік урада. 

На пытанне журналістаў пра тое, на што абапіраецца ўрад пры выхадзе з крызісу, акрамя экспарту, Раман Галоўчанка адказаў:

«Экспарт — безумоўны прыярытэт. Сёлета вельмі добрае надвор’е, якое дазволіла вырасціць добры ўраджай. Задача зараз — яго не страціць. Попыт на харчаванне вялікі. Мы за невялікі перыяд змаглі істотна нарасціць экспарт харчавання і ў Кітай, і ў Расійскую Федэрацыю, і ў Польшчу, і ва Украіну»

Лукашэнка аб некаторых СМІ: Пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі

Падчас нарады кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу адказных асоб, у тым ліку супрацоўнікаў сваёй Адміністрацыі, свайго прэс-сакратара, спікера Савета Рэспублікі на неабходнасць надаваць больш пільную ўвагу працы на інфармацыйным полі, прычым не толькі інтэрнэт-,  але і традыцыйным СМІ.

«Вядома, мяне здзіўляе ў апошні час работа Адміністрацыі Прэзідэнта, прэс-сакратара, ды, думаю, і Наталля Іванаўна (Качанава – «Зв.») магла б на гэта больш пільна паглядзець».

«Паглядзіце на папяровыя СМІ. Я сёння ўзяў усе газеты, паглядзеў на так званую „Камсамольскую праўду“ ў Беларусі“. Ужо хутка ў жаўцізну ператворыцца. Бачыце, кіраўнік іх, седзячы ці тое ў Маскве, ці тое ў Крамлі, выступіў з заявай, і пачалася тэндэнцыйная падача інфармацыі. Няхай паедуць у поле, дзе сёння ідзе сапраўды бітва, барацьба за ўраджай. Небывалы ўраджай на палях сёння стаіць. Здыміце, раскажыце, сфатаграфуйце камбайнера-тысячніка. Раскажыце аб гэтых простых людзях-рабацягах, якія кормяць краіну. Усе ж заўтра пабягуць у крамы, гэтыя пісакі, каб купіць кавалак хлеба сабе, родным, блізкім, дзецям», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад адказных асоб выконваць свае абавязкі, а не чакаць спецыяльных указанняў.

«Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не можаце — скажыце, што вы не можаце. Будуць іншыя гэтым займацца. Ды і ва ўрадзе ў нас, Міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманды Прэзідэнта. Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, „Свабода“, „Свабодная Еўропа“ і гэтак далей, стрымы гэтыя... Я ўжо не кажу пра тэндэнцыёз, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут», — сказаў беларускі лідар.

На яго думку, у падобных выпадках неабходна прымаць адпаведныя меры, нягледзячы на перадвыбарчы перыяд: «Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і клічуць людзей на майданы».

«Паўтараць больш не буду, нягледзячы на тое, што мы ўвайшлі ў гэты складаны электаральны перыяд. Гэта ж не справа — за абразай абраза. Добра, мяне там выпэцкалі ўздоўж і папярок. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісій. А ў іх жа сем'і, дзеці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Варвара МАРОЗАВА

Выбор редакции

Общество

Как новые достижения ученых улучшают качество жизни и здоровья человека?

Как новые достижения ученых улучшают качество жизни и здоровья человека?

По прогнозам специалистов, не менее 20 процентов от объема товаров в XXI веке будет за биотехнологиями.

Общество

Собираем гардероб школьника вместе со стилистом

Собираем гардероб школьника вместе со стилистом

Поиски и приобретение «школьной формы», как по старой привычке говорят мамы и папы, — та еще головоломка!