Вы здесь

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстаўка «Спадчына Беларусі»


У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстаўка «Спадчына Беларусі» — своеасаблівае падвядзенне вынікаў, але не кропка і нават не шматкроп'е, а чарговае звяно ў ланцужку аднайменнага мастацкага праекта, што доўжыцца ўжо амаль 20 гадоў. Яго аўтары Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў расказалі пра тое, чаму так важна ведаць, вывучаць і ганарыцца сваёй спадчынай і як з адной ідэі выраслі прэзентацыйны фотаальбом, дакументальныя фільмы і шэраг нацыянальных і міжнародных выставак, якія паказваюць суайчыннікам і замежнікам прыгажосць і значнасць гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны.


«Праект «Спадчына Беларусі» — напэўна, самы значны і вядомы за апошнія дзесяцігоддзі ў галіне нацыянальнай культуры, — мяркуе старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Ён важны для нашай краіны ў цэлым, бо паказвае свету іншую — не «сярмяжную», а духоўна і гістарычна багатую, прыгожую, разнастайную Беларусь».

Прысвечаная Беларусі кніга-альбом нарадзілася, як ні дзіўна, у Парыжы. «Мы зайшлі ў адну з буйных кніжных крам, — згадвае Аляксандр Аляксееў, — і паглядзелі, што напісана пра Беларусь у самых вялікіх, тоўстых энцыклапедыях і турыстычных даведніках. На жаль, напісана было вельмі мала — у лепшым выпадку старонка: фота і статыстычныя звесткі пра плошчу, насельніцтва краіны і да таго падобнае. І мы зразумелі, што ў большасці замежнікаў проста няма паўнавартаснай і праўдзівай інфармацыі пра нашу краіну, і калі мы хочам, каб уяўленне змянілася, трэба зрабіць гэта самім». Доўга спрачаліся наконт формы падачы матэрыялу пра розныя славутасці і архітэктурныя помнікі нашай краіны — якой мовай пісаць, навуковай ці больш сучаснай, ці трэба ўключаць усе рэгіёны, ці прытрымлівацца алфавітнага прынцыпу або нейкага іншага... А потым Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч з'ездзілі ў Полацк, каб пакланіцца мошчам святой Еўфрасінні Полацкай ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры — і дзіўным чынам у той жа вечар прыйшлі да згоды. Палічылі гэта добрым знакам, і з таго часу менавіта абраз нябеснай апякункі і заступніцы зямлі беларускай адкрывае кожнае выданне. Зрэшты, да выхаду альбома ў свет мінула яшчэ тры гады — столькі часу спатрэбілася, каб правесці грунтоўныя навуковыя даследаванні ў музеях і архівах, сабраць і апрацаваць вялікі масіў неабходнай інфармацыі пра помнікі гісторыі і архітэктуры, каб самім зразумець і адлюстраваць глыбіню і значнасць гэтых аб'ектаў.

Першая кніга-альбом убачыла свет у 2004 годзе — аб'ёмнае выданне на 320 старонак з тэкстамі на рускай, беларускай і англійскай мовах, упрыгожанае больш чым 400 фотаздымкамі гістарычных аб'ектаў, архітэктурных помнікаў і артэфактаў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У кожным наступным перавыданні аўтары дапаўнялі і абнаўлялі гэтыя звесткі, так што «Спадчына Беларусі» стала своеасаблівым летапісам аднаўлення і захавання нацыянальнай спадчыны. Дапоўнілі праект звыш 30 дакументальных стужак, якія расказвалі пра ўраджэнцаў Беларусі — слаўных дзеячаў гісторыі і культуры: праз сустрэчы з нашчадкамі, работу ў архівах, навуковыя даследаванні раскрылі малавядомыя старонкі іх біяграфіі. Нарэшце, трэцім складнікам праекта сталі фотавыстаўкі, якія адбыліся ў Беларусі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і іншых краінах блізкага і далёкага замежжа.

 

Цяперашняя выстаўка ўпершыню раскрывае ўсе аспекты маштабнай працы — да 23 жніўня ў экспазіцыйнай зале можна параўнаць выданні кнігі-альбома розных гадоў і паглядзець кадры з дакументальных фільмаў, прыгадаць, разгледзець славутасці з усіх рэгіёнаў Беларусі і скласці для сябе маршрут, каб убачыць гэтыя помнікі ўжо на ўласныя вочы…

Праект быў высока ацэнены ў нашай краіне — у 2005-м Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў атрымалі з рук кіраўніка дзяржавы прэмію «За духоўнае адраджэнне». А далей аўтараў чакаў і камерцыйны поспех (тыражы кожнага перавыдання альбомаў, а сумарны наклад роўны 46,5 тысячы паасобнікаў, не залежваюцца ў кнігарнях), і міжнароднае прызнанне (кнігі і фільмы прадстаўленыя ў фондах вядучых бібліятэк, універсітэтаў і музеяў свету, у дыпламатычных установах і прыватных калекцыях вядомых людзей, ад каралевы Вялікабрытаніі да Папы Рымскага). Цяпер жа «Спадчына Беларусі» вылучаная на суісканне Дзяржаўнай прэміі Беларусі за 2020 год. І, мабыць, менавіта гэта — найлепшае сведчанне запатрабаванасці работы даследнікаў і стымул рухацца далей, кажа Алег Лукашэвіч: «Мы не любім гаварыць пра планы, але працяг абавязкова будзе. Ёсць, напрыклад, сярод ідэй прапанова зрабіць асобную кнігу паводле цыкла фільмаў, якія выходзілі з 2005 года, — магчыма, ажыццявім яе».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Название в газете: Спадчына. Працяг будзе

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.