Вы здесь

Фестываль навукі прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе


«Які цудоўны дзень! Навука — гэта вялікая сіла!», «Ніколькі не пашкадаваў, што прыйшоў, хоць у мяне быў вялізны выбар актыўнасцяў!», «Мерапрыемствы, што тут ладзяць, вельмі цікавыя, толькі паспявай лавіць», «Навука — гэта вельмі крута!», «Атам—сіці! Я хачу тут жыць!» — такія пісьмовыя ўражанні пакідалі на імправізаванай «Пошце будучыні» ўдзельнікі Фестывалю навукі, які прайшоў у Цэнтральным батанічным садзе сталіцы ўжо трэці раз.


Атамная энергетыка — на пальцах

Арганізатарамі навуковага ўік-энду выступае Савет маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук. Фестываль навукі стаў ужо, так бы мовіць, іх брэндам. Менавіта маладыя навукоўцы падхапілі сусветную тэндэнцыю па папулярызацыі навукі і паставілі мэту — даказаць, што навука можа быць нясумнай, яна можа захапіць і доўга не адпусціць. Заняткі навукай — гэта і захапляльна, і перспектыўна... Каб да мерапрыемства не знікаў інтарэс, арганізатары імкнуцца не паўтарацца і кожны год дадаюць у праграму новыя «іскрынкі». А Усерасійкі фестываль NAUKA 0+ з яго больш чым дзесяцігадовым вопытам правядзення застаецца нязменным госцем у беларускай сталіцы.

Увогуле, для юных гасцей фестывалю было прадугледжана шмат актыўнасцяў. Хімічны факультэт БДУ прапаноўваў відовішчныя і цікавыя эксперыменты. Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН запрашаў на ўрокі па стварэнні гербарыя. Інстытут генетыкі і цыталогіі ладзіў майстар-клас «Паглядзі на ДНК», фізіка-тэхнічны інстытут — майстар-класы па зборцы электрычных схем, вырабе гіпсавых мадэляў, стварэнні катапульты. На пляцоўцы Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі працавала навукова-інжынерная лабараторыя «Гукі будоўлі».

Дзяржкарпарацыя «Расатам» прадставіла ў беларускай сталіцы Atom Cіty — камфортны, вясёлы, творчы і разумны горад будучыні, напоўнены навуковымі ідэямі і іх практычным прымяненнем. Іх пляцоўка была багатая на адукацыйна-забаўляльныя актыўнасці, накіраваныя на папулярызацыю атамнай энергетыкі і дэманстрацыю разнастайнасці сфер прымянення атамных тэхналогій.

Камандзіроўка на Паўднёвы полюс

Адным з гасцей пляцоўкі Atom Cіty стаў легендарны беларускі палярнік, інжынер-эколаг, кандыдат біялагічных навук Юрый ГІГІНЯК. Летась ён адзначыў адразу два юбілеі: 50 гадоў з першай экспедыцыі ў Антарктыду і сваё 75-годдзе. Упершыню Юрый трапіў на Паўднёвы полюс Зямлі ў 1970 годзе ў складзе 16-й Савецкай антарктычнай экспедыцыі і правёў на невялікім востраве паўтара гады. А ў 2019 годзе зноў накіраваўся на шосты кантынент у складзе 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якая стала для яго ўжо пятай па ліку. Дарэчы, сваю кандыдацкую дысертацыю па Антарктыдзе Юрый Гігіняк абараніў яшчэ ў далёкім 1975 годзе (дарэчы, адзіны ў Беларусі). Але гэта месца на планеце ўтрымлівае для чалавецтва яшчэ столькі загадак, таму працягвае вабіць вопытнага палярніка... Той упэўнены, што можа здзейсніць новую камандзіроўку на Паўднёвы полюс Зямлі. У гэтым годзе ён заняты на «Вялікай зямлі» ў новых дзяржаўных навуковых праграмах, таму, на жаль, чатырнаццатую экспедыцыю давядзецца прапусціць. А вось на пятнаццатую можна і замахнуцца. Калі слухаеш такога ўнікальнага чалавека, то не сумняваешся, што гэта не проста мары, а цалкам рэальныя планы.

Юрый ГІГІНЯК: «Псіхалагічная несумяшчальнасць можа стаць сур’ёзнай праблемай у замкнёнай прасторы. У такім выпаду застаецца толькі ісці да айсберга і скардзіцца яму на калегу...»

У гасцей фестывалю было шмат пытанняў да Юрыя. Як палярнікі дабіраюцца да Антарктыды? У якіх побытавых умовах яны там знаходзяцца? Ці ёсць у членаў экспедыцый нейкія традыцыі і забабоны? Як яны ратуюцца ад сонца і экстрэмальных умоў надвор'я? Што адбываецца з адходамі, якія ўтвараюцца ў выніку прысутнасці на ледзяным кантыненце чалавека? Цікавіліся і яго меркаваннем наконт глабальнага пацяплення на планеце.

— Як ні дзіўна, але тэмпература вады, якая акружае Антарктыду мільёны гадоў, застаецца нязменнай — мінус 2 градусы. Вучоныя даказалі, што назапашванне снегу на яе купале адбываецца з ранейшай хуткасцю. Вось вам і загадка, чаму Арктыка значна ў большай ступені адчувае кліматычныя змяненні, чым Антарктыда? Нядаўна ў Антарктыцы адкалоўся айсберг даўжынёй у 170 кіламетраў і да яго адразу столькі ўвагі! А вы зазірніце на 30—40 гадоў назад. Тады памеры айсбергаў даходзілі да 300 кіламетраў, і ніхто не казаў пра глабальнае пацяпленне. Такія гіганцкія льдзіны лётчыкі памылкова прымалі за астравы і фіксавалі іх на сваіх картах. А праз пару месяцаў тыя «знікалі»... Толькі 3 працэнты тэрыторыі шостага кантынента свабодныя ад лёду. У пытанні глабальнага пацяплення я падзяляю меркаванне вядомага беларускага кліматолага, акадэміка Уладзіміра Логінава. Ён лічыць, што перыяды пацяплення змяняюцца на планеце перыядамі пахаладання, гэта цыклічныя працэсы, і вось зараз мы, напэўна, знаходзімся ў перыядзе пацяплення, — кажа Юрый Гігіняк.

«Гутарка» з айсбергам

Па словах палярніка, экстрэмальныя ўмовы ў Антарктыдзе — літаральна на кожным кроку, таму побач з некаторымі палярнымі станцыямі ёсць могілкі аж на 40 чалавек. Надвор'е змяняецца вельмі імкліва. Вецер можа быць такі магутны, што становіцца немагчыма дыхаць, а бачнасць амаль нулявая. Таму тэхніка бяспекі павінна выконвацца вельмі жорстка. У Антарктыдзе няма белых мядзведзяў і ўвогуле няма драпежнікаў. Галоўны драпежнік там — птушка паморнік, якая падбірае падла.

Байкі пра пінгвінаў, якія, калі падаюць на спіну, без дапамогі чалавека не могуць устаць, Юрый назваў поўнай лухтой. «Пінгвіны вельмі таварыскія, я заходзіў у калонію імператарскіх пінгвінаў. Стаіш ціхенька паміж імі і цябе прызнаюць за свайго. Нешта табе расказваюць, — усміхаецца Юрый. — Галоўнае — не браць птушанят пінгвінаў у рукі. Ёсць нюансы, пра якія трэба ведаць...»

Пры адборы кандыдатаў у антарктычныя экспедыцыі пад увагу бяруцца не толькі іх фізічныя паказчыкі здароўя, але і псіхалагічная сумяшчальнасць паміж людзьмі, якім давядзецца доўгі час жыць і працаваць побач. Магчымасць выходзіць на сувязь з блізкімі і роднымі з'явілася ў палярнікаў зусім нядаўна. Так, падчас апошняй экспедыцыі адбыўся запуск інтэрнэт-сістэмы новага пакалення, якая дазваляе перадаваць вялікія аб'ёмы навуковай інфармацыі на Вялікую зямлю, а напрыканцы дня ва ўсіх членаў каманды быў час для зносін у месенджарах.

Валерыя САКОЛЬЧЫК: «Ці можна ставіць эксперыменты на людзях?»

— І ўсё ж псіхалагічная несумяшчальнасць можа стаць сур'езнай праблемай у замкнёнай прасторы. У такім выпаду застаецца толькі ісці да айсберга і скардзіцца яму на калегу... Калі мы паўтара года правялі на невялікім востраве ў кампаніі пяці чалавек, то ведалі ўжо ўсё адзін пра аднаго. І нават папраўлялі калегу ў яго аповедах: «Ты ж казаў, што хадзіў на спатканне да Дзіяны, а не да Вольгі», — жартуе Юрый Гігіняк.

Ён расказаў пра адну традыцыю — 19 студзеня, на праваслаўнае Хрышчэнне, самыя смелыя і загартаваныя палярнікі акунаюцца ў ваду, а яшчэ набіраюць асвяшчоную ваду і вязуць яе на радзіму.

Біяэтычныя калізіі

На Фестывалі навукі разгарнулі дзейнасць адразу чатыры лекцыйныя пляцоўкі. Пры адборы тэм і выступоўцаў арганізатары стараліся прытрымлівацца двух крытэрыяў: даступнасць выкладання матэрыялу і тэма, якая можа зацікавіць усіх. Адна з пляцовак працавала ў бліц-фармаце. Кожная лекцыя доўжылася 15 хвілін: за гэты час можна было даведацца, напрыклад, як надрукаваць сэрца, пра зомбі-вавёрак, энергетыку будучыні і тэорыю адноснасці... у кіно.

У лекцыйнай зоне «Пакідаючы зямлю» расказвалі пра тэхналогіі, якія спатрэбяцца на іншых планетах. Медыцынская лабараторыя SYNLAB Belarus прадставіла лекцыйную пляцоўку «Жыць вечна», у праграме якой прапаноўваліся лекцыі пра здароўе. А на пляцоўцы «Экстрэмальная навука» можна было пачуць пра небяспечныя біялагічныя тэхналогіі, ёгурты-»Забойцы» і паразважаць над этычнымі пытаннямі: ці можна ставіць эксперыменты на людзях? Такая прапанова прагучала ад кіраўніка Рэспубліканскага цэнтра біяэтыкі, дацэнта кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя Валерыі САКОЛЬЧЫК:

— Натуральна, што ўсе даследчыкі і медыкі думаюць пра чалавецтва і робяць усё ў імя людзей. Нобелеўскі лаўрэат у вобласці фізіялогіі Эрык Кэндэл казаў, што «дарога ў пекла пракладваецца добрымі людзьмі, якія забываюць пра маральныя дылемы». Раскажу толькі пра некаторыя эксперыменты, якія ўзрушылі сусветную грамадскасць.

Адзін з самых жахлівых — эксперымент Таскігі. Аб'ектам вывучэння сталі 600 бедных афраамерыканцаў у штаце Алабама ў ЗША. Мэтай было вывучыць усе стадыі працякання сіфілісу, не ўмешчваюся ў працяканне хваробы. Эксперымент распачаўся ў 1932 годзе. У 1947 годзе быў вынайдзены пеніцылін, і сіфіліс стаў вылечнай хваробай. Але даследчыкі для чысціні эксперымента схавалі ад ўдзельнікаў гэту інфармацыю і працягнулі свае назіранні без прымянення выратавальнага лякарства. Яны проста фіксавалі, як людзі паміраюць, як заражаюць сваіх блізкіх і як у іх нараджаюцца хворыя дзеці. А калі нейкім чынам інфармацыя прасачылася ў прэсу, выбухнуў скандал. Эксперымент над людзьмі доўжыўся 40 гадоў!!! Толькі ў 1997 годзе Біл Клінтан афіцыйна папрасіў прабачэння, і пацярпелыя атрымалі 9 мільёнаў долараў кампенсацыі.

Прыкладам жудаснай халатнасці стала таледамідная трагедыя ў 1956—1961 гадах, у якую аказаліся ўцягнутыя 52 краіны свету. На фармацэўтычны рынак выйшаў прэпарат нямецкай кампаніі талідамід з заспакаяльным і снатворным эфектам. Апроч таго, талідамід уваходзіў у склад лекавых сродкаў для самых розных выпадкаў: ён прымяняўся для лячэння астмы, павышанага крывянога ціску, мігрэні. Выпускаўся пад 37 рознымі назвамі і ў многіх краінах займаў другое месца па папулярнасці пасля аспірыну. Рэклама сцвярджала, што «талідамід — лепшае лякарства для цяжарных і кормячых маці». Вось толькі ніхто не паклапаціўся, каб правесці дадатковыя даследаванні і даведацца, як гэты прэпарат уплывае на цяжарных жанчын. А наступствы аказаліся жахлівыя: на свет за кароткі час нарадзіліся 12 тысяч немаўлят з сур'ёзнымі прыроджанымі анамаліямі развіцця. Спачатку спрабавалі звязаць гэтыя факты з наступствамі экалогіі. І толькі значна пазней высветлілася, што талідамід бясшкодны для самой жанчыны, але ўплывае на плод, асабліва ў першым трыместры цяжарнасці. Верагоднасць з'яўлення дзіцяці з фізічнымі дэфармацыямі з'яўлялася пасля прыёму ўсяго адной таблеткі талідаміду на ранніх стадыях цяжарнасці.

— Вось чаму ў грамадстве абавязкова павінны быць дакладныя і зразумелыя інструменты, якія дазваляюць ставіць бар'ер перад негуманнымі даследаваннямі або іх кантраляваць, — падкрэслівае Валерыя Сакольчык. — Вы можаце сказаць, што падобныя выпадкі — з сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі яшчэ не існавала біяэтыкі і біяэтычных кодэксаў. Але вось вам зусім свежы прыклад. 2018 год, Ганконг. На саміце генетыкаў кітайскі навуковец Хе Джэнкуй абвяшчае, што ён ажыццявіў працэдуру рэдагавання геному эмбріёна, у выніку якой нарадзіліся дзве дзяўчынкі-блізняты Лула і Нана з неўспрымальнасцю да ВІЧ-інфекцыі. Гэта добра? На першы погляд, так. Але чаму тады і генетыкі, і этычныя камітэты моцна абурыліся? Насамрэч, ніхто не ведае на сёння дакладна, за што адказвае рэдагаваны ген: толькі за ўспрымальнасць да ВІЧ-інфекцыі ці яшчэ за што-небудзь? Да таго ж дзяўчынкі, калі вырастуць, самі стануць маці, а гэта значыць, што генетычныя змены пойдуць у чалавечы род. А да чаго гэта можа прывесці праз пэўны час, ніхто сёння сказаць не можа. І нават калі бацькі дзяўчат далі сваю згоду на гэты эксперымент, ёсць такое паняцце, як правы эмбрыёна, — з генетычнымі змяненнямі жыць не бацькам, а іх дзецям..

Якой сістэмай каштоўнасцяў кіруюцца даследчыкі ў прыняцці і тых ці іншых важных медыцынскіх рашэнняў? Дзе межы дапушчальных рызык у медыцыне і ўмяшання ў фізічную і псіхічную цэласнасць чалавека? Ці мае права чалавек эксперыментаваць над жывёламі? Сёння гэта ўжо не абстрактныя пытанні — імі займаецца новая міждысцыплінарная навуковая галіна — біяэтыка...


Даведачна

Арганізатарам мерапрыемства стаў Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Мэта фестывалю — павышэнне прэстыжу навукі ў грамадстве, папулярызацыя дасягненняў беларускіх вучоных і сусветнай навукі, а таксама прыцягненне навучэнцаў і студэнтаў да заняткаў навукова-даследчай дзейнасцю.

Навука можа быць нясумнай, яна можа захапіць і доўга не адпускаць. Пераканацца ў гэтым змаглі ўсе мінчане, якія вырашылі правесці свой уік-энд на Фестывалі навукі ў Цэнтральным батанічным садзе. 

Фармат мерапрыемства, якое прайшло ў сталіцы ўжо ў трэці раз, разлічаны на сем’і з дзецьмі любога ўзросту. Галоўны прынцып — расказваць пра складаныя рэчы максімальна проста! І не толькі расказваць, але і паказваць...

«Гэта наша традыцыйнае, ужо брэндавае мерапрыемства, — падкрэслівае старшыня Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір ГУСАКОЎ. — Тут прадстаўлены розныя навуковыя напрамкі, распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук, выйшэйшыя навучальныя ўстановы, ёсць і замежныя госці. Наведвальнікі ўсіх узростаў могуць пазнаёміцца з распрацоўкамі айчынных вучоных, даведацца, як праходзяць навуковыя даследаванні і эксперыменты. На фестывалі шмат новага, арыгінальнага, незвычайнага, мы стараемся не паўтарацца . Наша задача — паказаць удзельнікам свята ў даступнай форме, што ўяўляе сабой навука, распавесці пра яе дасягненні, акрэсліць перспектывы, паказаць, да чаго мы павінны імкнуцца. Космас, інфарматыка, машынабудаванне, нанатэхналогіі, медыцынскія, аграрныя і біятэхналогіі, гісторыя — усяму нададзена ўвага».

Арганізатарам і ідэйным натхняльнікам Фестывалю навукі выступае Савет маладых вучоных НАН Беларусі.

— Сёння не толькі Акадэмія навук, але і амаль усе найбуйнейшыя ВНУ краіны прадстаўлены тут. Прыехалі таксама нашы калегі з Усерасійскага Фестывалю навукі NAUKAO+ і дзяржкарпарацыі «Расатам». Калі першы Фестываль навукі наведалі каля 6 тысяч чалавек, то другі сабраў ужо больш за 10 тысяч. Разлічваем, што ў гэты раз наведвальнікаў будзе не менш, — адзначыў галоўны вучоны сакратар, старшыня Савета маладых навукоўцаў НАН Андрэй ІВАНЕЦ.

На Фестывалі навукі разгарнулі працу адразу чатыры тэматычныя лекцыйныя пляцоўкі. Пры адборы тэм і выступоўцаў арганізатары стараліся прытрымлівацца двух крытэрыяў: даступнасць выкладання матэрыялу і тэма, якая можа зацікавіць усіх. На пляцоўцы «Экстрэмальная навука» можна было пачуць пра небяспечныя тэхналогіі і паразважаць над этычнымі пытаннямі: ці можна ставіць эксперыменты на людзях? У лекцыйнай зоне «Пакідаючы зямлю» расказвалі пра тэхналогіі, якія спатрэбяцца на іншых планетах, а медыцынская лабараторыя SYNLAB Belarus прадставіла лекцыйную пляцоўку «Жыць вечна», у праграме якой прапноўваліся лекцыі пра здароўе. Яшчэ адна лекцыйная пляцоўка працавала ў бліц-фармаце. Кожная лекцыя доўжылася 15 хвілін, за гэты час можна было даведацца пра энергетыку будучага, 3D-біяпрынцінг, міфы пра генетычна-мадыфікаваныя арганізмы і касмічную праграму.

Госцем пляцоўкі «Росатама» стаў легендарны беларускі палярнік , біёлаг Юрый ГІГІНЯК. Першы раз ён трапіў на Паўднёвы полюс Зямлі ў 1970 годзе ў складзе 16-й Савецкай антарктычнай экспедыцыі і правёў там паўтара гады. А праз 50 гадоў ён зноў адправіўся на шосты кантынент у складзе 12-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, якая стала для яго ўжо пятай па ліку. Летась ён адзначыў сваё 75-годдзе, але ўпэўнены, што можа здзейсніць новую камандзіроўку на Паўднёвы полюс планеты. Дарэчы, сваю кандыдацкую па Антарктыдзе ён абараніў яшчэ ў 1975 годзе.

Для юных гасцей фестывалю было прадугледжана шмат актыўнасцей. Хімічны факультэт БДУ прапаноўваў відовішчныя і цікавыя эксперыменты. Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН запрашаў на ўрокі па стварэнні гербарыя. Інстытут генетыкі і цыталогіі ладзіў майстар-клас «Паглядзі на ДНК». Фізіка-тэхнічны інстытут — майстар-класы па зборцы электрычных схем , вырабу гіпсавых мадэляў, стварэнню катапульты. На пляцоўцы Інфармацыйнага цэнтра па атамнай энергіі працавала навукова-інжынерная лабараторыя «Гукі будоўлі». 

Дзяржкарпарацыя «Расатам» прадставіла пляцоўку, прысвечаную атамным тэхналогіях Atom City з адукацыйна-забаўляльнымі актыўнасцямі, накіраванымі на папулярызацыю атамнай энергетыкі і дэманстрацыю разнастайнасці сфер прымянення атамных тэхналогій. Усерасійскі фестываль навукі NAUKA0 + прывёз купальны кінатэатр, прэзентаваў Гіпермузей і паказаў фотавыставу «Здымай навуку». 

Свята атрымалася на славу. Некаторых яго юных удзельнікаў бацькі ўвогуле не маглі «за вушы» выцягнуць з Батанічнага сада... Дарослыя таксама яшчэ доўга будуць гугліць у інтэрнэце інфармацыю, якая зацікавіла іх на лекцыйных пляцоўках. Напрыклад, пра сінтэтычную біялогію, уплыў на мікрабіём чалавека, «небяспечныя ёгурты» , якія могуць стаць эфектыўным вектарам атакі, ці рэдагаванне генома чалавека.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.