Вы здесь

Кніга як душэўная размова


Цяжка не заўважыць, як імкліва цяпер развіваюцца ў беларускім прыгожым пісьменстве новыя літаратурныя жанры, асабліва тыя, што адносяцца да масавай літаратуры.

Здаецца, і не прыгадаць, якія знаходкі з арсенала еўрапейскага мастацкага досведу ў ёй сёння не задзейнічаны. Але чытачы працягваюць скардзіцца на адсутнасць «сваёй кнігі». І гэтае «няма што чытаць» наводзіць на думку, што сучасны чытач пакутуе не ад недахопу кніг, а ад адсутнасці суразмоўцы, таго ідэальнага аўтара, які б прадставіў не проста цікавы сюжэт ці запамінальнага героя, але, перш наперш, меў блізкі светапогляд.

Адным з самых цікавых адкрыццяў мінулага года стала для мяне проза Таццяны Мушынскай, якая ўвайшла ў чароўную ва ўсіх сэнсах кнігу «Джульета і экстрасэнс». Імя гэтай аўтаркі было мне вядома і раней, але не ў якасці стваральніцы выключна густоўнай, тонкай жаночай прозы. Пад жаночай у гэтым выпадку разумеецца не столькі гендарны аспект, колькі жанравы —адразу тры з прадстаўленых у кнізе аповесцяў з поўным на тое правам могуць быць азначаныя як «любоўныя раманы». Мяне заўсёды здзіўляла адсутнасць у нашай прозе твораў, дзе б каханне адбывалася не на фоне нейкіх гістарычных падзей, а было самастойнай гісторыяй.

У юнацтве я была страшэнна захопленая творамі С. Маэма, і асабліва яго славутым «Тэатрам». І трэба прызнаць, што гэтую захопленасць — у першую чаргу да чароўнага свету мастацтва — пранесла праз усё сваё дарослае жыццё. Таму

аповесці Т. Мушынскай, героямі якой сталі спявачкі і кампазітары, рэжысёркі і акцёры, мастакі і іх мадэлі, сталі для мяне ў пэўнай ступені сатысфакцыяй за доўгія гады чакання прозы, якая б адначасова апелявала да розуму і сэрца.

Парадокс прозы Таццяны Мушынскай заключаецца ў тым, што, нягледзячы на тое, што месцам дзеяння ў гэтых творах з'яўляюцца канцэртныя пляцоўкі і мастацкія майстэрні, тэатры і выставачныя залы, у творах няма спецыфічнага флёру багемнасці, знаёмай нам хутчэй па замежнай літаратуры, чым па ўласным жыцці. Гартаючы без напругі і прымусу старонку за старонкай гэтай немалой кнігі, ты бачыш сапраўдную Беларусь і сапраўдных беларусак. І смешны—як для еўрапейца—эпізод, дзе оперная дзіва закрывае на зіму кансервы і ўяўляе, як будзе распавядаць пра гэта ў наступным інтэрв'ю, выглядае цалкам натуральным. Бо сапраўды на-

ша жанчына — і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц.

Цікава, што артыстычны асяродак, які апісваецца ў аповесцях «Доўгае развітанне», «Апошняе каханне Дон-Кіхота», «Джульета і экстрасэнс», дае выдатную магчымасць, каб паказаць не столькі праявы творчага індывідуалізму, колькі выявіць нацыянальны характар. Так, спявачка класічнага рэпертуару Надзя — гераіня «Доўгага развітання»— пакутуе не ад таго, што не можа справіцца з бытавымі клопатамі, мала сумяшчальнымі з артыстычным жыццём, а таму, што не хоча ды і не ўмее жыць у свеце, дзе ўсё вырашаюць грошы.

Сарамлівая, стрыманая, з адчуваннем уласнага гонару галоўная гераіня ірвецца паміж высокім светам мастацтва і неабходнасцю зарабляць грошы на сям'ю. За што і мае вечныя кпіны з боку былога мужа, які не не ды і нагадае, маючы на ўвазе людзей культуры: «Калі вы такія высакародныя, чаму дзяржава вас так нізка цэніць?» Сам ён даўно ўжо адмовіўся ад мастацтва і лічыць недарэчнай «карону» на галаве беднай, але працавітай жонкі. Відавочна, што дыялогі паміж імі (у чым праўда: грашах ці чыстым мастацтве?) маюць у сваі м падмурку рэальнасць ці, прынамсі, з'яўляюцца плёнам доўгага роздуму самой аўтаркі і яе атачэння.

Гэтая ж тэма неаднойчы падымаецца і ў іншых творах Мушынскай. Створаны ёю воб-

раз сучасніцы — гэта вобраз жанчыны, якая ўвесь час раздвойваецца праз неабходнасць існаваць у рэальным свеце і ў свеце высокай культуры. Так, фінал аповесці «Доўгае развітанне» здзіўляе, бо твор завяршаецца зусім не хэпі-эндам, што было б даволі натуральным у межах выбранага жанру. Гераіня зноў аказваецца перад выбарам, на раздарожжы, ад якога яна пакутавала ўсё сваё творчае жыццё... З другога боку, такі адкрыты фінал цалкам адлюстроўвае і рэальнае чалавечае жыццё, і раздвоенасць нашай беларускай душы, пра якую столькі пісалі класікі беларускай літаратуры.

Разам з тым кніга «Джульета і экстрасэнс» па-добраму ўражвае тым, што ў кожнай старонцы, у кожным радку пазнаецца сучаснасць ці, як цяпер любяць казаць, «рэаліі». І гэта выяўляецца не столькі ў апісанні наваколля ці побыту, колькі ў саміх развагах і назіраннях аўтаркі. Аматарка і знаўца тэатральнага жыцця, чалавек вельмі сучасных поглядаў, Мушынская прадстае ў ролі не ментара, які ведае, «як трэба», а хутчэй блізкага сябра. З аднаго боку, яна як быццам бы расказвае табе гісторыі, добра знаёмыя ёй самой, гісторыі, дзе чуюцца амаль суседскія інтанацыі. З другога

—  у тэкставую канву іх уплеценыя вельмі неардынарныя асабістыя назіранні пра асаблівасці сучаснага мастацтва, якое аўтарка не толькі ведае, але і

можа выказаць з тонкасцю сапраўднай даследчыцы. Прычым уплецены яны ў аповед так лоўка, што ты не адчуваеш іх нейкую чужароднасць, элітарнасць, высакапарнасць. Яны выдатна супастаўляюцца з тваімі ўласнымі назіраннямі, нават тады, калі раней ты нават і не задумваўся над гэтай з'явай. Так абсалютна нечаканым стала для мяне параўнанне працы крытыка і спявачкі. Вось жа, здавалася б, што тут можа быць агульнага, а пачытаеш аўтара і думаеш—як гэта я раней не заўважала?!

Усе творы ў кнізе — а тут і чатыры вялізныя аповесці, і апавяданні, і абразкі — чытаюцца проста выдатна. І справа тут, мажліва, нават не ў займальным сюжэце і блізкім коле тэм, колькі ў самой сакавітай мове, якой гаворыць і піша аўтарка. Таццяна Мушынская не злоўжывае нейкімі спецыфічнымі дыялектызмамі, паўната і мастацкасць яе мовы ствараюцца за кошт вялікай колькасці фразеалагізмаў—прыказак, прымавак, якія дасталіся ёй у своеасаблівую спадчыну ад бабулі па кудзелі. Цікава піша пра гэта сама пісьменніца: «У гарадскіх дзяцей і падлеткаў, якія вывучаюць мову па кнігах, па творах літаратуры, а не ў жывым і натуральным моўным асяроддзі (а яго ніколі зашмат у горадзе не было, а цяпер наогул усё менш і меншае, і меншае), мова амаль заўсёды мае смак дыстыляванай вады. Нібыта і вада, нібыта і празрыстая, нібыта і смагу наталяе... А не калодзежная, не крынічная.

Смаку сапраўднага—няма. Няма, і ўсё тут».

Напэўна, найцікавейшым момантам прозы Мушынскай ёсць гэтая паўната смаку, якая асабліва адчуваецца ў выдатнай дакументальнай аповесці «Сад маіх успамінаў». Слова «дакументальная» тут падкрэслівае непрыдуманасць гісторыі, але я б, па шчырасці, яго б з загалоўка прыбрала. Бо гэта тонкі, кранальны, поўны фарбаў, водараў і дотыкаў аповед пра жыццё сапраўднай беларускай сям'і. Грушаўка — раён Мінска,

— дзе правяла сваё дзяцінства і юнацтва аўтарка, знайшла ў яе асобе выдатнага гістарыёграфа і мастака. Атмасфера гэтага месца, яго душэўнасць наўрад ці калі-небудзь змогуць быць паказаныя лепш...

Прызнаюся, што мне, чалавеку далёка не сентыментальнаму, было дзіўна заспець сябе за чытаннем гісторыі зусім чужога жыцця а трэцяй гадзіне ночы, але факт ёсць факт—ад гэтай аповесці цяжка сябе адцягнуць. Тут і стары Мінск, і старыя людзі, і старыя цяністыя сады... А глытаецца гэта ўсё імгненна, як робіцца той глыток крынічнай вады, пра які гаварыла аўтарка. Калі першыя тры аповесці я б рэкамендавала ў першую чаргу жаночай аўдыторыі, то «Сад маіх успамінаў» — выдатнае чытво без усякіх абмежаванняў. Густоўнае, яркае, незвычайнае ў сваёй паветранай атмасферы чытво, якому хочацца пажадаць шчаслівага лёсу.

Ганна КІСЛІЦЫНА

Выбор редакции

Культура

Хорватский кинофестиваль ZаgrеbDох исследует регион большим экраном

Хорватский кинофестиваль ZаgrеbDох исследует регион большим экраном

Балканские страны предстали перед зрителем с их насущным.  

Общество

Суворовское училище глазами его учащихся

Суворовское училище глазами его учащихся

Быть суворовцам во все времена было престижно.  

Общество

Интернет — зона риска или комфортных покупок?

Интернет — зона риска или комфортных покупок?

На 1 января было зарегистрировано 19 400 интернет-магазинов.