Вы здесь

Скарбы зямлі


У нетрах Беларусі ёсць яшчэ шмат выкапняў, якія мы выкарыстоўваем недастаткова.

Прадстаўляючы новага міністра калектыву Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі два месяцы таму, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін падкрэсліў, што на дадзены момант асноўнай задачай ведамства з'яўляецца імпартазамяшчэнне замежных паліўных рэсурсаў айчыннымі сыравіннымі матэрыяламі. А для гэтага, у сваю чаргу, трэба актыўна нарошчваць іх здабычу. Пра гэта гаварыў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы міністра з дакладам.

У інтэрв'ю «Звяздзе» міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута распавядае пра тое, якія віды рэсурсаў найбольш перспектыўныя для распрацоўкі ў найбліжэйшай будучыні, а таксама як захаваць баланс паміж тымі задачамі, што стаяць перад міністэрствам у частцы разведкі і здабычы выкапняў, і экалагічнымі праблемамі, якія ўзнікаюць у працэсе распрацовак.

5

— Андрэй Марленавіч, вы неяк сказалі, што ў Беларусі можа быць выяўлена шмат радовішчаў карысных выкапняў. Здабыча якіх можа ўяўляць найбольшую эканамічную каштоўнасць для краіны?

— Трэба адзначыць, што тэрыторыя Беларусі нядрэнна вывучана. Практычна ўсе радовішчы, якія знаходзяцца на паверхні, ужо адкрыты. Аднак ёсць у нетрах і нявывучаныя ўчасткі, і іх шмат. Але калі мы гаворым аб нетрах, распрацоўка якіх найбольш мэтазгодная для краіны, гэта, найперш за ўсё, радовішчы калійных соляў. Выяўлены 3 буйныя радовішчы: Старобінскае, Акцябрскае і Петрыкаўскае. Сыравінная база ў нас дастаткова буйная— больш за 7,5 млрд тон соляў разведана, ёсць і яшчэ запасы.

Торф таксама наша традыцыйная энергетычная сыравіна, прычым узнаўляльная, прырастае на 1 см за 100 гадоў. Ён выкарыстоўваецца як паліва, як угнаенне для сельскагаспадарчых работ, у хімічнай вытворчасці, з яго нават робяць і нейкія касметычныя сродкі. Яшчэ адзін від перспектыўнай сыравіны— каменная соль. Да гэтага таксама можна далучыць даламіты, у тым ліку кубападобнай формы, якія выкарыстоўваюцца для будаўніцтва дарог.

Гэта тыя віды сыравіны, якія ў нас ужо распрацаваны добра, але перад беларускімі геолагамі стаіць задача— пошук новых радовішчаў. Мы маем вялікі вопыт у вывучэнні нетраў, і ён можа выкарыстоўвацца і ў дачыненні да замежжа. Гаворка ідзе пра экспарт паслуг і выкананне работ у іншых краінах, напрыклад у Туркменістане, дзе з дапамогай беларускіх спецыялістаў ужо будуецца камбінат калійнай солі. Тая ж нафта: беларускія спецыялісты працуюць у Венесуэле, Расійскай Федэрацыі, іншых краінах.

— Дарэчы, пра нафту. А ў нас ці ёсць перспектывы на выяўленне новых нафтавых радовішчаў?

— Сёння эфектыўнай тэрыторыяй, дзе ўжо знойдзена нафта і будуць адкрыты новыя радовішчы, з'яўляецца Прыпяцкі прагіб на поўдні Беларусі. Перспектыўнымі плошчамі на выяўленне гэтага віду сыравіны з'яўляюцца Падляска-Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны. Працы на дадзеных плошчах плануецца ажыццявіць у новай пяцігодцы сіламі спецыялістаў дзяржаўнага прадпрыемства «НПЦ па геалогіі».

— Якія карысныя выкапні, на ваш погляд, выкарыстоўваюцца цяпер недастаткова або зусім не выкарыстоўваюцца? Якія рэсурсныя сектары павінны атрымаць развіццё ў найбліжэйшай будучыні?

— Па-першае, на мой погляд, недастаткова мы выкарыстоўваем ваду: прэсную і асабліва мінеральную. У нас ёсць, напрыклад, вада, якая па сваёй каштоўнасці не саступае такой знакамітай, вадзе як «Нафтуся» з Трускаўца. Беларусь валодае прагнознымі рэсурсамі прэсных падземных вод у аб'ёме больш за 50 млн куб. метраў у суткі.

На 1 студзеня 2015 года разведаны і зацверджаны балансавыя запасы прэсных падземных вод пітнога прызначэння ў колькасці 6,6 млн куб. метраў у суткі на 319 участках радовішчаў прэсных падземных вод, з іх 208 дзейнічаюць, сумарны адбор прэсных вод складае больш за 530 млн куб. метраў у год, што складае толькі 22% ад разведаных запасаў. Мінеральных вод рознага хімічнага складу і мінералізацыі разведана 240 радовішчаў.

Ёсць у нас бентанітавыя гліны, якія выкарыстоўваюцца для форм-адлівак з металу і як гідраізаляцыйны матэрыял. Зараз гэты матэрыял мы закупляем у іншых краінах (у Польшчы).

Для фарфоравай прамысловасці мы завозім калінавыя гліны, хаця маем свае радовішчы. Але наша гліна не адпавядае патрабаванням вытворцаў. Калі ж зноў-такі папрацаваць над тэхналогіямі, мы маглі б цалкам перайсці на сваю сыравіну.

Да гэтага ж разраду можна аднесці і сіліціты, якія знаходзяцца ў раёне Хоцімска Магілёўскай вобласці. Іх выкарыстоўваюць у цэментнай прамысловасці, а таксама як кармавую дабаўку для жывёл (карбанатных парод). Яны нават могуць прымяняцца для пажаратушэння, таму што не гараць.

Існуюць перспектывы выяўлення прамысловых запасаў такіх карысных выкапняў, як каляровыя і высакародныя металы (золата, плаціна, паладый, медзь), алмазы, уран, бурштын, алюмініевая і содавая сыравіна (баксіт-даўсанітавыя руды). Але ж трэба разумець, што гэтыя выкапні выглядаюць як праяўленні, весці іх прамысловую здабычу пакуль немэтазгодна. Але ў наступнай пяцігодцы плануецца працяг геолагаразведачных работ па гэтых напрамках, у тым ліку з прыцягненнем для іх выканання пазабюджэтных крыніц.

2

— А дзе ў нас радовішчы золата і бурштыну?

— Бурштын знаходзіцца ў асноўным у Брэсцкай вобласці, золата— у Мінскай (Аколаўскае радовішча). Апошняе было выяўлена ў сувязі з даследаваннямі жалезных руд, іх запасы разведаны, але пакуль што не распрацоўваюцца. Якасць нядрэнная, нават і добрая, але, на жаль, разведалі пакуль што няшмат. Каб працягнуць работу, мы плануем звярнуцца да інвестараў, якія могуць прымяніць сучасныя тэхналогіі.

Гэта тычыцца і нашых бурых вугляў, якія ў нас невысокай якасці. Гэта вельмі перспектыўная сыравіна, але пры тых тэхналогіях, што маюцца зараз, здабыча атрымліваецца эканамічна нявыгаднай. Трэба шукаць новыя тэхналогіі, інвестараў.

— За кошт якіх выкапняў (ці крыніц) Беларусь можа пашырыць сваю мінеральна-сыравінную базу? Ці ёсць будучыня ў ветраэнергетыкі і іншых альтэрнатыўных крыніц энергіі?

— Трэба разумець, што ўся мінеральная сыравіна даражэе, як бы там ні было, таму стаіць пытанне аб большым выкарыстанні натуральных крыніц энергіі. Асноўнымі аднаўляльнымі крыніцамі, якія цяпер актыўна развіваюцца ў краіне, з'яўляюцца біягаз, энергія сонца, ветру, геатэрмальная энергія і біямаса. На бягучы момант працуюць16 біягазавых комплексаў сумарнай магутнасцю 21,5 МВт, якія дазваляюць замясціць 93 тысячы тон умоўнага паліва імпартуемых энергарэсурсаў.

У Беларусі працуюць 50 ветраэнергетычных установак сумарнай магутнасцю 40 МВт. У дзяржаўным кадастры аднаўляльных крыніц энергіі маецца інфармацыя аб укараненні 46 сонечных электрастанцый сумарнай магутнасцю 12 МВт.

Жыхарам краіны варта звярнуць увагу на эканамічнасць выкарыстання цеплавых помпаў і розных геліяўстановак для бытавых мэт. Далейшае развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі таксама бачыцца ў выкарыстанні адходаў раслінаводства, камунальных адходаў, звалачнага газу, ападкаў, сцёкавых вод.

— Якія перспектывы ў канцэсіі?

— Канцэсійныя дамовы— перспектыўны напрамак у разведцы і здабычы, найперш за ўсё, калійных соляў, вуглевадароднай сыравіны. Так, у якасці канцэсійных аб'ектаў адпаведным указам Прэзідэнта вызначаны дзве нафтаперспектыўныя структуры ў Гомельскай вобласці: Акуліцкая і Пазнякевіцкая. Да канца бягучага года Мінпрыроды па выніках конкурсу вызначыць канцэсіянераў у гэтай галіне.

Пэўная перспектыва па пашырэнні здабычы ўласнай вуглевадароднай сыравіны звязана з так званымі «сланцавым» газам і «сланцавай» нафтай. У 2015 годзе плануецца правядзенне сямі конкурсаў па выбары канцэсіянераў для перадачы радовішчаў жалезных руд Аколаўскае і Навасёлкаўскае, радовішча гіпсу Брынеўскае, радовішча бентанітавых глін Астражанскае, радовішча мелу Добрушскае.

Падкрэслю, што ў канцэсію мы прапануем толькі тую сыравіну, якой у нас хапае, каб інвестары пашырылі здабычу, і тую, для распрацоўкі якой патрабуюцца новыя тэхналогіі. Трэба мець на ўвазе, што гэта яшчэ і новыя працоўныя месцы, і дадатковыя падаткі ў дзяржаўную казну.

— Андрэй Марленавіч, на ваш погляд, як захаваць баланс паміж тымі задачамі, што стаяць перад міністэрствам у частцы разведкі і здабычы выкапняў, і экалагічнымі праблемамі, якія ўзнікаюць у працэсе распрацовак? Напрыклад, вядома, што здабыча сланцавага газу можа адмоўна адбіцца на якасці пітных вод.

— Так, нейкая супярэчнасць ёсць: з аднаго боку, здабыча карысных выкапняў, з другога— ахова навакольнага асяроддзя. Аднак я хачу падкрэсліць: усе геалагічныя праекты здабычы карысных выкапняў абавязкова праходзяць экалагічную экспертызу ў складзе геалагічных прадпрыемстваў. Спецыялісты сочаць на працягу ўсёй дзейнасці за тым, каб не парушаліся экалагічныя нормы ці каб шкода была найменшай. Праектаванне заўсёды пачынаецца з экспертызы: як будзе распрацоўвацца радовішча і што будзе потым на гэтым месцы, дакладней кажучы— якую рэкультывацыю пасля яго распрацоўкі трэба зрабіць.

Што тычыцца здабычы сланцавага газу, зараз у нас ідуць толькі навуковыя работы. Ёсць перадумовы яго знаходжання, мы не можам казаць, ці адкрыем мы радовішча, каб здабываць гэтую сыравіну ў прамысловых маштабах. Калі ж гэтыя газы і будуць выяўлены, яны знаходзяцца на глыбінях больш за два-тры кіламетры, дзе няма пітных вод.

Акрамя таго, на прыродаахоўных тэрыторыях не вядзецца ні разведка, ні тым больш распрацоўка карысных выкапняў. Гэтыя асабліва ахоўныя тэрыторыі з'яўляюцца месцамі, недатыкальнымі для геалогіі.

— У апошні час экалогія стала моднай тэмай...

— Ахова прыроды— гэта канстытуцыйнае права і абавязак кожнага грамадзяніна і нават тых гасцей, якія да нас прыязджаюць. Тое, што больш сталі цікавіцца экалагічнай тэмай,— гэта ж вельмі добра. Але, на жаль, павінен канстатаваць, што стаўленне да прыроды ў нас пакуль у большасці абыякавае і спажывецкае. У тым сэнсе, што навакольнае асяроддзе мы ўспрымаем як сваю бясспрэчную ўласнасць.

Што тычыцца экалагічнай моды: гэта добра, калі чалавек збярэ за сабой смецце і не будзе забруджваць атмасферу. Ведаеце, калі чыста, чалавеку нават і не хочацца смецце кідаць, а вось калі будзе валяцца хоць адна паперка, тады бяда— усе пачынаюць смеціць.

Чалавечы век кароткі, мы не маем права распараджацца прыродай, яна нам не належыць. Ахова навакольнага асяроддзя патрэбна найперш чалавеку, бо ён жыве ў ім, а прырода была, ёсць і будзе, забруджана яна ці не. Таму мы самі павінны стварыць умовы для сябе і сваіх нашчадкаў.

Наталля КАРОТКАЯ

Фо­та Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбор редакции

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Сельское хозяйство

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Успех зависит от соблюдения отраслевых регламентов и технологий.

Регионы

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

«Императорский» туристический маршрут поможет развивать сельскую территорию.