Вы здесь

Пан Гі Мун: «У змены клімату няма пашпарта: выкіды ў адным месцы пагаршаюць становішча ў любым іншым»


З 30 лістапада па 11 снежня 2015 года ў Парыжы пройдзе 21-я канферэнцыя, якая праводзіцца ў рамках Канвенцыі ААН па кліматычных зменах, прысвечаная праблемам навакольнага асяроддзя. Мерапрыемства стане адной з найбуйнейшых міжнародных падзей. Сама меней 147 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў плануюць прыняць удзел у рабоце міжнароднага саміту. Чакаецца, што на канферэнцыі будзе прынята ўсеагульнае пагадненне, якое вызначыць шляхі пераходу да нізкавугляроднай эканомікі, здольнай супрацьстаяць кліматычным зменам. Чаго чакае ад канферэнцыі Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун? Аб гэтым, што называецца, з першых вуснаў.

28-63

Што ў прыярытэце

«Як кіраўнік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый я паставіў змяненне клімату ў лік прыярытэтных пытанняў таму, што ніводная краіна не можа справіцца з гэтай праблемай самастойна. У змены клімату няма пашпарта: выкіды ў адным месцы пагаршаюць становішча ў любым іншым. Змяненне клімату пагражае жыццю людзей і багатае на наступствы для крыніц сродкаў да існавання ў любым пункце свету. Гэта пагроза экалагічнай стабільнасці і бяспецы цэлых краін», — лічыць Генеральны сакратар ААН.

На яго думку, працэс перамоў ідзе павольна і спалучаны з цяжкасцямі. «У адказ на заклік Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 166 краін, на якія сукупна прыпадае больш за 90 працэнтаў выкідаў, прадставілі нацыянальныя планы дзеянняў у сувязі са зменай клімату з мэтавымі паказчыкамі. Калі яны будуць паспяхова выкананы, гэта дазволіць змяніць крывую выкідаў да канца стагоддзя і давесці прагназаванае глабальнае павышэнне тэмпературы прыкладна да 3°С», — заўважае Пан Гі Мун.

Па яго словах, гэта вялікае дасягненне, але недастатковае. Сёння задача ў тым, каб павышэнне агульнасусветнай тэмпературы не перасягнула 2°С. На думку Генеральнага сакратара ААН, Парыжская канферэнцыя па змяненні клімату — не канчатковая мэта. «Гэта адпраўны пункт, а не вынік нашых дзеянняў. Ён павінен задаць устаноўку на скарачэнне аб'ёму выкідаў і павышэнне супраціўляльнасці да наступстваў змены клімату», — лічыць ён. Цяпер урадам трэба будзе заключыць у Парыжы змястоўнае і абавязковае для ўсіх пагадненне, у якім былі б вызначаны дакладныя правілы паводзін, нацэленыя на дасягненне глабальнай мэты.

Залог поспеху

У сваім артыкуле Пан Гі Мун выказаў думку, што залогам поспеху Парыжскай канферэнцыі з'яўляюцца чатыры ключавыя элементы: паслядоўнасць, гнуткасць, салідарнасць і давер. Варта сфармуляваць доўгатэрміновую стратэгію з устаноўкай на захаванне ўзроўню павышэння тэмпературы ніжэй за два градусы і даць выразны сігнал рынкам пра тое, што пераарыентацыя сусветнай эканомікі на зніжэнне залежнасці ад вуглевадародаў непазбежная і карысная і ўжо ажыццяўляецца.

Пагадненне, якое будзе заключана, павінна ўлічваць змены ў сусветнай эканоміцы і забяспечваць баланс паміж вядучай роляй развітых краін і ростам уплыву краін, якія развіваюцца. Акрамя таго, неабходна, каб пагадненне сцвярджала прынцып салідарнасці, у тым ліку ў форме фінансавання і перадачы тэхналогій краінам, якія развіваюцца. «Развітыя краіны павінны выканаць сваё абавязацельства прадастаўляць штогод 100 мільярдаў долараў да 2020 года на мэты адаптацыі і змякчэння наступстваў», — падкрэсліў Пан Гі Мун.

Важна і тое, каб былі прадугледжаны дзейсныя меры рэагавання на ўсё больш разбуральныя кліматычныя з'явы. У пагадненні павінны быць замацаваны палажэнні аб ацэнцы і ўдасканаленні ўрадамі кожныя пяць гадоў нацыянальных планаў дзеянняў па барацьбе са зменамі клімату з улікам дасягненняў навукі.

«Арганізацыя Аб'яднаных Нацый цалкам гатовая аказваць краінам дапамогу ў ажыццяўленні падобнага пагаднення, — заўважыў Пан Гі Мун. — Калі ў Парыжы будзе прынята паўнавартаснае пагадненне па клімаце, гэта стане залогам паляпшэння жыцця цяперашніх і будучых пакаленняў людзей. Яно дазволіць нам пакончыць з беднасцю, ачысціць паветра і абараніць Сусветны акіян, палепшыць стан здароўя людзей, стварыць новыя працоўныя месцы і стымуляваць укараненне экалагічных тэхналогій. Яно паскорыць працэс дасягнення ўсіх мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця».

Нагадаем, што Беларусь таксама возьме ўдзел у кліматычнай канферэнцыі. Нашу дэлегацыю ўзначаліць міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута. Наша краіна плануе прадставіць свае магчымыя нацыянальна-вызначаныя ўклады ў гэтыя намаганні і прыняць на сябе абавязацельства забяспечыць да 2030 года скарачэнне выкідаў парніковых газаў не менш як на 28% ад узроўню выкідаў 1990 года.

Наталля КАРОТКАЯ

nk@zvіazda.by

Выбор редакции