Вы здесь

«Стабальнікі» з вясковай школы


Сёлетнія выпускнікі Правамастоўскай сярэдняй школы Вольга САМАРДАК і Максім СЦЕМПЛЕЎСКІ (на фота) ўпершыню ў гісторыі гэтай навучальнай установы атрымалі 100-бальныя сертыфікаты на цэнтралізаваным тэсціраванні. Такі вынік, ды яшчэ «дуплетам», для звычайнай вясковай школы — падзея сапраўды неардынарная, ледзь не сенсацыя. Аказваецца, і ў глыбінцы можна дабівацца выдатных поспехаў, прычым, зусім не абавязкова пры дапамозе рэпетытараў.


Максім закончыў школу з залатым медалём, сярэдні бал атэстата — 10. На цэнтралізаваным тэсціраванні ён атрымаў 100-бальны сертыфікат па рускай мове. А як пераможца заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды атрымаў яшчэ 100 балаў па грамадазнаўстве. Яго мама, намеснік дырэктара Правамастоўскай сярэдняй школы па вучэбнай рабоце Вольга СЦЕМПЛЕЎСКАЯ, лічыць гэтыя вынікі сумеснай заслугай сына і педагогаў.

— Максім штогод праяўляў сябе ў нейкіх прадметах, алімпіядах — па матэматыцы, грамадазнаўстве, нямецкай мове. А вось у алімпіядах па рускай мове ні разу не ўдзельнічаў і тым не менш дасягнуў 100-бальнага выніку. Прычым, да рэпетытара не звяртаўся — з 5 класа з ім працавала педагог па рускай мове Святлана ЛІСАЙ. І не толькі на ўроках — на працягу 10-11 класаў Максім сістэматычна хадзіў да Святлана Іванаўны на факультатыўныя заняткі, — адзначае Сцемплеўская.

Што ж тычыцца грамадазнаўства, то, зноў жа, паслугі рэпетытара не спатрэбіліся — з 9 класа з юнаком працаваў педагог Юрый БУБЕН. Дзякуючы Юрыю Віктаравічу Максім так зацікавіўся гэтым прадметам, што ў 10 класе паспрабаваў сябе на раённай алімпіядзе. А ў 11-м атрымаў дыпломы першай ступені на раённай, абласной алімпіядах і дыплом другой ступені — на рэспубліканскай алімпіядзе. А яшчэ адзін выхаванец Правамастоўскай школы, дзевяцікласнік Павел МЯТЛЮК удастоены дыплома трэцяй ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы. Такім чынам, атрымалі два дыпломы рэспубліканскага ўзроўню. Дарэчы, гэта таксама, як са «стабальнікамі», упершыню ў гісторыі школы.

Вольга Самардак на цэнтралізаваным тэсціраванні набрала па рускай мове 94 балы, па хіміі — 91, а масімальнага выніку дасягнула па біялогіі. Толькі па апошнім прадмеце яна займалася з рэпетытарам, бо школьны педагог па біялогіі ў той час хварэў і яго падмянялі настаўнікі з іншых школ раёна.

— У поспехах нашых «стабальнікаў» і дыпламантаў алімпіяд ёсць сістэма, — кажа Вольга Сцемплеўская. — На мой погляд, перш чым вучань пачне паказваць вынікі, неабходна яго «знайсці», вылучыць з усяго класа, вызначыць яго патэнцыял, пасяліць надзею і ўпэўненасць у сваіх сілах, даць магчымасць для навучання па індывідуальнай праграме і штодзённа суправаджаць яго. Трэба знайсці тую тоненькую пакуль яшчэ нітачку, якая псіхалагічна будзе звязваць настаўніка і вучня і ствараць умовы для іх штогадовай сумеснай працы. Педагог дае дзецям неабходныя ім веды, а яны праяўляюць працавітасць і бяруць усё, што трэба. Пры гэтым вельмі важна ўдзельнічаць у алімпіядным руху. Тут нашай «першай ластаўкай» стала ў 2012 годзе Каця ШЧУКА, якая вярнулася з каштоўнымі падарункамі з абласной алімпіяды па нямецкай мове, дзе была адзначана як лепшая сельская вучаніца. Пэўна, гэта падштурхнула і іншых дзяцей, у тым ліку Вольгу і Максіма.

На­стаў­нік гіс­то­рыі і гра­ма­да­знаў­ства Юрый Бу­бен, на­стаў­ні­ца ня­мец­кай мо­вы Яні­на Кі­вер, на­стаў­ні­ца ма­тэ­ма­ты­кі Тац­ця­на Тру­хан і сё­лет­нія вы­пуск­ні­кі Ка­ры­на Ма­зік, Па­вел Мят­люк, Мак­сім Сцемп­леў­скі.

А цяпер ужо і іх прыклад пачынае ўплываць на іншых школьнікаў: у 10 класе ёсць дзяўчынкі, якія пажадалі паглыблена займацца грамадазнаўствам, рускай мовай, нямецкай мовай. Убачылі, што дзякуючы гэтым прадметам можна дасягнуць высокага выніку.

З васьмі сёлетніх выпускнікоў Правамастоўскай сярэдняй школы пяцёра паступілі ў вышэйшыя і двое — у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Вольга Самардак — студэнтка фармацэўтычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Максім Сцемплеўскі — студэнт факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

І яшчэ адзін даволі красамоўны факт. Бацькі некаторых школьнікаў пераехалі жыць у райцэнтр, аднак дзеці прыязджаюць адтуль у Правыя Масты і працягваюць вучыцца ў
мясцовай школе. Без прымусу, бо падабаецца.

У тэму

Выпускніца сярэдняй школы № 5 г. Масты, залатая медалістка Лізавета НОВІК сёлета на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымала два 100-бальныя сертыфікаты: па рускай мове і матэматыцы. Паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prokopchіk@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбор редакции

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Сельское хозяйство

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Успех зависит от соблюдения отраслевых регламентов и технологий.

Регионы

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

«Императорский» туристический маршрут поможет развивать сельскую территорию.