Вера ў цуд і надзея на лепшае — пачуцці, якія падтрымліваюць усіх нас у самыя цяжкія хвіліны жыцця і не даюць сысці ў вір адчаю. Сэрцы нават самых закаранелых скептыкаў у пераднавагоднія дні поўняцца патаемнымі марамі, што з імі адбудзецца нешта прыгожае. Асабліва гэтага прагнуць тыя, у чыім жыцці не стае пяшчоты і любові, у каго няма родных ці сяброў. Штогод крышачку цяпла і клопату маленькім беларусам дораць удзельнікі акцыі «Нашы дзеці». Сёлета з 10 снежня да 11 студзеня яна праходзіць больш як у 120 установах Беларусі: дзіцячых дамах, інтэрнатах, педагагічных і рэабілітацыйных цэнтрах. Супрацоўнікі звыш 90 арганізацый краіны і каля 15 тысяч дзяцей гэтымі днямі адчуваюць, што жыццё — тая яшчэ непрадказальная рэч. І большасць свят дакладна робіцца не дзеля галачкі, а ад сэрца.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА наведаў Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат у Докшыцкім раёне. І гэта ўжо шматгадовая традыцыя напярэдадні навагодняга свята — у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
У згаданай установе сёння знаходзяцца 106 дзяцей з асаблівасцямі развіцця ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. Спікер ніжняй палаты парламента адзначыў, што ў школе-інтэрнаце ў апошнія гады адбыліся значныя змены ў лепшы бок, і ў гэтым вялікая заслуга мецэнатаў. Ён падарыў дзецям камп'ютар, уручыў хлопчыкам і дзяўчынкам куфэркі з салодкімі прысмакамі. Віншуючы дзятву і ўвесь калектыў школы, Уладзімір Андрэйчанка сказаў, што рады чарговай сустрэчы. І пажадаў прысутным, каб усе іх мары рэалізаваліся ў наступным годзе, а выхаванцам — каб верылі ў свае сілы.
— Каб дасягнуць таго, што запланавалі, пра што марыце, канешне, трэба добра вучыцца, — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
Старшыня Докшыцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук падзякаваў высокаму госцю за тое, што ён пастаянна наведвае ўстанову адукацыі і шмат клапоціцца пра развіццё раёна ў цэлым, а таксама адзначыў старанную працу калектыву школы-інтэрната. Ад мясцовай улады дзеці атрымалі тэлевізар. Свае падарункі таксама ўручылі прадстаўнікі Беларусбанка і Лукомскай ДРЭС — яны з'яўляюцца пастаяннымі шэфамі інтэрната.
Дзеці ў сваю чаргу паказалі гасцям творчыя нумары. Святочнае мерапрыемства прайшло на адным дыханні.
Сыны кіраўніка дзяржавы традыцыйна таксама далучыліся да акцыі. Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар ЛУКАШЭНКА з сям'ёй завітаў у госці ў аграгарадок Заеліца, што ў Глускім раёне, дзе павіншаваў шматдзетную сям'ю Альфрэда і Тамары Савіных. У падарунак сям'і, дзе выхоўваюцца сямёра прыёмных дзетак і пяцёра ўласных дачок, прывезлі цацкі, сувеніры і ласункі. Пры гэтым стараліся дагадзіць жаданням кожнага дзіцяці.
— Мы не першы год актыўна ўдзельнічаем у акцыі, але што нас асабліва ўразіла, — гэта вочы дзяцей, якія гараць шчасцем. Яны вельмі дружныя, і кожны па-свойму таленавіты, — падзяліўся ўражаннямі Віктар Лукашэнка. — Разам вы вялікая сіла, як і наша дзяржава, апора якой — сям'я.
А старшыня рэспубліканскага аб'яднання «Прэзідэнцкі спартыўны клуб» Дзмітрый ЛУКАШЭНКА са сваёй сям'ёй прывёз падарункі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам Заводскага раёна сталіцы.
Выхаванцы атрымалі наборы цукерак і настольныя развівальныя гульні, а ў цэнтры з'явіліся ноўтбук і прынтар. Дзмітрый Лукашэнка пажадаў дзецям здароўя, цяплыні і дабрабыту і паглядзеў падрыхтаванае гадаванцамі навагодняе прадстаўленне.
А выхаванцаў Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця наведаў падчас акцыі віцэ-прэм'ер Беларусі Ігар ПЕТРЫШЭНКА.
Тутэйшыя жыхары маюць праблемы з рухам, мовай, многія маюць ментальныя парушэнні. Аднак усе вельмі любяць музыку і творчасць, таму для высокага госця падрыхтавалі святочны канцэрт і падарылі на памяць распісанае пано. У сваю чаргу віцэ-прэм'ер прэзентаваў дому-інтэрнату два вялікія тэлевізары, камплект сучасных дзіцячых кніг і салодкія гасцінцы.
— Слова «інтэрнат» мы будзем старацца выкарыстоўваць як мага радзей, бо для вас гэта цёплы дом, і няхай вам будзе тут па-сапраўднаму ўтульна і цікава, — сказаў ён, віншуючы 281 выхаванца чэрвеньскага дома.
А літаральна ўчора дзеці весяліліся на галоўных абласных ёлках краіны.
Спектакль, прысвечаны 1000-годдзю Брэста, стаў галоўнай падзеяй абласной ёлкі, на якую з'ехаліся дзеці з усіх куточках Брэстчыны. Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль ЛІС павіншаваў дзяцей з Калядамі і Новым годам і пажадаў ім здароўя і поспехаў у вучобе:
— Мы павінны дапамагаць тым, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. І акцыя дае нам яшчэ адну такую магчымасць, — падкрэсліў ён.
У канцэртнай зале «Віцебск» прадстаўленне зладзілі для сірот, дзяцей-інвалідаў, малых са шматдзетных і малазабяспечаных сем'яў, а таксама пераможцаў алімпіяд і спартыўных спаборніцтваў з розных куточкаў вобласці.
На ёлцы сабраліся дзеці, якія дасягнулі поспехаў у вучобе, спорце, творчасці, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя, адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай ШАРСНЁЎ, які пажадаў дзецям, каб свята падаравала ім сапраўдны навагодні настрой, які яны перададуць сваім сябрам.
Дзяцей радавалі выступленні творчых калектываў, роставыя лялькі і россып прыгожых вырабаў. А галоўным шоу ёлкі стаў інтэрактыўна-навагодні мюзікл «Снежная каралева. Перазагрузка».
— Наша задача — дайсці да кожнага дзіцяці незалежна ад таго, у якой далёкай вёсцы яно жыве. Праз школы, сельсаветы, дзіцячыя садкі мы данясём віншаванні да кожнага малога, — выказаўся кіраўнік Віцебскай вобласці. — Каб зразумець значнасць акцыі «Нашы дзеці», трэба ўспомніць сябе малымі.
Галоўная ёлка Гомельшчыны заззяла ў Гомельскім дзяржаўным цырку. На ўрачыстай частцы свята арганізатары падвялі вынікі абласной акцыі «Усе дзеці — нашы», скіраванай на дапамогу малым з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія вучацца ў школах-інтэрнатах, а таксама выхаванцам дзіцячых дамоў. Агулам для іх удалося сабраць 20 тысяч рублёў. Дзяцей павіншаваў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ПРЫВАЛАЎ, які нагадаў дарослым, што іх асноўная задача — захаваць здароўе дзяцей і дапамагчы ім развіць свае таленты.
— Усе вынікі сведчаць, што мы сталі лепшымі, дасягнулі новых вышынь. Юныя спартсмены, танцоры, спевакі заявілі аб сабе і сваім родным куточку ў вобласці, рэспубліцы, на міжнародным узроўні.
Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір КРАЎЦОЎ падчас акцыі «Нашы дзеці» наведаў навагодні ранішнік у цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі ў Гродне. Кіраўнік рэгіёна ўручыў цэнтру сертыфікат на набыццё неабходнага абсталявання. Іншыя падарункі перадалі і шматлікія шэфы, якія падтрымліваюць установу і амаль 80 дзетак з рознымі парушэннямі ў здароўі, што зараз выхоўваюцца ў цэнтры.
— Дзеці, якія пазбаўлены бацькоўскай увагі ці маюць праблемы са здароўем, выклікаюць асабліва цёплыя пачуцці. Ім неабходна больш увагі і клопату дарослых, а ў святочныя дні — асабліва. Прыемна бачыць, як дзеткі радуюцца, калі да іх прыходзяць у госці, віншуюць, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — Гэта час добрых спраў і дабрачыннасці, і трэба, каб дзеці ў сацыяльных установах вобласці ў поўнай меры адчулі гэтае цудоўнае навагодняе свята.
Галоўная ёлка Магілёўскай вобласці парадавала дзяцей вясёлымі карагодамі, віншаваннямі Дзеда Мароза і Снягуркі і казкай-мюзіклам «Спячая прыгажуня».
— Прыемна віншаваць найлепшых прадстаўнікоў школьных калектываў, тых, хто ўжо ў такім юным узросце паказаў вынікі сваёй працы, якая называецца вучоба. Дасягненні, якія вы дэманструеце на раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіядах, услаўляюць Магілёўшчыну. Дзякуючы вам яна становіцца больш вядомай. Няхай усе вашы жаданні збываюцца, каб вы былі здаровыя і шчаслівыя, — выказаўся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір ДАМАНЕЎСКІ, які прывёз падарункі для запрошаных на свята выдатнікаў вучобы, пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў, актывістаў.
Больш як 800 дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў Міншчыны з'ехаліся ў Маладзечна на галоўную ёлку вобласці.
— Свята — гэта чаканне ў вашых вачах, — заўважыў старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА, цёпла віншуючы юных грамадзян. — Няхай да вас прыляціць фея і пакладзе пад ёлку тое, чаго вы жадаеце. А дарослым я пажадаю, каб усё дрэннае сышло, а дзеці радавалі вас і добра вучыліся.
Сапраўдную паўночную казку «Цеплата вечнай мерзлаты» [7] з адпаведнай музыкай і адмысловымі касцюмамі падарылі падчас акцыі ў сталіцы артысты Белдзяржцырка і Брыльянтавага цырка Якуціі.
Да акцыі «Нашы дзеці» далучыліся таксама тэатры і музеі краіны, якія стварылі для маленькіх гледачоў спецыяльныя святочныя праграмы. І яны не скончацца разам з акцыяй, а будуць яшчэ пэўны час радаваць сваіх наведвальнікаў вясёлымі прыгодамі, адмысловымі майстар-класамі і нечаканымі сустрэчамі.
Бачылі б вы вочы дзяцей, што трапілі ў «Навагоднюю акадэмію» — дзіцячы мюзікл, які Тэатр эстрады арганізаваў у адміністрацыйным комплексе «Пераможцаў, 14»!
— Мы запрашаем дзетак з розных сем'яў, якіх аб'ядноўвае тое, што яны не могуць дазволіць сабе набыць білет. Да нас звяртаюцца з просьбай трапіць на свята з розных устаноў краіны, разнастайных асацыяцый, — расказала Марына ГАЎРЫШЧУК, начальнік канцэртнага аддзела Маладзёжнага тэатра эстрады. — Наша імпрэза адметная тым, што для дзетак выступаюць не толькі дарослыя артысты, але і выхаванцы нашых творчых студый пры тэатры.
Пасля спектакля дзіцячае свята прадоўжылася каля ёлкі, дзе малыя танчылі з персанажамі мюзікла, гулялі з Дзедам Марозам і атрымлівалі падарункі.
Ірына СІДАРОК, Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Маргарыта УШКЕВІЧ, фота БелТА
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/ru/tags/alyaksandr-pukshanski
[3] https://zviazda.by/ru/author/margaryta-ushkevich
[4] https://zviazda.by/ru/tags/neli-zigulya
[5] https://zviazda.by/ru/tags/taccyana-lazouskaya
[6] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[7] http://zviazda.by/be/news/20181223/1545584976-brylyantavy-cyrk-yakucii-pryehau-u-minsk
[8] https://zviazda.by/ru/tags/nashy-dzeci
[9] https://zviazda.by/ru/tags/nashy-dzeci-0