Мінулы год стаў пераломным у навядзенні парадку ў кантрольнай дзейнасці ў краіне. Кантроль, які не перашкаджае рабоце прадпрыемства, замена традыцыйных праверак маніторынгамі, асаблівая ўвага бюджэтнай сферы, акцэнт на прафілактычную работу — гэта пакладзена ў аснову новага прынцыпу дзейнасці Камітэта дзяржкантролю: надаць ёй чалавечы твар.
— Сам Камітэт дзяржаўнага кантролю за мінулы год паменшыў колькасць праверак у два разы, пры гэтым вернута ў бюджэт на 16,3 % больш сродкаў чым годам раней (177 мільёнаў рублёў). Гэта не перашкодзіла нам іншымі метадамі і формамі праводзіць кантрольныя мерапрыемствы, — сказаў старшыня ведамства Леанід АНФІМАЎ перад пачаткам калегіі, прысвечанай вынікам работы за 2018 год. — Новыя формы: маніторынгі і аўдыты эфектыўнасці дазволілі сэканоміць і прадухіліць выплаты дзяржаўных сродкаў на суму 260 мільёнаў рублёў.
Значную работу КДК летась праводзіў дзеля выяўлення рэзерваў у энергетыцы, выключэння неабгрунтаванага пасярэдніцтва. Органамі дзяржаўнага кантролю выяўлены недахопы ў арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі і бальніцах. Як вынік — вызначаны адзіныя гранічныя гандлёвыя надбаўкі і нацэнкі, перагледжаны падыходы да складання меню, скасаваны дагаворы з пасярэднікамі.
Асаблівая ўвага надаецца і праблемам Аршанскага рэгіёна. З удзелам КДК распрацаваны бізнес-планы перспектыўнага развіцця кожнага прадпрыемства. Аднак пачынанні рэалізуюцца маруднымі тэмпамі.
— На жаль, пачынае спадаць актыўнасць у рэалізацыі тых праграм, якія павінны падняць прамысловы комплекс Аршанскага рэгіёна на годны ўзровень, — паведаміў Леанід Анфімаў.
Марыя ДАДАЛКА
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[3] https://zviazda.by/ru/tags/kdk
[4] https://zviazda.by/ru/tags/praverka
[5] https://zviazda.by/ru/tags/kantrol
[6] https://zviazda.by/ru/tags/byudzhet
[7] https://zviazda.by/ru/tags/kamitet-dzyarzhkantrolyu