Непрыкметна, але трывала выразы «музыка ў падземцы» альбо «вулічныя музыканты» ўвайшлі ў нашу паўсядзённую гаворку і запоўнілі да таго заўрбанізаванае жыццё. Жыхары сталіцы ўжо ані не здзіўляюцца, што ў пераходах на станцыях метро, у тунэлях да цягнікоў і электрычак, у падземных бізнес-лабірынтах часта гучыць жывая музыка, праходзяць маленькія гала-канцэрты пад мармуровымі скляпеннямі. Стала нормай, што музыканты нясуць пазітыўны настрой і ўтвараюць незвычайную аўру.
Мне часта даводзіцца карыстацца сталічным метро і менавіта ў пераходах да станцыі я сустракаю гітарыстаў і скрыпачоў, баяністаў і акардэаністаў, саксафаністаў і флейтыстаў, якіх таксама называюць артыстамі «андэграўнду». Аднойчы ў пераходзе на станцыі «Плошча Якуба Коласа» назіраў і слухаў, як музыка ў каўбойскім капелюшы выконваў на банджа кантры так па-заліхвацку, што я міжволі прыняў яго за чалавека з Новага Свету. Насамрэч за мянушкай Біл хаваецца крэатыўны мінчук, які ў свой час змяніў шасціструнную гітару на банджа.
На мінулым тыдні ў пераходзе на станцыі «Усход» сваёй скрыпкай пешаходаў зачароўваў госць з Полацка Алег КАСЦЮКОВІЧ. Маэстра выконваў вядомую ўсім «класіку» — Баха, Шапэна, Шуберта.
— У мяне спецыяльны рэпертуар для такіх выступленняў, — падзяліўся Алег Касцюковіч. — Мне давялося вандраваць са сваёй скрыпкай па ўсёй Еўропе, люблю іграць сапраўдныя музыкальныя шэдэўры.
На станцыі метро «Інстытут культуры», у адным з самых вялікіх сталічных пераходаў музычныя шэдэўры выконвае і немалады флейтыст. У яго выкананні вядомая мелодыя «Белавежскай пушчы» гучыць проста фантастычна.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[3] https://zviazda.by/ru/tags/fota-na-trynaccatuyu-0
[4] https://zviazda.by/ru/tags/vulichnyya-muzyki