Мазырскія жыхары Канстанцін і Валянціна ШУРМЕЛІ пабраліся шлюбам трыццаць адзін год таму. Яны часта прыязджаюць на радзіму Валянціны ў вёску Нагорная, бо там, побач з паселішчам, прыпяцкі бераг — сапраўдны цуд Палесся. А яшчэ — крыніцы, у якіх самая смачная ў свеце вада. Крынічнае месца «Добрыца» знаходзіцца за дзвесце метраў ад дома-лецішча Шурмеляў. Там я і ўбачыў сужэнцаў — пасля работы на вясновым агародзе, яны прыйшлі ў гэты цяністы куток.
— У нашым сямейным жыцці гэтая крыніца з'яўляецца своеасаблівым абярэгам і, як правіла, калі наведваем вёску, ідзём сюды — набраць вады, навесці парадак, пасядзець у халадку, бо тут утульна і спакойна, — дзеляцца сваімі пачуццямі Валянціна і Кастусь. — Пабыць на крыніцы — быццам бы дакрануцца да нечага сакральнага.
Летась высілкамі Козенскага сельскага Савета крыніца набыла новы выгляд: колодзежнае кальцо накрылі дахам, зрабілі сцёк, паставілі лаўкі, вакол крыніцы паклалі бут. Цяпер прыходзяць і бяруць крынічную ваду не толькі свае — вясковыя жыхары, а і мазыране таксама. А Шурмелі, як найстарэйшыя па-ўзросце і самыя блізкія жыхары да гэтага гаючага вытоку сталі своеасаблівымі захавальнікамі «Добрыцы».
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Мазырскі раён
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[3] https://zviazda.by/ru/tags/fota-dnya