Трыццаты раз адзвінелі цымбалы і гармонікі на міжнародным фестывалі народнай музыкі, які праходзіць у Паставах пад эгідай Міністэрства культуры і Віцебскага аблвыканкама і збірае штогод сотні музыкаў і гасцей з розных краін. Сёлета ўдзел у ім узялі выканаўцы і творчыя калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Грузіі.
Старажытныя Паставы, якія, дарэчы, адзначаюць сёлета 610-годдзе, у мінулыя выхадныя ператварыліся ў вялікую канцэртную залу з 10 сцэнічнымі пляцоўкамі. Арганізатары прапанавалі гасцям фэсту насычаную і разнастайную праграму: тэатралізаванае прадстаўленне «Музыка беларускіх палацаў і сядзіб», кірмаш народных рамёстваў, «Пастаўскі баль», конкурс вясковых падворкаў, музейныя экспазіцыі, мастацкія выстаўкі, спартыўныя спаборніцтвы, вогненнае шоу і маладзёжную дыскатэку. Завяршылася ж свята народнай музыкі тэатралізаваным шэсцем і гала-канцэртам удзельнікаў.
У традыцыйным конкурсе «Хто каго?» выканаўцы і калектывы пацвярджалі ўласным прыкладам, што традыцыі ігры на народных інструментах захоўваюцца і развіваюцца, а прафесійнае журы на чале з народным артыстам Беларусі, мастацкім кіраўніком і дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча Міхаілам Казінцом, выбірала найлепшых. У лік пераможцаў фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» увайшлі цымбалістка Ганна Мацвейка з Наваполацкага музычнага каледжа, навучэнцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў, аматарскі ансамбль народнай музыкі і песні «Стрэчанне» Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, ансамбль «Шчодрыца» Мінскага гарадскога палаца культуры і іншыя.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/ru/kultura
[3] https://zviazda.by/ru/muzyka
[4] https://zviazda.by/ru/tags/pastavy
[5] https://zviazda.by/ru/tags/festyval
[6] https://zviazda.by/ru/tags/narodnaya-muzyka