2 жніўня а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбудзецца адкрыццё міжнароднай выстаўкі «Старажытныя грошы Усходу — срэбра і папера». Экспазіцыя ладзіцца сумесна з Шэньянскім фінансавым музеем (Кітайская Народная Рэспубліка).
Шэньянскі фінансавы музей знаходзіцца ў сталіцы правінцыі Ляанін горадзе Шэньян. Гэта адзін з самых буйных і папулярных у Кітаі музеяў фінансавага профілю, які беражліва захоўвае традыцыі камерцыйнай і дзелавой сталіцы паўночнага ўсходу КНР. У 2018 годзе Шэньянскі фінансавы музей падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве з Нацыянальным гістарычным музеем Беларусі.
Музей валодае ўнікальнай калекцыяй з больш чым 6000 манет, банкнотаў, зліткаў каштоўных металаў і іншых грашовых сродкаў, якія выкарыстоўваліся ў Кітаі з самых старажытных часоў і да нашых дзён.
На выстаўцы ў Мінску будуць прадстаўлены дакладныя копіі грашовых адзінак Кітая, срэбных зліткаў і банкнот ад эпохі дынастыі Тан (VІІ — X стагоддзі) да канца праўлення дынастыі Цын (пачатак ХХ стагоддзя). Арыгіналамі будуць прадстаўлены сучасныя калекцыйныя манеты і банкноты КНР, якія дэманструюць захаванне традыцый старажытных майстроў.
Выстаўка «Старажытныя грошы Усходу — срэбра і папера» пазнаёміць аўдыторыю з асаблівасцямі традыцыйнай фінансавай сістэмы Кітая. Экспазіцыя пакажа, якую ролю ў эканоміцы кітайскай цывілізацыі выконвалі срэбраныя зліткі, як паўсталі і развіваліся папяровыя грошы, што здзівілі і ўразілі ў свой час Марка Пола.
Наведвальнікі адкрыюць для сябе малавядомыя старонкі гісторыі старажытнай цывілізацыі, убачаць сучасныя грашовыя сродкі Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Сумесны выставачны праект Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і Шэньянскага фінансавага музея будзе садзейнічаць паглыбленню сяброўства паміж Беларуссю і Кітаем, дазволіць народам нашых краін лепш даведацца адзін аднаго.
Выстаўка будзе працаваць да 18 жніўня.
Варвара ГОМАН
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/author/varvara-goman
[2] https://zviazda.by/ru/kultura
[3] https://zviazda.by/ru/tags/vystauka
[4] https://zviazda.by/ru/tags/groshy
[5] https://zviazda.by/ru/tags/kitay
[6] https://zviazda.by/ru/tags/muzey