Кожны год на свята Макавей, альбо Макаўе, мне шчасціла адкрываць новыя мясцінкі, у якіх яшчэ захаваліся звычаі збірацца грамадой і асвячаць новы ўраджай.
Раней у такіх месцах праводзіўся кірмаш, а макавейскія фэсты найчасцей ладзіліся на крыніцах. Цяпер фэсты і кірмашы — з'ява рэдкая, можна сказаць зніклая, але традыцыя набіраць асвячоную крынічную ваду працягваецца. Некаторыя абрады мне запомніліся больш, бо ў іх захавалася свая непаўторная самабытнасць. Першы такі шматлюдны і прыгожы макавей назіраў у Давыд-Гарадку Столінскага раёна. Культ кветак і агародніны дасюль на першым месцы ў гарадчукоў, бо яны вырошчваюць насенне і гандлююць ім. У гэты дзень на царкоўным двары адбываецца неверагоднае відовішча — асвячэнне букетаў.
Апошнім часам Блакітная крыніца пад Слаўгарадам нагадвае мекку: дзясяткі тысяч людзей у макавейскі дзень снуюць каля вытоку рэчкі Галубкі, і кожны з іх не толькі набірае асвячоную ваду, але і тройчы перасякае басанож халодную плынь. У вёсках Сялец і Гута Гомельскай вобласці на культавых крыніцах адбываецца «абмыванне» морквы — на здароўе і добры ўраджай. А летась зноў адкрыў невядомую сторонку традыцыі — у вёсцы Богіна Браслаўскага раёна ў гэты дзень пасля асвячэння крыніцы праваслаўныя ідуць на могілкі і памінаюць спачылых.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[3] https://zviazda.by/ru/tags/fota-dnya
[4] https://zviazda.by/ru/tags/makavey