Па колькасці студэнтаў на 10 тысяч чалавек Беларусь займае другое месца сярод краін СНД. Такая інфармацыя прыводзіцца ў статыстычным аглядзе да Міжнароднага дня студэнтаў (17 лістапада), апублікаваным на сайце Белстата.
Кожны сёмы малады чалавек у Беларусі - студэнт. У 2018/2019 навучальным годзе ў у краіне на 10 тысяч насельніцтва прыпадала 298 студэнтаў. Гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у СНД. У топ-5 краін з найбольшай колькасцю студэнтаў у ВНУ Беларусь займае другі радок. На першым Украіна з паказчыкам 314 на 10 тысяч насельніцтва, на трэцім Казахстан - 295, затым ідуць Расія - 284 і Арменія -- 271.
У мінулым навучальным годзе ў 51 ВНУ навучаліся 268,1 тысяча хлопцаў і дзяўчат. Цікава, што апошнія ў студэнцкім асяроддзі пераважаюць (113 да 100). Самыя буйныя ВНУ ў нашай краіне - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе навучаюцца 22,4 тысячы студэнтаў, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (21,9 тысячы), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (15 тысяч), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (12,3 тысячы). А замыкае пяцёрку Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы, дзе вышэйшую адукацыю атрымліваюць 11,2 тысячы студэнтаў.
Падрыхтоўка спецыялістаў у ВНУ вядзецца па 15 профілях, якія ўключаюць больш як 400 спецыяльнасцей і напрамкаў спецыяльнасцей. Амаль 31 % ад агульнай колькасці студэнтаў навучаюцца па профілю “Камунікацыі. Права. Эканоміка. Кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. 25,7 працэнта - па профілю “Тэхніка і тэхналогіі. Архітэктура і будаўніцтва”. 10,9 працэнта - па профілю “Ахова здароўя. Сацыяльная абарона. Фізічная культура.Турызм і гасціннасць”. А педагогіку вывучаюць 9,4 працэнта ад агульнай колькасці студэнцкай моладзі.
Кожныя дзевяць з дзесяці студэнтаў навучаюцца ў дзяржаўных ВНУ.
Стыпендыю на дзённай форме навучання атрымлівалі 82,9 тысячы студэнтаў. У інтэрнатах ВНУ пражывалі 78,9 тысячы, або 83,6 працэнта ад колькасці тых, хто мае ў іх патрэбу.
У 2018/2019 навучальным годзе ў беларускіх ВНУ навучаліся 15,5 тысячы іншаземцаў (5,8 працэнта ад агульнай колькасці студэнтаў), амаль 68 працэнтаў з іх - грамадзяне краін СНД.
Штогод усё больш маладых людзей вырашаюць працягваць навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі - у магістратуры. За апошнія дзесяць гадоў колькасць магістрантаў вырасла ў 3,4 разы і ў 2018/2019 навучальным годзе дасягнула 14,7 тысячы чалавек.
Надзея НІКАЛАЕВА
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/ru/author/yuliya-adamovich
[3] https://zviazda.by/ru/gramadstva
[4] https://zviazda.by/ru/adukacyya
[5] https://zviazda.by/ru/tags/studenty
[6] https://zviazda.by/ru/tags/mizhnarodny-dzen-studenta-0
[7] https://zviazda.by/ru/tags/adukacyya
[8] https://zviazda.by/ru/tags/vnu