«Звязда» паведамляла аб завяршэнні энергаэфектыўнай мадэрнізацыі ў яслях-садзе №45 г. Гродна. 23 верасня ўрачыстая цырымонія з такой жа нагоды пройдзе ў Ашмянах.
Праект «Энергаэфектыўнасць у школах» рэалізаваны пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскага гарвыканкама і Ашмянскага райвыканкама. Выканаўцамі выступілі Праграма развіцця ААН у Беларусі і Дэпартамент па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарта.
Дзякуючы праекту ў яслях-садзе №6 г. Ашмяны ўкаранілі сучасныя тэхналогіі, якія скароцяць энергаспажыванне ўдвая. На даху ўстаноўлены сонечныя калектары, утылізатары цеплыні для падагрэву прыточнага паветра. Дах і сцены ўцяплілі, а вокны замянілі на двухкамерныя шклопакеты. Акрамя таго, замянілі энергаёмістае тэхналагічнае абсталяванне кухні, лямпы напальвання на энергазберагальныя, за ацяпляльнымі прыборамі ўстанавілі цеплаадбівальныя экраны.
Не менш важны і адукацыйны аспект праекта. Для педагогаў арганізавалі трэнінгі і семінары па розных аспектах энергазберажэння, і зараз яны перадаюць гэтыя веды дзецям, прычым не толькі на занятках, але і ў гульнявой форме. Праектам распрацаваны канцэпт «Хуткай энергетычнай дапамогі», дзе з сучаснымі энергаэфектыўнымі тэхналогіямі, перавагамі выкарыстання аднаўляемых крыніц энергіі дзяцей знаёмяць відэаролікі, коміксы, кніжкі-расфарбоўкі.
Арганізатары праекта спадзяюцца, што ён стане стымулам для ажыццяўлення новых ініцыятыў па энергазберажэнні на мясцовым узроўні па ўсёй краіне.
Барыс ПРАКОПЧЫК
Ссылки
[1] https://zviazda.by/ru/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/ru/ekanomika
[3] mailto:prakopchik@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/ru/tags/shkola
[5] https://zviazda.by/ru/tags/energaefektyunasc
[6] https://zviazda.by/ru/tags/elektraenergiya
[7] https://zviazda.by/ru/tags/praekt-energaefektyunasc-u-shkolah
[8] https://zviazda.by/ru/tags/ashmyany