Top.Mail.Ru
0

У інтарэсах радзімы

15.10.2025 | 19:33
Які б чалавек ні быў моцны — патрэбны трэніроўкі, які б чалавек ні быў разумны — нельга забывацца пра навуку. Так і з дзяржавамі — ніколі нельга спыняцца.

Таму кіраўніцтва Беларусі бесперапынна знаходзіцца ў пошуку дзяржаў-партнёраў, адчыняе новыя дзверы нават на самых звыклых пляцоўках — у авангардзе. Прэзідэнт вызначае трэнды і падтрымлівае тэмп: за мінулы тыдзень Першы наблізіў да Беларусі краіну «дальняй дугі», а на саміце СНД агучыў гістарычную прапанову па збліжэнні краін Садружнасці.. У снежні мінулага года ў Палацы Аль-Алам (у перакладзе з арабскай — палац сцяга) быў вывешаны беларускі сцяг. А тыдзень таму у Палацы Незалежнасці — дзяржаўныя сцягі Амана. Гэта прыбярэжная дзяржава, нягледзячы на адлегласць, блізкая нам. У Амане, як і ў Беларусі, актыўна займаюцца дыверсіфікацыяй сваёй эканомікі.

Яшчэ і года не мінула, як мы нанова адкрылі гэту арабскую казку. Хоць у Маскаце Аляксандра Лукашэнку добра ведаюць як смелага лідара з выразнай пазіцыяй на міжнародных трыбунах і як Прэзідэнта краіны, якая валодае мноствам неабходных для Амана кампетэнцый. На Усходзе спачатку прыглядаюцца, а потым ужо вырашаюць дзейнічаць.

Мы тактычна ўмацоўваем свае пазіцыі на Блізкім Усходзе. Яшчэ адзін момант — стратэгічны. Краіны Персідскага заліва, Паўночнай Афрыкі з багатых на радовішчы сыравінных дзяржаў пераходзяць у лігу краін з прамысловым укладам эканомікі. І тут Беларусь становіцца экспарцёрам тэхналогій, а Аман — выхадам у Персідскі заліў і варотамі ў Паўночную Афрыку, хабам для беларускай прадукцыі, кампетэнцый і паслуг.

Ці не самай блізкай (ва ўсіх сэнсах) для нас з’яўляецца пляцоўка СНД. Беларускі лідар заўжды ў авангардзе кіраўніцкіх рашэнняў. У прынцыпе, многае з таго, што прапаноўваў Аляксандр Лукашэнка, цяпер мэйнстрым у Садружнасці. Нават па выніковых дакументах гэтага саміту можна меркаваць. У Душанбэ сярод іншых дакументаў прынята Дэкларацыя энергетычнай бяспекі — даўняя прапанова нашага Прэзідэнта.

Момант стварэння СНД быў спалучаны з сусветнай сенсацыяй, з геапалітычным разломам: крахам СССР, развалам Усходняга блока, маналітнага пункта апоры ўсёй архітэктуры светаўладкавання. Усё, што паклалі на паперу Сталін, Рузвельт і Чэрчыль, — асновы ААН — перакрэслілі Шушкевіч, Ельцын і Краўчук, а амерыканцы засыпалі попелам бамбардзіровак ў Бялградзе і Багдадзе.

Цяперашні постковідны свет на многае расплюшчыў вочы. У тым ліку наконт таго, хто чаго варты. СНД цяпер будзе з плюсам. Гістарычны момант — Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва стала назіральнікам пры СНД. Рэальнасцю становіцца інтэграцыя Садружнасці і ЕАЭС — сур’ёзных удзельнікаў стварэння справядлівага шматпалярнага светаўладкавання. Гэта заўсёды падкрэсліваў Першы. Сапраўды, мы часам нават не ўсведамляем веліч і важнасць сваёй роднай краіны, якая дзякуючы найперш свайму кіраўніку займае значнае месца ў інтэграцыйных аб’яднаннях новага часу, які дыктуе ўмовы шматпалярнасці.

Цяпер час іншых стасункаў. Чарговыя палітычныя лайфхакі ад Лукашэнкі: чатыры крокі на шляху ўмацавання Садружнасці; бяспека, эканоміка, міжнароднае пазіцыянаванне, але пры гэтым захаванне культурнай разнастайнасці. Кіраўнік дзяржавы стаў сапраўдным «хэдлайнерам» саміту ў Душанбэ.

Спалучэнне і ўзаемаабагачэнне ЕАЭС і СНД дазволіць стаць кансалідаванай прасторай для лагістычных калідораў Поўнач — Поўдзень, Захад — Усход, бо размяшчэнне нашых краін вельмі выгаднае. Ці не таму іх спрабуюць расцягваць па розных саюзах і нават знешнепалітычных курсах. Але ў выніку пошук лепшай долі ў чужой сэнсавай прасторы, як вядома, прыводзіць да ментальнай і фізічнай катастрофы — у чарговы раз згадайце Украіну.

Пра пільную ўвагу да СНД сведчыць і прыцэльная крытыка. Сусветным ігракам не патрэбны яшчэ адзін пункт апоры (чытай: сілы). Другі момант — постсавецкая прастора — прывабны рынак збыту, працоўнай сілы і крыніца сыравіны. У нетрах — сусветныя запасы металаў і вуглевадародаў.

Чакаць мірных поціскаў рукі ад тых, каму раней прапаноўвалі інтэграцыю інтэграцый, не варта. Час браць ініцыятыву ў свае рукі і ў забеспячэнні еўразійскай архітэктуры бяспекі. Аднайменны мінскі форум хутка збярэцца ўжо трэці раз.

Запыты сучаснасці — гэта пошукі новых форм знешнепалітычных 

зносін. Дыктатура калектыўнага Захаду разбураецца на нашых вачах. Але ёсць небяспека, каб на гэтых абломках не вырас новы квазіглабальны цэнтр, у цісках якога апынецца сусветная эканоміка і нацыянальныя эканомікі мноства дзяржаў. Таму неабходна развіваць рэгіянальныя інтэграцыі з глабальным уплывам. Прэзідэнт агучыў новае прачытанне ўжо звыклай Садружнасці — прапанову адзінай эканамічнай прасторы. Пакуль не позна, варта аб’ядноўвацца ў мірны час, каб гэта не спратрэбілася рабіць падчас вайны.

Па тым, як сустрэлі словы нашага лідара палітычныя апаненты на Захадзе, зразумела: смелая і ёмістая заява Першага трапіла прама ў цэль. Толькі з адной рэмаркай: мы вяртаемся не да СССР, а да моцнага свету ў сэрцы Еўразіі. Вядома ж, у інтарэсах роднай Беларусі.

Яўген ПУСТАВОЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю