Відавочна, што любую геапалітычную буру можна адужаць гэтаксама, як мы ў студзені далі рады наступствам зімовай непагадзі. — разам. Бо тэндэнцыі супрацьстаянняў апошніх гадоў — гэта лакальныя канфлікты, з дапамогай якіх спрабуюць альбо памяняць, альбо захаваць існуючую расстаноўку глабальных сіл. І часта не адразу зразумела, хто асноўны заказчык, і не заўсёды відавочна, якія мэты ён праследуе. Але ясна, як марозная раніца, адно — паміж молатам і кавадлам трапляюць краіны з яркімі ўнутранымі супярэчнасцямі. Як толькі прапорцыі рэзкай рознасці меркаванняў пераходзяць пагрозлівыя лініі — краіна трапляе на «канвеер фасоўкі» новага светапарадку.
У нас усё па-іншаму, і, як цяпер кажуць, трэнды задае Першы. Пасля свят няма часу на «пацягушкі». І як прыклад — важныя кадравыя рашэнні Прэзідэнта ў пачатку года. Мэсэдж просты: за працу! Самаадданую і руплівую, у гэтым — крыніца нашага дабрабыту і, калі браць па максімуму, суверэнітэту.
Гэта датычыцца паўнаважкага развіцця рэгіёнаў — на ўзроўні раёнаў, абласцей. Вядома ж, мы не адштурхоўваем ад сябе і сучаснае. Па шэрагу стратэгічных кірункаў Беларусь у авангардзе — гэта пра развіццё лічбавай інфраструктуры. У нашай краіне токены і да нядаўняга указа былі ў прававым полі. Але цяпер класічным банкам можна сумяшчаць работу з фінансавымі крыптаінструментамі. Два моманты: выгада для людзей і празрыстасць — бяспека ўсёй сістэмы. Карыстальнікам да рахункаў у крыптавалюце можна будзе прывязаць свае карткі, а прадпрыемствам — трымаць зберажэнні ў «крыпце». Акрамя таго, гэта дасць імпульс для прытоку замежных інвестыцый у Беларусь і развіцця ІТ-сектару ў краіне. Такім чынам ствараюцца належныя ўмовы для пашырэння тэрыторыі токенаў.
Сярод гістарычных рашэнняў — развіццё турызму. Гэта своеасаблівы аднаўляльны — ці нават так: невычэрпны — рэсурс. Цяпер асобны рэгулятар падпарадкаваны непасрэдна ураду. Мэта — уцягнуць у справу ўсе рэгіёны, бо ў кожным ёсць свая разыначка. У гэтым патэнцыял рэгіянальнага і нацыянальнага развіцця. Доля галіны ў сукупным ВУП павінна вырасці да 4 % — удвая ад цяперашніх вынікаў. Гэта і стымул для развіцця культуры, якая ўяўляе сабой не толькі код ідэнтычнасці, але і важкі артыкул для заробкаў.
Ісціна у тым, што падмурак свят закладаецца падчас штодзённай у нечым руціннай працы. А іншым чынам беларусы ніколі і не жылі. Атрымліваецца, гэта спрадвечная ісціна і наш шлях у будучыню. Нават калядныя традыцыі былі знітаваны з земляробчым колам часу: «каб ніўка была ўраджайная». Як гэта сімвалічна і сакральна. Па-нашаму, па-беларуску.
Па променях сонца ўжо відаць: у снягах дрэмле вясна. А вось нам не варта драмаць. Самы час — за працу!
Яўген ПУСТАВОЙ.