Вы тут

Як мінчане гулялі на Дні горада


Па апошніх статыстычных даных у Мінску налічваецца амаль 1 мільён 975 тысяч жыхароў. На святкаванні Дня горада складалася адчуванне, што на вуліцы выйшлі абсалютна ўсе жыхары і нават больш. І гэта не выпадкова, бо паглядзець сапраўды было на што — ад спаборніцтваў на сілу і спрыт да асобнага свята, прысвечанага хлебу.


«Ну яшчэ пяць хвіліначак!»

Асноўнай пляцоўкай па традыцыі стала тэрыторыя каля Палаца спорту. Непадалёк менавіта ад гэтага месца яшчэ стагоддзі таму разгортвалася ўсё гарадское жыццё. Вось і ў гэтую суботу там узнік нават не асобны горад свята, а практычна цэлая ўрачыстая дзяржава.

Самымі першымі ў «прызначаным месцы» пачалі збірацца сем'і з маленькімі дзецьмі і людзі старэйшага пакалення — тыя, хто ў адрозненне ад моладзі прывык пачынаць свой дзень з самай раніцы. Дарэчы, сярэдні ўзрост жыхароў Мінска — 38 гадоў, прычым жанчыны ў гэтым «рэйтынгу» на пяць гадоў старэйшыя за мужчын. Нездарма на Дні горада было так шмат забавак для мужчын, якія на працягу ўсяго жыцця застаюцца ўнутры дзецьмі.

Так, з асаблівым захапленнем і хваляваннем яны сачылі за тым, як спаборнічаюць пажарныя-ратавальнікі з усёй Беларусі і іншых краін.

Атрымаўшы зарад бадзёрасці, можна было адправіцца адпачыць душой да галоўнай сцэны. За напеўнымі народнымі кампазіцыямі ў харавым выкананні ішло дэфіле ў вытанчаных сукенках, а за запальнымі індыйскімі танцамі — песні сучасных выканаўцаў.

Больш за ўсіх радаваліся магчымасці павадзіць масавыя карагоды проста перад сцэнай, вядома ж, дзеці. Тым больш што кампанію ім складаў... вясёлы танцуючы батон. Дарэчы, там жа быў і не менш радасны самавар. Не варта здзіўляцца! Паблізу праходзіла па-сапраўднаму восеньскае свята хлеба. Гэта пляцоўка была адной з самых шматлюдных. Гасцям прапанавалі паласавацца тут разнастайнымі традыцыйнымі і незвычайнымі прысмакамі з мукі. У тым ліку і, спачатку палюбаваўшыся, атрымаць кавалачак «ядомага» Мінска — вялізнага торта. Аднак не хлебам адзіным — менавіта ў гэтай зоне было мноства інтэрактыўнасцяў, асабліва для юных мінчан.

Тыя, у каго назіранне за конкурсам «Найлепшы пажарны-ратавальнік» толькі распаліла цікавасць да падобных відовішчаў, мог пасачыць яшчэ і за Міжнародным турнірам па сілавым экстрыме Mіnsk Open Cup, у якім бралі ўдзел сапраўдныя волаты. На адным з першых этапаў, напрыклад, асілкі павінны былі па чарзе перанесці калодзеж, 100 кілаграмовую бочку і гіганцкую покрыўку вагой у 70 кілаграмаў. Як жартаваў вядучы — так правяралася гаспадарлівасць удзельнікаў спаборніцтва: маўляў, якімі карыснымі рэчамі яны змогуць напоўніць свой дом.

З XXІ стагоддзя наўпрост у Сярэднявечча

Толькі ўявіце: за суткі ў Мінску вырабляецца 44 тоны мясных і субпрадуктаў, 66 тон шакаладу і кандытарскіх вырабаў, а таксама малочная прадукцыя з 761 тоны малака. Вось і на фудкорце вочы разбягаліся ад выбару, было ўсё і нават больш — аж да самай сапраўднай салдацкай кашы. А які там лунаў пах...

Насыціўшыся, самы час адправіцца па сувеніры. І зноў тая ж бяда! Калі купіць усё, што спадабаецца воку, можна згалець. Майстры прыехалі не толькі з Мінска, а з усёй краіны, і кожны прывёз на свята толькі самыя лепшыя са сваіх вырабаў. Дзяўчатам асабліва цяжка было праходзіць па гэтых маляўнічых радах. Тут і самыя розныя ўпрыгажэнні, і традыцыйныя вяночкі, і ўборы з нацыянальнымі элементамі... Прыйшоўшы на Дзень горада заўзятай прыхільніцай шопінгу ў суседняй Gallerіa Mіnsk, сысці з яго можна было самай сапраўднай беларусачкай узору Сярэднявечча.

Перамясціцца ў часе можна было і дзякуючы наведванню яшчэ адной буйной пляцоўкі свята — міжнароднага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі «Мінск старажытны». Фэст атрымаўся не толькі відовішчным, але і гучным: стук капытоў, звон мячоў і пераможныя крыкі. Калі хоць бы дзесяць хвілін не глядзець на экран смартфона, то і праўда можна адчуць сябе адным з тых самых рыцараў падчас баявога паходу. Шчыра ўлюбёным у іншыя эпохі таксама было дзе разгуляцца. У палатачным гарадку салдаты французскай арміі часоў Напалеона суседнічалі з сёстрамі міласэрнасці са шпіталя Першай сусветнай вайны. Тыя, хто абмяжоўваецца адным здымкам у Інстаграм на год, замест фотасесіі з пераапранутымі гістарычнымі персанажамі лічылі за лепшае слухаць лекцыі пра герояў сапраўдных.

Горад — гэта людзі

Вядома, у раёне Нямігі канцэнтрацыя розных забавак была самай высокай, аднак актыўна гуляла ўся сталіца. Ва ўсіх раёнах Мінска былі арганізаваны свае насычаныя святочныя праграмы. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне «спявалі і скакалі» ў Парку імя 60-годдзя Кастрычніка, а ў Партызанскім — галоўная весялосць разгарнулася ў Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага. Адной з самых прыгожых і значных раённых пляцовак стала тэрыторыя каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Першамайскім раёне. Тыя, хто стаміўся ад шумнага натоўпу, маглі адпачыць непадалёк пад песні сольных выканаўцаў і народных калектываў. Аматары відовішчаў таксама не засталіся пакрыўджанымі: тут жа адпрацоўвалі трукі матацыклісты.

І ўсё ж ва ўсёй разнастайнасці канцэртных праграм, спаборніцтваў і паказальных выступленняў самай значнай падзеяй для горада і, вядома, найбольш кранальнай здаецца адначасовая рэгістрацыя шлюбу дзевяці пар з усіх раёнаў Мінска. Бо горад — гэта людзі.

Каб не ўдавацца ў залішні пафас, заўважым, што ўступаць у шлюб мінчане не спяшаюцца: у сярэднім хлопцы задаюць пытанне «Ты выйдзеш за мяне замуж?» толькі пасля 28 гадоў, а дзяўчаты адказваюць на яго радасным «Так!» пасля 26. Але галоўнае, што сем'і ўсё ж ствараюцца і ў іх з'яўляюцца дзеткі: Мінск з праблемай адсутнасці натуральнага прыросту насельніцтва не сутыкаецца ўжо даўно. Толькі летась у сталіцы нарадзілася 26,7 тысячы дзяцей, якія, хочацца думаць, у будучыні зробяць усё магчымае, каб свой наступны значны юбілей Мінск адзначыў яшчэ больш урачыста і шматлюдна.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Разам з асілкамі, рыцарамі і... танцуючым батонам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.