Вы тут

«Раней ад прышчэпак адмаўляліся». Што адбываецца ў Стоўбцах?


«За вамі воўк, не баіцеся?» — усміхаецца мінак, ківаючы на вялікага чорнага сабаку, што бяжыць за намі па чыгуначным пераходзе. Ведаем, што жарт, але, калі сабака мінае нас, не звярнуўшы ніякай увагі, уздыхаем з палёгкай. У Стоўбцах і вёсцы Слабада, дзе ў мінулыя выхадныя воўк накінуўся на чатырох чалавек, на два месяцы ўвялі каранцін. Жывёл нельга вывозіць у іншыя раёны, на выстаўкі, а ветстанцыя праводзіць актыўную вакцынацыю — ахапілі таксама суседнія вёскі Задвор'е і Акінчыцы. «Звязда» паглядзела, што адбываецца ў рэгіёне ў гэтыя дні.


Бясплатная вакцына і 5000 шпрыцаў

Вёска Задвор'е. На вуліцы спыняецца аўто з надпісам «ветдапамога». Двое ўрачоў пачынаюць абыходзіць дамы. Прышчэпкі для прафілактыкі робяць катам і сабакам. Кароў, свіней не чапаюць — у іх кантакту з драпежнікам не магло быць.

— Для вакцынацыі закупілі пяць тысяч аднаразовых шпрыцаў, — кажа Аляксандр БРАЎКО, намеснік галоўнага ветурача раёна па хваробах сельскагаспадарчых жывёл, і паказвае, што яшчэ ляжыць у яго жалезнай скрынцы — ватныя тампоны і спірт для асэптыкі.

— Мінулыя гады, калі па вёсках хадзілі, чулі ад жыхароў: «Чаго вы хочаце? Майму сабаку прышчэпка не патрэбна, ён нікуды не бегае». А цяпер пагаджаюцца. «Гэта наконт воўка?» — удакладняюць. Адказваем, што так, і адразу папярэджваем — прышчэпка бясплатная, — дадае вядучы ветэрынарны ўрач-эпізаатолаг Генадзь МАРКОЎСКІ.

Вакцынацыі пазбягаюць толькі ўжо прышчэпленыя гадаванцы з пашпартамі (але такіх мала) і тыя, хто пакуль на лячэнні (напрыклад, пасля пералому лапы).

За брамкай з папярэджаннем «Асцярожна, злы сабака» брэша кудлаты вартаўнік. З дома паказваецца мужчына. Пачуўшы аб прышчэпцы, просіць пачакаць:

— Зараз сына паклічу, ён з сабакам больш сябруе.

Праўда, хлопец таксама губляецца: гадаванец немаленькі, з характарам, як яго ўтрымаць?

— Бярэш за поўсць каля шыі, вось так, заціскаеш паміж ног, — інструктуюць ветэрынары і за секунду робяць укол. Жывёла пакрыўджана збягае, а гаспадар расказвае, што навіна пра воўка яго асабліва не спужала, дадатковых мер бяспекі не прадпрымаў — сабака ж за брамку не выходзіць, толькі ў двары бегае.

— А хто такіх прышчэпліваць будзе? — ківае мужчына на хаты цераз дарогу. — Гаспадары ў Мінску жывуць, толькі на выхадныя прыязджаюць.

— Ім трэба будзе самім на ветстанцыю жывёл прывезці. Перадайце, як убачыце.

У іншым доме дзверы адчыняе жанчына.

— Я ў бальніцы на перавязцы была, не ведаю, дзе кот. Віскі, Віскі!

На яе голас з агародаў прыбягае чорны кот, праціскаецца ў дом і ўсаджваецца на падаконніку.

— Вы яго патрымаеце? А то я баюся, — прызнаецца жанчына.

Пакуль ветэрынары праводзяць неабходную працэдуру, гаспадыня дзеліцца: у першыя дні пасля здарэння з воўкам у краму не выходзіла — усё ж такі лес ад вёскі блізка.

Па дарозе ўрачы ўспамінаюць: апошні выпадак шаленства ў воўка быў зарэгістраваны ажно ў 1982 годзе, у вёсцы Найдзёнавічы. Куды часцей сустракаюцца хворыя лісы (хоць неяк разносчыкам быў і янот).

— Вунь дом агароджаны сеткай-рабіцай: ліса праз яе лёгка пералазіць, як па лесвіцы. Быў выпадак — ліса забралася ў вальер да аўчаркі. Вядома, тая разарвала яе. Гаспадары своечасова не звярнуліся. А калі ўжо змяніліся паводзіны сабакі, прызналіся, што ён лісу загрыз. Тады зрабілі эўтаназію. Адправілі на даследаванне мозг гэтага сабакі — сапраўды, пацвердзілася шаленства.

Непрышчэпленых гадаванцаў, што былі ў кантакце з хворай жывёлай, часам прапануюць усыпіць. Медыкі ўздыхаюць: вядома, гэта самы жорсткі метад, але надзейны.

— Вакцына стапрацэнтнай гарантыі даць не можа, — тлумачаць. — Пасля прышчэпкі павінна прайсці не менш за 14 дзён, каб выпрацаваўся імунітэт. А зімой гэты тэрмін можа падоўжыцца да двух месяцаў — чаму і каранцін на такі перыяд.

Падазроных жывёл няма

Стоўбцы. У гарадской ветклініцы даволі ціха.

Дарэчы

Летась у Стаўбцоўскім раёне зарэгістравалі 13 выпадкаў шаленства — гэта былі лісы і бадзяжныя каты.

— А ўчора было не прысесці! Больш за 100 чалавек звярнуліся. Прышчапілі 62 каты і 43 сабакі, — заўважае загадчык ветклінікі Вадзім ТАМАШЭВІЧ.

У гэтыя дні ўстанова працуе без выхадных, з васьмі раніцы да васьмі вечара. Самы загружаны час — пасля 17 гадзін. Раніцай прыходзяць у асноўным пенсіянеры. Прычым хапае і тых, хто едзе з вёсак. Некаторым уколы даюць з сабой — напрыклад, бабулям, якія не могуць прывезці вялікага сабаку, што сядзіць на ланцугу.

Усяго па стане на чацвер у раёне за гэтыя некалькі дзён прышчапілі 368 катоў і 283 сабакі.

Хоць здарэнне было амаль тыдзень таму, мясцовыя жыхары абмяркоўваюць яго і дагэтуль. Кажуць, за адной з пацярпелых жанчын воўк літаральна гнаўся. Упала б — загрыз бы...

— У нас расказваюць, што воўк яшчэ на некага накінуўся, на кавалкі парваў, — перадавала чуткі (на шчасце, непацверджаныя) адна з гаспадынь, пакуль ветэрынары прышчэплівалі катоў на яе падворку.

Мясцовым жыхарам рэкамендуюць пакуль сачыць за гадаванцамі: ці п'е ваду, ці не паводзіць сябе занадта агрэсіўна або наадварот ласкава, ці не павысілася слінацячэнне. Але, запэўніваюць на ветстанцыі, падчас абходу падворкаў у горадзе і вёсках падазроных жывёл не было.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Стаўбцоўскі раён.

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Раней ад прышчэпак адмаўляліся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?