Вы тут

Вянец вянца, або Ці лёгка быць жанчынай?


Напярэдадні свята 8 Сакавіка мы сабралі ў рэдакцыі "Звязды" пяць прыгожых і, не пабаімся гэтага слова, шчаслівых жанчын. Каб пагаварыць пра вечнае — каханне, жаноцкасць і... мужчын. Мы склалі план размовы, але потым паспяхова пра яго забыліся, бо сама сустрэча, думкі, усмешкі, святло, якое лілося з жаночых вачэй і, вядома, эмоцыі прадыктавалі свае павароты ў размове. На жаль, далёка не ўсё ўвайшло ў гэты тэкст, але, спадзяёмся, задавальненне ад размовы нам удалося захаваць. Гасцявалі ў "Звяздзе" пісьменнік і псіхолаг Дзіяна Балыка, партнёр адвакацкага бюро "Права і сямейная медыяцыя" Рыта Мікушава, актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Ірына Нарбекава, кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства "Матуля" Вераніка Сярдзюк і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Святлана Шылава. Гасцей прымалі журналісты Вольга Мядзведзева і Святлана Барысенка.

Шанцаванне або пакаранне?

Вольга Мядзведзева: Шмат гадоў таму ў мяне адбылася памятная размова з кінарэжысёрам Аляксандрам Сакуравым. Мы размаўлялі пра яго дэбютны дакументальны фільм "Марыя", зняты з 9-гадовым перапынкам у 1978-м і 1988-м гадах. Гэта аповед пра перадавую калгасніцу Марыю Вайнову, жанчыну з пакалення, на якім "літаральна аралі зямлю". Фільм — абвінавачанне: нельга прыносіць жаноцкасць у ахвяру чаго б там ні было, высокай ідэі, аднаўленню народнай гаспадарцы, поспехам у вытворчасці... Сакураў тады сказаў: жанчынам значна лягчэй на гэтым свеце, бо іх прадвызначэнне вядомае. Мужчыны ж увесь час шукаюць, увесь час сумняваюцца... Яны як згубленыя дзеці. І вось усё сваё жыццё я перыядычна згадваю гэтыя словы Сакурава. Калі сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак, калі разрывалася паміж працай і хатнімі абавязкамі, калі здавалася, што не паспяваю ні тут, ні там... А як у вас? Вы згодны, што нарадзіцца жанчынай — шанцаванне? Бо ўсё з ёй быццам бы зразумела...

Святлана ШЫЛАВА: Я катэгарычна не згодна з тым, што адзінае прызначэнне жанчыны — у нараджэнні дзяцей. Так можна было казаць у ХV стагоддзі, самае позняе — у ХІХ-м. Але не ў наш час. Настолькі сучасная жанчына прасунутая ў жыцці, што яна паспявае ўсё: і нараджаць дзяцей, і кахаць мужчыну, і быць паспяховай на працы. І гэта залежыць толькі ад яе. Лягчэй быць паспяховай, калі побач ёсць годная палова — мужчына. Аднак я ведаю шмат жанчын, якія змаглі сябе рэалізаваць і без мужа. Яны таксама паспяваюць і ў побыце, і ў кар'еры. Гэта — моцныя жанчыны.

Калі жанчына жадае быць слабай, яна заўсёды знойдзе, на што паскардзіцца: няма грошай, няма футра, няма машыны... Але гэта — няправільна. У маім жыцці таксама былі розныя перыяды, былі вельмі складаныя. Калі я засталася адна з маленькім дзіцем і пісала дысертацыю... Жыццё загартоўвае: чым складаней, тым цікавей. У цішыні ды спакоі цяжка сябе рэалізаваць. Мне падабаецца, што маладыя жанчыны сёння імкнуцца быць матэрыяльна незалежнымі, што яны клапоцяцца пра сваю знешнасць, што яны больш патрабавальныя да сваіх партнёраў. Мне шкада толькі, што яны менш рамантычныя, чым мы.

Рыта МІКУШАВА:

Жанчына сядзець дома не можа. Гэта факт, але факт і тое, што ў першую чаргу яна з'яўляецца элементам пэўнай сістэмы. У першую чаргу, сваёй сям'і, паколькі менавіта вакол яе збіраюцца дзеці, муж, бацькі... Шкада толькі, што інстытут сям'і страчвае нейкую сваю важную функцыю... Гэта можа быць па розных прычынах. У нейкі момант на гэта ўплывалі дзяржаўныя выплаты на дзяцей. Дадалася яшчэ страта мужчынамі жадання несці адказнасць за жанчыну і дзіця. На Усходзе мужчына не проста так мае некалькі жонак. Ён пра кожную з іх клапоціцца. Дарэчы, нашы жанчыны часам не скасоўваюць шлюб толькі таму, што цудоўна ведаюць: мужчына пакіне іх з пустымі кішэнямі.

Наша прыватнае адвакацкае бюро "Права і сямейная медыяцыя" спецыялізуецца якраз на пытаннях, звязаных з сям'ёй. Гэта і скасаванне шлюбу, і ўдзел у выхаванні дзяцей, і падзел маёмасці... Але мы прапануем яшчэ і медыяцыю — гэта магчымасць людзям, якія знаходзяцца ў канфлікце, з дапамогай незалежнай асобы, а менавіта медыятара, дамовіцца паміж сабой, знайсці прымальны варыянт для ўсіх членаў сям'і. Па вялікім рахунку, можна дапусціць, што гісторыя канкрэтных мужчыны і жанчыны скончылася, але ж гісторыя бацькоў не заканчваецца ніколі.

Вераніка СЯРДЗЮК: У мяне чацвёра дзяцей. Чакаем з мужам нараджэння пятага. Але мне здаецца, што гэта вялікі міф — тое, што жанчына можа абмежавацца толькі домам. Гэты міф стварылі жанчыны, якія змагаюцца за свае правы. Як культуролаг, магу сказаць, што ніколі ў гісторыі маладая здаровая жанчына, калі нараджала дзяцей, не абмяжоўвалася домам. Сялянка працавала ў полі, купчыха займалася бізнэсам свайго мужа, арыстакратка — дабрачыннасцю, балямі... Жанчыне ва ўсе часы дапамагала гадаваць дзіця старэйшае пакаленне — бабулі і дзядулі перадавалі вопыт, дапамагалі ствараць так званую дыяду з дзіцем.

Нам зараз стараюцца навязаць выбар: або "хатняя курыца", або "бізнэс-лэдзі". На самой справе гэта прыдуманая праблема. Жанчына, колькі б у яе дзяцей ні было, будзе адчуваць сваё прызванне і будзе самарэалізоўвацца. Калі ў яе ёсць здольнасці, то яна знойдзе і магчымасці.

Але з іншага боку, калі нараджаліся дзеці, усе чатыры разы для мяне паўставала пытанне: калі пачынаць абмяжоўваць дзіцячае права на мяне як на маці, на карміцельку, на сродак асваення свету, калі ўводзіць новых людзей у яго асяроддзе? Але самае галоўнае — гэта не толькі пытанне дзіцяці, але і пытанне мужа. Бо жанчына створана не толькі для дзяцей — яна ў першую чаргу створана для мужа.

Як веруючы чалавек, я свой светапогляд будую на Святым Пісанні, дзе сказана, што жанчына была створана пасля мужчыны — яшчэ больш цудоўнай, разумнай і выдатнай, бо мужчына створаны з зямлі, а жанчына — з рабрыны! Калі мужчына — вянец тварэння, то жанчына — вянец вянца! Але яна была створана як памочніца. І як бы жанчына ні храбрылася, яна без мужчыны адчувае сябе непаўнацэннай. Ці так яна была створана — невядома. Бо так званы "праклён Евы", калі "ў пакутах будзеш нараджаць дзяцей, і да мужа будзе прыхільнасць твая" (Быц. 3, 16), адбыўся, калі жанчына з'ела забаронены плод, калі яна разбурыла парадак, які быў задуманы Творцам (а некаторыя лічаць, што гэта быў матрыярхат). Гэта асаблівае яе пакаранне — ніколі не адчуваць сябе цалкам шчаслівай без мужчыны і без адчування запатрабаванасці некаму.

Ірына НАРБЕКАВА: Я нядаўна перачытвала кнігу пра Эдыт Піяф, жыццё і творчасць якой мяне захапляюць... Разважала над тым, што галоўнае для жанчыны, а што — для мужчыны? Адказ, мне падаецца, адназначны: каханне! Жанчына можа рэалізавацца ў любой галіне. Але для гэтага ёй патрэбная... закаханасць. У мяне было два шлюбы з добрымі адносінамі. Я шчаслівая, што ў мяне былі гэтыя адносіны... У першым шлюбе я прыходзіла дадому пасля спектакля і купалася ў клопаце... Але праз 7 гадоў шлюб распаўся, і прычынай стала не пагаршэнне нашых адносін, а адсутнасць дзяцей. Я нарадзіла сваю дачку толькі ў другім шлюбе, у 36 гадоў. Шлюб таксама распаўся, на гэты раз з-за маіх творчых амбіцый і поспехаў... Але адносіны з гэтым чалавекам засталіся нармальнымі, і думаю, маё дзіця атрымала ад нас зерне любові, у якой яно ўвайшло ў гэты свет...

Без кахання я асабіста жыць не ўмею. Калі ў сям'і няма гэтага пачуцця, то ні дзіця, ні наяўнасць партнёра не выратуюць. Мы, жанчыны, проста абавязаны будаваць свае сем'і на аснове любові, веры, чысціні, дабрыні, самых светлых пачуццяў да сваіх мужчын. А далей трэба проста памятаць пра некаторыя асаблівасці выхавання нашых дзяцей. Калі мы выхоўваем хлопчыкаў, то, напэўна, нельга ўвесь час падстаўляць ім рукі, бо інакш вырастаюць цалкам інфантыльныя асобы, а не рашучыя прынцы, якіх мы ўсе чакаем.

Памер мужчынскага шчасця

Дзіяна БАЛЫКА: Мужчыне сапраўды больш цяжка. Па-першае, існуе нейкая прэзумпцыя цішыні на размову пра "мужчынскае шчасце". Пытанне пра "жаночае шчасце" ўзнікла разам з рухам эмансіпацыі. Жанчыны ў апошнія 20 гадоў шмат дабіліся, каб па-рознаму канструяваць яго мазаіку. Бо, безумоўна, "шчасце" — паняцце агульначалавечае. І мужчыне, і жанчыне важныя і самарэалізацыя, і сям'я, і вандроўкі, і сувязі, і дабрабыт. Адзіная розніца ў тым, што ўдзельная вага гэтых кампанентаў у мужчыны і жанчыны сапраўды гендарна адрозніваюцца. Бо жанчына ў першую чаргу ўсё ж такі скіравана на мікракосмас сям'і. А мужчына — на макракосмас грамадства. Прымітыўна кажучы, пакуль жонка вырашае, на які даход ёй пракарміць дзяцей і мужа, муж заняты пераўладкаваннем свету. Але праблема мужчыны ў тым, што ён рэальна паўплываць на тое, што яго хвалюе, не можа.

І пакуль мужчына вызначаецца са сваёй місіяй, жанчыны напаўняюць турыстычныя аўтобусы, залы на псіхалагічных трэнінгах, у тэатрах і г.д... Усе сацыяльна актыўныя сферы жыцця належаць жанчыне. Тое, што мужчыны рухаюць прагрэс, нешта змяняюць — не больш чым вербальныя штампы.

З пункту погляду біялогіі, несумненна, мужчына — паляўнічы, ён павінен заваёўваць, утрымліваць, дасягаць... У яго павінна быць вялікае лібіда нават не ў плане жадання апладніць як мага больш самак, а ў плане экспансіі — экспансіі свайго інтэлекту, улады: зарабіць як мага больш грошай, заняць як мага больш высокую пасаду... Але праблема ў тым, што нашы мужчыны, яшчэ з заканчэння Другой сусветнай вайны, сталі выхоўвацца пераважна ў жаночых сем'ях, дзе ім маглі даць толькі жаночую мадэль паводзін. Таму з кожным наступным пакаленнем у нас усё больш інфантыльных мужчын. Яны не бачаць прыкладу паспяховых бацькоў і ім вельмі складана самім стварыць паспяховую мадэль паводзін.

Рыта МІКУШАВА: 80 працэнтаў маіх кліентаў — мужчыны, размаўляючы з якімі я даведалася, што яны вельмі хваравіта перажываюць разводы, адсутнасць магчымасці бачыцца з дзецьмі... Проста ім няма каму пра гэта сказаць. Іх не чуюць. Мужчыну робіць жанчына, якая побач... Менавіта яна натхняе яго ў тым ліку на клопат аб сабе самой... Жыццёвы вопыт паказвае: як жанчына ставіцца да мужчыны, так ён сябе і паводзіць.

Майму сыну 11 гадоў. Неяк я сказала яму, што мне хацелася б мець фарфоравую ляльку. Прыходжу аднойчы дадому, а сын кажа, што мяне чакае сюрпрыз. Аказалася, ён набыў мне гэтую ляльку! Калі я расказала знаёмым жанчынам, яны жахнуліся. Маўляў, хлопчык цацкі купляе. Але ж мой сын вучыцца рабіць падарункі! Гэта — якасць мужчыны.

Навука быць шчаслівай

Вераніка СЯРДЗЮК: Гэта вельмі паказальны прыклад! Вашы знаёмыя, якія абурыліся вашым сынам, — класічны прыклад беларускай жанчыны. Наша жанчына не ўмее быць шчаслівай. Мужчына можа быць выхаваны правільна. Ён гатовы прынесці каву ў ложак, купіць кветкі, але ж... жанчына накінецца на яго: "Навошта ты патраціў грошы?" Беларуская жанчына не ўмее атрымліваць задавальненне ад жыцця. Больш за тое, перашкаджае гэта рабіць і свайму мужчыну, і нават сваім дзецям.

Дзіяна БАЛЫКА: Звярніце ўвагу, як будучае мацярынства гучыць на беларускай мове: "цяжарнасць"... У самой этымалогіі гэтага слова ёсць пэўная псіхалагічная нагрузка: гэта нейкія часовыя цяжкасці, цяжар для жанчыны. І паколькі мова сапраўды вельмі ўплывае на ўспрыманне свету, то для беларускіх жанчын стан будучага мацярынства — цяжар. Нашы жанчыны схільныя надаваць вельмі вялікую ўвагу таму, што яны выношваюць, нараджаюць дзіця і потым яго выхоўваюць. Нібыта гэта — подзвіг. Мой гінеколаг кажа, што страшэнна стаміўся ад цяжарных пацыентак, якія бясконца скардзяцца... Але мне выношванне дзіцяці дастаўляе толькі радасць! Не бачу ў гэтым ніякай цяжкасці. І гэта не залежыць ад стану здароўя. Гэта залежыць толькі ад псіхалагічнага настрою. Бо я бачыла шмат людзей з дыябетам, ракам, якія бясконца ўсміхаліся. І таксама бачыла людзей з грыпам, якія бясконца скардзіліся. Асабіста я здзіўляюся жанчынам, якія абураюцца на мужоў, што тыя п'юць шампанскае, калі яны народзяць. Але што можа зрабіць мужчына, якому не дадзена перажыць такое шчасце: унутры яго ніколі не будуць біцца два сэрцы, і ніхто яго не штурхне знутры ножкамі.

Вераніка СЯРДЗЮК: Мы не навучымся быць па-сапраўднаму шчаслівымі, пакуль не навучымся аддаваць, прыносіць карысць, не чакаючы за гэта ўзнагароды... Прымаць, назапашваць таксама можна, але не гэта галоўнае. А вучыцца аддаваць, дарэчы, можна пачынаючы з уласных мужа і дзяцей. У царкоўнаславянскай мове ёсць выдатнае слова, якім называюць цяжарную жанчыну: "непраздная" — гэта значыць, занятая справай. І ад гэтай справы трэба атрымліваць задавальненне.

Святлана ШЫЛАВА: Трэба менш зацыклівацца на выпрабаваннях, без якіх не бывае ніводнае жыццё, і больш звяртаць увагу на той цуд, які таксама заўсёды адбываецца з намі. Я часта згадваю з'яўленне аднаго дзіўнага немаўляткі. Маці яго на той момант споўнілася 42 гады, 10 гадоў яна не магла зацяжараць і, нарэшце, зацяжарала, прычым без дапамогі рэпрадуктыўных тэхналогій. Можаце сабе ўявіць, як яна чакала гэтае дзіця! Нараджэнне адбывалася шляхам кесарава сячэння... Гэта вельмі складаная аперацыя, але мы толькі зрабілі разрэз, і я паднесла рукі, каб асцярожна вызваліць дзіця, як яно само выскачыла ў рукі... І такі баравічок! Вось што робіць матчына любоў!

Рыта МІКУШАВА: У жыцці здараецца шмат складаных сітуацый, але заўсёды ёсць выйсце... Асабіста для мяне маё жаночае жыццё — не цяжкае. Мне падабаецца тое, што я маю, і я вельмі люблю тое, чым займаюся. Мая задача як прафесіянала — захаваць унутраны баланс, не прыносіць негатыў з працы дадому. Стамляцца можна, але ў сям'і ўсе хочуць бачыць маму на варце сямейных інтарэсаў.

Ірына НАРБЕКАВА: Трэба пастаянна працаваць над сабой, над тым, каб быць больш добрымі, душэўнымі, менш зайздрослівымі. Нядаўна была на масажы... Хлопец-масажыст кажа, што яны з жонкай нармальна размяркоўваюць абавязкі, калі адзін гатуе, другі прыбірае... Або наадварот, па дамоўленасці. Разам з тым, сказаў, што ў Барысаве, калі нешта здарыцца з яго машынай, варта будзе толькі махнуць рукой, як нехта спыніцца і дапаможа, а ў Мінску не дачакаешся, каб прапусцілі выехаць са двара... Чалавечыя адносіны шмат што страцілі... Але ад нас, ад жанчын, залежыць, адраджэнне і захаванне лепшага.

Дзіяна БАЛЫКА: Аднак для выканання гэтай місіі пра жанчыну павінна паклапаціцца і... дзяржава. У нас шмат чаго робіцца, але, на маю думку, недастаткова падтрымліваюцца крэатыўныя самазанятыя слаі насельніцтва. Напрыклад, пісьменнік, які сам сябе ўладкоўвае на літаратурную працу за свой камп'ютар, атрымлівае аўтарскія ўзнагароджанні, працуе ўнутры прававога поля Беларусі, заключае дамоўленасці згодна з законам. Але ж па гэтых дамовах не адбываюцца выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, і ён не атрымлівае грошы па бальнічным лісце, калі захварэе. А пісьменніца — па цяжарнасці. У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва кажуць, што, каб атрымаць пэўныя выплаты, пісьменніку трэба ісці працаваць карэктарам ці рэдактарам у выдавецтва... Але ж калі ён ці яна сапраўдны пісьменнік, то навошта ахвяраваць сваім прызначэннем?

З аналагічнымі цяжкасцямі сутыкнуліся ў нашай краіне жанчыны — індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі, адвакаты і іншыя катэгорыі, на якія звычайна абапіраецца дзяржава ў іншых краінах...

Я — касмапаліт. Жыву адначасова ў Беларусі, Расіі і Латвіі. І пераканана: чалавек, калі ён шчаслівы па сутнасці, сам па сабе, будзе адчуваць сябе шчаслівым у любой краіне. Сваё дзіця я хачу нараджаць гэтым летам тут, у Мінску. Магчыма, яшчэ і таму, што мая сяброўка, кандыдат медыцынскіх навук, хоча прыняць у мяне роды...

Святлана БАРЫСЕНКА: Ведаеце, гэта вельмі па-беларуску! І вельмі па-жаноцку!..

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА: ...І толькі з жанчынамі такое можа быць: нас тут размаўляе сямёра, а сэрцаў б'ецца... дзевяць!

Фота Надзеі БУЖАН.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.