Вы тут

Што асабiста для вас значыць Дзень яднання народаў Беларусi i Расii?


Старшыня ФНКА "Беларусы Расіі" Валерый Казакоў (Масква):

Усякае добраахвотнае аб'яднанне ўжо само па сабе справа добрая, якое служыць будучыні нашых народаў. У дзевяностыя гады адбылася грандыёзная геапалітычная катастрофа, у выніку якой не толькі разваліліся Савецкі Саюз і Югаславія, два слупы славянскага і еўразійскага свету, але і свет у цэлым стаў набываць выродлівыя рысы аднапалярнасці. Войны і катаклізмы, якія рушылі за гэтым, — нішто іншае, як імкненне аднавіць справядлівую раўнавагу. Я як беларус ганаруся тым, што ініцыятарам мірных аб'яднальных працэсаў на постсавецкай прасторы стала наша Рэспубліка і яе Прэзідэнт.

2 красавіка для мяне хутчэй не свята, а пункт адліку новай рэальнасці вяртання да моцнай і вольнай дзяржавы, дзе чалавек сябе адчувае чалавекам, а не рабом алігархаў, дзе ў маіх дзяцей і ўнукаў ёсць прадказальная будучыня, а ў мяне годная старасць, а не тэрмін дажывання. І ўсе гэтыя спадзевы я злучаю з будучыняй Саюзнай дзяржавы.

Нацыянальнай самабытнасці, гісторыі, мовы, культуры пазбавіцца немагчыма, народ гэта наперакор усяму захавае і прыстасуе да новых рэальнасцяў. У немцаў ніхто не адняў іх нямецкасці, як ні імкнуліся ўсе паваенныя гады, а ў яўрэяў іх яўрэйскасць спрабуюць выбіць ужо некалькі тысяч гадоў. І які вынік? Гэта да таго, што, маўляў, будаўніцтва новага Саюза прывядзе да страты беларускай дзяржаўнасці і культуры. Усе гэтыя заявы не шчырыя. Калі дзяржаўнасць і культура ёсць, яны нікуды не знікнуць, а яны ў беларусаў ёсць!

Вялікае робіцца павольна і непрыкметна, як расце чалавек. Упэўнены, пройдзе яшчэ адно-два пакаленні, і мы будзем жыць у новай рэальнасці, імя якой Раўнапраўны Саюз народаў Еўразіі.

Доктар медыцынскіх навук Вольга АЛЕЙНІКАВА (Мінск):

Для беларускіх і расійскіх анколагаў Саюзная дзяржава мае практычнае значэнне. Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі разам з расійскімі падобнымі цэнтрамі распрацаваў канцэпцыю праграмы "Дзіцячая анкалогія і гематалогія", праект якой нядаўна разглядаўся на камісіі Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях. Гэтая праграма прадугледжвае стварэнне сеткі рэгістраў донараў касцявога мозгу ў Саюзнай дзяржаве. Гэта вельмі важна, бо генетычна народы Беларусі і Расіі вельмі блізкія, і такая сетка дазволіць знаходзіць больш донараў для трансплантацыі касцявога мозгу нашым пацыентам, не толькі дзецям, але і дарослым. Праграма таксама ўключае адкрыццё 8 лабараторый: трох у Беларусі і пяці ў Расіі, і 42 цэнтраў, якія будуць удзельнічаць у стварэнні рэгістраў донараў касцявога мозгу.

Пісьменнік Алесь КАЖАДУБ (Масква):

Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі асабіста для мяне значыць вельмі шмат. Па сутнасці, мая сям'я і ёсць увасабленне гэтага яднання. Я беларус, жонка — руская, жыву ў Маскве, часта бываю ў Беларусі. Сын вучыцца ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце на факультэце паліталогіі і, натуральна, цікавіцца беларуска-расійскімі адносінамі. Мы ўсе зацікаўлены ў іх паляпшэнні. Павінен сказаць, многія ў Расіі пільна сочаць за тым, што адбываецца ў Беларусі, як працуе беларуская эканамічная мадэль, як і чым жывуць простыя людзі.

Што да будучыні Саюзнай дзяржавы, то тут, вядома, не ўсё бясхмарна, аднак і тэндэнцый да яе разбурэння я не бачу. Аб'яднальныя працэсы цяпер у свеце больш запатрабаваны, чым раз'яднальныя. Асабліва гэта відаць падчас сусветнага крызісу. У Саюзнай дзяржаве ўжо выпрацавана пэўная мадэль, засталося ісці да яе ажыццяўлення.

Касманаўт Алег НАВІЦКІ (Зорны гарадок):

Я не задумваюся, да якога народа належу: беларускага альбо рускага. Напэўна, таму, што нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе, і мне бліжэй тое, што ёсць агульнага. І расіяне, і беларусы аднолькава для мяне дарагія. Раз'яднаць беларусаў і рускіх немагчыма, бо мы надта доўга жылі разам у адной вялікай краіне, і ў свядомасці многіх людзей гэта так і засталося.

Разам з тым, калі я перасякаю беларускую мяжу, мяне ахоплівае адчуванне вяртання дадому. Можа, таму, што гэта адбываецца вельмі рэдка — толькі раз на год. З асаблівым пачуццём я ўглядаўся ў родныя мясціны і з космасу. Убачыць Беларусь удалося далёка не адразу. Чамусьці, калі арбіта праходзіла далёка ад нашых мясцін, над Мінскам было сонечна, а як толькі арбіта набліжалася, адразу зацягвалася ўсё аблокамі. І толькі ў апошні месяц палёту мне ўдалося зрабіць здымкі Мінска і роднага Чэрвеня, чаму я невыказна быў рады!

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».