Вы тут

Два прадметы — на павышаны ўзровень


У школах з'явяцца фізіка-матэматычныя і філалагічныя класы

З наступнага навучальнага года ў дзесяцікласнікаў беларускіх школ з'явіцца магчымасць атрымліваць адукацыю з улікам уласных індывідуальных патрэб і здольнасцяў. Міністэрства адукацыі рэкамендавала ўпраўленням адукацыі і Камітэту па адукацыі арганізаваць вывучэнне асобных прадметаў у старшых класах на павышаным узроўні. Прадметы згрупаваны па наступных кірунках: фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным, філалагічным і грамадазнаўчым.

Праўда, як патлумачылі журналісту "Звязды" ў галоўным адукацыйным ведамстве, размова не ідзе пра тое, што з 1 верасня абсалютна ўсе школы пачнуць укараняць ідэю прафілізацыі. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні павінен выконвацца шэраг умоў. Па-першае, абавязкова павінна прысутнічаць гатоўнасць і зацікаўленасць у гэтым вучняў і іх бацькоў. Па-другое, "паглыбленне" ў навучанні немагчыма без прысутнасці ў школе высокакваліфікаваных педагагічных кадраў (настаўнікаў першай, вышэйшай катэгорыі або настаўнікаў-метадыстаў). Пад увагу таксама будзе брацца і матэрыяльна-тэхнічная база школы: ці дазваляе яна ў поўным аб'ёме рэалізаваць змест вучэбнай праграмы на павышаным узроўні?

Заснавальнікі ўстановы адукацыі сумесна з кіраўнікамі апошніх будуць вызначаць школы, у якіх адукацыйны працэс будзе весціся з выкладаннем тых ці іншых прадметаў на павышаным узроўні. Пры гэтым для кожнай сярэдняй школы будуць вызначацца свае кірункі. Фарміраваць класы для вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні аднаго кірунку ва ўстановах адукацыі, размешчаных паблізу адна ад адной, не рэкамендуецца. Таксама не выключаецца, што захаваюцца і сярэднія школы, у якіх усе вучэбныя прадметы, як і раней, будуць вывучацца толькі на базавым узроўні, а свае індывідуальныя інтарэсы, схільнасці і здольнасці вучні змогуць рэалізоўваць на факультатыўных занятках.

Міністэрства адукацыі прапануе дзве мадэлі фарміравання дзясятых класаў. Першая мадэль прадугледжвае аб'яднанне юнакоў і дзяўчат у клас для вывучэння на павышаным узроўні прадметаў аднаго кірунку. Гэтую мадэль мэтазгодна выкарыстоўваць пры наяўнасці ў сярэдняй школе паралельных дзясятых класаў.

Другая мадэль прадугледжвае аб'яднанне маладых людзей для вывучэння на павышаным узроўні прадметаў па розных кірунках. Да яе рэкамендавана звяртацца, калі немагчыма сфарміраваць цэлы клас для вывучэння на павышаным узроўні вучэбных прадметаў аднаго кірунку.

Безумоўна, многіх цікавіць, а ці будзе ажыццяўляцца нейкі адбор сярод тых, хто жадае навучацца ў "профільных" класах. Напрыклад, ці будуць праводзіцца дадатковыя экзамены?

— Сёлета спецыяльнага адбору ў такія класы дакладна не будзе, — запэўніваюць у Міністэрстве адукацыі. — Усе, хто жадае вывучаць вучэбныя прадметы на павышаным узроўні, будуць залічаны. Для працягу навучання школьнік мае права выбару любой установы адукацыі. Але неабходна зразумець, што проста "адсядзецца" ў такім класе не атрымаецца. Заданні на выпускных экзаменах у 11-м класе па вучэбных прадметах, што вывучаліся на павышаным узроўні, будуць больш складаныя, чым для навучэнцаў, якія засвойвалі тыя ж прадметы на базавым узроўні. Да таго ж для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі зусім неабавязкова ісці ў старшыя класы — гэта можна зрабіць і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Таму, атрымліваючы пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі, школьнік павінен дакладна ўяўляць сваю далейшую адукацыйную траекторыю.

Пры вывучэнні на павышаным узроўні фізікі і матэматыкі ў 10-м і 11-м класах прадугледжваюцца па 4 гадзіны фізікі і 5 гадзін матэматыкі штотыднёва.

Пры вывучэнні хіміі і біялогіі на біялогію ў 10-м класе адводзіцца 4 гадзіны ў тыдзень, а ў 11-м класе — 3 гадзіны, на хімію — у 10-м класе 3 гадзіны, а ў 11-м — 4 гадзіны.

Пры вывучэнні на павышаным узроўні беларускай і рускай моў старшакласнікам адводзіцца па 3 гадзіны ў тыдзень і на беларускую, і на рускую мовы ў 10-м і 11-м класе. Пры павышаным узроўні вывучэння беларускай (рускай) мовы і замежнай мовы — 3 гадзіны на беларускую (рускую) мову і 5 гадзін — на замежную мову.

Грамадазнаўчы кірунак прадугледжвае, што старшакласнікі будуць вывучаць па 2 гадзіны ў тыдзень гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю і грамадазнаўства.

Трэба таксама мець на ўвазе, што сёлета Нацыянальным інстытутам адукацыі ажыццяўляецца распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння правядзення выніковай атэстацыі дзевяцікласнікаў за перыяд навучання ў базавай школе. Па яе выніках і будзе вызначацца далейшы механізм прыёму ў дзясяты клас.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.