Вы тут

Зусім па Марксу


Жыў-быў у невялічкай вёсцы хлопец. Нічым асаблівым не вылучаўся, вучыўся ў школе, дапамагаў бацькам па гаспадарцы. І калі б застаўся ў родных мясцінах, можа, праславіўся хіба як перадавы камбайнер, а можа, і да брыгадзіра дарос бы. Хоць хто ведае?

Лёс яго вызначыла армія. Бо служыць у 70-х гадах юнаку давялося ў далёкай Сібіры. Адслужыў, як трэба, але дадому не спяшаўся. Ці то яснавокая сібірачка так запала ў душу, ці тамтэйшыя прасторы з іх перспектывамі пацягнулі. Застаўся Іван пасля службы там. Да маці добра, калі раз на год выбіраўся. Працаваў на розных заводах. Стараннага, добрасумленнага беларуса паўсюль заўважалі, прасоўвалі па службе да той мяжы, на якую можна прызначыць чалавека з пасведчаннем ПТВ. На пэўным этапе наш зямляк зразумеў, што без вышэйшай адукацыі ніякай кар'еры не зробіш. І падаўся вучыцца завочна. Успамінаў тады сваю першую настаўніцу, якая вечна ўшчувала за ляноту і няўважлівасць. Але за кніжкі ўзяўся і сяк-так адукацыю адолеў. Пасля атрымання дыплома жыццё пайшло яшчэ лепш і весялей. Паступова з'явілася добрая кватэра, машына "Жыгулі" і абстаноўка. Яснавокая сібірачка прыйшлася даспадобы беларускай свякроўцы, што асабліва радавала Івана, бо думкай маці ён заўсёды даражыў.

Словам, усё ішло добра. Сям'ю, як ён лічыў, утрымліваў прыстойна, дзеці падрасталі. І развал Саюза наш герой ужо сустрэў пры саліднай кіруючай пасадзе. Потым шмат чаго здарылася і ў краіне, і ў яго жыцці. Але ў перыяд усеагульнай разгубленасці чалавек не збянтэжыўся, зарыентаваўся ў працэсе прыватызацыі. Хацелася даказаць сабе і іншым, што не горшы, не дурнейшы за іншых. Распачаў свой бізнес і, варта прызнаць, дабіўся пэўных поспехаў. Некаторыя на тым этапе хутка цярпелі крах, а ён — жылісты, не спалохаўся цяжкасцяў, пераадолеў перашкоды.

Паступова справы пайшлі як найлепш. Прадпрымальнік раскруціўся, потым разбагацеў. І пра сваю малую радзіму не забыўся. Спачатку пабудаваў так, амаль дзеля забавы, невялікі цагельны заводзік. Даў, што называецца, землякам работу. Потым уклаў пэўныя сродкі ў інфраструктуру. Далей — болей. Інвестара-земляка запрыкмецілі ў іншых раёнах, пасыпаліся прапановы, просьбы. І вось дзе-нідзе ён дапамагае адрадзіць царкву, у іншым месцы бярэцца ўдыхнуць жыццё ў "ляжачае" прадпрыемства. Мясцовыя ўлады бізнесмена ўсяляк шануюць. І ёсць за што. Не прапіў грошы на Канарскіх астравах, не прагуляў іх з дзеўкамі ў Куршавелі — землякам падмог, а значыць, патрыёт сваіх мясцін. А хто б спрачаўся...

Прыкладна ў той жа час, як Іван — у Сібір, з суседняй вёскі ў Маскву на пошукі сваёй долі выправілася дзяўчына-прыгажуня. Дзе яна там працавала, ніхто не ведае. Толькі вярнулася праз дваццаць гадоў у родныя мясціны назусім. Паступова ў сваім райцэнтры адкрыла павільён бытавых паслуг, невялічкую краму, утульную кавярню. Прыватная кавярня неяк непрыкметна стала папулярнай у месцічаў. Паступова і гаспадыня ўстаноў абжылася, пабудавала дом, што не вельмі падабалася, перш за ўсё, канкурэнтам. А канкурэнцыі яўна не вытрымлівала традыцыйнае прадпрыемства грамадскага харчавання: яго як не пераймяноўвалі, але сутнасць змяніць не змаглі. Гатавалі там нясмачна, лепшыя кавалкі стараліся ўкрасці, ну а ўзровень сэрвісу ўсё роўна заставаўся безнадзейна правінцыйным. І стары дом быту пачаў несці страты. Канкурэнты злаваліся, але нічога з гэтай прыезджай выскачкай зрабіць не маглі. Тое, што трэба ў корані мяняць падыходы да сваёй работы, яны ўцяміць не здолелі. З цягам часу падалося, што ўсе змірыліся. Але раптам папаўзлі чуткі, што пані-сялянка ў далёкай сталіцы зарабляла... старадаўнейшым рамяством. Яна на плёткі не звярнула ніякай увагі, прынамсі знешне. Ну, памянцілі языкамі ды і забыліся.

Ды нядаўна давялося быць у тых мясцінах. У адной шаноўнай кампаніі згадалі пра бізнесменаў-землякоў. Пра Івана нязменна гаварылі з павагай і гонарам. Не, пра яе таксама выказваліся толькі станоўча, падкрэслівалі заслугі жанчыны, якая здолела даказаць сваю сталасць у сумленнай канкурэнцыі. Але не засталася незаўважанай цікавая ўсім акалічнасць пра магчымыя крыніцы яе першапачатковага капіталу. Як жа без гэтага?

Давялося нагадаць маім суразмоўцам пра дыскусію, якая адбылася на Салаўках недзе на рубяжы 20—30-х гадоў і дайшла да нас праз мемуары відавочцаў. Як вядома, там сядзелі не толькі палітычныя вязні. Дык вось у прадстаўніц двух атрадаў жаночага лагера здарылася разборка. Тыя, што былі асуджаныя за крадзяжы, паставіўшы рукі ў бокі, ганарліва заявілі: "Крадзем, але сабой не гандлюем!" Апаненткі ж не без пагарды адказалі: "Гандлюем сваім, да не крадзеным". Няма падстаў думаць, што нашчадкі ўдзельнікаў таго дыспуту не могуць аказацца сёння ў шэрагах самых паспяховых і багатых людзей. Як часам здабываецца першапачатковы капітал, усім вядома. А хто забыўся, няхай чытае Маркса.

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.